Сяргей Навумчык. «Бякі» з БНФ. Яшчэ раз пра Шушкевіча
Публіцыст, экс-дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання Сяргей Навумчык прачытаў інтэрв’ю «Новаму Часу» былой кансультанткі старшыні Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча Людзьмілы Класкоўскай. З нечым ён не згодны. Прыводзім допіс спадара Навумчыка цалкам.
У інтэрвію «Новаму часу» былы кансультант старшыні Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча Людзьміла Класкоўская падзялілася сваімі ўспамінамі, у якіх, сярод іншага, заўважыла: «На Шушкевіча нападалі з розных бакоў — як старая савецкая наменклатура, так і апазіцыя БНФ. «
І — кропка. Дэпутаты Апазыцыі БНФ, якія штодзённая (не перабольшваю, пачытайце стэнаграму якога заўгодна дня якой заўгодна сэсіі ВС за 1990-1995 гады) змагаліся за Незалежнасьць — прыроўніваюцца да дэпутатаў пракамунічнай (пракебічаўскай) большасьці, якія мэтанакірававна і мэтадычна «выпраўлялі памылку» 1991 году.
Менавіта пракебічаўская большасьць некалькі разоў у 1993 рабіла спробы зьняць Шушкевіча.
Не аспрэчваю ролю Шушкевіча ў падпісаньні пагадненьня аб спыненьні існаваньня СССР у сьнежні 1991. Але потым ў ягоных дзеяньнях (і ў бязьдзейнасьці, калі трэба было дзейнічаць рашуча) для дэмакратыі і Незалежнасьці напасадзе старшыні ВС было больш адмоўнага, чым станоўчага. Апускаю ягоныя мэтады ў дачыненьні да нас, дэпутатаў Апазыцыі БНФ пэрсанальна — не хачу гэтага рабіць у дні, калі ягоныя блізкія ўзгадваюць роднага чалавека з нагоды 90-годзьдзя. Бог яму судзьдзя.
Між іншым, цікавая акалічнасьць: пасьля сваёй адстаўкі Станіслаў Станіслававіч любіў чуць пра сябе «першы кіраўнік незалежнай Беларусі» — ну, а каму б было непрыемна? Але ў часы, калі быў старшынём ВС, нязьменна казаў (пачытайце ягоныя выступы таго часу): «У мяне няма ніякіх паўнамоцтваў, я ўсяго толькі сьпікер». Паўнамоцтвы, аднак, былі, і немалыя. Прынамсі ня меншыя, чым у Ландзбергіса.
Так, мы крытыкавалі Шушкевіча за непасьлядоўнасьць, за здачу пазыцый прарасейскім сілам.
Але мы ў Апазыцыі БНФ разумелі, што ў выпадку адстаўкі Шушкевіча будзе яшчэ горш (так і адбылося — ужо на другі тыдзень пасьля абраньня старшынём ВС міліцэйскага генэрала Грыба пачаліся затрыманьні апазыцыйных актывістаў, у тым ліку і дэпутатаў Менскага гарсавета) — і таму падтрымлівалі яго. Крытыкавалі, але не дапускалі адстаўкі.
Магчыма, з вышыні пятага паверху «чырвонага дому», дзе месьціліся кабінэты Шушкевіча і ягоных памочнікаў, спадарыні Людзьміле не было чутна, як ставіліся да Шушкевіча тысячы актывістаў БНФ, чыю працу (440 тысяч подпісаў за новыя выбары) Шушкевіч у 1992 годзе адправіў у сьметнік. А мне прыйшлося выслухоўваць папрокі ледзь не штодня і тлумачыць людзям (і ня толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах), чаму мы вымушаныя падтрымліваць Шушкевіча.
Мы нязьменна зрывалі спробы адстаўкі Шушкевіча, і Людзьміла Класкоўская пра гэта ведае.
