«Губернатар Гомельшчыны». Чаму ў Беларусі можна называць кіраўнікоў рэгіёнаў «губернатарамі»
З набыццём Беларуссю незалежнасці, а потым і з усталяваннем «вертыкалі ўлады» ў нашым слоўніку з’явіўся шэраг новых слоў. Сярод такіх нібыта новаўтварэнняў вуха некаторым рэзала выкарыстанне назвы пасады вышэйшага кіраўніка вобласці «губернатар» — замест сапраўднага афіцыйнага азначэння «старшыня аблвыканкама».
Гэтае слова аддавала відавочнай калькай з расейскай тэрміналогіі яшчэ часоў імперыі Раманавых і іх губерній Заходнерускага краю. А што зробіш, любяць нашы людзі малпаваннем займацца, піша гісторык Яўген Малікаў у блогу Мова Гомель.
Можна, канешне, зразумець, што выкарыстанне слова «ваявода» ў якасці назвы пасады вышэйшага кіраўніка вобласці, было б хоць і больш адпаведным беларускай гістарычнай тэрміналогіі, але пачуць у навінах «Сёння Жыткавіцкі раён з рабочым візітам наведаў гомельскі ваявода…» сталася б ужо зусім пікам нацыянальнага рамантызму («гомельскі ваявода Аляксандр Якабсон» ці «ваявода Уладзімір Дворнік»).
Але якім было здзіўленне, калі ў дакументах, звязаных з Гомельскім староствам XVIII стагоддзя, некалькі разоў трапіўся… «gubernator homelski»! Спачатку ўзніклі сумневы, ці правільна слова было расчытана ў вязях са старажытных каракуль, але гэтыя сумневы хутка адпалі – прачытана верна.
Пасля цяжка было зразумець, чаму ў інвентарах гомельскага староства вышэйшай асобай адміністрацыі пададзены губернатар, але ягонае імя не супадае з вядомым імем гомельскага старасты на той час. Напрыклад, на першай старонцы люстрацыі Гомельскага староства 1765 года, якая захавалася ў Літоўскім нацыянальным гістарычным архіве, губернатарам староства названы Станіслаў Непакайчыцкі, пры тым агульна вядомым факце, што ўладальнікам гомельскага староства ў гэты час быў канцлер ВКЛ князь Міхал Фрыдэрык Чартарыйскі, аб чым таксама было напісана на той жа старонцы.
А ў дакументах 1736 года з Кіеўскай губернскай канцылярыі, якая ўваходзіла ў склад Маларосіі Расейскай імперыі, паведамлялася, што для вырашэння памежных спрэчак паміж сялянамі вёскі Старыя Юркавічы Гомельскага Рэчыцкага павету і вёскай Фаевічамі, маёмасці бунчуковага таварыша Пятра Чарналуцкага ў Тапальскай сотні маларасійскага Старадубскага палку, выязджаў губернатар гомельскага староства Фёдар Борн.
І такіх прыкладаў вялікая колькасць.
Дзіўнай і незразумелай выглядала тая акалічнасць, што пасада «гомельскі губернатар» узгадваецца толькі ў дакументах перыяду старасты М.-Ф. Чартарыйскага (1730-1772 гады). І толькі праз доўгі час чытання старажытных дакументаў вымалевалася разуменне, што «гомельскі губернатар» XVIII стагоддзя — гэта фактычна намеснік гомельскага старасты, які рэальна кіруе староствам, у першую чаргу яго гаспадарчым жыццём, у той час як уладальнік староства — падканцлер, а пазней і канцлер ВКЛ, князь М.-Ф. Чартарыйскі, быў адным з самых уплывовых палітычных дзеячаў Рэчы Паспалітай таго часу і, відавочна, не мог адсочваць, каму з сялян і на колькі год даць слабаду, а ў каго яна ўжо скончылася і трэба ўводзіць поўную аплату чыншу.
Гэтым, дарэчы, стараста Міхал Чартарыйскі адрозніваецца ад папярэдніх гомельскіх стараст Фамы і Мікалая Красінскіх, якія з 1682 па 1730 года валодалі Гомельскім староствам, непасрэдна тут пражывалі і асабіста ім кіравалі.
Такім чынам, «гомельскі губернатар» з пункту гледжання гістарычнай тэрміналогіі — абсалютна абгрунтаванае азначэнне, якое мае карані ў часы значна ранейшыя за прыход сюды Расейскай імперыі.
Этымалогія слова «губернатар», нягледзячы на агульна прынятае разуменне яго ад слова «губернія» (вышэйшая адзінка тэрытарыяльнага падзелу ў Расейскай імперыі і сучаснай Расейскай федэрацыі), у рэальнасці паходзіць ад абсалютна іншага слова.
Лацінскае слова «gubernator» паходзіць ад сугучнага грэцкага слова, што азначае «стырнавы» – чалавек, які стаіць на карме карабля і кіруе яго рухам, па іншаму «рулявы». Адпаведна ў сістэме кіравання «губернатар» – гэта кіраўнік пэўнай вялікай адміністратыўна-тэрытарыяльнай адзінкі. Гісторыя губернатарства ў розных краінах — Францыі, ЗША, Расейскай імперыі паказвае, што яны, як правіла, кіравалі самымі вялікімі адміністратыўна-тэрытарыяльнымі адзінкамі, большымі за якія была толькі ўласна сама дзяржава.
У гэтым кантэксце сучаснае выкарыстанне ў Беларусі тэрміну «губернатар» адносна назвы пасады найвышэйшага кіраўніка вобласці цалкам лагічнае і абгрунтаванае, і, нягледзячы на грамадскія стэрэатыпы, мае значна больш глыбокае гістарычнае паходжанне, у тым ліку для Гомельшчыны, дзе свае губернатары былі яшчэ ў часы Рэчы Паспалітай, хоць і з значна меншымі тэрытарыяльна-адміністратыўнымі паўнамоцтвамі, чым сучасныя.
Што да гіпатэтычнага на сёння выкарыстання тэрміна «ваявода», дык перш за ўсё для яго ўжывання павінны быць уласна самі «ваяводствы». Ваяводствы былі ў Беларусі ў перыяд ВКЛ і Рэчы Паспалітай, адпаведна тады ж былі і ваяводы, якія ўзначальвалі мясцовую ўладу ў ваяводстве, кіравалі адміністратыўнымі, гаспадарчымі і вайсковымі справамі ў ваяводстве, яны прызначаліся пажыццёва вялікім князем і каралём з ліку буйных магнатаў. Напрыклад, Гомель да прыходу Расейскай імперыі адносіўся да Гомельскага староства ў Рэчыцкім павеце Менскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага Рэчы Паспалітай абодвух народаў. Сёння тэрмін «ваявода» адносна Беларусі не актуальны.