Топ-10 фільмаў пра надзею і чаканьне цудаў

У перыяд перад Раством кожнае сэрца напаўняецца сьвятлом надзеі. Аднак сусьветныя падзеі, здаецца, гэтае сьвятло ня надта падмацоўваюць. Склалі аўтарскую падборку дзесяці стужак пра непазьбежнасьць добрага. Прыемнага прагляду!

Кадр з фільма нашай падборкі

Кадр з фільма нашай падборкі

Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.

Нумар 10. Вогненныя калясьніцы (Chariots of Fire). 1981

chariots_of_fire_1.webp

У некаторых аматараў кіно гэтая спартовая драма выклікае экстаз, іншыя ж больш стрыманыя. Х’ю Хадсан стварыў фільм, які атрымаў прэмію Оскар у некалькіх намінацыях, у тым ліку за лепшы фільм года.

Трэба папярэдзіць, тэмп у стужцы дастаткова запаволены, нягледзячы на год вытворчасьці. А ўласна фільм як па замове прыгожа кладзецца ў сёньняшнюю рэчаіснасьць. Ён апісвае сапраўдную гісторыю, якая разгортвалася роўна сто гадоў таму на Алімпійскіх гульнях, якія адбываліся ў… Парыжы!

Тыя Гульні 1924 года падаравалі брытанцам драму ў бегу, калі іх грамадзяне, адзін габрэй, а іншы сапраўдны лорд. Хлопец з усім, супраць аднагодкі без нічога. Гісторыя супрацьстаяньня, варожасьці і сяброўства. Пабеглі глядзець?

Нумар 9. Чараўнік краіны Оз (The Wizard of Oz). 1939

the_wizard_of_oz_1.webp

Напярэдадні Другой сусьветнай вайны Віктар Флэмінг здымае за год адразу два шэдэўральных фільмы. Пра чараўніка і пра «Зьнесеных ветрам». Казка, на якой выраслі мільёны амэрыканскіх і ня толькі дзяцей, і сёньня выглядае сьвежай. Нягледзячы на «тэатральныя» дэкарацыі і не самы сучасны грым, героі цудоўна прапрацаваныя. А калі гераіня Джудзі Гарлэнд напачатку фільма пачынае сьпяваць песьню «Over the Rainbow»  вы разумееце, што трапілі дакладна ў правільнае месца.

Жалезны дравасек, сабачка Тато, Страшыдла, Баязьлівы Леў і дзяўчынка Дораці праз розныя акалічнасьці трапляюць у агульную каманду, якая скіроўваецца да таго, хто можа даць кожнаму зь іх тое самае, чаго ім бракуе.

Кожнаму з нас неабходна знайсьці свайго чараўніка. І цуды зьдзейсьняцца!

Нумар 8. Выратаваньне шэрагоўца Раяна (Saving Private Ryan). 1998

saving_private_ryan_3.jpg

Гісторыя, якую немагчыма ўявіць з бок расейскіх агрэсараў у сёньняшняй вайне. Дзеяньне стужкі Стывена Спілбэрга адбываецца падчас уварваньня ў Нармандыю і апавядае пра групу амэрыканскіх вайскоўцаў, якія ідуць у тыл ворага, каб вярнуць парашутыста, некалькі братоў якога ўжо былі забітыя на той дзікай вайне. У фільме зьнялася мноства цудоўных актораў, перадусім Том Хэнкс.

Чаму варта паглядзець гэтае кіно? Дадатковы адказ даюць сапраўдныя вэтэраны Другой сусьветнай. Вядомыя шматлікія факты, калі цэлыя арганізацыя былых франтавікоў складаклі падзякі рэжысэру, бо карціна рэальна і праўдзіва перадавала тое, што адбывалася непасрэдна ў баявых дзеяньнях. Вайна не бывае прыгожай. Але надзея на лепшае застаецца.

Нумар 7. Тэрэза (Thérèse). 1986

therese.jpg

Тэрэза з Лізьё – адна з маіх улюбёных сьвятых, і абмінуць гэты фільм было немагчыма. Алэн Кавалье зьняў прыгожую і простую стужку пра французскую дзяўчынку, якая зьмяніла жыцьцё тысячаў людзей ва ўсім сьвеце.

Вобраз сястры Тэрэзы, выкананы Катрын Мушэ ахіне пакарой і мілатой. Яе вобраз ажыўляе нутраныя складанасьці і духоўны рост маладой дзяўчыны, якая шукала сьвятасьці ў звычайным. Здольнасьць рэжысэра перадаць абсалютную прастату існаваньня Тэрэзы, адначасова разглядаючы глыбіні яе духоўнасьці, зьяўляецца моцнай праявай таленту.

