Што прывяло да самагубства ксяндза

Такое здараецца надзвычай рэдка. Слуга Бога накладвае на сябе рукі? На жаль, сёння — гадавіна падобнага выпадку, калі беларускі ксёндз і асветнік Францішак Рамейка застрэліў сябе ў 1931 годзе ў Вільні. Што адбылося?

Ксёндз Францішак Рамейка (уверсе) падчас пахаваньня верніка. Адзінае вядомае фота сьвятара. 

Ксёндз Францішак Рамейка (уверсе) падчас пахаваньня верніка. Адзінае вядомае фота сьвятара. 

11 ліпеня 1885 году ў вёсцы Нецькі на Сьвіршчыне нарадзіўся будучы ксёндз. Сьвірскі ксёндз Казімір Валюнас параіў бацькам набожнага хлопчыка Францішка вывучыць на ксяндза, паабяцаў дапамогу. У 1905 годзе той  паступае і ў 1909 годзе заканчвае Віленскую духоўную сэмінарыю, дзе ў час навучаньня пасябраваў з будучым сьвятаром і беларускім пісьменьнікам Янкам Семашкевічам (псэўданім Янка Быліна).

Спачатку малады ксёндз атрымаў пасаду вікарыя пры бернардынскім касьцёле ў Вільні, потым яго перавялі вікарыем у мястэчка Іўе. З 1910 па 1921 год ён служыў пробашчам у парафіях Сяльцо і Шарашова.

У Сяльцы пабудаваў новы касьцёл

Узьвядзеньне пачалося ў 1908 годзе і вялося на сродкі вернікаў і ахвяраваньні мясцовых шляхцічаў. Газэта «Наша ніва» ў 1912 годзе паведамляла пра касьцёл наступнае: «У самым мястэчку Сяльцо ёсьць дзьве царквы (адна новая і адна старая, вуніяцкая) і будуецца цяпер пекны касьцёл у стылю готыка-раманскім; …Будуе гэты касьцёл малады ксёндз, Р., шчыры беларус». Будаўніцтва скончылася ў тым жа годзе.

Малады ксёндз Р. — гэта менавіта Францішак Рамейка. Ён нават быў пробашчам гэтай парафіі ў 1913-1915 гадах.

1 лістапада 1921 году беларусы Вільні атрымалі магчымасьць праводзіць набажэнствы ў літоўскім касьцёле сьвятога Мікалая ў вольны ад літоўскіх набажэнстваў час. Акрамя Вільні казаньні па-беларуску гучалі ў розных месцах, у тым ліку ў Задарожжы, дзе ксяндзом быў Францішак Рамейка.

Некалькі выпадкаў зь ягонага жыцьця ў Задарожжы прыгадвае Ян Драўніцкі.

Адзін выпадак. У пачатку 1924 году памёр ксёндз Шаркаўшчынскай парафіі Зянон Якуць. На хаўтурах сярод 11 сьвятароў быў і Францішак Рамейка. Казаньне на літургіі па-польску прамаўляў Ідэльфон Бобіч.

— Трэба, каб было і беларускае казаньне, — сказаў ксёндз Рамейка. — Якуць — наш родны беларус. Ён тут размаўляў па-беларуску. Дык брыдка было б, каб па ім ніхто не сказаў бы па-нашаму.

Усе пагадзіліся, і прачуленае казаньне трымаў ксёндз Германовіч.

Аднойчы летам пярун ударыў у касьцёл, прабіў франтонную сьцяну, пакінуўшы на на хорах фіялетавую пасму, папсаваў арган. Супраціўнікі беларускасьці сталі распаўсюджваць чуткі, што гэтае здарэньне — Божая кара за тое, што на хоры гралі і сьпявалі беларускія набожныя песьні.

Пробашчу прыйшлося расказаць вернікам аб прыродзе паходжаньня грымотаў і маланкі, а на касьцёле ўсталяваць громаадвод.

Касьцёл у Сяльцы, які пабудаваў Францішак Рамейка

Касьцёл у Сяльцы, які пабудаваў Францішак Рамейка

Ксёндз Францішак Рамейка быў прыхільнікам БХД. Удзельнічаў у канфэрэнцыях, падпісваўся пад лістамі і зваротамі, якімі беларускія сьвятары спрабавалі прабіць дарогу ў храм роднай мове. Ксёндз падтрымліваў грашыма выданьне беларускіх каталіцкіх часопісаў і газэтаў «Biełarus», «Krynica» і іншых, займаўся распаўсюдам беларускіх друкаваных выданьняў.

Падпісаны 10 лютага 1925 году канкардат паміж Апостальскай Сталіцай і Польшчай, які рэгуляваў дзейнасьць Каталіцкага Касьцёла ў гэтай краіне, кардынальна зьмяніў сытуацыю. Біскуп Юры Матулевіч 24 чэрвеня 1925 году падаў у адстаўку, і ягонае месца заняў паляк Рамуальд Ялбжыкоўскі, які стаўся ўжо першым арцыбіскупам.

Калі дагэтуль беларускія ксяндзы яшчэ маглі карыстацца беларускай мовай у казаньнях і катэхізацыі, то пасьля прыняцьця канкардату любая ініцыятыва магла быць скасаваная.

