Першы прэзідэнт Нелукашэнка

«Новы Час» пачынае публікацыю рэтраспектыўнага цыклу артыкулаў пра 1990-я гады ў нашай гісторыі паводле архіваў, тагачаснай прэсы і ўспамінаў відавочцаў. Нехта называе іх ліхімі, хтосьці — поўнымі свабоды і надзеі. У любым выпадку, гэта вельмі цікавы перыяд з процьмай падзеяў. І шмат таго, што адбываецца цяпер, мае карані ў 90-х гадах. Багата і паралеляў.

Перадвыбарчы мітынг у Мінску. 1989 год. Фота www.vytoki.net

Перадвыбарчы мітынг у Мінску. 1989 год. Фота www.vytoki.net

Першага прэзідэнта беларусы займелі зусім не ўлетку 1994 года, а ўвесну 1990-га. 30 гадоў таму ў СССР з’явілася пасада прэзідэнта. Што праўда, ненадоўга: яна знікла разам са сконам Савецкага Саюза. Абіраць першага савецкага прэзідэнта павінны былі па законе ўсенародна, але ў выніку гэта зрабілі саюзныя дэпутаты, сярод якіх было і некалькі дзясяткаў беларусаў. Многія іх прозвішчы вам добра вядомыя.


Не ўсенародны

У законе аб заснаванні пасады прэзідэнта СССР казалася, што яна ўводзіцца «дзеля забеспячэння далейшага развіцця глыбокіх палітычных і эканамічных пераўтварэнняў, умацавання канстытуцыйнага ладу, правоў, свабодаў і бяспекі грамадзян, паляпшэння ўзаемадачыненняў вышэйшых органаў дзяржаўнай улады і кіравання». Карацей, пасада была адной з праяваў Перабудовы. Прэзідэнтам мог стаць грамадзянін ад 35 да 65 гадоў. Абмежаванне па ўзросце павінна было прадэманстраваць, што на чале СССР больш не акажуцца пажылыя нямоглыя функцыянеры. Прасунута выглядала і абмежаванне прэзідэнцтва для адной асобы двума тэрмінамі па 5 гадоў: звычайна ў СССР (за рэдкім выключэннем) яго лідары паміралі на кіроўных пасадах. Нарэшце, прэзідэнт Савецкага Саюза павінен быў абірацца «на падставе ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры таемным галасаванні».

Але адразу ж ад гэтага пункту закона адступілі, каб у якасці выключэння першага прэзідэнта абраць не ўсенародна, а на З’ездзе народных дэпутатаў СССР. Можна спрагназаваць, што, каб СССР не распаўся, то ўсенародных прэзідэнцкіх выбараў магло б не адбыцца ўвогуле ніколі, або норма пра два тэрміны была б скасаваная. Як, напрыклад, гэта аўтарытарна адбылося ўжо ў незалежнай Беларусі.

На З’езд народных дэпутатаў СССР на прэзідэнта былі вылучаныя тры кандыдатуры — Міхаіла Гарбачова, генеральнага сакратара Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі СССР (іншых партыяў і не было) і старшыні Вярхоўнага Савета, які быў кіраўніком краіны, а таксама Мікалая Рыжкова і Ва­дзіма Бакаціна.

Двое апошніх прадказальна ўзялі самаадводы. Яны былі такімі ж высокапастаўленымі наменклатуршчыкамі, як і Міхаіл Гарбачоў. Мікалай Рыжкоў працаваў тады саюзным прэм’ер-міністрам — ад пачатку Перабудовы з 1985 года. У постсавецкі перыяд займаў розныя дзяржаўныя пасады ў Расіі. У 2014 годзе на пасяджэнні Савета Федэрацыі галасаваў за дазвол прэзідэнту Расіі выкарыстоўваць пры неабходнасці войскі на тэрыторыі Украіны. «Падзеі ва Украіне — сапраўдны бунт. Карычневая чума захапіла ўладу», — заявіў тады Рыжкоў. Вадзім Бакацін у сакавіку 1990 года займаў пасаду міністра ўнутраных спраў СССР. Калі Гарбачоў стаў прэзідэнтам, Бакацін узначаліў Прэзідэнцкую раду. Увосень 1990 года Бакаціна на пасадзе шэфа МУС змяніў Барыс Пуга, што ў жніўні 1991-га стаў удзельнікам путчу, які меў на мэце адхіленне Міхаіла Гарбачова з пасады прэзідэнта СССР і згортванне Перабудовы. Сярод путчыстаў быў і Генадзь Янаеў, які стаў віцэ-прэзідэнтам СССР. Карацей, наменклатура тасавала партфелі міжсобку і гуляла ў закулісныя схемы.