Цудоўна яна ведае і імёны тых, хто паспрыяў адстаўцы Шушкевіча, але ў гэтым кантэксьце іх не называе. Называе ў іншым:
«— З кім яшчэ з вядомых палітыкаў вы пазнаёміліся падчас працы ў Вярхоўным Савеце? Якімі запомнілі гэтых людзей?
— З Захаранкам, Ганчаром, Карпенкам, Булахавым. Апошняга супрацоўніцы і журналісткі паміж сабой называлі “беларускім Аленам Дэлонам”. Захаранкам таксама ўсе захапляліся. Высокі, статны, прыгожы, калі заходзіў у залу, усе паварочвалі галовы ў яго бок…».
Што зразумее чытач са слоў былой памочніцы Шушкевіча? Гэтыя «бякі» з БНФ нападалі на Шушкевіча, а Булахаў — ну проста «душка», «беларускі Алэн Дэлон».
У сапраўднасьці, ініцыятарамі адстаўкі Шушкевіча (і ў чэрвені-ліпеня 1993 — няўдалай, і ў студзені 1994 — удалай) быў зусім не БНФ.
Ініцыятарамі былі прарасейскае атачэньне Кебіча (пра што Класкоўская кажа), а таксама Лукашэнка, Булахаў, Ганчар і, на вялікі жаль, Карпенка (пра што ня кажа).
Выбачаюся за самацытаваньне, але прывяду абзацы са сваёй кнігі «Дзевяноста трэці», дзе прыводжу фрагмэнты выступаў дэпутатаў па стэнаграме сэсіі ВС, калі ў чэрвені 1993 рабілася спроба выказаць недавер Шушкевічу (што было б першым крокам да адстаўкі).
Яшчэ раз: цытую выступы не паводле ўласных успамінаў — а па стэнаграме. Даю, для аб’ектыўнасьці, выступы і нашых апанэнтаў (у перакладзена беларускую).
«... З патрабаваньнем адстаўкі Шушкевіча, паколькі ён “не скрывал неприятия, причем воинствующего неприятия позиции Верховного Совета”, выступіў Віктар Ганчар. Пытаньне пра недавер падтрымаў і Генадзь Карпенка — у яго з Шушкевічам была ўзаемная антыпатыя...»
Мечыслаў Грыб: «Стварэньне эканамічнага саюзу ў рамках СНД без Дамовы аб калектыўнай бясьпецы — гэта чарговы міт і спроба адарваць Рэспубліку Беларусь ад нашых усходніх суседзяў».
Мікалай Грынёў, старшыня Магілёўскага аблвыканкаму: «Разваліўшы Савецкі Саюз, ашукаўшы нас на сэсіі Вярхоўнага Савету, на якой мы прагаласавалі за Дамову па СНД — рублёвую зону, эканамічную прастору... Мы паддаліся на гэтую вуду, былі ашуканыя і павінны папрасіць прабачэньня перад людзьмі… Спадар Пазьняк, вы ж інтэлігентны чалавек, кандыдат навук, чаго вы седзіце і гарлапаніце зь месца? Дзякуй, я бяз вашай падказкі пакуль разьбіраўся і буду разьбірацца!»
Віктар Піскароў, былы міністар унутраных спраў: «Прэзыдэнцкая форма кіраваньня, відавочна, сёньня найбольш прымальная для нашай маладой дзяржавы... Але наш старшыня, па сутнасьці, апынуўся ў апазыцыі да Вярхоўнага Савету, падтрымліваючы і прапагандуючы ідэю аб парлямэнтарнай (так у стэнаграме — С. Н.) форме кіраваньня».
Аляксандар Лукашэнка, дырэктар саўгасу «Гарадзец»: «Пытаньне аб адстаўцы сьпікера нашага парлямэнту абмяркоўваецца даўно і небеспадстаўна. Я буду казаць толькі аргумэнты. Калі ўстане гэтае пытаньне, я адназначна буду галасаваць за вашу адстаўку. Эканомікай вы не займаецеся — ня хочаце, ваша палітычная канфрантацыя, якую вы працягваеце, арыентуючыся на Балта-Чарнаморскі саюз, — гэта шлях да развалу і падзелу рэспублікі. Абсурд яшчэ палягае ў тым, што кіраўнік парлямэнту не выяўляе думкі большасьці».