У траўні 1925 году беларускія сьвятары склалі мемарыял-адказ канфэрэнцыі польскіх біскупаў, у якім патрабавалі:

1. Як найхутчэй увесьці ў духоўных сэмінарыях Вільні і Пінску вывучэньне беларускай мовы, літаратуры і гісторыі;

2. Выдаць нормы і належныя рэгуляваньні для ўвядзеньня ўжываньня беларускай мовы ў дадатковых набажэнствах на беларускіх землях, азначаных у гэтым мэмарыяле;

3. Пры разьмежаваньні і падзелах дыяцэзій на землях усходніх ваяводзтваў, беларускіх этнаграфічных тэрэнаў, якія мяжуюць з народам польскім ці ўкраінскім, далучыць іх да этнаграфічных земляў.

Мэмарыял падпісалі шматлікія ксяндзы, сырод якіх: Вінцэнт Гадлеўскі, Францішак Рамейка, Адам Станкевіч.

Канфэрэнцыя польскіх біскупаў разгледзела зварот беларускіх сьвятароў і прыйшла да высновы, што патрэбы вернікаў усіх нацыянальнасьцяў павінны вырашацца далікатна і справядліва. Аднак высакароднае рашэньне біскупаў ніяк не паўплывала на далейшы ход падзеяў.

Як піша Алег Гардзіенка, Рамуальд Ялбжыкоўскі цалкам адхіліў ськіраваныя да яго патрабаваньні. Аднак палітыка арцыбіскупа не была аднастайнай і характарызавалася пэўным лавіраваньнем паміж польскімі і беларускімі коламі. Так у 1927 годзе ён усё ж даў дазвол на друк беларускага каталіцкага катэхізма і нават цалкам прафундаваў ягонае выданьне, а ў 1928 годзе дазволіў друкаваць Сьвятую Гісторыю Старога Запавету на беларускай мове.

Нягледзячы на гэтыя захады ў Віленскай архідыяцэзіі распачаўся наступ на беларускамоўных ксяндзоў.

Паколькі і ў Задарожжы ксёндз Рамейка заставаўся верны беларускай думцы, касьцельныя польскія ўлады ў 1929 годзе вырашаюць перавесьці яго ў Кямелішкі. У вельмі неадназначнае мястэчка. 8 лістапада 1924 году пробашча Кямелішкаўскай парафіі ксяндза Вінцэнта Баневіча знайшлі забітым. Стан памерлага сьведчыў: зь яго доўга зьдзекаваліся. Мяркуючы па пакінутых сьлядох, мардаваньнем ксяндза займалася цэлая шайка.

У Кямелішкі, жыхары якіх і сёньня пазіцыянуюць сябе палякамі, а ўжо тады, у 1929-м… Наўрад ці ксёндз Рамейка сустрэў у мястэчку і яго ваколіцах хоць аднаго чалавека, які адазваўся б да яго па-беларуску — не таму, што ніхто тут ня ведаў гэтае мовы, а таму, што лічылі яе другаснай — для бедных.

Як піша Кастусь Шыталь, зімой 1930-1931 году захварэў на грып, які пакідае ўскладненьні ў выглядзе запаленьня суставаў і запаленьня абалонкі мозагу.

Пад уплывам хваробы рэзка пагошыўся ягоны псіхічны стан.

Ён адчуваў манію перасьледу, навакольныя адзначалі яго дзіўныя паводзіны. Да апошніх дзён працягваў сьвятарскае служэньне.

У 1931 годзе ксёндз Францішак прыбыў у Вільню на лекаваньне

У той страшэнны і апошні дзень зямнога жыцьця ксёндз Францішак Рамейка зайшоў на кватэру ксяндза Адама Станкевіча. Таго не было дома, і гаспадыня прапанавала пачакаць у пакоі. Ён быў вельмі ўзрушаны з-за дыскрымінацыі і псыхалягічнага ўціску з боку польскіх духоўных уладаў Віленскай дыяцэзіі.

Згадзіўся. Прысеў. Потым ускочыў, доўга мераў пакой неспакойнымі крокамі. Сеў за стол, на аркушы паперы папрасіў прабачэньня за свой учынак. Потым дастаў пісталет, які ўвесь час насіў з сабой пасьля выпадку з забойствам ксяндза ў Кямелішках. І прыставіў пісталет да скроні.

Гэта здарылася 16 чэрвеня 1931 году. Ксёндз ня змог спакойна перажыць націску польскай палітычнай, духоўнай улады супраць беларускай дзейнасьці ў касьцёле і парафіі.

Біскуп растлумачыў гэты выпадак як нэрвовы шок і дазволіў пахаваць яго, але рана раніцай, без народу.

Узгаданы ў матэрыяле вядомы сучасны дасьледнік Глыбокага Кастусь Шыталь па матчынай лініі даводзіцца далёкім сваяком ксяндзу Францішку Рамэйку.

Павал Севярынец казаў: «Колькі зьдзекаў і прыкрасьці давялося перажыць ксяндзу-беларусу… Расейскае чарнасоценства, польская касьцельная ерархія, нямецкая акупацыя Першай сусьветнай, дэфензіва… А на тваім баку — адно забіты, застрашаны, убогі беларускі люд…»