Праславілі ў свеце сябе і Айчыну
Расейская імперыя не толькі высмоктвала з Літвы-Беларусі матэрыяльныя багацці, але і рабавала розумы і душы яе жыхароў. Каланізатары зачынілі ў беларускіх губернях усе вышэйшыя навучальныя ўстановы: Полацкую Акадэмію, Віленскі ўніверсітэт, Горы-Горацкі земляробчы інстытут. Беларуская мова была забароненая ў навучанні і кнігадрукаванні.
У такіх умовах, каб атрымаць адукцыю, зрабіць навуковую ці творчую кар’еру, шмат хто вымушана пакідаў свой край. Дзясяткі тысяч нашых суайчыннікаў апынуліся на чужыне пасля паўстанняў супроць расейскай улады: адных выслалі ў Сібір, другія ратавалі жыццё
і свабоду, з’ехаўшы ў іншыя краіны. Многія з таленавітых землякоў, не парываючы духоўнай лучнасці з радзімай, у ХІХ стагоддзі змушаныя былі займацца навукай і вынаходніцтвам далёка ад родных дарог і сцежак. Беларусы-ліцьвіны часта дасягалі вядомасці ў замежжы, тым самым здабываючы славу і для Айчыны, у вольную будучыню якой верылі... У гэтым аповедзе мы пагаворым пра знакамітых у свеце беларусаў — прадстаўнікоў дакладных навук і прыродазнаўцаў.
Каралева матэматыкі
Выдатным матэматыкам, першай у свеце жанчынай-прафесарам стала Соф’я Кавалеўская, якую называюць «каралевай дакладных навук». Яна паходзіць з беларускага шляхецкага роду Корвін-Крукоўскіх і правяла дзяцінства ў бацькоўскім маёнтку Палібіна Невельскага павета Віцебскай губерні. Дзед Соф’і быў матэматыкам. Відаць, невыпадкова сцены яе дзіцячага пакоя абклеілі аркушамі са складанымі ўраўненнямі ды лекцыямі па матэматыцы. Так у дзяўчынкі нарадзілася першая цікавасць да свету лічбаў.
Паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы ў царскай імперыі жанчынам не дазвалялася. Соф’я вучылася ў Гайдэльбергскім і Берлінскім універсітэтах, а доктарскую дысертацыю абараніла ва ўніверсітэце яшчэ аднаго нямецкага горада — Гётынгена. Толькі ў выніку еўрапейскага прызнання Соф’ю прыняло ў свае шэрагі Маскоўскае матэматычнае таварыства. Пасля высокіх прэмій, якімі Кавалеўскую адзначылі Парыжская і Шведская акадэміі, нашую зямлячку нарэшце абралі ў сябры-карэспандэнты Пецярбургскай Акадэміі. Велізарны аўтарытэт прафесар Кавалеўская мела, працуючы ў Стакгольме.
Жыццёвы дэвіз Соф’я сфармулявала такімі словамі: «Я адчуваю, што павінна служыць навуцы і пракладаць новы шлях жанчынам». Яна была надзеленая і літаратурным талентам: напісала некалькі аповесцяў па-расейску, а раман і ўспаміны пра паўстанне 1863 года — па-шведску.
Сучаснікі ведалі асабістую мужнасць Кавалеўскай. У дні Парыжскай камуны яна прабралася ў аточаную ворагамі французскую сталіцу і даглядала там параненых.
У беларускай вёсцы Палібіна ( цяпер яна ў Вялікалуцкім раёне Пскоўскай вобласці Расеі) створаны Дом-музей Соф’і Кавалеўскай. Яе імя мае адна з адкрытых астраномамі новых планет.
