Графствы ў Вялікім Княстве

Калі б у Вялікім Княстве Літоўскім існавалі агульныя карты магнацкіх уладанняў, то на іх вялікімі каляровымі плямамі зіхацелі б графствы. Мірскае, Быхаўскае, Ляхавіцкае… Мы прызвычаіліся, што графства — гэта нешта чужынскае, замежнае. Калі графства, то Ёркшыр ці Чэшыр, калі граф, то адразу Дракула… Але графствы з іх уладарамі-графамі стагоддзямі існавалі і на нашых землях.

Наданне княжацкага тытула князю Мікалаю Радзівілу Чорнаму (габелен з экспазіцыі ДУ «Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж"») 

Наданне княжацкага тытула князю Мікалаю Радзівілу Чорнаму (габелен з экспазіцыі ДУ «Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж"») 


Адкуль прыйшлі тытулы

Доўгі час на нашых землях панаваў адзін тытул — князь. Пачынаючы ад самага першага зафіксаванага ў летапісах полацкага князя Рагвалода, пад гэтым тытулам разумеюцца правіцелі рознага рангу і статусу: уладары ўдзелаў, племянных аб’яднанняў. Калі на палітычную авансцэну выйшла Вялікае Княства Літоўскае, сітуацыя з ужываннем і распаўсюджваннем тытулаў ускладнілася. Справа ў тым, што ад ХІІІ стагоддзя побач з тытуламі ўдзельных князёў дынастыі Рурыкавічаў паўстае тытул манарха. І ён таксама княжацкі, хоць і былі неаднаразовыя спробы прыняць зручную для еўрапейскіх манархаў форму тытула.

З цягам часу справа развіцця тытулатуры толькі ўскладнялася: побач з Рурыкавічамі паўстала дынастыя Гедымінавічаў, улада ўдзельных кіраўнікоў то ўзмацнялася, то слабела… Але адно было нязменным: кожны, хто меў уладу, называў сябе князем. Хіба толькі асабліва выбітны і амбіцыйны ўладар да свайго тытулу дадаваў «вялікі». Карэнным чынам сітуацыя змянілася ў XVI стагоддзі. У той няпросты час Вялікае Княства Літоўскае супрацьстаяла Маскоўскаму княству. Натуральна, абедзве краіны шукалі саюзнікаў у Еўропе, найперш — бліжэйшай і ўплывовай Святой Рымскай імперыі. Ад пачатку XVI стагоддзя паміж Вільняй і Венай курсіравалі экіпажы дыпламатычнай службы, выбудоўваючы выгодныя стасункі. Найбольш таленавітыя прадстаўнікі вялікага князя мелі ласку ад тамашняга імператара быць уганараванымі тытуламі Святой Рымскай імперыі — тытуламі «зацности и вывышенье». Прадстаўнікі родаў Гаштольдаў, Хадкевічаў, Іллінічаў, Тышкевічаў і, натуральна, Радзівілаў (нават некалькі разоў!) прывезлі на радзіму замежныя графскія тытулы.

Фрагмент карціны Мікалай Радзівіл «Чорны» атрымлівае тытул князя на Алыцы і Нясвіжы

Фрагмент карціны Мікалай Радзівіл «Чорны» атрымлівае тытул князя на Алыцы і Нясвіжы


Тытул асабісты і тытул маёнтка

Ганаровыя графскія тытулы Святой Рымскай імперыі датычыліся і канкрэтных уладанняў. Разам з асабістымі тытуламі ў Вялікім Княстве Літоўскім з’явіліся спадчынныя тытулы маёнткаў. Так, у адным шэрагу з валасцямі і староствамі на абшарах краіны, дзе калісьці панавалі княствы, з’явіліся так названыя імпартныя графствы. Маёнткі з тытуламі асабліва не вылучаліся пэўнай спецыфікай уладкавання ці кіравання імі, яны былі часткай буйных зямельных уладанняў магнатэрыі. Нададзены імператарам тытул графа меў абавязковую тэрытарыяльную прывязку. Як адзначалася ў дыпломах аб наданні тытула, выдадзенага новаспечанаму графу ад рымскага цэзара, тытул узвышаў маёнтак у статусе. Гэта было яскравым паказчыкам геаграфічнай лакалізацыі тытула, яго прывязкай да галоўнага рэсурсу магната — зямельных уладанняў. Цэнтры маёнткаў з тытуламі станавіліся ядром фарміравання фамільных рэзідэнцый.

Першымі тытулярнымі маёнткамі Вялікага Княства Літоўскага ў 1518 годзе становяцца Гонядзь і Мядзел, абраныя Мікалаем Радзівілам для атрымання тытула Святой Рымскай імперыі. У 1530 годзе тытул Альбрэхта Гаштольда падкрэсліў статус маёнтка ў Геранёнах. Тытулы сям’і Радзівілаў, атрыманыя ў 1540–1550-х гадах, ахапілі Біржы, Дубінкі, Алыку, Нясвіж і Шыдлоўцы. У 1553 годзе малады Юры Іллініч да графства ўзвысіў Мір. Графства на Шклове і Мышы акрэсліваліся ў тытуле Гераніма Хадкевіча, які той атрымаў у 1555 годзе. Тытул Тышкевічаў распаўсюджваўся на Лагойск і Бярдзічаў.

