Самая старая дзяржава Эўропы. 1721 год незалежнасьці адзначае Сан-Марына

Ад трэцяга верасьня 301 года бярэ пачатак гісторыя гэтай краіны, якая ніколі ня страчвала незалежнасьці за гэты час. Паўставалі і зьнікалі цэлыя імпэрыі, заваёўнікі імкнуліся скарыць усю Эўропу, але Сан-Марына дажыло да нашых дзён і працягвае жыць. Жыве Сан-Марына!

san_maryna.jpg

У 257 годзе імператар Рымскай імпэрыі Дыяклетыян выдаў загад аб рэканструкцыі гарадзкіх сьценаў Рыміні, якія былі зруйнаваныя Дэмасфенам, каралём Лібурнаў. Сярод рэзчыкаў па каменьні і гравёраў, якія прыехалі з усёй Эўропы, былі два чалавекі з Далматыі (і ў прыватнасьці з выспы Раб, сёньняшняй Харватыі), якім наканавана было застацца ў памяці на працягу ўсёй гісторыі: Марына і Леа.

Невядома, ці прыехалі яны ў пошуках працы, ці ўцякалі ад нейкіх рэлігійных перасьледаў. Неўзабаве пасьля прыезду на тэрыторыю Рыміні іх адправілі на гару Тытана здабываць і апрацоўваць розныя віды каменьня. Марына і Леа заставаліся там доўгія тры гады.

Пазьней абодва сябры вырашылі разысьціся: Леа вырашыў застацца на гары Феліцыяна, выкапаў там кельлю ў скале і пабудаваў разам са сваімі спадарожнікамі невялікі араторый у гонар Пана Бога. Паселішча, заснаванае такім чынам, пазьней у гісторыі атрымае назву Сан-Леа.

Сьвяты Марына

Сьвяты Марына

Замест гэтага Марына вырашыў вярнуцца ў Рыміні і заставаўся там 12 гадоў і 3 месяцы, як запісана ў летапісах. У гэты перыяд ён працягваў вызнаваць сваю хрысьціянскую веру і весьці жыцьцё ў пакаяньні. Пазней ён адышоў на гару Тытана, дзе заснаваў невялікую супольнасьць хрысьціянаў. Кажуць, у гэты пэрыяд на гары Марына зьдзяйсьняў цуды. Сярод іх, напрыклад, выгнаньне злых духаў з далмацкага грэшніка, апантанага д'яблам, якога турбавала сьвятасьць Марына. Аднойчы ён, як кажуць, прыручыў мядзьведзя.

Аднак самым істотным цудам была сустрэча з Верысіма, сынам шляхетнай удавы Феліцысімы, уладальніцы тэрыторыі гары Тытана. Верысіма аспрэчваў пражываньне Марына на яго тэрыторыі. Тады Марына маліўся аб дапамозе ў Боскага Провіду. У той самы момант Верысіма ўпаў, спаралізаваны ў нагах і руках. Маці ў роспачы кінулася да сьвятога, каб прасіць у яго прабачэньня і прапаноўваць яму ўсё, што ён пажадае. Сьвяты адказаў, што ў яго няма іншага жаданьня, акрамя іх навяртаньня і хросту і надзела зямлі для адпачынку. Феліцысіма, каб выказаць сваю ўдзячнасьць, ахвяравала гару Тытана Марына і ўсім яго нашчадкам. Верысіма ачуняў, і ўсе 53 чальцы сям'і былі навернутыя ў хрысьціянства.

Сан Леа і Сан Марына атрымалі прызнаньне за сваю працу ад Гаўдэнцыа, біскупа Рыміні, які пасьвяціў ў сьвятары Сан Леа і Сан Марына. Вярнуўшыся на гару Тытана, паводле традыцыі, Марына памёр у 301 годзе 3 верасьня. Перад сьмерцю Марына заклікаў жыхароў супольнасьці, прамаўляючы фразу «Relinquo vos liberos ab utroque homine», што можна перакласьці як «Я пакідаю вас свабоднымі ад абодвух людзей, маючы на ​​ўвазе асобы Папы і імпэратара».

san_maryna_2.jpg

Гэтая зямля ў памяць аб заснавальніку так і была названая – Сан-Марына.

Цікавы гістарычны дакумэнт занатаваны 1296 годам, у якім у спрэчцы аб нязборы падаткаў у Сан-Марына на судовым працэсе пазначана: «Не плацяць, бо ніколі не плацілі. Гэта іх сьвяты вызваліў іх». Улада ў Сан-Марына належыла абату (галоўнаму манаху).

З 1000 года ўся ўлада даручалася сходу кіраўнікоў шляхетных сем’яў, які атрымаў назву Арэнга. Гэта сход прымаў усе рашэньні ў краіне, але праз два стагодзьдзі грамада так пашырылася, кіраўнікоў шляхетных сем’яў стала так шмат, што гэтая Арэнга апынулася вельмі ў складаным становішчы. Пытаньні правісалі, кантроль над дзейнасьцю самога органа быў амаль немагчымы. У сувязі з гэтым стварылі адмысловыя палітычныя асамблеі. Папская дзяржава прызнала незалежнасьць рэспублікі Сан-Марына ў 1291 годзе. Тэрыторыя краіны была нязьменнай з часоў сьвятога Марына больш за 1000 гадоў – яна абмяжоўвалася гарой Тытана. Але ў 1463 годзе Сан-Марына ўвайшло ў кааліцыю, што атрымала перамогу над уладаром Рыміні. У той час гэты горад супрацьстаяў Рыму і Папскай дзяржаве. У якасьці падзякі Папа Пій ІІ перадаў у валоданьне Сан-Марына яшчэ 5 гарадоў. У гэтым складзе краіна існуе да нашага часу.

