Забаронены ў Беларусі раман-антыўтопія Альгерда Бахарэвіча атрымаў прэстыжную прэмію

Беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч атрымаў Лейпцыгскую кніжную прэмію за ўнёсак у еўрапейскае ўзаемаразуменне. Узнагарода прысуджаная за раман «Сабакі Еўропы».

Фота з bel-news.com

Фота з bel-news.com

Як адзначыла сябра журы Майке Альбат, раман Бахарэвіча — гэта «дзікая сумесь палітычнага трылера, эпасу, прыгодніцкай гісторыі, сатыры і казкі», якая апускае чытача «ў самыя цёмныя куткі сучаснасці». Аўтар знаходзіць вытокі супярэчнасцяў, якім ён «дае разгарэцца ў 2050 годзе паміж Менскам, Вільняй, міжземнаморскім востравам, Гамбургам, Прагай і Берлінам». Яна дадала, што рашэнне журы было «абсалютна аднагалосным», пішуць «Белнавіны».

Лейпцыгская кніжная прэмія «За ўнёсак у еўрапейскае ўзаемаразуменне» ўручаецца штогод з 1994 года. Грашовы прыз складае 20 тысяч еўра.

Нямецкамоўная публіка пазнаёмілася з кнігай дзякуючы перакладу Томаса Вайлера. «Сабакі Еўрапы» на нямецкай выйшлі ў лютым 2024 года.

У траўні 2022-га арыгінал кнігі на беларускай мове быў прызнаны ў Беларусі «экстрэмісцкім». Ён стаў першым мастацкім творам беларускай літаратуры, які атрымаў такі статус. Пазней, у сакавіку 2023 года, такі ж статус атрымала кніга Бахарэвіча «Апошняя кніга пана А.».

Упершыню «Сабакі Еўропы» выйшлі ў выдавецтве «Логвінаў» у апошнія дні 2017 года. Затым раман быў перавыдадзены ў выдавецтве «Янушкевіч» у 2021-м. Твор складаецца з шасці частак, кожная з якіх можа лічыцца асобнай. Сувязі паміж імі недакладныя, больш за тое, часткі рамана можна чытаць у любой паслядоўнасці.

Па жанры «Сабакі Еўропы» — змрочная антыўтопія. Сярод сюжэтных ліній вылучаюцца дзве.

Адна з ліній развіваецца ў 2049 годзе на тэрыторыі Беларусі, якая да таго часу страціла незалежнасць і знаходзіцца пад уладай Расіі. З дапамогай бязлітаснай сатыры на «савок» Бахарэвіч перадае атмасферу абсалютнай безнадзейнасці выраджэння беларускай нацыі.

Дзеянне другой часткі пачынаецца ў Берліне, дзе знаходзяць памерлага паэта. Супрацоўнік службы ідэнтыфікацыі неапазнаных асоб павінен сабраць звесткі пра памерлага, які пісаў вершы на невядомай яму мове. Імкнучыся знайсці інфармацыю, ён выпраўляецца ў падарожжа і сутыкаецца з культурнай дэградацыяй цывілізацыі. Па Бахарэвічу, адмова ад культуры і роднай мовы прыводзіць да вымірання ўсяго жывога: няхай гэта будзе жабрацкі Усход ці квітнеючы Захад.

Уручэнне прэміі адбудзецца ў 2025 годзе.

Глядзіце таксама