Муза Купалы з Будслава
На вуліцы Зялёнай, 10 у аграгарадку Будслаў, што на Мядзельшчыне, прытуліўся пафарбаваны ў зялёны колер дом. Тут 12 верасня 1893 года ў сям'і Вінцэнта і Францішкі Мядзёлкаў нарадзілася дачка, якой далі прыгожае імя Паўліна. Ніхто не ведаў тады, што яна стане таленавітым педагогам, пісьменніцай, актрысай, будзе плённа працаваць на ніве нацыянальнага адраджэння. Цяпер тут жыве Соф'я Грышкевіч — жонка стрыечнага брата Паўліны Мядзёлкі — Часлава.
Соф'і Міхайлаўне ўжо восемдзесят пяць гадоў. Не той узрост, каб прымаць гасцей. Але жанчына пагадзілася на сустрэчу з журналістамі «Звязды». Разам з настаўніцай беларускай мовы Будслаўскай сярэдняй школы Янінай Дземідовіч, якая шмат гадоў вывучае жыццё і творчасць знакамітай зямлячкі, кіруемся па адрасе.
Піяніна, якое помніць рукі Паўліны
— Паглядзіце на стары разгалісты дуб, што расце на мяжы агарода, — звяртаецца Яніна Вацлаваўна да нас. — Яго пасадзіла Паўліна Мядзёлка.
На вуліцу выходзіць і сама гаспадыня:
— Паўлінка прынесла гэты саджанец з урочышча Падбабы, што за восем кіламетраў ад Будслава. Яна ж вельмі хацела пасадзіць менавіта дуб. Пакуль дрэўца прыжылося, то дзеці два разы ламалі вяршок. Але, нягледзячы на гэта, бачыце, які волат вырас. Хацелі яго спілаваць, але я не дазволіла, хаця апалае лісце па восені дастаўляе шмат клопатаў. Захавала я палісаднік — Паўліна вельмі любіла кветкі, высаджваю тут і ружы, і ліліі. Некалі мая сваячка ў гэтым прыгожым кутку бавіла час са сваімі гасцямі. Толькі ягадныя кусты мае дзеці выкарчавалі, бо перасталі пладаносіць.
Соф'я Міхайлаўна гасцінна запрашае нас у дом.
— Паўліна прыехала сюды ў 1947 годзе, каб даглядаць нямоглую маці. Мы з мужам жылі ў сваёй хаце. Пераехалі сюды ў 1957-м па просьбе Паўліны: ёй цяжка было спраўляцца адной з хатнімі справамі. Яна была высокая, але худзенькая, тоненькая, ды і здароўе мела не надта якое. Яшчэ ў Маскве падчас вайны, калі працавала настаўніцай у школе, памарозіла рукі, якія балелі, нельга ёй было цяжкага паднімаць. А тут хворую маці трэба было не адзін раз за дзень перавярнуць у ложку. Яны жылі ў адной палове хаты, у другой стаялі козы. Мой Чэсь адбудаваў другую частку, і мы тут пасяліліся. Вось у гэтым пакоі, дзе сядзім, жыла Паўліна, за сцяной — Францішка, як мы яе называлі, бабця. Гатавалі на агульнай кухні. Жылі вельмі дружна, месца ўсім хапала.
Соф'я Міхайлаўна падымаецца з месца, дакранаецца да піяніна, якое помніць рукі Паўліны Мядзёлкі. Жанчына беражліва захоўвае рэчы сваячкі: газавую лямпу, пры святле якой яна працавала вечарамі, канапу, дзе спала. «Паглядзіце, як новая, ні разу не рамантавалі», —кажа гаспадыня. З патаемнага месца яна дастае пісьмы, фотаздымкі, на якіх Мядзёлка са сваімі сябрамі, роднымі. На адным з іх яна займаецца з малым пляменнікам. Казік нарадзіўся ў 1958 годзе, Паўліна ўжо не працавала ў школе, але шмат увагі аддавала выхаванню сыноў Соф'і Міхайлаўны — Казіка і Стася, чытала ім кніжкі, вучыла гуляць у шахматы. На другім фота — на парозе Казік са сваёй цёткай Паўлінай і маленькім сабачкам.
— Гэта любімы сабачка Паўліны па мянушцы Джойка. Калі яна наведвала сваіх сябровак у Мінску або Маскве, то пакідала яго на мяне. І заўсёды ў пісьмах цікавілася, як ён пажывае, прысылала яму прысмакі. А сабачка вельмі любіў цукар і каўбасу. Бывала, спытаеш: хочаш кавалачак? А ён тут як тут, стане на заднія лапкі і глядзіць у вочы. А яшчэ Паўліна прасіла, калі была ў ад'ездзе, выслаць ёй то наліўной кішкі (бульбяная каўбаса. — Аўт.), то сала.