Першыя часопісы і «эфект Садоўскага»
Да вядомых матэматыкаў ХІХ стагоддзя належыць і Васіль Ермакоў (родам з Гомельшчыны). Ён заснаваў першы ў Расейскай імперыі часопіс па элементарнай матэматыцы. Першы фізічна-матэматычны часопіс выдаваў у 1860-я гады ў Вільні зноў жа беларус Кароль Чаховіч з-пад Ашмянаў. Ён уваходзіў у шматлікія навуковыя таварыствы, браў удзел у еўрапейскіх з’ездах вучоных. На Маскоўскай тэхнічнай выставе 1872 года за стварэнне новых прыладаў для фізічных эксперыментаў Чаховіча ўзнагародзілі залатым медалём.
У галіне фізікі ў той час вызначыліся віцяблянін прафесар Дэрпцага (Тартускага) універсітэта Аляксандр Садоўскі і ягоны зямляк Іван Яркоўскі. Кожны фізік ведае, што такое «эфект Садоўскага», звязаны з уласцівасцямі святла. Інтарэсы Яркоўскага былі надзвычай разнастайнымі: будова Сусвету і малекулярныя сілы, зямны магнетызм і гравітацыя, касмічныя целы і вулканічная дзейнасць.
Механікі і вынаходнікі
Першы ў царскай імперыі падручнік практычнай механікі напісаў выпускнік Віленскага ўніверсітэта Мікалай Ястрэбскі (родам з-пад Рэчыцы). Гэты таленавіты інжынер-механік кіраваў будаўніцтвам шашы Магілёў-Кіеў, спраектаваў мост цераз Дзвіну ў Віцебску і цераз Дняпро ў Магілёве, прапанаваў для ўзвядзення мастоў новыя трывалыя матэрыялы. У Магілёве Ястрэбскі пабудаваў першы ў краі паравы млын, які нічым не саступаў найлепшым падобным прадпрыемствам Еўропы. Ён цікавіўся магчымасцямі электрычнасці і прадказаў, што ў будучыні на змену паравым машынам у прамысловасці прыдуць электрарухавікі.
Выпускнік Пецярбургскага ўніверсітэта Іпаліт Яўневіч з Сенненскага павета вызначыўся ў даследаваннях супору матэрыялаў, а таксама ў гідраўліцы і практычнай механіцы. Ён пазнаёміўся з дзейнасцю заводаў Францыі, Вялікабрытаніі, Бельгіі ды Нямеччыны і зрабіўся спецыялістам у машынабудаванні. Яўневіч — аўтар некалькіх падручнікаў, у тым ліку першага ў Расеі навучальнага дапаможніка па тэорыі пругкасці.
У ліку вынаходнікаў таго часу — беларус Казімір Чарноўскі. Былы напалеонаўскі гвардзеец, а потым студэнт і сябра нелегальнага патрыятычнага гуртка апынуўся ў казематах Петрапаўлаўскай фатрэцы. Дапытлівы розум вязня не хацеў заставацца без справы. Казімір перадаў на волю не зварот пра памілаванне, а праект пабудовы падводнай лодкі (субмарыны) цалкам з металу. Чарноўскі распрацаваў і канструкцыю перыскопа. Улады аддзячылі вынаходніку пераводам у Шлісельбургскую цытадэль, дзе ўмовы ўтрымання зняволеных былі цяжэйшыя. Цяпер мадэль субмарыны Чарноўскага можна пабачыць у Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі.
Прафесар электраграфіі
У навуковых колах Парыжа і Вены, Берліна і Рыма тады не трэба было доўга тлумачыць, хто такі Якуб Наркевіч-Ёдка. Гэты наш зямляк праславіўся перадачай электрычных сігналаў без дроту — стварыў першы ў свеце правобраз радыёпрыймача.
Ён плённа даследаваў уплыў электрычнасці на расліны і чалавечы арганізм. Наркевіча-Ёдку менавалі «прафесарам электраграфіі і магнетызму». Яму належаць і важныя адкрыцці ў метэаралогіі: вызначэнне хуткасці аблокаў, вымярэнне вільготнасці глебы.
