«Плошчы-90» — 30!
7 лістапада 1990 года ў Мінску адбыліся шэсце і мітынг апазіцыі «Памяці ахвяр камуністычнай дыктатуры», які на той час лічыўся найбольш удалай акцыяй БНФ і самым моцным ударам па тагачаснай камуністычнай сістэме.
А хутка камуністычны рэжым паў, і для Беларусі пачалася новая гісторыя: наша краіна абвясціла незалежнасць і зацвердзіла новыя дзяржаўныя сімвалы — герб «Пагоня» і бела-чырвона-белы сцяг.
Арганізацыя шэсця
Шэсце не ўзнікла спантанна. Усё было складаней, чым сёння — у час інтэрнэту і тэлеграм-каналаў. Тым не менш, на вуліцы выйшлі тысячы людзей, незадаволеных дзеяннямі тагачаснай улады. Шэсце прайшло (нават у тыя часы!) з дазволу ўлады. 23 кастрычніка 1990 года ў выканаўчы камітэт Мінскага гарадскога Савета народных дэпутатаў Сяргеем Андросавым быў пададзены запыт па дазвол правесці 7 лістапада альтэрнатыўнае шэсце «Памяці ахвяр камуністычнай дыктатуры». І ўжо 1 лістапада дазвол на гэта быў атрыманы.
Пазбаўленне ад камуністычнай улады і ідэалогіі было адной з мэт тагачаснага руху БНФ «Адраджэньне». Недзяржаўны Саюз кааператываў узяў на сабе матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, у прыватнасці — за яго кошт былі надрукаваныя ўлёткі з заклікам да мітынгу, змест якіх, апрача ўсяго, складаў наступныя патрабаванні:
«Мы патрабуем:— незалежнасьці Беларусі;— роспуску КПБ-КПСС;— канфіскацыі маёмасьці КПСС;— прыняцьця новага закону аб выбарах на шматпартыйнай аснове і правядзення датэрміновых выбараў;— рашучых захадаў дзеля аздараўлення эканомікі;— праўды і выратавання ад Чарнобыля;— вываду зь Беларусі савецкая арміі, службы беларускіх юнакоў у рэспубліцы».
Шэсце, мітынг і сутычкі
Акцыя распачалася кароткім мітынгам на пл. Я. Коласа, пасля чаго шматтысячная калона з плакатамі і «пудзіламі камунізму» рушыла па праспекце праз плошчу Перамогі да Дому Ураду на плошчы Леніна, дзе і адбыўся асноўны гістарычны мітынг. Падчас гэтага мітынгу, проста на плошчы, некалькі сялян абвясцілі галадоўку з патрабаванне аб выдзяленні зямлі і паставілі намёт.
Мітынг адзначыўся і першымі сутыкненнямі з сілавікамі. Напрыканцы свайго выступу Зянон Пазняк прапанаваў ушанаваць «угодкі Кастрычніцкага перавароту» ўскладаннем прынесеных антыкамуністычных плакатаў і транспарантаў. Міліцыянеры, што стаялі ў ланцугу паміж пратэстоўцамі і Домам Ураду, не здолелі стрымаць вялікую колькасць людзей. Разарваць міліцэйскі ланцуг атрымалася наступным чынам — адзін з пратэстоўцаў сарваў за казырок фуражку з аднаго з міліцыянераў і падкінуў яе ўгару. Супрацоўнік міліцыі ўскінуў рукі, каб яе злавіць, і людзі скарысталіся гэтым момантам — ланцуг быў прарваны і змецены. Пасля гэтага адбылася невялікая сутычка з праваахоўнікамі, падчас якой сілавікамі былі ўжыты дручкі. Тым не менш, пад націскам натоўпу міліцыянеры былі вымушаныя адступіць бліжэй да ўваходаў да Дому Ураду, дзе і засталіся. А удзельнікі мітынгу рушылі да помніка, каб ускласці «правадыру» прынесеныя антыкамуністычныя плакаты, калючы дрот, шыбеніцы і пудзілы-сімвалы НКУС і ГУЛАГ, а таксама сімвалы ахвяр камуністычных рэпрэсій.
