Парэшткі дагістарычнага вялікарогавага аленя ў палацы Румянцавых-Паскевічаў
У вежы палаца Румянцавых-Паскевічаў з 24 верасня ўвазе публіцы прадставілі міні-выставу “Эпоха гігантаў: знаходкі мегалацэраса ў Гомелі”.
Аматары твораў Толкіена могуць без праблем прыгадаць грацыёзную жывёлу на якой раз’язджаў кароль лясных эльфаў Ліхалесся Трандуіл у “Хобіце”. Між тым гэтая істота мае цалкам гістарычны прататып — вялікарогага аленя, албо Мегалацэраса, які раней жыў і на тэрыторыі Беларусі. У тыя часы яму даводзілася (http://www.palacegomel.by/index.php?newsid=1416 ) дзяліць тэрыторыю з іншымі дагістарычнымі істотамі — мамантамі, ваўнянымі насарогамі, пячорнымі львамі ды іншымі драпежнікамі, у тым ліку і чалавекам.
Вялікарогі алень адрозніваўся вельмі буйным памерам: у спіне яго рост складаў каля 2 метраў, а рогія сягалі даўжыні 3-3,5 метраў, але зафіксаваныя і знаходкі даўжынёю ў 5,2 метры! Харчаваўся ён у асноўным разнастайнай расліннасцю, а перастаў існаваць хутчэй за ўсё у выніку надыходу лесу на адкрытыя прасторы дзе ён раней пасвіўся — з такімі рогамі было надзвычай нялёгка прадзірацца між дрэваў.
Мегалацэрас быў сучаснікам старажытнага чалавека і часта станавіўся аб’ектам для палявання. Знойдзеныя шматлікія адлюстраванні яго на сценах пячораў, выкананыя “мастакамі” тых часоў.
Пра гомельскую гісторыю вялікарогавага аленя распавядае навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі і аховы гісторыка-культурнай спадчыны Юры Панкоў.
- Чаму ў палацы вырашылі паказаць выставу дагістарычных жывёлаў?
У 2013-м годзе была створана Альтэрнатыўная мапа Гомеля (http://odsgomel.org/rus/news/gomel/47377/) , на якой у якасці аднаго з магчымых новых аб’ектаў нашага горада быў адзначаны палеанталагічны музей. Паколькі ў фондах палаца Румянцавых-Паскевічаў знаходзіцца некалькі соцень прадметаў палеанталогіі, мы і вырашылі ўсё ж гэтую калекцыю разабраць ды ідэнтыфікаваць.
У гэтым нам дапамог сябар Омскага рэгіянальнага аддзялення Рускага геаграфічнага таварыства Аляксей Бондараў. Ён апазнаў большасць фрагментаў костак, вызначыў да каго яны адносяцца, вылучыў найбольш унікальныя, сярод якіх і былі парэшткі вялікарогавага аленя, знойдзенага ў 2011 годзе каля абласной лякарні ў Гомелі.
- Аб чым сведчаць такія знаходкі і чаму гэта цікава?
- Палеанталогія заўжды была цікавая і дарослым і дзецям. Гэта і выхад фільмаў з серыі “Парк юрскага перыяда” прынятых на “ура” па ўсім свеце і вялізная папулярнасць выставы “Планеты дыназаўраў”, што экспанавалася ў нашым палацы і была адной з самых наведвальных у гэтым годзе. Таму на мой погляд нам трэба развіваць тэматыку палеанталогіі і ў будучыні, тым больш развіваць і паказваць тое, што ёсць у нас саміх з ліку знаходак.
- Такіх знаходак хапае? У нас шмат хто наогул лічыць, што да Румянцавых у Гомелі нічога не адбывалася…
На тэрыторыі Гомеля і раёнаў вобласці былі знойдзены фрагменты шматлікіх выкапневых жывёлаў. Гэта і лясны слон (дарэчы лічыцца, што першая яго знаходка была зроблена ў Мінску ў 2007 годзе, але мы таксама маем яго парэшткі і яны былі знойдзеныя ў 1993 годзе каля вёскі Асаўцы). Затым мы маем косткі маманта, ваўнянога насарога, ды адразу трох аленяў —вялікарогага, паўночнага і высакароднага. Маем косткі лася і нават адну костку пячорнага льва!
На дадзены момант мы маем і нявызначаны аб’ект які вельмі падобны да іклаў маржа. Гэтая знаходка ў выпадку яе пацверджання можа стаць унікальнай для усёй Беларусі. Застаецца толькі працягнуць супрацу са спецыялістамі каб быць пэўнымі ў гэтым.
- Ці можна ў будучыні зрабіць вялікую выставу?
- Знойдзенага хапае для паўнавартаснай выставы, але над гэтым трэба працаваць і ў далейшым здзейсніць дадатковыя навуковыя даследаванні каб прадставіць увазе публікі дакладныя дадзеныя. Напрыклад мы маем чэрап сабакі. Здавалася б звычайная знаходка, але зроблена яна была сярод мамантаў. Гэта не воўк, а менавіта сабака. Трэба зрабіць адмысловы аналіз каб гэта пацвердзіць. У Еўропе і ва ўсім астатнім свеце зараз вельмі шчыльна даследуюць працэс даместыкацыі чалавекам свайго чацвёраногага сябра, паколькі павялічылася колькасць знаходак больш ранняга часу чым лічылася раней.
- А дыназаўры жылі на тэрыторыі Беларусі?
- За часамі дыназаўраў на нашых абшарах было мора ці нават акіян, таму ў нас мае быць вялікая колькасць знаходак падводных жыхароў былых часоў. У палеанталагічным аддзеле заалагічнага кабінета біялагічнага факультэта БДУ маюцца пазванкі марскіх рэптылій гэтага перыяду. У Салігорскім музеі наогул ёсць шкілет дагістарычнага рака-скарпіёна.
- Адкуль бяруцца знаходкі дагістарычных істот?
- Штосьці знаходзяць археолагі калі вывучаюць гісторыю нашых земляў, штосьці знаходзіцца выпадкова. Часта пры правядзенні розных рамонтна-будаўнічых работ рабочыя натыкаюцца на незразумелыя вялікія косткі, але не звяртаюць на іх увагу, хоць для навукоўцаў і музеяў яны могуць прадстаўляць каштоўнасць.
Напрыклад падчас нядаўняй рэканструкцыі набярэжнай супрацоўнікі аддзела археалогіі знайшлі косткі выкапневага каня — Equus cabalus. Колькі ўсяго яшчэ хавалася ў зямлі але было знішчана ці выкінута па неабачлівасці ці недасведчанасці будаўнікоў застаецца загадкай
У сувязі з гэтым хацелася б адзначыць, што аддзел археалогіі і аховы гісторыка-культурнай спадчыны музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля просіць паведамляць пра знаходкі костак выкапнёвай мамантавай фауны і гісторыі ў цэлым . Наш кантактны тэлефон - 75-62-03.
Вельмі хацелася б, каб у Гомелі нарэшце быў свой шкілет маманта! :)