Генпракуратура на месцы касьцёла: як пагоны апаганілі малітвы

У самым сэрцы сталіцы месьціцца бяздушны і смуродны будынак, дзе свае сеткі раскінула генэральная пракуратура Беларусі. Яшчэ ў 1970-я на тым месцы рабіў раскопкі Зянон Пазьняк, а пачалося ўсё з 1633 года, калі тут быў заснаваны касьцёл і кляштар бэнедыктынак.

2_660.jpg

Пляц у цэнтры горада

Кляштар бэнедыктынак у Мінску заснаваў віленскі ксёндз-канонік Войцэх Сялява. Сялява купіў у Самуэля Друцкага-Горскага і Аляксандра Сакалінскага два дамы з гаспадарчымі пабудовамі, "агародамі і полем". У траўні 1633 года ён ахвяраваў пад кляштар зямельны пляц разам з будынкамі па вул. Зборавай (сучасная вул. Інтэрнацыянальная). Дзякуючы намаганьням Войцэха Сялявы і былі пабудаваны першыя драўляныя будынкі кляштара і касьцёла сьв. Войцэха. Надзел быў перададзены бэнедыктынскаму ордэну, першыя сёстры зь якіх прыбылі ў Менск з нясьвіжскага кляштара, як даводзіць Уладзімер Дзянісаў.

Будаўніцтва новага мураванага касьцёла пачалося ў канцы 1640-х гадоў. Тады віленскі ваявода Крыштаф Хадкевіч і яго жонка Сафія, княжна Друцкая-Горская, вылучылі на будаўніцтва касьцёла бэнедыктынак 20 000 польскіх злотых.

Гісторык Герман Брэгер знайшоў адпаведны запіс. 1 сьнежня 1647 года яны заключылі кантракт з «магістрам мулярскага рамяства» Андрэасам Кромерам на будаўніцтва сьвятыні. Вядома, што касьцёл бэнедыктынак быў не першай яго пабудовай на тэрыторыі Беларусі. Як высьветліў мастацтвазнаўца Аляксандар Ярашэвіч, 28 жніўня 1633 года пачалося і 9 ліпеня 1643 года скончылася будаўніцтва мураванага касьцёла ў кляштары бернардынцаў у Будславе. Паводле хронікі будслаўскага кляштара, будаўніком гэтай сьвятыні быў таксама Андрэас Кромер з Полацка.

mememens35_03.jpg

Ёсьць зьвесткі, піша Герман Брэгер, што ў Полацку Кромер плённа супрацоўнічаў з уніяцкім архіепіскапам Язафатам Кунцэвічам і па яго замове выконваў працы па рэканструкцыі Сафійскага сабора. У кантракце Хадкевічы падрабязна абумовілі з Кромэрам усе дэталі па праектаваньні і арганізацыі будаўніцтва касьцёла ў Менску.

Падчас крывавай вайны з Масквой 1654-1667 гадоў драўляныя пабудовы кляштара і касьцёла былі зьнішчаныя, а мураваныя будынкі разрабаваныя азіятчынай.

Кляштар аднавілі ў 1670-я гады.

Ратунак ад службовых асобаў

Напрыканцы 1692 года Менскі жаночы кляштар бэнедыктынак вымушаны быў прасіць аб наданьні ім заручнага ліста ад караля Рэчы Паспалітай, які б засьцерагаў іх зямельныя ўладаньні ад рабун­ку з боку Даніэля Аўлачымскага, лоўчага Менскага. Як сказана ў заручным лісьце, Даніэль Аўлачымскі, «забыўшыся боязьнь Божую», неаднаразова нападаў на сёлы Пятроўшчына і Грынічы, звозячы адтуль не толькі падданых, але і збожжа, сена.

У 1682 годзе ўвесь комплекс рэканструявалі, побач з храмам узьвялі новы мураваны кляштарны корпус. Праз сто гадоў, у 1780-я гады, кляштар быў ізноў рэканструяваны па праекце архітэктара Тамаша Раманоўскага і набыў барочны выгляд.

3_589.jpg

Акрамя касьцёла і жылога корпуса ў кляштар таксама ўваходзілі два флігелі, капліца, капеланія, шэраг гаспадарчых пабудоваў.

Зьвестак па гісторыі менскага кляштара бэнедыктынак на працягу XVIII ст. захавалася вельмі мала (у асноўным гэта дакумэнты фінансавага і гаспадарчага характару).