На Меншчыне, у сваім маёнтку Наднёман, Наркевіч-Ёдка адкрыў метэаралагічную станцыю і абсталяваную паводле апошніх дасягненняў тэхнікі лабараторыю. Там, выкарыстоўваючы электраграфічныя здымкі, ён праводзіў дыягностыку хворых, лекаваў некаторыя хваробы электрычным токам. Пра дасягненням гаспадара Наднёмана паведамлялі газеты і часопісы многіх краін, а ў Парыжы яшчэ пры жыцці вучонага выйшла прысвечаная яму кніга.
Аўтар трохфазавага рухавіка
Паспяховым электратэхнікам і вынаходнікам застанецца ў гісторыі Міхал Даліва-Дабравольскі паходжаннем з даўняга беларускага шляхецкага рода. За ўдзел у антыўрадавай агітацыі яго выключылі з Рыжскага політэхнічнага тэхнікума і забаранілі паступаць у вышэйшыя навучальні царскай імперыі.
Завяршыўшы адукацыю ў Нямеччыне, Міхал застаўся там і хутка ўвайшоў у лік самых знаных вынаходнікаў Еўропы. Менавіта ён — аўтар трохфазавага электрарухавіка, канструкцыя якога дагэтуль амаль не змянілася. Апрача таго Даліва-Дабравольскі ўпершыню здзейсніў перадачу электрычнасці на вялікую адлегласць, стварыўшы для гэтага новую мадэль трансфарматара.
На міжнароднай электратэхнічнай выставе 1891года ў Франкфурце-на-Майне наведнікаў сустракаў штучны вадаспад. На яго падаваў ваду магутны рухавік Даліва-Дабравольскага магутнасцю сто конскіх сілаў. Рухавік сілкавала невялікая гідраэлектрастанцыя, што знаходзілася за 170 кіламетраў ад Франкфурта. Гэтае дасягненне мела нечуваны поспех і лічыцца пачаткам сучаснай электрыфікацыі.
Прыродазнаўцы Дыбоўскія
Знакамітыя прыродазнаўцы ХІХ стагоддзя — браты Бенядзікт і Уладзіслаў Дыбоўскія, якія паходзілі з Вілейскага павета. Абодва абаранілі ўніверсітэцкія дыпломы ў Дэрпце і займаліся ўлюбёнай справай, аднак за ўдзел у паўстанні 1863 года былі надоўга адарваныя ад яе.
Доктара медыцыны, прафесара заалогіі і палеанталогіі Варшаўскага ўніверсітэта Бенядзікта Дыбоўскага асудзілі на пятнаццаць гадоў сібірскай катаргі. Ён не скарыўся: вывучаў раслінны і жывёльны свет возера Байкал, рэк Амура і Ангары, а пазней — Камчаткі.
На радзіме даследваў беларускія азёры Свіцязь і Любань, знаходзіў час для заняткаў беларускай гісторыяй і этнаграфіяй. У Львоўскім універсітэце Бенядзікт Дыбоўскі стварыў музей заалогіі. Ён быў аўтарам шматлікіх артыкулаў у еўрапейскіх часопісах, дзе падтрымліваў і развіваў эвалюцыйную тэарыю англійскага вучонага Чарльза Дарвіна.
Уладзіслава Дыбоўскага пасля паўстання асудзілі на некалькі гадоў зняволення. Вызваліўшыся з Менскай турмы, ён заняўся флорай і фаўнай Беларусі, Прыбалтыкі і Сібіры, стаў доктарам мінералогіі. Заалагічныя, батанічныя і палеанталагічныя росшукі прынеслі яму еўрапейскую вядомасць.
У кола зацікаўленняў вучонага ўваходзіў і беларускі фальклор. Дыбоўскі надрукаваў свае зборнікі «Беларускія прыказкі з Наваградскага павета» і «Беларускія загадкі з Менскай губерні». Вялікую цікавасць выклікаў ягоны артыкул пра айчынныя расліны ў паэзіі Адама Міцкевіча.
Стваральнікі новых навук
Значны след у навуцы пакінулі браты Аляксандр і Уладзімір Кавалеўскія з Віцебшчыны.
