Як Армія Краёва Івянец захапіла
80 гадоў таму Армія Краёва, зь якой мэтаскіравана змагаецца рэжым Лукашэнкі, захапіла Івянец, разграміўшы нямецкі гарнізон. Паглядзім на легендарную падзею часоў Другой сусьветнай вайны на Беларусі.
Галоўнай мэтай паўстаньня было зьнішчэньне паліцэйскага ўчастка і радыёстанцыі, якая там дзейнічала, спыненьне рэпрэсій і ўздым баявога духу насельніцтва, якое зьведала нямецкую і савецкую акупацыю.
Канспірацыйная праца ў гэтай мясцовасьці, падпарадкаванай Стаўпецкай акрузе Арміі Краёвай, пачалася ўвосень 1941 года пасьля таго, як на пасаду кіраўніка гэтай акругай прыйшоў паручнік «Швіра» (Аляксандар Варакомскі).
Як узгадваў ветэран Арміі Краёвай, які ўдзельнічаў у аперацыі ў Налібоцкай Пушчы — Павел Касовіч, для атрыманьня зброі на гэтых тэрыторыях выкарыстоўваліся розныя метады. Часам гэта быў шлях праз відавочнае супрацоўніцтва зь немцамі.
Удзельнікі падпольля былі скіраваны падпольнымі органамі ў беларускую паліцыю ці самаахову. Іх задачай было не толькі здабыць зброю, але і ўсю інфармацыю, каб ведаць і чытаць намеры праціўніка. Часам здаралася, што камандзір самааховы ці паліцэйскага ўчастка быў адначасова і дзейным падпольшчыкам, а нават і камандзірам групы супраціву ў тым ці іншым раёне.
Такім чынам, у шматлікіх населеных пунктах паліцыя і самаахова служылі прыкрыцьцём для падпольшчыкаў Арміі Краёвай.
Дзяржынскія былі суарганізатарамі Арміі Краёвай у гэтых раёнах Навагрудчыны. Яны карысталіся вялікай павагай і даверам у народзе. У 1943 годзе яны загінулі за сувязь з Арміяй Краёвай. Такія розныя лёсы родных братоў.
Першапачаткова ліквідацыя нямецкага гарнізона была прызначаная на 22 чэрвеня. Аднак у сувязі з тым, што вораг пачаў будаваць у горадзе ўмацаваньні — у выглядзе загарод з калючага дроту і дзотаў — было вырашана прысьпешыць акцыю.
Новае рашэньне — аб начным узброеным нападзе на Івянец апоўначы 16 чэрвеня. Але і гэты тэрмін акцыі быў адменены, бо немцы даведаліся пра намеры лясных войскаў і абвесьцілі трывогу — стан баявой гатоўнасьці. У суботу, 19 чэрвеня, а 10-й гадзіне раніцы немцы загадалі аб абавязковай яўцы моладзі ў рэкруцкую камісію Беларускага корпуса самааховы і ад'езьдзе на працу ў Нямеччыну. У гэты ж дзень прымеркавалі таксама прымусовую аблаву на коней з мэтай выкананьня так званай «закупцы коней» для патрэбаў нямецкай арміі.
Камандаваньне Стаўпецкага раёна Арміі Краёвай, калі даведалася пра ўсё гэта, палічыла дзень 19 чэрвеня прыдатным для ліквідацыі нямецкага гарнізона. Напярэдадні заплянаванай акцыі ў вёсцы Кулі адбылася канцэнтрацыя партызанскіх групаў і інструктаж іх камандаваньня.
А 12 гадзіне дня па сігналу звана зь вежы белага касьцёла пачаўся наступ партызанаў Арміі Краёвай на Івянец. Камандаваў усёй акцыяй падпаручнік Левальд-Каспер Мілашэўскі. Бой трываў з гэтага часу і ажно да 6 раніцы наступнага дня — васямнаццаць гадзінаў!
У самым цэнтры Івянца паўстанцы разам з групай паручніка «Дзьвіга» атакавалі будынак паліцыі. Перад нападам на яго хлопцы запалкамі цягнулі жэрабя, каму раней зайсьці ў будынак, каму раней зьнішчыць радыёстанцыю. Ян Нядзьвецкі атрымаў гонар. Яшчэ не сьціхла рэха звона з касьцёльнай вежы, а Ян Нядзьвецкі ўжо паміраў на прыступках будынка ад выбуху паліцэйскай гранаты.
Капрал «Місячэк» разам з Брычкоўскім праз вакно ўварваліся ў будынак паліцыі. Дайшлі да першага паверху, дзе быў радыёвузел. Місячэк зьнішчыў радыёстанцыю гранатамі. Вярнуўся да сваіх цэлым (пазьней загінуў у Налібоцкай пушчы).
Іншая група імкліва зьнішчыла тэлефонны дрот у горадзе і на дарогах, якія вялі да Івянца. Сувязь паміж нямецкімі групоўкамі была перарваная. Быў разбураны і мост так званы «Івеньчык».
Прапаршчык «Ноц» з кавалерыйскім узводам ахоўваў кулямётнымі пазіцыямі дарогі і вуліцы, якія вялі да Ракава і Стоўпцаў, каб своечасова сарваць прыбыцьцё дапамогі немцам.
Нямецкі гарнізон быў амаль цалкам зьнішчаны, каля 50 немцаў, галоўным чынам паліцэйскіх, ліквідаваныя, паўтара дзясяткі ўзятыя ў палон. Таксама было схоплена каля 300 беларускіх паліцэйскіх, зь якіх 106 далучыліся да партызанскіх частак Арміі Краёвай. Былі захоплены вялікія запасы зброі, боепрыпасы, медыкаменты, прадукты харчаваньня, а таксама дзьве супрацьтанкавыя гарматы з боепрыпасамі.
Акрамя гэтага 5 аўтамашынаў, дзясятак-другі коней, дзясятак вазоў са зброяй. Спаленыя 3 будынкі ваеннай паліцыі, канфіскавана 400 літраў сьпірту, скрыні з цыгарэтамі, некалькі тон солі, шмат кансэрваў, скура для сёдлаў, вайсковыя боты.
Аднак галоўнай здабычай былі вызваленыя людзі. Перадусім гэта 20 арыштаваных падпольшчыкаў Арміі Краёвай і паўтара дзесяткі габрэяў, пераважна лекараў. А шэраг жыхароў Івянца выратавалі ад вывазу на прымусовыя працы ў Нямеччыну. Амаль уся моладзь з Івянца далучылася да Арміі Краёвай. Страты партызанаў АК склалі двое забітых: Ян Нядзьвецкі і Антоні Плавецкі, а таксама адзін сьмяротна паранены — Антоні Аляксандровіч (памёр уначы ў Івянецкім шпіталі), 11 параненых.
Калі набліжаўся поўдзень 20 чэрвеня, трубач зайграў адмысловую мэлёдыю. Сігнал, што партызаны пакідаюць горад.
Праз некалькі дзён немцы ў якасьці адплаты забілі 150 жыхароў Івянца.
Кіраўнік АК падчас акцыі ў Івянцы Каспер Мілашэўскі ў сьнежні 1943 года вывезены савецкімі ўладамі самалётам у Маскву, апынуўся на Лубянцы, дзе быў перакананы стварыць падпарадкаваны Саветам польскі партызанскі атрад, потым вывезены ў Сібір, у 1948 годзе цяжка хворы вярнуўся ў Польшчу і памёр у 1961 годзе.