Сярод тых, хто ускладаў атрыбуты, быў і апошні палітвязень у гісторыі БССР, сябра БНФ «Адраджэнне», адзін з заснавальнікаў «Венскага камітэта» Валерый Сядоў, які прынёс абвязаны калючым дротам крыж, на які была надзетая душагрэйка зэка ГУЛАГу.
Тым не менш варта аддаць належнае тагачасным праваахоўным органам, асабліва ў параўнанні з карнымі дзеяннямі сённяшніх сілавікоў. Па словах палкоўніка міліцыі ў адстаўцы Сяргея Шахновіча, нягледзячы на каманды, генералам тады хапіла розуму не разганяць людзей, бо яны не хацелі крыві суайчыннікаў. Сабраліся дзясяткі тысяч чалавек, але ў выніку лёгкія цялесныя пашкоджанні былі толькі ў некалькіх міліцыянераў. Па сцвярджэнні тагачаснага міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Ягорава: «аднаго з супрацоўнікаў ударылі фотакамерай па галаве, з іншага сарвалі пагоны, трэцяму падрапалі твар». Лёгкія пашкоджанні былі нанесены і помніку Леніна. Пасля беспарадкаў тады распачалі крымінальную справу па ч. 3 арт. 186 Крымінальнага кодэкса БССР («арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак»), але з-за адсутнасці складу злачынства справа неўзабаве была закрыта. Таксама вялася праверка ў дачыненні Пазняка, але ў выніку пракуратура адмовіла ў распачынанні крымінальнай справы супраць яго. Як не ўгледзела пракуратура крыміналу і ў дзеяннях іншых асоб, актыўных удзельнікаў і арганізатараў.
Рэзананс і наступствы
Акцыя 7 лістапада 1990 года мела вялікі грамадскі рэзананс. Бюро ЦК КПБ назвала арганізатараў і ўдзельнікаў шэсця экстрэмістамі і антыкамуністамі. Прэзідыум Вярхоўнага Савета ў пастанове «Аб парушэнні грамадскага парадку пры правядзенні альтэрнатыўнага мітынгу 7 лістапада 1990 г.», асудзіў арганізатараў шэсця, а іх дзеянні кваліфікаваў як «дэструктыўныя і безадказныя». Прадказальна агрэсіўна выказаліся чыноўнікі-камуністы. З асуджэннем выступілі праўладныя газеты «Советская Белоруссия» і «Вечерний Минск». Выказаўся наконт шэсця тады і Лукашэнка, сказаўшы, што БНФ пры правядзенні шэсця «серьёзно оступился».
Але знайшліся нават сярод дзяржаўных выданняў смелыя патрыёты: «Літаратура і мастацтва» на сваіх старонках не пабаялася размясціць ліст філосафа Валянціна Акулава ў падтрымку шэсця, а «Знамя юности» нават апублікавала інтэрв’ю з удзельнікам шэсця, народным дэпутатам, прадстаўніком парламенцкай апазіцыі БНФ Валянцінам Голубевым.
Мітынг 7 лістапада 1990 года стаў найбуйнейшай акцыяй апазіцыі антыкамуністычнага характару, якая адбылася ў гісторыі БССР. Гэтая падзея кардынальна паўплывала на грамадскія думкі, паказаўшы, што грамадства больш не жадае жыць і рухацца далей пад камуністычнай уладай. Гэта быў важны крок да нашай Незалежнасці. Праз кароткі час камуністычны рэжым у Беларусі рухнуў, БССР перастаў існаваць, а наша краіна абвясціла сваю незалежнасць ды заявіла пра дзяржаўны суверэнітэт і атрымала новую назву — Рэспубліка Беларусь. Былі зацверджаны новыя дзяржаўныя сімвалы — герб «Пагоня» і бела-чырвона-белы сцяг.
Фота з асабістага архіва аўтара