«На Тытаніку было вельмі шмат вядомых людзей. Гэта быў проста сямейны пікнік». Катастрофа, якая забрала жыцці амаль 1000 чалавек
Раніцай 15 чэрвеня 1904 года больш за 1300 прыхаджанаў евангеліцка-лютэранскай царквы Святога Марка селі на экскурсійны карабель пад назвай «Генерал Слокам», каб зладзіць штогадовы пікнік на адной з нью-ёркскіх выспаў. Свята, што павінна было сімвалізаваць радасць, скончылася самай жахлівай трагедыяй XX стагоддзя пасля крушэння «Тытаніка».
Названы ў гонар генерала і кангрэсмена штата Нью-Ёрк Генры Уорнера Слокама, «Генерал Слокам» быў зіхоткім белым трохпалубным параходам, пабудаваным у 1891 годзе. У перыяд свайго росквіту судна лічылася адным з найбольш сучасных і прывабных караблёў для плавання па ажыўленых водных шляхах Нью-Ёрка, але напрыканцы сваёй кар’еры слаўны прыгажун прыйшоў у непрыдатнасць. У дадатак да сваёй сумнеўнай гісторыі службы, якая налічвала шматлікія пасадкі на мелізну і сутыкненні, судна разам са сваім 62-гадовым капітанам Уільямам Ван Шайкам набліжалася да выхаду на пенсію.
У тую раніцу мясцовы пастар Джордж Хаас арганізоўваў 17-ты штогадовы шпацыр-пікнік на нью-ёркскай выспе, каб адсвяткаваць канец навучальнага года ў нядзельнай школе і даць сваім вернікам перадышку ад шуму і мітусні. Лютэранскія вернікі з нямецкай абшчыны ўвесь год чакалі гэтага дня весялосці і адпачынку, што было адзначана ў выпуску «New-York’s Time», апублікаваным на наступны дзень пасля трагедыі: на борце луналі ўсмешкі і святочны настрой.
Абсалютнай часткай наведвальнікаў і, адпаведна, пасажыраў судна ў ракавы дзень былі дзяўчаты і маленькія дзеці — у мужчын серада пераважна была працоўным днём. Сотні дзетак апанавалі верхнія палубы карабля, каб палюбавацца гарадской панарамай Нью-Ёрка.
«Генерал Слокам» павінен быў адплыць а 8-й раніцы, але быў затрыманы дзвюма сем'ямі, якія, спаслаўшыся на прадчуванне катастрофы напярэдадні вечарам, сышлі з карабля ў апошнюю хвіліну — ці то не фільм «Пункт прызначэння» ў рэальным жыцці?
Каля 9:40 раніцы пасудзіна запусціла рухавікі і распачала сваё лёсавызначальнае падарожжа ўверх па Іст-Рывер, следуючы праз участак, вядомы ў амерыканскім флоце сваёй непрадказальнай плынню.
У насавым труме карабля раптоўна пачаўся невялічкі пажар, дакладна не звязаны з тэхнічным складнікам судна: па некаторых сведчаннях, прычынай магла стаць кінутая запалка. Як высветлілася ў ходзе далейшага расследавання, чальцы экіпажа «Генерала Слокама» былі настолькі недасведчанымі і некампетэнтнымі, што паспелі парушыць усе правілы дзеянняў у надзвычайнай сітуацыі, што прывяло да непапраўных наступстваў.
Калі з-пад палубы пачаў падымацца чорны дым, яны адкрылі люк, каб высветліць прычыну. Паток кіслароду ўляцеў у памяшканне і ператварыў маленькі аганёк у бушуючае полымя. Хлопцы кінуліся тушыць агонь, але пажарныя шлангі былі або гнілымі, або працякаючымі. Тады некаторыя з іх вырашылі зрабіць учынак на прэмію Дарвіна — спрабаваць гасіць кісларод драўняным вугалем. Калі маракі адважыліся расказаць пра пажар капітану Ван Шайку, «любая спроба патушыць яго была падобная на спробу патушыць само пекла» — так Ван Шайк апісваў падзеі пазней.
Людзі ў паніцы патрабавалі неадкладна пасадзіць палаючы карабель на мель, але гэтым дзеяннем Ван Шайк баяўся выканаць поўнае самагубства судна, экіпажа і пасажыраў, зачапіўшы нафтавыя цыстэрны на дне. У пошуку найлепшага выйсця па ўласных адчуваннях капітан паскорыў судна да поўнай хуткасці ў надзеі дабрацца да выспы Норт. Аднак узрослая хуткасць моцна раздзьмула полымя ў бок задняй часткі карабля, дзе хавалася большая частка дзяцей і жанчын.