Міхаіл Качан, дэпутат ад вэтэранскай арганізацыі: «Я нядаўна быў сьведкам такой карціны ў Менску і Гомелі: вуліцы аблытаныя спэкулянцкімі ларкамі, група дзетак пераходзіла ад аднаго ларка да другога, і ўсе іх позіркі былі зьвернутыя на ласунак — на шакаляд, які там ляжаў коштам 300–400 рублёў. Хлопцы паміж сабой разгаварыліся і выказалі: “А раней мне мамка купляла шакаляд, а цяпер не — няма за што. Хай яны самі задушацца гэтым шакалядам”. Гэты праклён яны шлюць вам, Станіслаў Станіслававіч. Вы ня толькі зрабілі жабракамі старэйшае пакаленьне, вы адабралі шчасьце, радасьць у нашых дзяцей, што зьяўляецца самым каштоўным і дарагім капіталам для нашай нацыі… Наш народ 17 сакавіка 1991 году выказаўся за захаваньне Саюзу, але хто растаптаў жаданьне народу, хто напляваў на свой народ? Гэта самы галоўны “дэмакрат” — вы, Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч, які падпісаў Белавескае пагадненьне насуперак волі народу».
Іван Герасюк (Дэмклуб): «Не Шушкевіч вінаваты ў тым, што па ліцэнзіях міністэрстваў і розных “камаў” мільярдамі раскрадаюць Беларусь, што ў асобных нашых дзеячоў, блізкіх да выканаўчай улады, зьявіліся даляравыя рахункі ў замежных банках. Прозьвішча ня жонкі Шушкевіча, а жонкі Кебіча фігуравала ў сумнеўнай гандлёвай,для кагосьці выгаднай зьдзелцы. Не Шушкевіч будуе сабе вілу ў маляўнічых мясьцінах пад Менскам, ды падобную яшчэ ў водаахоўнай зоне ў Папярнянскім сельсавеце. У сьпісе гэтых лятыфундыстаў значацца прозьвішчы нейкіх Кеніка і Мясьніковіча (намесьнікі Кебіча — С. Н.). Я мог бы назваць шмат прозьвішчаў, але Савет міністраў вырас за гэты час настолькі, штомне проста ня хопіць часу».
І вырас апарат Саўміну ў тым ліку і за кошт былых супрацоўнікаў ЦК, менскіх абкаму, гаркаму і райкамаў кампартыі, якія не маглі дараваць прыхільнікам дэмакратыі паразы ў жніўні 91-га.
Мы заклікалі палітычных апанэнтаў да розуму.
Анатоль Вярцінскі (БСДГ): «Тут гучала слова "допрос". Гэта ня толькі "допрос", гэта "допрос с пристрастием". Ідзе барацьба ня толькі з Шушкевічам. Шушкевіч выбраны як мішэнь. Ідзе барацьба з тым накірункам, дэмакратычным разьвіцьцём, на шлях якога стала Рэспубліка Беларусь, якая хоча стаць нэўтральнай, бязьядзернай».
Сяргей Антончык (БНФ): «Я як прадстаўнік рабочых, якія сюды мяне накіравалі, зь вялікім задавальненьнем займуся пасьля вашага галасаваньня падрыхтоўкай агульнапалітычнага страйку з патрабаваньнем адстаўкі ўраду і з патрабаваньнем адстаўкі Вярхоўнага Савету. І ня толькі адстаўкі, а яшчэ з прыцягненьнем да крымінальнай адказнасьці тых людзей, якія раскралі эканоміку, якія прадал ўсё, што можна прадаць. І таму я прапаную вам адумацца».