Па словах Соф'і Міхайлаўны, у Паўліны заўсёды было шмат гасцей, сяброў, аднадумцаў, дзеячаў культуры і мастацтва. Але асабліва запомніўся ёй Уладзімір Караткевіч. «Вельмі ж далікатны, добры быў Валодзя. Бывала, і пад мухай прыедзе. Але Паўліна не любіла, калі выпівалі, таму Уладзімір Сямёнавіч стараўся не паказвацца ёй на вочы, пакуль не выспіцца і не прывядзе сябе ў парадак. А калі Паўліна лавіла яго «падшафэ», то ён станавіўся на калені і прасіў прабачэння: «Даруй, мамачка Паўлінка», — смяецца мая суразмоўніца.
— З Паўлінай Вінцэнтаўнай сябравала Галіна Бальчэўская — актрыса Купалаўскага тэатра. Яна з суседняй вёскі Палессе, што праз масток ад Будслава, — уступае ў размову Яніна Дземідовіч. — Кажуць, што ёй сімпатызаваў Уладзімір Караткевіч. На кніжцы, якую ёй падараваў, пакінуў надпіс: «Галінцы-вярбінцы з беларускага Палесся». Магчыма, у іх штосьці б і атрымалася, бо яна была адзінокай, але ходзяць чуткі, што на той час у Караткевіча ўжо была жанчына. Так што паміж імі так і засталося сяброўства. Апошні раз Галіна Бальчэўская паказала ў Будславе свой монаспектакль, прысвечаны трагічнаму лёсу жанчыны з Чарнобыльскай зоны, усе плакалі. У хуткім часе яе не стала. Але ў Купалаўскім тэатры працуе і працягвае традыцыі Бальчэўскай і Мядзёлкі мой вучань Міша Світа.
Загадкавае каханне: ці было яно?
Што датычыцца Паўліны Мядзёлкі, то яна з маленства імкнулася да ведаў, рана навучылася чытаць. Пасля заканчэння царкоўна-прыходскай школы ў Глыбокім, куды ў 1896 годзе пераехалі бацькі, яна хацела працягваць вучобу. Маці і бацька былі супраць. Але яны разумелі, што дачка зусім не здольная да вясковай працы, і адпусцілі да сваякоў у Рыгу, дзе яна скончыла прыватныя курсы. Затым паступіла ў жаночую гімназію ў Вільні. У 1908 годзе Паўліна Мядзёлка пазнаёмілася з вершамі Янкі Купалы на старонках газеты «Наша Ніва», а ўпершыню сустрэлася з ім у доме сваіх знаёмых.
— У сваіх мемуарах «Сцежкамі жыцця» яна піша, што крыху расчаравалася ў Купалу. Яна яго ўяўляла волатам, асобай. А тут яна ўбачыла звычайнага франтаватага хлопца, — адзначае Яніна Вацлаваўна. — Праз некалькі месяцаў яны сустрэліся ў кавярні «Зялёны штраль», дзе збіралася беларуская інтэлігенцыя. Купала прапанаваў Паўліне злучыць іх лёсы. Ды яна сказала, што кахае іншага. Але ж на той час яна была маладзенькая — усяго шаснаццаць гадоў. Думаю, пасля шкадавала, што адмовіла паэту.
— Ці згадвала Паўліна Вінцэнтаўна Янку Купалу? — цікаўлюся ў Соф'і Міхайлаўны.
— Яна часта ўспамінала даўнейшае, але гаварыла, што Купала ёй не падабаўся і казала яму пра гэта адкрыта. Яны былі проста сябрамі. У Паўлінкі не было асабістага жыцця. Выйшла замуж за Тамаша Грыба, але пражылі ўсяго два гады. Нічога ў іх не выйшла — разбегліся. Гэта і зразумела: то яна ў польскай турме, то ён.
Купала, дарэчы, ажаніўся з Уладзіславай у 1917 годзе, а Паўліна выйшла замуж за заснавальніка беларускай партыі эсэраў Грыба крыху пазней. Па версіі даследчыкаў, іх шляхі разышліся таму, што ён з'ехаў працаваць у Прагу, а яна ў Берлін.
— Купала сапраўды вельмі кахаў Паўліну. Хутчэй за ўсё, ён і спісаў вобраз Паўлінкі ў аднайменнай п'есе з Мядзёлкі, дзе яна і выканала галоўную ролю. Гераіня атрымалася такой жа гарэзлівай і адначасова шляхетнай, — лічыць Яніна Вацлаваўна. — Пра каханне паэта да дзяўчыны сведчаць і іншыя прысвечаныя ёй творы: вершы «Ён і яна», «Гэткім шчырым каханнем яе атуліў», «А яна была проста дзяўчынай...», «Снілася дзяўчыне», «Быў гэта сон...», паэмы «Бандароўна», «Яна і я».