На сёньня мы ведаем імёны ўсіх сёстраў кляштара, што былі там у 1795 годзе:

record_image___26_.jpg


record_image___25_.jpg

Згодна з дасьледаваньнямі Ўладзімера Дзянісава, маем выразнае ўяўленьне, як выглядаў кляштар. Ён злучаўся з касьцёлам — мураваны корпус кляштара — 2-павярховы прамавугольны ў пляне будынак, накрыты высокім дахам, які прымыкаў да паўднёвай вежы касцёла. У процілегласьць манумэнтальнай архітэктуры храма фасады кляштара былі вырашаныя вельмі ляканічна.

Рытм фасадаў ствараўся сеткай прамавугольных аконных праёмаў. На першым паверсе знаходзіліся: трапезная, кухня, пякарня, камора, некалькі кельляў і іншыя памяшканьні. Калідор упрыгожвалі 4 абразы і сьцянны гадзіньнік. На другім паверсе былі пакоі сёстраў. Пад будынкам кляштара знаходзіўся вялікі склеп. Да будынка кляштара прымыкала драўляная афіцына. На паўднёвы ўсход ад галоўных будынкаў знаходзіўся комплекс драўляных гаспадарчых пабудоў: 2 афіцыны, бровар, сьвіран, вялікі будынак з каморамі, стайня, 3 хлявы і іншае.

Перад галоўным фасадам кляштара рос сад (паводле інвентара 1804 года — каля 150 дрэваў), а побач зь ім мясціўся агарод, які, паводле візіты 1796 года, даходзіў да гарадзкога вала. Кляштарныя могілкі мелі агароджу з брамай. Уся тэрыторыя кляштара бэнедыктынак была абнесеная высокай мураванай сьцяной з некалькімі брамамі.

Пасьля паўстаньня супраць Расейскай імпэрыі Кастуся Каліноўскага кляштар быў адабраны ў каталікоў, і як павялося, перададзены правераным хрысьціянам — РПЦ. Сёстры-бэнедыктанкі адправіліся ў Нясьвіж — горад, адкуль і пачыналася іх гісторыя ў Беларусі.

З прыходам камуністаў кляштар быў забраны, перароблены пад клюб. Пры нямецкай адміністрацыі праваслаўныя сёстры законныя зноў вярнуліся ў кляштар, але, відавочна, толькі да новага зьяўленьня чырвоных.

У 1960-я гады касьцёл і кляштар былі зьнішчаныя камуністычнымі атэістамі.

Адна з маці-настаяльніцаў кляштара — Клатыльда Вайніловіч пахаваная ў Менску на Кальварыйскіх могілках, па-над яе магілай захаваўся чыгунны крыж.

6_381.jpg

Пазьняк

У 1978 годзе Зянон Пазьняк разам з калегам Валянцінам Собалем займаўся археалягічнымі дасьледаваньнямі падземнай часткі касьцёла бэнедыктынак, якая захавалася. Праз сем гадоў Пазьняк напісаў кнігу «Рэха даўняга часу». У ёй ён распавёў, што працоўныя, якія ў 1960-я гады будавалі тут ведамасныя гаражы, раскапалі на тэрыторыі былога кляштара адразу два тунэлі.

Першы ішоў да дамініканскага комплексу (на яго месцы зараз Палац Рэспублікі). Другі — па дыяганалі да кінатэатра «Перамога». «Працоўныя, што будавалі гаражы, спусьціліся менавіта ў ход, што вёў пад кінатэатр. Але прайсьці не ўдалося. У тунэлі тух агонь. Там назапасіўся вуглякіслы газ», — пісаў Пазьняк.

«Адкапаць падземны ход у раёне кляштара бэнедыктынак не ўдалося, хаця перад гэтым праводзілася вялікая падрыхтоўчая работа. Быў вывучаны матэрыял геалягічнага сьвідраваньня і электрапрафіліроўкі, зроблена падрабязнае апытаньне людзей, якія бачылі ўваход у тунэль у час будаўніцтва, што вялося тут у 1960-я гг.

Пасьля распрацоўкі раскопу на трохмэтровым цагляным падмурку кляштара ўбачылі глыбокі жолаб — сьлед ад геалагічнага сьвідра. Вось табе пустата і правалы шнэкаў! Галоўная задача раскопак на пляцы бэнедыктынак заключалася ўсё ж не ў адкрыцьці падземнага ходу, а ў дасьледаваньні кляштара, муровак, будаўнічых матэрыялаў, пляна, будаўнічых прынцыпаў, культурнага слоя, высьвятленьні і праверцы даты пабудовы, часу ўзьнікненьня культурнага жыцьця на гэтым месцы».

4_552.jpg

Дасьледаваць далей гэтае месца не атрымалася.

У пачатку 1980-х на месцы былога бэнедыктынскага комплексу сталі будаваць сучасны будынак пракуратуры. Падчас працы была зьнішчаная большая частка падземных канструкцый.

І ад чаго ў Беларусі пракуроры не задаліся?

7_276.jpg