Мірскі замак. Рэзідэнцыя графаў на Міры, гравюра Напалеона Орды

Мірскі замак. Рэзідэнцыя графаў на Міры, гравюра Напалеона Орды


Прававы статус тытулаў: што вырашыла шляхта

У Еўропе тытул быў своеасаблівым цэнзам і адкрываў доступ да сацыяльных пераваг. У той жа Святой Рымскай імперыі, напрыклад, калі асоба мела саслоўны тытул герцага, то яна смела магла прэтэндаваць на імперскі тытул князя імперыі, які адчыняў дзверы ў Рэйхстаг. З’яўленне тытула ў Вялікім Княстве Літоўскім давала падставы для з’яўлення няроўнасці і прывілеяванасці для вузкага кола магнатэрыі. А як жа славутая шляхецкая роўнасць?! Натуральна, з’яўленне замежных тытулаў не задаволіла шляхту. Адразу, як яны з’явіліся, статус графаў быў разгледжаны на Берасцейскім сойме 1518 го­дзе. Тады вырашылі, што дазвол на атрыманне тытула павінен быў даць вялікі князь. Але ў наступныя гады стаўленне да замежных тытулаў стала больш суровым.

У новастворанай у 1569 годзе дзяржаве — Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў — шляхта Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага ўраўноўвалася ў сваіх правах. Адной з характэрных рысаў шляхецкай роўнасці з’явілася скасаванне арыстакратычных і спадчынных тытулаў. Выключэннем сталі тыя тытулы (старажытныя княжацкія і замежныя), што былі прынятыя раней за сойм у Любліне. На соймах XVII стагоддзя катэгарычна адзначалася, што ніхто не мог прыўносіць і выкарыстоўваць замежныя тытулы, каб не парушаць роўнасць шляхецкага стану. Аднак ранейшыя тытулы не скасоўваліся. У гэтай прававой сітуацыі магнаты мусілі знайсці законнае выйсце, каб пашыраць тытулатуру.

Альбрэхт Гаштольд -— адзін з першых графаў у ВКЛ

Альбрэхт Гаштольд -— адзін з першых графаў у ВКЛ


Магнаты шукаюць і знаходзяць

Забарона на прыўнясенне замежных тытулаў дзейнічала, новыя графскія тытулы не прывозіліся з-за мяжы, але з’яўляліся! Прадстаўнікі магнацкай супольнасці знайшлі цікавы ход, каб абысці соймавую забарону і пашырыць сферу ўжывання тытулаў. Маючы першапачаткова тытул, які дакладна звязваўся з месцам і акрэсліваўся ў грамаце нямецкага імператара, магнаты Вялікага Княства Літоўскага пачалі пераносіць тытулы на іншыя свае маёнткі. Фармальна распаўсюджванне ўласнага тытула на свае ж маёнткі не з’яўлялася прыўнясеннем новага замежнага тытула. Тое, што адбывалася з тытуламі, можна назваць геаграфічным пашырэннем ужо існуючай формы замежнай набілітацыі. Гэта з’яўлялася бадай адзіным законным спосабам пашырэння ганаровай замежнай тытулатуры ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Геранім Юр'евіч Хадкевіч. Сармацкі партэт з пазначэннем тытулаў

Геранім Юр'евіч Хадкевіч. Сармацкі партэт з пазначэннем тытулаў


Хадкевічы ў 1568 годзе замацавалі тытул графства за Быхавам і Глускам, пазней — за Ляхавічамі. Радзівілы распаўсюдзілі графскі тытул на свае маёнткі ў Койданаве, Копысі, Заблудаве, Бялай, Чарнаўчыцах, Крожы. Да забароны новых замежных тытулаў са згасаннем роду тытул губляўся. Пасля перарывання родаў Радзівілаў (галіны на Гонядзі і Мядзелі) і Гаштольдаў страчваліся і тытулы, якія датычыліся іх маёнткаў. Аднак пасля забароны тытуламі ўжо так не раскідваліся. Тытул бяздзетнага Іллініча «граф на Міры» перайшоў у спадчыну Радзівілам, тытуламі Хадкевічаў («граф на Ляхавічах», «граф на Быхаве» і інш.) карысталіся, завалодаўшы іх маёнткамі, прадстаўнікі роду Сапегаў. Да таго ж, займеўшы тытулярныя ўладанні, прадстаўнікі роду Сапегаў распаўсюджвалі тытул і на ўласныя маёнткі — Чарэю, Дуброўну, Заслаўе…

Фрагмент гравюры «Асада Ляхавічаў у 1660 годзе» з пазначэннем тытула ўладара Ляхавіцкага графства

Фрагмент гравюры «Асада Ляхавічаў у 1660 годзе» з пазначэннем тытула ўладара Ляхавіцкага графства


* * *

Маёнткі з тытулам не вылучаліся ў асобны від і форму ўласнасці. Як і тытулы асобы, тытул маёнтка меў фармальны характар, гэтыя ўладанні былі часткай агульнай магнацкай маёмасці. Тытулярнае ўладанне з’яўлялася каштоўным здабыткам для роду, павялічвала яго прэстыж і давала выключнае права карыстацца асабістым тытулам. Тытул як атрыбут рабіў маёнтак і яго ўладара адметным ад іншых.