Лявон Баршчэўскі (БНФ) : «Можна галасаваць за ўсё, што вы хочаце, гэта ваша права, шаноўнае спадарства, калі ласка. Але чарговы раз парушаць Рэглямэнт — гэта чарговы раз прымушаць недэмакратычным спосабам вырашаць пэўнае пытаньне».
Сяргей Навумчык (БНФ): «Спадары дэпутаты, прадстаўнікі пракамуністычнай дэпутацкай большасьці! У мяне ўзьнікаюць сумненьні, ці ўвогуле здольныя вы прагназаваць разьвіцьцё падзей у грамадзтве. Вынясеньне ад імя спадароў Лукашэнкі, Прывалава і іншых вось гэтага пытаньня аб адстаўцы Шушкевіча, на жаль, пацьвярджае самыя сумныя прагнозы. Вы не прагназуеце сытуацыю ўвогуле. Якім бы неразумным вы ні лічылі нашае насельніцтва, але людзі здольныя будуць за гэтыя два–тры месяцы разабрацца, што ня можа старшыня Вярхоўнага Савету несьці адказнасьць за рашэньні Вярхоўнага Савету, за 300 дэпутатаў, якія прымаюць гэтыя рашэньні… Вы гаварылі пра хворую эканоміку. Але ўрад павінен несьці адказнасьць за эканоміку. І таму апазыцыя некалькі разоў ставіла пытаньне аб адказнасьці ўраду і пэрсанальна спадара Кебіча. Чаму ж вы тады нас не падтрымалі?»
Вольга Галубовіч (БНФ): «Шаноўныя калегі, няўжо мы хочам канчатковага распаду нашай незалежнасьці? Няўжо мы гэтага хочам? Няўжо мы хочам, каб сапраўды пачаліся і палітычныя і эканамічныя страйкі?»
Мікалай Крыжаноўскі (БНФ): «Паглядзіце, хто выступае (супраць Шушкевіча — С. Н.)? Той, хто выступаў супраць дзяржаўнай сымболікі, рэзка выступае супраць Шушкевіча, таму што гэта шчыры беларус і таму што ён за адраджэньне Беларусі. Другі выступае — той, хто выступаў супраць дзяржаўнай мовы, сёньня ён таксама выступае супраць Шушкевіча.
Генадзь Маісееў: «Гэта звычайны канстытуцыйны дзяржаўны пераварот... Што ж, большасьць у нашым Вярхоўным Савеце (можа быць, палова) — людзі прарасейскай арыентацыі, …якіх савецкая ўлада за семдзесят зь лішнім гадоў існаваньня зрабіла мутантамі».
Мы адчувалі, што нашыя аргумэнты не ўспрымаюцца — выходзілі да мікрафонаў Ганчар, Карпенка, выбягаў Лукашэнка. Лукашэнка нас не зьдзіўляў, а вось тое, што з намэнклятурай зьліліся Карпенка і Ганчар, якія мелі каля дзясятка прыхільнікаў сярод дэпутатаў і называлі сябе дэмакратамі — тое было непрыемна. І небясьпечна: галасоў за недавер магло хапіць.
І тады мы проста ня ўзялі ўдзелу ў рэгістрацыі... У выніку, за недавер Шушкевічу прагаласавала 166 дэпутатаў — 8 галасоў не хапіла.» («Дзевяноста трэці», с. 246 — 253.).
Кажучы простымі словамі, мы байкатавалі галасаваньне і ў выніку яго сарвалі. Але ў студзені 1994 і прыхільнікі Кебіча, і «маладыя ваўкі» (Лукашэнка разам з «алэнамі дэлонамі» Булахавым і Ганчаром) падрыхтапваліся лепей, сабралі поўную залю дэпутатаў, і хаця дэпутаты Апазыцыі БНФ ізноў блякавалі галасаваньне — нам ужо не ўдалося яго сарваць.