vinshavannie_garbachova_z_ng.jpg

У выніку 15 сакавіка 1990 года на безальтэрнатыўнай аснове першым і, як сталася, апошнім прэзідэнтам Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік быў абраны Міхаіл Гарбачоў. З тых, хто ўзяў удзел у галасаванні, яго падтрымалі 1329 дэпутатаў, супраць прагаласавалі 495. Перамога з 59,2% галасоў — круты плюралізм для СССР на такім уладным узроўні. Гэтая раскладка пацвердзіла слушнасць рашэння савецкага кіраўніцтва не праводзіць усенародных прэзідэнцкіх выбараў. Калі б яны адбыліся, то ў канкурэнтнай барацьбе шанцы Гарбачова на прэзідэнцтва былі б так сабе.

Пры дэпутацкім галасаванні не абышлося без скандалу. Народныя абраннікі з Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы (гэта была першая легальная парламенцкая апазіцыя ў СССР) не галасавалі, бо былі абураныя тым, што прэзідэнт абіраецца, лічы, кулуарна, на З’ездзе народных дэпутатаў, а не ўсімі грамадзянамі краіны. Да фронды належалі і многія дэпутаты-беларусы. Напрыклад, пісьменнікі Васіль Быкаў і Алесь Адамовіч, палітыкі Станіслаў Шушкевіч, Аляксандр Дабравольскі, Віктар Карняенка, прыкметныя потым і ў незалежнай Беларусі.

Дзеля чаго спатрэбілася пасада прэзідэнта Міхаілу Гарбачову? Каб умацаваць уладу. Па-першае, у тыя самыя дні ў Канстытуцыі адмяняўся шосты артыкул аб манаполіі кампартыі, якой ён кіраваў. Па-другое, з 1989 года Вярхоўны Савет працаваў на сталай аснове, Гарбачову даводзілася шмат часу знаходзіцца на пасяджэннях. Гэта абцяжарвала кіраванне краінай. Апрача таго, сама па сабе пасада прэзідэнта надавала цывілізаваную аздобу рэформам.

З'езд 1989 года. Фота РИА Новости

З'езд 1989 года. Фота РИА Новости

Дарэчы, пра яе кіраўніцтва СССР задумвалася і раней. Але «таварыш прэзідэнт» да Гарбачова так і не з’явіўся. Што да розных палітычных сілаў, то кансерватары спадзяваліся, што з прэзідэнцкім статусам Гарбачоў навядзе парадак моцнай рукой, а дэмакраты, наадварот, разлічвалі на больш глыбокія рэфарматарскія захады. У выніку Гарбачоў мітусіўся ў розныя бакі, а многія расчараваліся яго палітыкай. Зрэшты, інакш і быць не магло: Савецкі Саюз натуральным чынам канаў.


Нашы ў Маскве

Новы дэпутацкі корпус у СССР быў абраны на першых дэмакратычных выбарах за год да абрання Гарбачова на прэзідэнта. Ён фарміраваўся рознымі спосабамі — і спаборнымі выбарамі, і па квотах для розных арганізацый. У выніку туды трапіла дастаткова шмат антыкамуністаў, але большасць была агрэсіўна-паслухмянай, як ахарактарызаваў яе крылатай фразай адзін з лідараў згаданай Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы Юрый Афанасьеў.