Аляксандр плённа займаўся біялогіяй, здзейсніў паездкі ў Алжыр і на Чырвонае мора. Уладзімір, муж Соф’і Кавалеўскай, стаў паслядоўнікам Чарльза Дарвіна і перакладаў ягоныя кнігі ды артыкулы. Ён працаваў у Расеі, Францыі, Вялікабрытаніі, Нямеччыне і заснаваў навуку, названую эвалюцыйнай палеанталогіяй.
Васіль Дакучаеў з беларускай Смаленшчыны стварыў новы навуковы кірунак — глебазнаўства. У Горках нарадзіўся глебазнаўца і аграхімік — Пётра Касовіч.
У фізіялогіі дасягуў вялікіх поспехаў Браніслаў Вярыга родам з Віцебскай губерні.
Дасягненні ў медыцыне
«Прафесар электраграфіі і магнетызму» Якуб Наркевіч-Ёдка, будучы дыпламаваным медыкам, адчыніў у маёнтку Наднёмане санаторый з перадавымі для таго часу формамі лекавання. Газеты пісалі, што хворым дапамагалі кумыс і мясцовыя мінеральныя воды, электрычныя і светлавыя прэцэдуры.
Першай у Расейскай імперыі жанчынай-хірургам стала дачка каліноўца Вера Гедройц з ліцьвінскага княскага роду. Яна была выхаванкаю Лазанскага ўніверсітэта, бо — нагадаем — у Расеі атрымліваць вышэйшую адукацыю жанчынам было забаронена.
Вера абараніла доктарскую дысертацыю па хірургіі, перакладзеную на некалькі еўрапейкіх моваў, і стала аўтаркаю шасцідзесяці навуковых публікацый. Яна займалася лекаваннем сухотаў, анкалагічных і кардыялагічных хваробаў.
Доктар медыцыны Гедройц праславілася тым, што праводзіла складаныя аперацыі, на якія не заўсёды адважваліся хірургі-мужчыны. Яна часта ратавала жыцці параненых у ваенна-палявых умовах.
«Gran Edukador»
Кожны жыхар паўднёваамерыканскай краіны Чылі ведае, хто такі Ігнат Дамейка.
Адзін з самых знаных у свеце беларусаў прыйшоў на свет у 1802 годзе ў маёнтку Вялікая Мядзведка недалёка ад Міра. З дзіцячых гадоў у душы хлопчыка жыла прага пазнання навакольнага свету. Яна прывяла Дамейку на фізічна-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. Там ён хутка зблізіўся з Адамам Міцкевічам, Янам Чачотам, Тамашом Занам і далучыўся да суполкі філаматаў. Ігнат меў мянушку Жэгота, пад якой Міцкевіч увекавечыў яго ў паэме «Дзяды».
Жандары арыштавалі Дамейку па справе філаматаў і філарэтаў, а пасля зняволення выслалі ў дзядзькаў маёнтак пад нагляд паліцыі. У 1831-м Ігнат далучыўся да барацьбы за волю і ваяваў у корпусе генерала Хлапоўскага. Там ён сустрэў Эмілію Плятэр і стварыў партрэт графіні-змагаркі.
Жывучы на чужыне, Дамейка вывучаў у Парыжы батаніку, геалогію, мінералогію і хімію. З дыпломам аўтарытэтнай Горнай школы ён прыняў запрашэнне працаваць у Чылі. Гэтая краіна стала для ліцвіна другой радзімаю. Ён пражыў там амаль паўстагоддзя і дасягнуў вышыняў славы як мінеролаг, геолаг і даследнік прыродных багаццяў Чылі.
