Іх не лічылі за людзей: як скончылася эпоха лінчаваньня ў 1930 годзе ў адным са штатаў

7 жніўня, у час калі ў нашай краіне разгортвалася сфабрыкаваная камуністамі справа «Саюза вызваленьня Беларусі», за акіянам былі закатаваныя два чорнаскурыя чалавекі. Томас Шып і  Абрам Сьміт сталі апошнімі ахвярамі так званых «судоў Лінча» ў адным з самых небясьпечных штатаў ЗША. Да канца 1930-х падобныя забойствы скончыліся амаль паўсюль.

Гэтая паштоўка адносіцца да іншага выпадку лінчаваньня. Тут неспрактыкаванае вока не адразу заўважыць шакавальныя падрабязкі

Гэтая паштоўка адносіцца да іншага выпадку лінчаваньня. Тут неспрактыкаванае вока не адразу заўважыць шакавальныя падрабязкі

У той дзень два хлопцы, якія знаходзіліся ў зьняволеньні як падазраваныя ў забойстве, згвалтаваньні і рабаваньні, былі павешаныя на дрэве на плошчы каля будынка акруговага суда. Іх затрымалі ў той самы дзень, але натоўп з мясцовых жыхароў гарадка Марыён, што ў амэрыканскім штаце Індыяна, вызваліў іх са сьценаў камэры, каб зрабіць чорную справу ўласнымі рукамі.

Быў яшчэ і трэці хлопец – 16-ці гадовы Джэймс Кэмэран. Ён пазьбегнуў той жа расплаты, бо адна з жанчынаў заступілася за яго. Такім чынам яго зноў вярнулі ў турму.

Што такое лінчаваньне

Уласна слова лінч узьнікла прыкладна ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя. Яно паходзіць з так званага Закона Лінча, які быў практыкай забойства меркаванага злачынца шляхам самасуду.

Закон Лінча, у сваю чаргу, атрымаў сваю назву ад капітана Ўіліяна Лінча. Ён быў плянтатарам і стаў у сваёй асобе самаствораным судом у Вірджыніі. Раней ён ствараў неафіцыйныя трыбуналы для суда над падазраванымі.

Гэты грубы і гатовы метад вынясеньня рашэньня стаў вядомы як Закон Лінча. Самым улюбёным пакараньнем Лінча было адлупцаваць падазраванага. Пасьля адлупцаваньня або «лінчаваньня», калі падазраваны працягваў зьдзяйсьняць тое ж злачынства або парушаў правілы, яго вешалі.

Бадай што самая распаўсюджаная прычына, якая выкарыстоўвалася для лінчаваньня чорных – гэта абвінавачваньне ў згвалтаваньні белай жанчыны. Сотні чорных людзей былі лінчаваныя на падставе абвінавачваньняў у іншых злачынствах, уключна з забойствамі, падпаламі, рабаваньнямі.

Чорнаскурыя людзі былі асноўнымі ахвярамі лінчаваньня: каля 3,5 тысячаў чалавек, або каля 72 адсоткаў ад усіх, каго лінчавалі, былі чорнаскурымі. Але яны былі не адзінымі ахвярамі. Некаторых белых людзей лінчавалі за дапамогу чорным або за тое, што яны выступалі супраць лінчаваньня. Лінчавалі таксама імігрантаў з Мэксікі, Кітая, Аўстраліі і іншых краінаў.

Ці былі Томас Шып і Абрам Сьміт злачынцамі?

Трое чорных падазраваных былі арыштаваныя напярэдадні ўвечары па абвінавачваньні ў рабаваньні і забойстве белага працоўнага з фабрыкі Клода Дытэра і згвалтаваньні яго дзяўчыны Мэры Бол, якая была зь ім у той час.

Джэймс Кэмэран, трэці чорны зьняволены, пазьней заявіў, што Шып і Сьміт зьдзейсьнілі забойства, але ён сам зьбег перад гэтай падзеяй.

7 жніўня 1930 года натоўп уварваўся ў турму з кувалдамі і выцягнуў трох падазраваных.

Мясцовы фатограф Лоўрэнс Бэйтлер сфатаграфаваў мёртвых мужчынаў, якія віселі на дрэве, вакол якіх быў вялікі натоўп, пазьней ацэнены ў 5 тысячаў чалавек, у тым ліку жанчынаў і маленькіх дзяцей. За наступныя дзесяць дзён ён прадаў тысячы копій фатаздымку. Гэтая акалічнасьць зьяўляецца сёньня дзікунствам, але ў тыя часы паштоўкі ці здымкі з павешанымі без суда злачынцамі (ці тымі каго лічылі злачынцамі) былі надзвычай папулярнымі. Некаторыя людзі нават калекцыянавалі іх.

Калі адна з ахвяраў – Абрам Сьміт – паспрабаваў вызваліцца з пятлі, людзі апусьцілі яго і зламалі яму рукі, каб прадухіліць такія спробы. Супрацоўнікі паліцыі ў натоўпе таксама ўдзельнічалі ў самасудзе.

Кэмэран быў прызнаны вінаватым і асуджаны за саўдзел у забойстве. Суд прыйшоў да высновы, што ён сапраўды пакінуў Шыпа і Сьміта яшчэ да таго,як тыя зьдзейсьнілі забойства. Згодна з успамінамі Кэмэрана, зробленымі ў 1982 годзе, паліцыя першапачаткова абвінаваціла ўсіх трох мужчынаў у забойстве і згвалтаваньні. Пасьля самасуду народа і паказаньняў згвалтаванай Мэры Бол, абвінавачваньне ў згвалтаваньні было зьнятае з Кэмэрана.

Некаторы час Джэймс сядзеў у турме. Праз некалькі гадоў быў умоўна-датэрмінова вызвалены. Кэмэран быў нават памілаваны штатам Індыяна ў 1991 годзе.

Павешаныя Томас Шып і Абрам Сьміт у Індыяне

Павешаныя Томас Шып і Абрам Сьміт у Індыяне

Ці былі вінаватыя павешаныя ў цэнтры горада людзі? Выглядае на тое, што хутчэй за ўсё яны былі адказныя за забойства і згвалтаваньне. Гэта страшэнныя і жудасныя злачынствы супраць чалавечай асобы. Калі б такі адбыўся сапраўдны суд, і быў вынесены належны прысуд, дваіх хлапцоў, паводле закону, прысудзілі б да сьмяротнага пакараньня.

Але барбарская расправа задоўга да судовага выраку не мае ніякага апраўданьня. Можна з жахам толькі ўявіць, што ж адбывалася ў сэрцах і галовах таго вялізнага натоўпу, кожная частка якога несла непасрэдную адказнасьць за гэтыя два забойствы. Роўным чынам як адбываліся любыя іншыя падобныя зьявы напрацягу доўгіх дзесяцігодзьдзяў.

Наступствы

Афіцыйныя прадстаўнікі дзяржаўных органаў, нават генэральны пракурор працавалі над выстаўленьнем абвінавачваньняў супраць лідэраў у справе лінчаваньня ў 1930 годзе. Акрамя таго таксама была распачатая працэдура імпічмэнту супраць шэрыфа акругі, які адмовіўся ўмешвацца. Аднак усе прысяжныя той акругі вынеслі прадказальны вэрдыкт: «невінаватыя» ўсім абвінавачаным.

Ішоў час,  да канца 1930-х гадоў падобныя выпадкі вымяраліся ўжо ня сотнямі ці дзясяткамі, але адзінкавымі забойствамі. Нарэшце ў 1968 годзе гэтая страшэнная практыка зьнікла.