karni.jpg



Ад БССР саюзнымі дэпутатамі сталі некалькі дзясяткаў чалавек. Як наменклатура, так і інтэлігенцыя з працоўнымі. Выбарчы ажыятаж быў няслабы. Напрыклад, згаданы Віктар Карняенка ў інтэрв’ю «Новаму Часу» прыгадаў, што ён балатаваўся ў Гомелі разам з дзясяткам супернікаў. Сярод іх — шмат асобаў, якія сталі потым дастаткова вядомымі ў незалежнай Беларусі. Напрыклад, прафсаюзны лідар Аляксандр Бухвостаў, міністр працы Аляксандр Сасноў, пасол ва Украіне Валянцін Вялічка. А перамог 31-гадовы наладчык станкоў Гомельскага радыёзавода Карняенка. Па яго словах, поспех перадвызначыла яго актыўная перабудовачная дзейнасць у тым ліку ў асяродку працоўных і арганізацыя акцый па праблеме Чарнобыля.

Як дэпутаты ў Маскве таксама папрацавалі, апрача тых, каго мы ўжо згадалі, Мікалай Слюнькоў, які перад выбарамі пераехаў у Маскву, дзе працаваў у Палітбюро ЦК КПСС; кіраўнікі кампартыі БССР Яфрэм Сакалоў і Мікалай Дземянцей; намеснік прэм’ер-міністра і старшыня Дзяржплану БССР Вячаслаў Кебіч; старшыня прэзідыуму Вярхоўнага Савета БССР Георгій Таразевіч; доктар эканамічных навук Аляксандр Жураўлёў; будучы першы генпракурор незалежнай Беларусі Мікалай Ігнатовіч. Апошнія двое, як і Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі, балатаваліся на дэпутатаў Вярхоўнага Савета СССР і перамаглі пры актыўнай падтрымцы Беларускага Народнага Фронту.

Вось якія ўспаміны лідара БНФ Зянона Пазьняка прыводзіць у сваёй кнізе «Дзевяноста чацверты» Сяргей Навумчык:

«У 1989 годзе ў часе першых выбараў у Вярхоўны Савет СССР па новым так званым “гарбачоўскім” выбарчым законе на практыцы стала зразумела, што прайсці фільтр так званых “акруговых” сходаў грамадскасці, якія фармавалі камуністычныя райкамы партыі, кандыдатам-фронтаўцам не ўдасца. Тады мы пачалі шукаць прыстойных людзей з партбілетамі з асяроддзя не наменклатуры, якія хоць бы часткова падтрымлівалі фронтаўскія пазіцыі і сваім абраннем пры дапамозе структураў БНФ заблакавалі б прысутнасць у Вярхоўным Савеце махровых наменклатуршчыкаў.

Такім чынам у абойме нашых кандыдатаў з’явіўся прафесар БДУ Станіслаў Шушкевіч. Шушкевіч хацеў вылучацца кандыдатам у дэпутаты, але ў яго не было ні структур, ні арганізаваных людзей для шырокай агітацыі на выбарах. Я прапанаваў Шушкевічу падтрымку яго кандыдатуры з боку структураў БНФ пры ўмове адстойвання ім у Маскве асноўных праграмных пазіцый Фронту (суверэнітэт, дэмакратыя, праўда пра Чарнобыль, ліквідацыя шостага артыкулу Канстытуцыі СССР аб дзяржаўнай ролі КПСС і інш.). Шушкевіч пагадзіўся.

На выбарчую кампанію Шушкевіча мы выдзелілі вялікія фронтаўскія сілы, якія працавалі з вялікай аддачай, разгарнулі шырокую агітацыйную кампанію і такім чынам забяспечылі яму перамогу на выбарах у народныя дэпутаты СССР».

Але затым «фронтаўцы», паводле слоў Пазьняка, бляклымі і недастаткова прабеларускімі выступамі ў Маскве Шушкевіча былі расчараваныя.

1989. Перадвыбарчы мітынг у Мінску.  Фота www.vytoki.net

1989. Перадвыбарчы мітынг у Мінску. Фота www.vytoki.net


Як Лукашэнка Кебічу прайграў

Паколькі буяла перабудовачная дэмакратыя, асабліва ў Мінску, бээсэсэраўскія кіраўнікі спрабавалі балатавацца ціха і безальтэрнатыўна ў рэгіёнах. Так зрабіў і Вячаслаў Кебіч — пайшоў па Магілёўскай сельскай нацыянальна-тэрытарыяльнай акрузе №94. Але там у дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР памкнуўся (та-дам!) амбіцыйны дырэктар саўгаса «Гарадзец» Аляксандр Лукашэнка.



