Крывавая храналогія. Бітвы Першай сусветнай
Раніцай 11 лістапада ў Камп’енскім лесе, што ў французскай Пікардыі, у чыгуначным вагоне маршала Фердынанта Фоша было падпісана перамір’е паміж дзяржавамі Антанты з аднаго боку і Германіяй з другога. Чатырохгадовая бойня пад назвай Першая сусветная вайна, якая каштавала амаль 20 млн жыццяў, скончылася.
За чатыры вайны адбылося вельмі шмат бітваў. Некаторыя скончыліся даволі хутка, а іншыя цягнуліся месяцамі. Ніжэй прадстаўлена храналогія найбольш значных сутыкненняў гэтай вайны.
Бітва пры Монсе: 23 жніўня 1914 года
Адна з першых бітваў Першай сусветнай. Яна адбылася каля горада Монс, што ў Бельгіі, дзе брытанскі экспедыцыйны корпус, які налічваў каля 75 000 салдат, сутыкнуўся з прыкладна 150 000 немцаў у спробе ўтрымаць абаронны рубеж Монс-Кондэ. Была фіналам так званых «Памежных бітваў» першых тыдняў вайны. У выніку супрацьстаяння брытанскія войскі, не гледзячы на тое, што нанеслі германскай арміі вялікія страты, былі вымушаны адысці і з баямі адступаць амаль да французскай сталіцы. Бітва прынесла немцам тактычную перамогу. У ёй загінула каля 1600 брытанскіх салдат і 5000 немцаў.
Бітва пры Танэнбергу: 26 жніўня — 30 жніўня 1914 года
Гэтая бітва адбылася недалёка ад таго месца, дзе ў 1410 годзе саюзныя войскі Вялікага княства літоўскага і Польшчы разбілі Тэўтонскіх рыцараў. У той час яна рэальна ўспрымалася ў Германіі як рэванш над славянамі за паразу 500-гадовай даўніны. Бітва стала найбуйнейшай перамогай германскай арміі над арміяй Расійскай імперыі на Усходнім фронце. Яна пачалася з таго, што рускія войскі генерала Аляксандра Самсонава атакавалі немцаў з двух бакоў, з поўдня і ўсходу. Гэта тактыка спачатку спрацоўвала. Але пасля перахопу нямецкімі радыстамі незашыфраваных радыёпаведамленняў ад рускіх, яны хутка змаглі перабудаваць сваю стратэгію і перайсці ў контратаку. Вынікам стаў поўны разгром войск Расійскай імперыі. Немцы практычна поўнасцю знішчылі армію праціўніка, узяўшы ў палон больш за 90 000 чалавек, у тым ліку 9 рускіх генералаў.
Бітва пры Вердэне: з 21 лютага па 18 снежня 1916 года
Гэтая бітва, якая па колькасці ахвяр справядліва ўвайшла ў гісторыю як «Вердэнская мясарубка», стане самай працяглай адзіночнай бітвай Першай сусветнай вайны. Яна доўжылася амаль год і каштавала абодвум бакам амаль 600 000 салдацкіх жыццяў. Спрабуючы прарваць абарону французаў, немцы вырашылі сканцэнтраваць свае сілы на вузкім участку фронту і атакаваць праціўніка каля горада Вердэн на беразе ракі Маас (Мёз). Яны павольна прасоўваліся наперад да пачатку ліпеня, пакуль пачаўшаяся англа-французская аперацыя на рацэ Соме не вымусіла нямецкае камандаванне перакінуць туды значную частку сваіх сіл і перайсці да абароны.
