Лягеры сьмерці ў Азарычах: як немцы спрабавалі спыніць наступ праз заражэньне чырвоных жаўнераў тыфам

Роўна 80 гадоў таму нямецкія войскі паспрабавалі зрабіць заслону з жывых людзей, якіх папярэдне зьмясьцілі ў тры лягеры ля Азарычаў. Каля 50 тысячаў беларусаў знаходзіліся на голай зямлі пад дуламі аўтаматаў. Разьлік быў на масавае заражэньне тыфам, каб эпідэмія перакінулася на войскі, што былі вельмі блізка. Што гэта было?

Тыя, хто выжыў

Тыя, хто выжыў

У сакавіку 1944 года Блюменталь і Гейман (галоўныя ваенныя біёлягі Трэцяга рэйху) у суправаджэньні дасьведчаных лекараў прыляцелі на Гомельшчыну. На беларускіх балотах нацыстамі былі створаныя тры канцлягеры.

Блюменталь і Гейман дакладвалі асабіста Гітлеру: «У сагнаных у халоднае балота людзей, якія не маюць мыла, чыстай бялізны, гарачай вады, вашывасьць разаўецца ў такой колькасьці, што захлісьне ўсіх, хто ўступіў у кантакт. У сярэдзіне сакавіка войскі нашага войска адыдуць з раёна Азарычаў на захад, на загадзя падрыхтаваныя межы, а жаўнеры і афіцэры надыходзячых частак Ракасоўскага пачнуць падаць ад тыфу, як лісьце ўвосень!»

Такі няхітры, але які жудасны ў сваёй задуме і выкананьні плян. 12 сакавіка 1944 года ў тры лягеры было дастаўлена каля 50 тысячаў чалавек, у пераважнай колькасьці ўсе яны былі беларусамі.

Глядзіце таксама

Лягеры сьмерці былі створаныя 10 сакавіка 1944 года па загадзе камандуючага 9-й арміі вермахта генэрала Ёзафа Харпэ, камандзіра 56-га танкавага корпуса генэрала Фрыдрыха Госбаха і камандзіра 35-й пяхотнай дывізіі генэрала Георга Рыхэрта. У дэпартацыі насельніцтва ўдзельнічалі 14 нямецкіх дывізій, але акрамя вермахта прымалі ўдзел у злачынствах таксама і органы СД — зондэркаманда 7а на чале з Гельмутам Лоасам, адзначае гісторык Антон Рудак.

У вайсковым дзёньніку 9-й нямецкай арміі было напісана — «Заплянавана перакінуць усіх непрацаздольных людзей з прыфрантавой зоны на тэрыторыю, якая пакідаецца». Само па сабе гэтае паведамленьне не несла ў сабе прыкметаў злачынства. Але мы чытаем далей. «Рашэньне вызваліцца такім чынам ад цяжару, які патрабуе харчаваньня, было прынятае вярхоўным камандаваньнем арміі пасля разьлікаў і аналізу наступстваў».

Ёзаф Харпэ

Ёзаф Харпэ

У абавязкі акупацыйнай арміі ўваходзіла, сама меней, дастатковае забесьпячэньне мясцовага насельніцтва харчаваньнем. Вермахт аб гэтым практычна ніколі не клапаціўся. Але, як правіла, людзям не забаранялася знаходзіць харч у лесе ці яшчэ дзе-небудзь, — піша нямецкі гісторык Свэн Фэлікс Кэлерхоф.

Але і гэта зьмянілася. Да 12 сакавіка 1944 года жаўнеры 35-й пяхотнай дывізіі і камандаваньня СС загналі людзей на абгароджаную калючым дротам багністую мясцовасьць. Якіх-небудзь збудаваньняў накшталт адхожых месцаў, студняў ці тым больш, месцаў для прыгатаваньня ежы, там не было, не кажучы ўжо пра баракі ці намёты. Сотні людзей былі застрэленыя на шляху да тэрыторыі за калючым дротам, каб іншыя паводзілі сябе больш пакорліва.

Многія з тых, хто афіцыйна быў класіфікаваны, як непрацаздольны, былі хворыя, заражаныя тыфам. Яны былі замкнёныя на абмежаванай прасторы без ежы і чыстай вады.

У дзёньніку 9-й арміі аб гэтым пісалася як аб посьпеху:

«Апэрацыя прынесла істотнае палягчэньне на ўсім полі бою. Жылыя тэрыторыі былі разгружаныя і вызваленыя для разьмяшчэньня войскаў. На бескарысных едакоў больш не будзе марнавацца харчаваньне. За кошт ізаляваньня хворых былі значна скарочаныя агмені інфекцый».

Лягеры праіснавалі, у адрозьненьні ад Трасьцянца ці Аўшвіца, усяго 9 дзён. Але за гэты кароткі час каля паловы зь ліку зьняволеных памерлі.