Лукашэнка быў дастаткова вядомы як кіраўнік гэтай сельгасарганізацыі, укараняў у яе працы новыя метады гаспадарання. Яго нават неяк запрасілі ў Маскву на нараду ў ЦК КПСС, дзе ён абмяркоўваў праблемы галіны з самім Гарбачовым. Стаўшы супернікам аднаго з кіраўнікоў БССР, Лукашэнка зазнаў на сабе крытыку прапаганды. Але часіны былі дэмакратычныя, і яму давалі слова на старонках як мясцовай, так і рэспубліканскай прэсы. Там ён чахвосціў наменклатуру і заклікаў зрабіць жыццё сялян такім самым, як у гарадскога насельніцтва. Перабудову Лукашэнка вітаў, бо яна адкрывала перад такімі, як ён, новыя кар’ерныя магчымасці.

Вось што казаў падчас адной з сустрэчаў з выбаршчыкамі кандыдат Лукашэнка ў лютым 1989 года, паводле рэпартажу шклоўскай раённай газеты «Ударны фронт»:

Лукашэнка на выбарах у СССР. 1989 год

Лукашэнка на выбарах у СССР. 1989 год

«Як вядома, дзякуючы галоснасці, перабудове, адбыліся і адбываюцца ў грамадскім жыцці вялікія дэмакратычныя перамены. Сённяшняя сустрэча — яркае сведчанне таму, што застойныя часы паступова, хоць і з цяжкасцямі адыходзяць усё далей і далей. Свежы вецер перамен пануе і ў гэтай зале». Газета з сімпатыяй пісала пра земляка так: «Станоўча ахарактарызаваў свайго суперніка» (то-бок, Кебіча) і «з уласцівай яму тактычнасцю падзяліўся праграмай». Пазнаеце кіраўніка Беларусі?

Перамог Кебіч з сенсацыйна невялікім адрывам — 105 тысяч галасоў на 94 тысячы. Натуральна, што пасля такой годнай паразы Лукашэнка не мог не працягнуць свой шлях у вялікую палітыку. А яго разгромная перамога ў якасці ўжо дэпутата Вярхоўнага Савета Беларусі над прэм’ер-міністрам Кебічам у другім туры на першых выбарах прэзідэнта Беларусі ў 1994 годзе сталася ў тым ліку эфектным рэваншам.

Цікава, што прэзідэнтам Беларусі Аляксандр Лукашэнка мог стаць і раней за 1994 год. У пачатку 1990-х гадоў, яшчэ застаючыся ў складзе СССР, рэспублікі пачалі абіраць сабе прэзідэнтаў. Барыса Ельцына ў Расіі, Леаніда Краўчука — ва Украіне... Абмяркоўвалася ўвядзенне такой пасады і ў Беларусі. Віктар Карняенка згадвае размову з Лукашэнкам, падчас якой той прасіў яго арганіза­ваць сустрэчу з народам у Гомелі: «Сказаў, што Кебіч мае намер стаць прэзідэнтам, а яму прапанаваў пасаду віцэ-прэзідэнта. Але я, маўляў, хачу большага. Сустрэчу я Лукашэнку арганізаваў, у абвестках так і было напісана: “Сустрэча з кандыдатам у прэзідэнты”. Але прайшла яна не надта ўдала для яго — з абструкцыяй».

gorbiuminsku.jpg

То-бок, нельга сказаць, што Лукашэнка стаў прэзідэнтам Беларусі выпадкова — прынамсі, сам ён ішоў да гэтага мэтанакіравана. А не сканай СССР, то не выключана, што амбіцыі маглі сягнуць і на кіраўніка савецкай імперыі. Лукашэнка цалкам мог уяўляць сябе на месцы Гарбачова, калі размаўляў з ім з высокіх трыбун на нарадах кампартыі.