Ютландская марская бітва: з 31 траўня па 1 чэрвеня 1916 года
Найбуйнейшае марское сутыкненне Першай сусветнай вайны. У ім бралі ўдзел Флот адкрытага мора з боку Германскага рэйха і так званы Вялікі флот (Grand Fleet) з боку Вялікабрытаніі. Агулам гэта было 250 баявых караблёў і каля 100 000 чалавек жывой сілы. З пачаткам вайны Брытанія заблакавала выйсце з Паўночнага мора, пазбавіўшы Германію паставак правізіі і сыравіны. Стратэгічная мэта немцаў была прарваць гэтую блакаду. Бой, які доўжыўся амаль суткі, так і не выявіў канчатковага пераможцу, але стратэгічная перамога засталася за англічанамі. Не гледзячы на ўдвая большыя страты, Вялікабрытанія здолела працягнуць блакаду нямецкіх марскіх партоў. Гэтая блакада будзе мець вырашальнае значэнне для перамогі саюзнікаў у вайне.
Бітва на Соме: з 1 ліпеня па 18 лістапада 1916 года
Гэта была адна з самых крывавых бітваў у гісторыі, толькі ў першы дзень бітвы брытанскія войскі страцілі больш за 57 000 чалавек. Менавіта тут англійская армія ўпершыню ўжыла танкі. За амаль пяць месяцаў бітвы на абодвух берагах Сомы засталося ляжаць каля 1 000 000 салдат. Але, дзякуючы такім ахвярам, войскам Антанты ўдалося зламіць маральны дух нямецкай арміі. Ініцыятыва ў вайне цалкам перайшла на іх бок.
Бітва пры Пашэндэйле: з 31 ліпеня па 10 лістапада 1917 года
Таксама вядомая як Трэцяя бітва пры Іпры. Гэта было найбольш жорсткае і крывавае сутыкненне з чатырох, вядомых пад гэтай назвай. Летам 1917 года брытанскія войскі з дапамогай французаў і з выкарыстаннем танкаў пачынаюць чарговую атаку, каб прарваць германскі фронт у гэтым раёне і прабіцца да баз нямецкіх падводных лодак. Бітва цягнулася чатыры месяцы і ўвесь гэты час салдаты знаходзіліся ў акопах сярод балот і бруду. Менавіта тут немцы ўпершыню выкарысталі гарчычны газ, што ў гонар першага месца свайго прымянення атрымаў назву «іпрыт». За ўсе гэтыя месяцы лінія фронту амаль не змянілася. Гэта была тыповая для многіх бітваў Першай сусветнай вайны сітуацыя, калі абодва бакі вядуць пазіцыйную вайну і нясуць вялізныя страты, але ні адзін з іх не дабіваецца значных поспехаў. Хоць у гэтай бітве відавочнага пераможцы зноў не аказалася, яе вынікам прынята лічыць перамогу саюзнікаў. Ахвярамі баёў сталі больш за 850 000 салдат абодвух армій.
Бітва пры Вымі-Рыдж: 9 — 12 красавіка 1917 года
У ёй супраць немцаў асобна выступіў Канадскі корпус, празваны так за тое, што складаўся з некалькіх дывізій, прадстаўленых амаль выключна жыхарамі гэтай паўночнаамерыканскай краіны. Корпус пачаў наступ у велікодную нядзелю каля хрыбта Вымі на поўначы Францыі. Гэты наступ быў часткай агульнага наступлення саюзнікаў пры Аррасе. Але, у адрозненні ад іншых саюзных войск, якія завязлі ў пазіцыйных баях, канадцы зрабілі сваю справу за тры дні, адразу ператварыўшыся з нікому невядомых добраахвотнікаў у эліту брытанскай арміі.
Чэрвеньскі наступ: 18 чэрвеня — 6 ліпеня 1917 года
Апошні буйны наступ расійскіх войск у Першай сусветнай вайне. Наступ адбыўся па загаду А. Керанскага ўжо пасля Лютаўскай рэвалюцыі з мэтай выбіць аўстра-венгерскія войскі з тэрыторыі Галіцыі. Але афіцэрская блытаніна і нежаданне расійскіх салдат ваяваць прывялі да катастрафічнай паразы. Асноўная маса салдат наўпрост збегла з полю бою. Фактычна расійская армія як баявая адзінка пачала распадацца. Пасля ліпеня 1917-га ўсім у Еўропе стала абсалютна зразумела, што Расія больш не зможа паўнавартасна ўдзельнічаць у вайне.