У сваіх мемуарах Паўліна згадвала, што бывала ў доме Купалы. Але адносіны паміж ёй і жонкай паэта вельмі загадкавыя, як і каханне паміж творцам і самой Мядзёлкай.
А вось цётка Уладзя, па словах Соф'і Міхайлаўны, ніколі не была ў іх доме. Прыязджалі толькі пляменніца Купалы Ядвіга Раманоўская, сёстры Леакадзія і Марыя. Сапраўды, такі факт засведчыў фотаздымак, што захоўваецца ў Будслаўскай школе. Апошняя сустрэча Мядзёлкі і Купалы адбылася ў 1941-м у Маскве, дзе яна працавала настаўніцай.
Апошнія гады жыцця
— Паўліне Вінцэнтаўне пашанцавала, што яе прыхінулі і на старасці гадоў яе даглядалі добрыя людзі, — упэўненая Яніна Дземідовіч.
— Так, апошнім часам Паўлінка моцна хварэла. Мы ёй правялі званок у пакой, дзе яна ляжала. І пры неабходнасці яна націскала кнопку. Бывала, і ноччу будзіла, паднімалася я або муж, даведваліся, што ёй трэба. Можа, перавярнуць на другі бок, можа, коўдру паправіць, можа, вады прынесці? Аднойчы Паўліна легла ў нашу вясковую бальніцу. Але хутка папрасілася назад — дома лепш. Каб жыла ў Мінску або Маскве, то тамтэйшыя дактары, мабыць, аблегчылі б яе пакуты, наколькі магчыма, — выказвае меркаванне Соф'я Міхайлаўна. — Цяжка было і нам, і ёй, надта мучылася бедная.
Памерла Паўліна Мядзёлка 13 лютага 1974 года і пахаваная на Будслаўскіх могілках побач са сваімі бацькамі — Вінцэнтам і Францішкай. На яе магіле вялікі гранітны помнік. Нядаўна месца пахавання добраўпарадкавалі, выклалі пліткай.
— Яна не дачакалася выхаду сваіх мемуараў «Сцежкамі жыцця». Адчувала, што ёй засталося жыць нядоўга, таму склала спіс сяброў, прыязных да яе людзей, каму адправіць гэтую кнігу, — уздыхае Соф'я Грышкевіч.
Выйшлі мемуары пасля яе смерці. І Соф'я Міхайлаўна выканала апошнюю просьбу Паўліны Мядзёлкі.
Каштоўны экзэмпляр, бо адзіны
Памяць аб знакамітай зямлячцы свята берагуць і ў Будслаўскай сярэдняй школе, якая носіць яе імя. Навучальная ўстанова — адна з найстарэйшых у краіне, вядзе адлік сваёй гісторыі з 1794 года. Тут з 1947-га да 1958 года працавала Паўліна Мядзёлка, якой у 1966-м прысвоілі званне заслужанага дзеяча культуры БССР.
У школе Паўліна Вінцэнтаўна стварыла хор. Калектыў выступаў у Мінску, Маладзечне, навакольных населеных пунктах — Княгінін, Крывічы, Докшыцы, Даўгінава ды іншыя. І заўсёды самадзейныя артысты вярталіся з узнагародамі. І пасля выхаду на пенсію Паўліна Мядзёлка працавала не пакладаючы рук. Чытала лекцыі, з тагачаснай будслаўскай моладдзю ставіла спектаклі па творах беларускіх класікаў, у тым ліку і неўміручую «Паўлінку».
Жыццю і творчасці знакамітай зямлячкі прысвечана адна з экспазіцый у школьным музеі. Тут захоўваюцца касцюм, паліто, туфлі, боцікі, гітара, будзільнік, фота розных гадоў, што належалі Паўліне Мядзёлцы, а таксама яе попельніца. Як згадваюць у Будславе, яна шмат курыла. І бадай, самае каштоўнае — адзіны экзэмпляр мемуараў «Сцежкамі жыцця», якія выйшлі ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў 1974 годзе, пасля смерці Мядзёлкі.
— Паўліна Вінцэнтаўна шмат працавала на ніве нацыянальнага адраджэння. Наша школа беларускамоўная, дзе навучальны працэс вядзецца толькі на роднай мове. Мы ганарымся, што тут выкладала Паўліна Мядзёлка, якая прывівала дзецям любоў да беларушчыны, — сказала падчас развітання завуч Алена Ланец.
Таццяна Лазоўская, фота Андрэя Сазонава, zviazda.by