Як узгадваў дзесяць гадоў таму Ўладзімер Мышак, які трапіў у адзін з трох лягероў:

Напачатку вяскоўцам казалі, што павядуць іх у Глуск. Але пасьля зборнага лягера ў Рудабелцы (цяпер райцэнтар Акцябрскі) людзей урэшце загналі ў Азарычы:

«Нас загналі — там ужо шмат народу было. Прывозілі хворых на тыфус. Кашмар. Потым сьнег, мароз. Там пад сасонкамі людзі сядзяць, хтосьці стаіць. Але ў асноўным сем’ямі пад сасонкамі сядзелі. Там мая мама была, дзядуля, бабуля, тры маладзейшыя за мяне сястрычкі. Нельга па тэрыторыі было прайсьці свабодна. Трэба было пераступаць, пераскокваць праз сумёты, пад якімі ляжалі мёртвыя людзі».

Ахвяры ў лягеры

Ахвяры ў лягеры

Прыгадвае былы малалетні вязень, як іншым разам захопнікі прывозілі хлеб:

«Немцы чаргу шыхтавалі і хлеб давалі. Людзі шыхтаваліся ў калёны. Я з таварышам таксама стаяў. Дасталася нам на дваіх паўбулкі хлеба. Мы зь ім падзялілі гэта напалову і прынесьлі да сваіх, на ўсю нашу вялікую сям’ю. Нам не дазволілі нават цяпельца распаліць пад пагрозай расстрэлу. Мерзьлі, сьнегам прысыпала. Мама, дзядуля з бабуляй накрыюць нас саматканай дзяружкай, што ўзялі з сабою. А ноччу прысыпле сьнегам — і ўжо цяпло было. Мама ўставала ноччу і мацала: жывыя, не жывыя?»

Калі савецкія салдаты вызвалілі лягер, усе Ўладзевы родныя былі яшчэ жывыя. Але пасьля амаль адразу ад тыфусу памерлі маці, дзядуля з бабуляй і дзьве сястрычкі.

У абвінаваўчым заключэньні Міжнароднага ваеннага трыбунала №1 у адпаведнасьці з Лёнданскім пагадненьнем ад 8 жніўня 1945 года і статутам дадзенага трыбунала злачынствы ў канцлягеры "Азарычы" аднесены да ваенных злачынстваў, а менавіта: "парушэньне законаў і звычаяў войнаў", а канцлягеры прызнаны судом лягерамі на адкрытым паветры».

У 1946 годзе Міжнародны трыбунал, які адбыўся ў горадзе Нюрнбэргу, кваліфікаваў лягеры ў раёне мястэчка Азарычы Палескай вобласьці як канцлягер, які ўваходзіць у пералік канцлягераў, створаных у самой Нямеччыне і на сумежных зь ёй тэрыторыях, які адносіцца па сваёй жорсткасьці да катэгорыі А , а таксама прызнаў спецыяльным канцэнтрацыйным лягерам на пярэднім краі абароны.

Ахвяры ў лягеры

Ахвяры ў лягеры

Шмат гадоў таму журналістка Іна Студзінская адзначала:

«Былыя вязьні Азарыцкіх лягераў, у тым ліку і непаўналетнія, атрымалі ад нямецкага ўраду толькі 5 тысяч эўра кожны, хаця вязьням іншых канцэнтрацыйных лягераў сьмерці выплацілі кампэнсацыі на 15 тысяч.

Адбылося так таму, што Азарыцкія лягеры, калі складаліся сьпісы й афармляліся дакумэнты на кампэнсацыю, ня трапілі ў сьпіс менавіта “канцэнтрацыйных”. Хаця прыклад Азарыцкіх лягераў, менавіта як канцэнтрацыйных, фігураваў на Нюрнбэрскім працэсе, дзе судзілі кіраўнікоў Трэцяга рэйху, сьцьвярджае былы вязень Эрнэст Намятаў.

Паводле нямецкіх законаў, памеры кампэнсацыі былым вязьням вызначаліся менавіта паводле статусу лягераў. Але беларускія вязьні перакананыя, што памылка адбылася ня толькі зь віны нямецкага боку, бо пры вызначэньні статусу лягераў улічваліся меркаваньні Дэпартамэнту архіваў і Беларускага фонду “Ўзаемаразуменьне і прымірэньне”, празь які выплачваліся кампэнсацыі ў Беларусі».

Іншая былая зьняволеная лягеру Надзея Кабзарава згадвае, што па дарозе ў лягер захопнікі накідалі паабапал сухароў, заражаных тыфусам. І яны іх падымалі, грызьлі, ня ведаючы пра хваробу.

Першым у лягеры памер трохгадовы брацік. Ён гаварыў слаба і, зьвяртаючыся да аховы, прасіў: «Дзядзька, ка» — малака, значыць. Немец, як згадвае Надзея, прынёс невялічкую белую булачку. Але хлапчуку яна ўжо не спатрэбілася — сканаў.