Шмат гадоў Ігнат Дамейка займаў пасаду рэктара ўніверсітэта ў сталіцы краіны — Сант’яга — і напісаў некалькі дзясяткаў падручнікаў. Па іх і сёння вучацца студэнты Паўднёвай Амерыкі. Аднак і неверагодна далёка ад Айчыны Дамейка не забываў сваё канспірацыйнае філамацкае імя, ніколі не развітваўся з перакананнямі юнацтва і цаніў чалавечую свабоду. Ён выступаў за дэмакратычныя правы студэнтаў, абараняў індзейцаў чылійскай правінцыі Араўканія.
У адным з лістоў на радзіму Дамейка пісаў: «Перарадзіцца я не змагу і — або ў Кардыльерах, або ў Вільні — усё роўна пакіну гэты свет ліцьвінам».
Урад Чылі абвясціў нашага земляка нацыянальным героем. Там яго імя маюць гарады і вуліцы, радовішчы карысных выкапняў, гара ў Андах і цэлы горны ланцуг — Кардыльера Дамейка. На ягоным помніку ў Сант’яга выбітыя словы «Gran Edukador» — «Выдатны асветнік». Існуюць планета Дамейка, мінерал дамейкіт і фіялка Viola domeykana.
Сёння можна наведаць школьныя музеі вучонага ў яго родных мясцінах — вёсках Вялікая Мядзведка Карэліцкага і Крупава Лідскага раёнаў. Беларускія выдавецтвы надрукавалі ўспаміны Дамейкі «Мае падарожжы» і пераклад кнігі «Ігнат Дамейка: жыццё ў эміграцыі» ягонай праўнучкі сеньоры Пас, якая жыве ў Аўстраліі. На радзіме славутага сына беларускай зямлі праводзяцца прысвечаныя яму канферэнцыі і прысуджаюцца стыпендыі яго імя. Нацыянальны банк Беларусі выпусціў у гонар 200-годдзя суайчынніка некалькі памятных манет.
Кнігу пра Ігната Дамейку «Чалавек, які збіраў камяні» выдаў гісторык Здзіслаў Сіцька. З яе можна даведацца, што, прыехаўшы пры канцы жыццёвага шляху на Бацькаўшчыну, нацыянальны герой Чылі размаўляў з раднёй па-беларуску.
Вуліцы Адольфа Янушкевіча
У гісторыі геаграфічных і этнаграфічных падарожжаў захавалася імя народжанага ў Нясвіжы паўстанца 1831-га Адольфа Янушкевіча. Па «мячы» (па бацькаваму радаводу) і «па кудзелі» (па матчынаму) ён быў родзічам Тадэвуша Касцюшкі і ўсё жыццё ганарыўся гэтым. Царскія суддзі пастанавілі пакараць яго смерцю на шыбеніцы. Урэшце прысуд замянілі на вечную высылку, забраўшы ўсю маёмасць і шляхецкія правы.
Янушкевіч жыў у сібірскіх Табольску, Ішыме ды Омску і шмат вандраваў па казахскіх стэпах. Ён зрабіў грунтоўныя апісанні Казахстана і Кіргізіі. Вывучыў казахскую мову і запісваў народныя легенды, паданні, казкі і песні. Дом Адольфа Янушкевіча нязменна быў месцам сустрэч палітычных высланцаў. Там гаспадар стварыў для таварышаў па няшчасці добрую бібліятэку. На паліцы, якую ён называў «залатой», стаялі кнігі Адама Міцкевіча.
Творы Янушкевіча цяпер перавыдаюцца на розных мовах. У сталіцы Казахстана Нур-Султане, у найбуйнейшым горадзе гэтай краіны Алматы і ў некалькіх іншых казахстанскіх гарадах ёсць вуліцы яго імя.
Апошняя экспедыцыя Чэрскага
Васямнаццацігадовым Ян Чэрскі ваяваў у шэрагах каліноўцаў. Падпісваючы паперы пра пазбаўленне нядаўняга студэнта шляхецкіх правоў і высылку на бестэрміновую салдацкую службу ў Сібір, суддзі не ведалі, што выпраўляюць юнака з Дрысеншчыны насустрач сусветнай славе.