Кіруе Сан-Марына з 1243 года — два капітаны-рэгенты, якія абіраюцца 60 чальцамі Арэнга. Кожны з двух кіраўнікоў дзяржавы абіраецца на паўгады. У наш час зазвычай гэта прадстаўнікі розных партыяў — хрысьціянскіх дэмакратаў і адной з левых.

У 1600 годзе была абвешчаная першая пісьмовая Канстытуцыя рэспублікі. Як гэта сугучна нашым тром статутам Вялікага Княства 1529, 1566, 1588 гадоў!

Статут Сан-Марына, 1600 год

Статут Сан-Марына, 1600 год

Сан-Марына нечым так ужо прыйшлося да сэрца Напалеону, што той у 1797 годзе ад імя Францыі ў знак сяброўства і братэрства з грамадзянамі рэспублікі прапанаваў жыхарам Сан-Марына пашырыць свае межы да Адрыятычнага мора. Прапанова зь вялікай палітычнай прадбачлівасьцю была ветліва адхілена. У сваім лісьце рэгент Антоніа Анафры заявіў, што «Рэспубліка Сан-Марына, шчасьлівая сваёй малазначнасьцю, не адважваецца прыняць зробленую ёй шчодрую прапанову і не адважваецца на амбіцыйнае пашырэньне, якое можа з часам паставіць пад пагрозу яе свабоду». Менавіта гэта дазволіла краіне не разглядацца як хаўрусьнік Францыі на пасьляваенным Венскім кангрэсе 1815 года, на якім эўрапейскія краіны перамалёўвалі мапу. Сан-Марына засталося незалежным. Але толькі падумайце, наколькі складаным быў крок капітана-рэгента: перад краінай была пэрспэктыва выйсьця да мора, да якога і так падаць рукой. Аднак разуменьне сітуацыі і адкіданьне асабістых амбіцыяў дазволіла знайсьці адзінае правільнае рашэньне. Як жа моцна гэтага не хапае ў сёньняшнім сьвеце, у тым ліку ў нашай незалежнай Беларусі!

Напалеон дасылае прадстаўніка ў Сан-Марына

Напалеон дасылае прадстаўніка ў Сан-Марына

Наступны моцны крок быў зроблены ў 1849 годзе. На тэрыторыі сёньняшняй Італіі адбываюцца вайсковыя сутыкненьні, паўстаньні, ідуць працэсы, якія ў выніку прывядуць да аб’яднаньня розных дзяржаваў у адзіную Італію. Але ў 1849 годзе гэта яшчэ не відавочна. Джузэпэ Гарыбальдзі, бацька-заснавальнік адзінай Італіі, па дарозе ў Венэцыю апынуўся ў атачэньні чатырох варожых арміяў. Гарыбальдзі папрасіў дазволу праехаць праз Сан-Марына, але атрымаў адмову, пасьля папрасіў зноў — і не чакаючы адказу, разам са сваёй арміяй у 1500 чалавек перайшоў мяжу і асабіста падаў заяву на палітычны прытулак на гары Тытана. Адзін з капітанаў-рэгентаў задаволіў гэтае прашэньне ў абмен на гарантыі незалежнасьці і абароны маленькай дзяржавы ад узброеных сутыкненьняў.

Гарыбальдзі ў Сан-Марына

Гарыбальдзі ў Сан-Марына

З аб'яднаньнем Італіі зьнікла небясьпека ўварваньня замежных дзяржаваў. У 1862 годзе была падпісаная дамова аб сяброўстве. Яна гарантуе незалежнасьць рэспублікі, добрасуседства і спрыяе камерцыйным адносінам.

У 1864 годзе ў Вільні быў павешаны Кастусь Каліноўскі, а ў 1865-м у Сан-Марына было забароненае сьмяротнае пакараньне, што існуе ў Беларусі і сёньня.

На пачатак ХХ стагодзьдзя Сан-Марына ўяўляла сабою бедную аграрную дзяржаву, у якой каля 80% насельніцтва працавалі ў сельскай гаспадарцы. Павялічваліся беспрацоўе і эміграцыя. На гэтым фоне з 1923 па 1943 гады пры ўладзе была сан-марынская фашысцкая партыя. Пры гэтым фармальна Сан-Марына не ўдзельнічала ў Другой сусьветнай вайне. З вагню ды ў полымя: пасьля вайны да 1957 года краінай кіравала левая кааліцыя партыяў. Пасьля гэтага да нашага часу адбываецца зьмена хрысьціянскіх дэмакратаў на левых і наадварот. Сваю будучыню абіраюць прыблізна 32 тысячы грамадзянаў Сан-Марына.

Нам вядомы толькі адзіны дакладны крытэрый, па якім Беларусь перамагае Сан-Марына: гэта футбол. Зборная нашай краіны двойчы сустракалася са зборнай самай старажытнай дзяржавы Эўропы і двойчы перамагала: 5-0 і 2-0.

Дзяржаўны сьцяг Сан-Марына

Дзяржаўны сьцяг Сан-Марына

Цікавы факт: у самой дзяржаве выкарыстоўваецца не толькі грыгарыянскі каляндар, але і нутраны, сан-марынскі. Афіцыйныя органы ва ўласных дакумэнтах адлічваюць час ад моманту заснаваньня рэспублікі. Такім чынам, па гэтым календары год пачынаецца 3 верасьня і сканчваецца 2 верасьня наступнага года. У міжнародных зносінах выкарыстоўваецца дата ў падвойным фармаце з пазначэньнем ініцыялаў dFR (ад заснаваньня рэспублікі). З новым, 1721 сан-марынскім годам!