Тыя, хто застаўся жывым

Тыя, хто застаўся жывым

«Пару разоў на тыдзень прывезьлі хлеба. Нямецкага. Белы такі, маленькія боханчыкі. Адзін стаіць з фотаапаратам на машыне, а іншы — кідае. Людзі, хто яшчэ можа хадзіць, лезуць. Галодныя ж усе. Немцы ззаду стаяць і кіямі б’юць. А той усё фатаграфуе».

Ураджэнцы Жлобіна Надзеі Кабзаровай, калі яе з роднымі прыгналі ў Азарыцкі лягер, было блізу трынаццаці гадоў. З райцэнтру іх прывезьлі ў Рудабелку таварняком. Адтуль гналі ў Азарычы пешшу:

«Бабулю згубілі з усіх. Мама з намі ідзе апошняя. За намі — немцы з аўчаркамі. Мы ўжо зь сястрой ісьці ня можам. Мы ў сьнег — і седзімо. Мама браціка нясе і нам: „Ідзіце!“ Мы не ідзем, згодныя замерзнуць. У нас няма сіл ісьці, мы мокрыя. Мама спыніцца, плача, кліча нас. Потым мэтраў пяць адышла і паказвае: „Абярніцеся“. Мы зь сястрой аглядваемся. А ў гэты час бягуць на нас аўчаркі з салдатамі. А ў мяне такая думка: вось аўчарка скочыць на мяне і будзе рваць твар. І з таго часу я ненавіджу аўчарак. Гэтыя клыкі перада мною бачу».

Раніцай 19 сакавіка 1944 года жаўнеры арміі саветаў зрабілі праходы ў мінных палях і пачалі эвакуацыю зьняволеных. На працягу некалькіх дзён з Азарыцкіх лягераў вызвалілі каля 33 тысячаў чалавек, зь іх 16 тысячаў дзяцей ва ўзросьце да 13 гадоў. Для аказаньня медыцынскай дапамогі былым вязьням непадалёк ад Азарычаў быў разгорнуты шэраг ваенна-палявых шпіталяў.

Лягеры сьмерці вызваляла 65-я армія Беларускага фронта пад камандаваньнем генэрал-лейтэнанта Батова, яна панесла вялікія страты, у тым ліку і праз эпідэмію тыфу. З трох тысяч жаўнераў, якія вызвалялі і даглядалі вязьняў, 8% захварэлі на тыф.

Паведамленьне пра лягер у прэсе 

Паведамленьне пра лягер у прэсе 

У Беларусі ў 1946-1947 гадах прайшоў шэраг судовых працэсаў над нямецкімі ваеннымі злачынцамі па абвінавачаньні іх у злачынствах, учыненых у канцлягеры «Азарычы».

Ваенным трыбуналам Беларускай ваеннай акругі ў студзені 1946 года падчас Менскага судовага працэсу камандзір 35-й пяхотнай дывізіі генэрал-лейтэнант Яган Рыхерт, які стварыў канцлягеры «Рудабелка», «Дзерць» і іншыя, быў асуджаны да павешаньня.

Ваенным трыбуналам Беларускай ваеннай акругі ў сьнежні 1947 года падчас Гомельскага судовага працэсу камандзір 110-й пяхотнай дывізіі генэрал-лейтэнант Эбергард фон Куроўскі, які стварыў канцлягеры «Падасіньнік», «Азарычы» і іншыя, а таксама яго супрацоўнікі штаба, якія прымалі ўдзел у дэпартацыі грамадзянскага насельніцтва ў канцлягеры, былі прысуджаныя да заключэньня ў папраўча-працоўных лягерах тэрмінам на 25 гадоў кожны.

1_917.jpg

Ваенным трыбуналам Беларускай ваеннай акругі ў лістападзе 1947 года падчас Бабруйскага судовага працэсу камандзіры дывізій 9-й арміі за ўдзел у дэпартацыі насельніцтва ў канцлягер «Азарычы» (усяго 21 падсудны) былі асуджаныя да заключэньня ў папраўча-працоўных лягерах тэрмінам на 25 гадоў кожны.

З успамінаў былой зьняволенай Алы Осіпавай:

«У Азарычы гналі ўсіх без разбору — малых, старых, хворых, нямоглых. Трапіла туды і цяжарная жанчына. Нараджаць сына ёй давялося там. Мэдыцынскай дапамогі — абсалютны нуль. Парадзіха сканала праз некалькі гадзінаў. А хлопчыка загарнулі ў чыюсьці целагрэйку і пакінулі на ноч. Раніцай яе разгарнулі, і малы закрычаў... Кармілі яго чым маглі. На шчасьце, яго маленькі арганізм выстаяў перад голадам і холадам. Цяпер гэты чалавек жыве ў Жлобіне».