Заўважу, што ў наступныя гады я дзесяткі разоў бачыў у інтэрвью самога Шушкевіча заявы, што нібыта БНФ разам з камуністамі дамагаліся яго адстаўкі — пры тым, што ён цудоўна ведаў, што гэта ня так. І ў свой час нават выкавзваў удзячнасьць дэпутатам апазыцыі БНФ. Вось ягоныя словы ў інтэрвію газэце «Звязда» адразу пасьля спробы выказаць недавер у ліпені 1993: «Што тычыцца ацэнкі дзеяньняў апазыцыі ў апошнія дні... Я зразумеў, што яна стала "глыбейшай". Паглядзіце, наколькі эфэктыўна прымяніла яна яшчэ адну сваю "зброю" — байкот» («Звязда», 3 ліпеня 1993). І тым ня менш, у наступныя гапды Шушкевіч сьвядома будзе абвінаваць нас у сваёй адстаўцы — па факце, гэта было няпраўдай, а па-чалавечы... Ізноў жа -- Бог яму судзьдзя.
Я пішу гэта і прыводжу цытаты для таго, каб яшчэ раз абвергнуць створаны дэпутатам Апазыцыі БНФ за дзесяцігодзьдзі (усё больш пераконваюся, што зусім не выпадкова, не з прычыны няведаньня фактаў, а сьвядома) імідж гэткага «узводу аўтаматчыкаў», якія — так, зьдзейсьнілі прарыў у 1991-м, але больш ні на што не былі здольныя — ні на сыстэмную парлямэнцкую працу, на на законатворчую дзейнасьць, ні на кампрамісы з тымі, з кім у нечым былі нязгодныя.
Дзесяцігодзьзямі (і ня толькім афыіцыйнай гісторыяграфіяй — але і абсалютнай большасьцю «незалежных» гісторыкаў ды «незалежных» палітычных камэнтатараў) замоўчваюцца і створаныя Апазыцыяй БНФ дзясяткі законапраектаў у галіне дзяржаўнага будаўніцтва, эканомікі, сацыяльнай і культурнай сфэраў, і эканамічныя праграмы БНФ (іх было ў 1990-95 чатыры, з пакетам законапраектаў пад іх, сярод апошніх дастаткова првыгадаць Зямельны Кодэкс).
А бяз гэтай працы незалежнай Беларусі проста не існавала б (бо афіцыйныя структуры ВС і тым больш Саўмін калі нешта і рабілі, дык са спазьненьнем). Роўна як немагчыма яна была б і бяз тых кампрамісаў, бяз нейкіх саступак у малым дзеля выйгрышу ў вялікім, на якія даводзілася ў сваёй парлямэнцкай прайцы ісьці дэпутатам Апазыцыі на чале з Пазьняком — у тым ліку і з Шушкевічам.
Разумею, што мае словы не пераломяць агульную тэндэнцыю абплёўваньня дэпутатаў Апазыцыі БНФ (якая вытрымліваецца ня толькі ў «незалежнай» гісторыяграфіі, але і ў т.зв. «дэмакратычным руху» з пэўных прагматычных, скажам гэтак мякка, прычынаў). На бліжэйшыя 15-20 гадоў сытуацыя застанецца падобнай, на жаль. Будзе яна такой гадоў 15-20 і пасьля зьвяржэньня рэжыму, пакуль ня вырасьце новае пакаленьне гісторыкаў і аналітыкаў, не атручанае хлусьней ці замоўчваньнем.
Але калі захаваеццца хоць бы адзін асобнік стэнаграмаў ВС-12, хоць адзін дакумэнт БНФ, хоць адна кніга з праўдзівым расповядам пра часы апошняга нацыянальнага Адраджэньня — дойдзе (не пры нашым, дэпутатаў БНФ, жыцьці і не раней чым праз паўстагодзьдзе, але дойдзе) да нашчадкаў і сапраўдная беларуская гісторыя.
У гэтым — не сумняюся.