Салдат Чэрскі звярнуў на сябе ўвагу афіцэраў шырокімі ведамі, і яму дазволілі запісацца ў бібліятэку. Неўзабаве ён захапіўся геалогіяй і палеанталогіяй…
Калі праз дваццаць гадоў Яну Чэрскаму дазволі вярнуцца з Сібіры, ён набліжаўся да зеніту славы. На навуковым рахунку былога паўстанца была першая геалагічная карта возера Байкал. Яго берагі падаравалі сенсацыйныя адкрыцці. У іх ліку Чэрскі выявіў стаянку чалавека каменнага веку.
Пецярбургская Акадэмія навук запрасіла Чэрскага ў сталіцу імперыі. Прэса называла яго «найлепшым знаўцам Сібіры». Ён адкрыў шмат невядомых раней геаграфічных аб’ектаў — гор, ледавікоў, вулканаў, сабраў каштоўныя калекцыі выкапнёвых і сучасных жывёл.
Падарванае сібірскім кліматам здароўе пакінула Чэрскаму лічаныя гады жыцця. Не зважаючы на дрэннае пачуванне, ён дабіўся права на трохгадовую экспедыцыю вакол рэк Калымы, Індзігіркі ды Яны. Праз некалькі месяцаў падарожжа Чэрскаму зрабілася зусім блага, але ён загадаў не спыняць экспедыцыю і тады, калі ягонае сэрца спыніцца. Да апошніх хвілін сэнсам жыцця для яго заставаўся пошук новых ведаў.
На геаграфічных картах сёння можна знайсці горную сістэму Чэрскага ў Якутыі і Магаданскай вобласці, горны хрыбет Чэрскага ў Забайкаллі, некалькі вяршыняў і ледавікоў, вулкан і пасёлак ягонага імя. Імя Чэрскага ўзяло сабе Іркуцкае таварыста беларускай культуры. У вёсцы Валынцы Верхнядзвінскага раёна, на радзіме вучонага, створаны яго музей.
З шляхты Гарадзенскай губерні паходзіў іншы праслаўлены падарожнік — Аляксандр Булатовіч. Ён захапіўся афрыканскай краінай Эфіопіяй і здзейсніў некалькі небяспечных вандровак па мясцінах, дзе раней не ступала нага еўрапейца. Булатовіч стаў даверанай асобаю негуса (імператара) Менеліка ІІ і героем вайны эфіопскага народа з італьянскімі захопнікамі.
Даследнікам цяжкадасяжных у той час Кітая, Паміра, Цянь-Шаня быў беларус Рыгор Гром-Грымайла (Грум-Гржымайла). У некалькіх арктычных экспедыцыях удзельнічаў геолаг, географ і хімік Канстанцін Валасовіч родам са Случчыны. Акурат ён збярог парэшткі маманта, што цяпер у Парыжскім музеі гісторыі прыроды. У паўночным архіпелазе Новая Зямля ёсць востраў імя Валасовіча.
Кароль Багдановіч з Віцебскай губерні вандраваў па Сібіры, Алясцы, Каўказу, Пірэнейскаму паўвостраву і афрыканскіх землях. Яго цікавілі радовішчы нафты, каменнага вугалю і золата. За вялікія заслугі Багдановіча прызначылі дырэктарам Геалагічнага камітэта Расеі. Ягонае імя мае ледавік у горнай сістэме Цянь-Шаня.
За небасхілам Турана
У адным шэрагу з аўтарамі выдатных геаграфічных адкрыццяў Хрыстафорам Калумбам, Васка да Гамам, Фернанам Магеланам стаіць імя беларуса Мікалая Пржавальскага са шляхецкага роду Перавальскіх.
Гэты род бярэ пачатак з часоў Інфлянцкай вайны сярэдзіны XVI стагоддзя. Далёкі продак будучага вучонага-падарожніка Карніла Перавальскі вызначыўся пры вызваленні Полацка ад маскавітаў і атрымаў шляхецтва і герб «Лук» ад самога вялікага князя і караля Сцяпана Батуры.