Нумар 6. Роварныя злодзеі (Ladri di biciclette). 1948

ladri_di_biciclette_1.jpg

Фільм Віторыа Дэ Сіка зноў запрашае на шпацыр па Рыму, які толькі-толькі ўздымаецца пасьля спусташальнай вайны. Адна справа здымаць эпахальныя стужкі пра Рымскую імпэрыю праз дзьве тысячы гадоў пасьля падзеяў, і зусім іншая – непасрэдна ў тых гістарычных дэкарацыях, якія яшчэ дыхалі подыхам Мусаліні, і спрабавалі на смак новыя дэмакратычныя парадкі.

Рым паўстае не як легендарны горад глядыятараў і імпэратараў, а як суровы пейзаж эканамічнага адчаю і сацыяльнай барацьбы. Праз простую, але вельмі хвалюючую гісторыю пра бацьку і яго сына ў пошуках скрадзенага ровара — жыцьцёва неабходнага сродка да існаваньня — фільм выразна выказвае чалавечую годнасьць і адчай.

Дэ Сіка абірае не прафэсійных актораў на галоўныя ролі, і гэта дадае сырой шчырай сапраўднасьці. Мы такія, якія ёсьць, і мы жывем на экране менавіта сваё жыцьцё.

Нумар 5. Уцёкі з Шаўшэнка (The Shawshank Redemption). 1994

the_shawshank_redemption_2.jpg

Гэтая стужка амаль заўжды знаходзіцца сярод улюбёных у кожнага аматара кіно. Рэжысэр Фрэнк Дарабонт стаў сапраўдным майстрам турэмных гісторый. Узгадаем таксама і яго “Зялёную мілю”, што пабачыла сьвет у 1999, хаця там да ўцёкаў справа не дайшла.

Легендарная эпапея з вельмі працяглым зьняволеньнем галоўнага героя ў выкананьні Ціма Робінса, яго сяброўства са сталым крымінальнікам, якога грае Морган Фрыман, і шматлікіх канфліктаў як з кіраўніцтвам турмы так і з іншымі вязьнямі. Ніхто не чакаў ад ціхага чалавека такой гучнай справы.

Стужка не пакідае абыякавым нават чэрствае сэрца. Нягледзячы на тое, што мы разумеем, перад намі крымінальнікі, якія кагосьці забілі, абрабавалі, згвалтавалі – але ўсё адно яны застаюцца людзьмі, а ўжо потым любымі іншымі словамі, якімі іх можна апісаць.

Ці выконвае пеніцыярная сістэма функцыю, якую яна на сябе ўрачыста ўзяла – перавыхаваць чалавека за час яго ізаляцыі? Рытарычнае пытаньне – што да Амэрыкі, што тым больш да Беларусі. Якім чынам гэтая сістэма павінна функцыянаваць? Дзьве з паловай гадзіны фільма праляцяць хутчэй, чым дзесяцігодзьдзі ў зьняволеньні галоўных герояў.

Нумар 4. Бэн-Гур (Ben-Hur). 1959

ben_hur_2.jpg

Параўнаньне нямой эпапеі Фрэда Нібла 1925 года і вэрсіі Ўільяма Уайлера 1959 года ўяўляе цягне за сабою і непазьбежнае параўнаньне эвалюцыі кінематографа. Абодва фільмы, заснаваныя на рамане Лью Ўолеса 1880 года, апавядаюць пра Юду Бэн-Гура, габрэйскага прынца, несправядліва абвінавачанага ў здрадзе свайму сябру дзяцінства, які стаў рымскім трыбунам Месалай.

Фільмы, хаця і маюць аднолькавую гісторыю, значна адрозьніваюцца з пункту гледжаньня тэхналёгіі, стылю і характараў.

Стужка Нібла — сьведчаньне велічы і амбіцый нямога кіно. Нягледзячы на адсутнасьць дыялёгаў, у фільме выкарыстоўваюцца драматычныя мэтады візуальнага апавяду. Выявы старажытнага Ерузалему і Рыму, рэалізаваныя праз складаныя дэкарацыі і тысячы дадатковых элементаў, ствараюць захапляльнае відовішча, праверце на ўласным досьведзе.