Бітва пры Капарэта: з 24 кастрычніка па 19 снежня 1917 года
Увекавечаная ў знакамітым творы Эрнэста Хэмінгуэя «Бывай, зброя», бітва пры Капарэта адбылася на італьянскім фронце недалёка ад славенскага горада Кабарыда (італ. Капарэта). Восенню 1917 года нямецкія і аўстра-венгерскія войскі нанеслі сакрушальны ўдар па італьянскай арміі. Італьянцы ў адзін момант згубілі амаль 700 000 чалавек, што моцна падарвала іх маральны дух. У далейшым асноўныя баявыя дзеянні на гэтым участку фронту стануць выконваць салдаты Антанты.
Аперацыя «Міхаэль»: з 21 сакавіка па 5 красавіка 1918 года
Аперацыя была распачата германскім камандаваннем у надзеі раздзяліць хуткім ударам саюзныя англійскую і французскую арміі. Немцы пачынаюць рашучую атаку на лінію брытанскіх акопаў пры дапамозе газа і артылерыйскага агню. Брытанцы вымушаны адступіць, а немцы атрымліваюць найбуйнейшую з пачатку вайны тэрытарыяльную перамогу на Заходнім фронце. Але на працягу тыдня саюзнікі перагрупоўваюцца, нямецкі наступ пачынае губляць абароты і ўрэшце спыняецца. Хоць немцам і ўдалося прасунуцца наперад, канчатковай мэты па раздзяленні саюзных войск дасягнуць не атрымалася. Стратэгічная перавага засталася на баку Антанты.
Бітва на Марне: 15 ліпеня — 6 жніўня 1918 года
Гэта бітва стала апошняй наступальнай аперацыях нямецкіх войск у вайне. Падставай для яго стала рашэнне генерала Эрыха Людэндорфа нанесці ўдар па французскіх войсках каля ракі Марна ў рэгіёне Шампань. Яго мэтай была спроба адцягнуць такім чынам сілы саюзнікаў з Бельгіі для рэалізацыі запланаванай ім атакі на пазіцыі англічан у Фландрыі. Але на дапамогу французам прыходзяць англійскія, амерыканскія (ЗША ўступілі ў вайну на баку Антанты за год да таго) і італьянскія часткі. Агульнымі сіламі ім удалося спыніць нямецкае наступленне. План Людэндорфа праваліўся. Больш весці буйныя наступальныя дзеянні германская армія была ўжо не ў стане.
Бітва пры Ам’ене: 8 — 11 жніўня 1918 года
Пачатковы этап таго, што пасля назавуць Стодзённым наступам. Бітва пры Ам’ене стала адным з самых паспяховых дасягненняў Першай сусветнай вайны для войск Антанты. У гэтай бітве саюзнікі выкарысталі 2 000 гармат, 1 900 самалётаў, больш за 500 танкаў і амаль паўмільёна чалавек асабовага складу. Ам'енская бітва была пераломным момантам у вайне, войскам Антанты ўдалося прарваць германскі фронт, зрабіўшы для немцаў далейшы супраціў бессэнсоўным. Генерал Людэндорф пазней назаве 8 жніўня «чорным днём германскай арміі».
Захоп вёскі Аврэ: 11 лістапада 1918 года
У апошні дзень Першай сусветнай вайны, канадскі корпус атрымлівае загад адбіць у немцаў невялікаю бельгійскую вёсачку Аврэ. Вёска ўтрымлівалася немцамі з 1914 года і брытанскае камандаванне палічыла неабходным вызваліць яе ад праціўніка. Ранішняе наступленне адбылося за некалькі гадзін да таго, як войскі даведаюцца, што Германія пагадзілася на перамір'е ў 11 гадзін раніцы. Гэта быў дзень апошніх смерцяў сярод салдат. Адным з іх стаў шараговец Джордж Лоўрэнс Прайс, канадзец, застрэлены снайперам у 10:59 раніцы, за адну хвіліну да афіцыйнага заканчэння вайны.