«Гэта было відовішча жаху, якое немагчыма апісаць словамі: велізарны карабель, увесь у агні, нясецца наперад у сонечным святле, у межах бачнасці шматлюднага горада, у той час як бездапаможныя сотні людзей былі засмажаныя жыўцом або паглынуты хвалямі. Жанчыны і дзеці з падпаленымі валасамі і адзеннем, маці, якія выкідваюць сваіх дзяцей за борт або ідуць разам з імі на верную смерць, дзеці, што плачуць, і старыя, растаптаныя нагамі», — расказваў капітан Уільям Ван Шайк.
Пасажыры ў гэты час кінуліся да выратавальных шлюпак, механізмы якіх былі закаксаваныя і непрыгодныя для спуску. Выратавальныя камізэлькі аказаліся не толькі згнілымі, але і фальшывымі. Каб зэканоміць грошы, вытворца камізэлек набіў іх жалезнымі прутамі, дзякуючы чаму яны праходзілі па патрабаваннях — кожная выратавальная камізэлька адпавядала шасці фунтам неабходнага рэчыва, але замест ратавання, наадварот, толькі мацней тапіла. Спрабуючы выратавацца ад полымя, сотні пасажыраў выскачылі за борт і патанулі пад вагой сваіх выратавальных камізэлек. Маці скідвалі сваіх немаўлят за борт і наўпрост глядзелі, як яны каменем падаюць на дно ракі. Найбольш жорсткі лёс чакаў людзей, якія скокнулі пад вінты судна — іх разрубіла жыўцом.
А 10:20 раніцы «Генерал Слокам» прарваўся да выспы, але за спінай капітана засталіся хіба тлеючыя абломкі корпуса. Дэпартамент паліцыі адправіў лодкі і паромы з усяго горада, каб даставіць на выспу лекараў, медсясцёр, вадалазаў і трунароў.
Пасля таго, як выратавальныя аперацыі завяршыліся, гарадскія ўлады ідэнтыфікавалі 863 целы загінулых пасажыраў, 61 зніклі без вестак. З 1331 чалавека, якія падняліся на борт судна, выжылі толькі 407 пасажыраў.
Трагедыя на «Генерале Слокаме» стала самай страшнай катастрофай у гісторыі Нью-Ёрка (цяпер гэтае імя носяць тэракты 11 верасня 2001 года) і найбуйнейшай марской катастрофай па колькасці ахвяр. Сумны рэкорд быў пабіты крушэннем «Тытаніка» ў ноч с 14 на 15 красавіка 1912 года.
Капітану Ван Шайку пашчасціла выжыць і, нягледзячы на апёкі ад палаючага адзення, захавацца адносна цэлым. Ён выканаў свой доўг і да апошняга заставаўся за штурвалам, а як толькі судна кранула бераг, скокнуў з борта ўніз.
Калі чальцы нямецкай абшчыны сабраліся, каб аплакаць сваіх памерлых, вуліцы Нью-Ёрка былі забітыя пахавальнымі павозкамі. Больш за 600 сем'яў страцілі кагосьці ў выніку катастрофы. Іх патрабаванні аб адплаце і справядлівасці былі пачутыя, калі прэзідэнт Тэадор Рузвельт сфарміраваў федэральную камісію для расследавання катастрофы. Нягледзячы на тое, што віна ляжала ў большасці на кампаніі-перавозчыку і вытворцах камізэлек, толькі капітан Уільям Ван Шайк быў прызнаны вінаватым у злачыннай халатнасці і ненаўмысным забойстве. Ён адбыў тры гады з дзесяцігадовага зняволення за кратамі, пасля чаго ўмоўна-датэрмінова выйшаў на волю і быў памілаваны.
Дык чаму выйшла так, што пра «Тытанік» ведае ўвесь свет, а пра «Генерал Слокам» большасць з нас чуе ўпершыню?
Праўдзівы адказ на гэтае пытанне ў 1999 годзе дала апошняя выжылая пасажырка судна Адэла Уотэрспун:
«На “Тытаніку” было вельмі шмат вядомых людзей. Гэта быў проста сямейны пікнік», — сказала яна.