Праца Ўайлера карыстаецца тэхнічнымі дасягненьнямі эпохі гуку і колеру. Гэтая вэрсія прапануе больш псыхалягічна складанае адлюстраваньне сваіх герояў. Знакамітыя гонкі на калясьніцах застаюцца эталёнам якасьці і ў наш час.

Абодва фільмы маюць моцны хрысьціянскі голас. Аднак вэрсія 1959 года паказвае выразную выяву Хрыста і больш канкрэтнае пасланьне прабачэньня. Больш раньняя вэрсія 1925 года, хоць і дэманструе біблейскія сцэны, але больш суадносіць іх з агульнай эпапеяй, а не з маральнымі урокамі.

Бэн Гур 1959 года да гэтага дня зьяўляецца рэкардсмэнам па колькасьці ўзнагародаў Оскар. Стужка атрымала 11 статуэтак, у тым ліку і за лепшы фільм года. З тых часоў толькі 2 стужкі здолелі паўтарыць дасягненьне: Тытанік у 1997 годзе і Ўладар Пярсьцёнкаў у 2003.

Нумар 3. Містэр Сьміт едзе ў Вашынгтон (Mr. Smith Goes to Washington). 1939

mr._smith_goes_to_washington_2.webp

Стужка Фрэнка Капры з непараўнальным Джэймсам Сьцюартам зьяўляецца яскравым прыкладам правільнага палітычнага кіно. Джэймс грае наіўнага і ідэалістычнага маладога чалавека, які раптам апынуўся ў звышцынічным і жорсткім сьвеце палітыкі Вашынгтона.

Герой Сьцюарта пераўтвараецца са сьціплага правінцыйнага чалавека ў нястомнага змагара за справядлівасьць. Мы ўбачым, што нават разбэшчаная і шмат у чым прадажная дэмакратыя можа быць тым самым мэханізмам, дзякуючы якому магчыма пранесьці праз выпрабаваньні свае высокія ідэалы і прынцыпы. Стужка стала ўзьлётам для кар’еры актора. Як і яго герой на экране, Джэймс Сьцюарт скарыў кінематограф.

Нумар 2. Касабланка (Casablanca). 1942

casablanca_3.webp

Стужка Майкла Кёрціса – гэта адна з галоўных цаглінаў у гісторыі кіно. Такіх геніяльных і прыгожых фільмаў надзвычай мала, і вам проста абавязкова неабходна азнаёміцца з гэтым шэдэўрам кінематографу.

Дзеяньне адбываецца ў бурлівым мараканскім горадзе падчас Другой Сусьветнай вайны, калі, здавалася б нэйтральная тэрыторыя становіцца арэнай схаваных інтрыгаў і падрыхтоўкі шпіёнскіх апэрацыяў.

Інгрыд Бэргман і Хамфры Богарт граюць былых каханкаў, што выпадкова становяцца ўцягнутыя ў вір нечаканых падзеяў.

У сёньняшнім сьвеце, дзе фільмы прыходзяць і сыходзяць праз некалькі месяцаў, «Касабланка» зьяўляецца яскравым сьведчаньнем залатога веку Галівуду. Менавіта такія стужкі нагадваюць нам пра магію, якую фільмы могуць стварыць.

Нумар 1. Цуд на 34-й вуліцы (Miracle on 34th Street). 1947

miracle_on_34th_street_2.webp

Што знаходзіцца на гэтай самай 34-й вуліцы ў Нью-Ёрку? Вялізная ўнівэрсальная крама “Мэйсі”. Яна штогод арганізуе сьвяточны парад напярэдадні Раства, дзе на чале ідзе Санта Клаўс, дакладней актор, які грае Санту. Але што рабіць, калі актор прыйшоў п’яным? Трэба неадкладна знайсьці кагосьці, хто б здолеў яго замяніць, а тым больш вось і ідзе вясёлы сталага веку чалавек з уласнай белай барадой.

Пасьля ён кажа, што ён і ёсьць сапраўдны Санта, Сьвяты Мікалай. Ну што ж: шмат хто шмат чаго сцьвярджае, але да гэтага Санты цягнуцца дзеці, а за дзецьмі бацькі, якія будуць набываць падарункі – правільна, на 34-й вуліцы.

Чароўная казачная гісторыя, у якую ўплеценыя і рамантычныя адносіны, і перажываньні маленькай дзяўчынкі, якая не ведае, ці верыць ёй у Санту, і карпаратыўныя правілы вялікай кампаніі. Калі вам не хапае чагосьці, каб узбадзёрыць сябе напярэдадні Раства – уключайце гэты фільм.

Прыемнага прагляду!