Мікалай нарадзіўся ў 1839 годзе на беларускай Смаленшчыне ў не надта заможнай шляхецкай сям’і. Разам з рана аўдавелай маці выхаваннем хлопчыка займалася нянька — прыгонная сялянка Вольга, якая любіла Міколку як сына. Ад нянькі малы чуў казкі і паданні, засвойваў назвы раслін, жывёл і птушак, вучыўся разумець прыроду. Мікалай Пржавальскі ўзгадваў, што ў дзіцячыя гады «рос дзікуном». Яму дазвалялася выходзіць з дому ў непагадзь, мокнуць пад залевамі і басанож бегаць па снезе, аднаму выпраўляцца ў лес, дзе можна было сустрэцца і з ваўком, і з мядзведзем. Усё гэта давала цудоўную загартоўку і прыдалося пазней у цяжкіх доўгіх падарожжах.
Пасля Смаленскай гімназіі Пржавальскі паступіў на вайсковую службу і стаў слухачом Акадэміі генеральнага штаба ў Пецярбурзе. У той час ён склаў «Ваенна-статыстычны агляд Прыамурскага краю». Агляд ацанілі вельмі высока, і дваццаціпяцігадовы Мікалай быў абраны правадзейным сябрам Расейскага геаграфічнага таварыства. На светапогляд і далейшы лёс Пржавальскага паўплывала блізкае знаёмства з слынным географам Пятром Цян-Шанскім.
У 1867–1888 гадах Мікалай Пржавальскі здзейсніў вялікія экпедыцыі ў Цэнтральную Азію: Усурыйскую, Мангольскую, Лабнорскую і Джунгарскую (да таямнічага салёнага возера Лабнор на захадзе Кітая і ў Джунгарскую даліну ў той самай краіне) ды дзве Тыбецкія. Гэтыя падарожжы прынеслі Пржавальскаму славу ва ўсім свеце. Ён удакладніў месца знаходжання некалькіх горных хрыбтоў і сістэмаў, сабраў найбагацейшыя калекцыі флоры і фаўны. У ягоных гербарыях налічвалася блізу 16 тысяч раслінаў, з іх 218 відаў былі раней невядомыя еўрапейскім батанікам. У апісанай Пржавальскім калекцыі жывых істотаў звыш 7500 жывёлаў, птушак, рыбаў і земнаводных, у тым ліку дзясяткі новых відаў. Ён адкрыў, напрыклад, дзікага вярблюда і дзікага каня, што з тае пары называецца канём Пржавальскага. Велізарную вартасць мелі астранамічныя і метэаралагічныя назіранні вучонага-вандроўніка.
Працы Мікалая Пржавальскага, напісаныя з пісьменніцкім талентам, пераклалі і выдалі на шматлікіх замежных мовах. Яны ўваходзяць у залаты фонд сусветнай геаграфічнай літаратуры. Высокімі званнямі і залатымі медалямі адзначылі нашага суайчынніка навуковыя ўстановы Вялікабрытаніі, Францыі, Нямеччыны, Аўстра-Венгрыі, Швецыі, Італіі.
У час чарговай экспедыцыі Пржавальскі, якому не споўнілася і пяцідзесяці гадоў, раптоўна захварэў і памёр. Пахавалі яго на беразе кіргізскага возера Ісык-Куль, дзе ўсталяваны помнік вучонаму. Ягонае імя прысвоенае горнаму хрыбту на Тыбеце, ледавіку на Мангольскім Алтаі, горнай вяршыні ў Кіргізіі, мысам на Алясцы і на Курыльскіх астравах.
Сучасных географаў за высокія заслугі ўзнагароджваюць залатым медалём Пржавальскага, а ў пасёлку Пржавальскае на Смаленшчыне існуе музей падарожніка. Адметнаму жыццю Мікалая Пржавальскага прысвечаная кніга Валера Ярмоленкі «За небасхілам спякотнага Турана».