Споведзь савецкага партызана
Супрацоўнік НКУС Кузьма Жарэбін, ураджэнец Курскай вобласці Расіі, удзельнічаў у «вызваленні Заходняй Беларусі», ваяваў у Фінляндыі, прайшоў Вялікую Айчынную. Яго ўспаміны раней нідзе не друкаваліся, але вартыя таго, каб пазнаёміць з імі чытачоў «Новага часу».
Вайна ў Польшчы
Кузьма Жарэбін нарадзіўся ў сакавіку 1916 года ў сялянскай сям’і. Ужо пры савецкай уладзе ён атрымаў сярэднюю адукацыю і ў 1937 годзе быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію. А праз два гады, у верасні 1939 года, СССР пайшоў «вызваляць братоў беларусаў і ўкраінцаў». У савецкай ды айчыннай гістарыяграфіях прынята лічыць, што той паход быў бяскроўны і міратворчы.
Але не ўсё так проста. У кастрычніку 1939 года Кузьма Андрэевіч напісаў ліст да дому, у якім, паміж іншага, былі і такія словы: «Даражэнькія, я жывы.[...]Мы зараз у былой Польшчы. Вайна скончылася». Вось так чырвонаармеец акрэсліваў тыя падзеі, называючы ўсё сваімі імёнамі. Ужо праз некалькі месяцаў Жарэбін апынуўся ў іншай «гарачай кропцы»: Савецкі Саюз напаў на Фінляндыю. Чырвонаармеец ваяваў у асобным батальёне паветранага назірання, апавяшчэння і сувязі.
Пасля завяршэння баявых дзеянняў на Карэльскім пярэсмыку Кузьма вярнуўся ў Заходнюю Беларусь, у горад Глыбокае. У службовай характарыстыцы на ўдзельніка дзвюх, на той момант, войнаў адзначалася: «У верасні 1940 года Райкам камсамола накіраваў Кузьму Андрэевіча Жарэбіна па камсамольскай пуцёўцы на працу ў органы дзяржбяспекі». Праз месяц Кузьма паступіў на вучобу на гадавыя курсы сярэдніх камандзіраў НКУС у Гродна.
Чацвёртая хваля сталінскіх дэпартацый
Чэкісцкая адукацыя скончылася 18 чэрвеня 1941 года. Вось як апісваў падзеі таго дня сам нкусавец: «У 20 гадзін нас пастроілі ў двары школы. Перад шыхтом выйшлі начальнік школы палкоўнік Восіпаў, камісар палкоўнік Баташоў і аб’явілі, што зараз мы — сярэднія камандзіры НКУС. Пасля гэтага нас абмундзіравалі і строем павялі на вакзал. Нашая рота па прызначэнні трапіла ў горад Аўгустаў, Беластоцкай вобласці БССР. Узначальваў наш аддзел завуч школы, старэйшы лейтэнант Наркамату ўнутраных спраў Кулікоўскі і камандзір роты, старшы лейтэнант Каротчанка. Мы прыбылі на месца прызначэння ў 3 гадзіны 30 хвілін ночы. Перад намі паставілі задачу эвакуіраваць усё насельніцтва памежнай паласы. Працавалі мы да 22 чэрвеня 1941 года. З задачай мы справіліся. 4 эшалоны эвакуіравалі ў тыл Расіі».
Чэкіст відавочна не жадаў удавацца ў дэталі, што ж за «эвакуацыя» праводзілася за тры дні да нападу Трэцяга Рэйху на Савецкі Саюз.
Зараз мы дакладна ведаем, што ў гэты перыяд НКУС арганізаваў чацвёртую хвалю дэпартацый насельніцтва Заходняй Беларусі. У адпаведнасці са спецыяльнымі дырэктывамі Наркамата ўнутраных спраў СССР, з лютага 1940 года і да пачатку Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі заходніх абласцей БССР адбылося некалькі хваль вывазаў мясцовага насельніцтва, былых грамадзян ІІ Рэчы Паспалітай.
Апошняя распачалася ў канцы мая на тэрыторыі Заходняй Украіны і скончылася 19–22 чэрвеня 1941 года на Віленшчыне, Гродзеншчыне і Беласточчыне. У выніку гэтай дэпартацыі шмат тысяч ні ў чым не вінаватых людзей былі вывезеныя ў Казахстанскую ССР, а таксама ў Алтайскі і Краснаярскі край РСФСР. Значная колькасць з гэтых няшчасных памерла ў дарозе ці загінула пад бомбамі нямецкай авіяцыі, якая пасля нападу Гітлера на СССР панавала ў беларускім небе.
У партызанах
У 4-20 раніцы 22 чэрвеня 1941 года нямецкія штурмавыя групы атакавалі савецкую памежную заставу, на якой знаходзіліся і нкусаўцы з Гродна. Бой працягваўся да 12 гадзін дня, а пазней, тыя, хто застаўся ў жывых, пачалі арганізавана адыходзіць на ўсход. Гэта, дарэчы, абвяргае міф пра тое, што ў першыя дні вайны амаль усе савецкія памежнікі на савецка-нямецкай мяжы загінулі на заставах.
Партызаны атрада, якім камандаваў Кузьма Жарэбін, верасень 1944 года
4–5 ліпеня 1941 года Кузьма Жарэбін знаходзіўся ўжо ў вёсцы Саковічы ў 30 кіламетраў ад Мінска. Беларускія сяляне, якія памяталі савецкія рэпрэсіі, не доўга чакаючы, выдалі нкусаўцаў немцам. Жаўнеры вермахта адвезлі гора-чэкістаў у Мінск і змясцілі ў лагер для савецкіх ваеннапалонных, з якога Жарэбіну ўдалося збегчы ў сакавіку 1942 года. У лесе ён знайшоў каля 15 чалавек, якія дакладна не ведалі, што рабіць. Паўсюдна былі нямецкія і паліцэйскія гарнізоны, а мясцовыя жыхары не любілі галодных, абарваных і ўзброеных людзей з лесу.
У адным з дакладаў Цэнтральнага штабу партызанскага руху зімой 1942/43 года аб паводзінах савецкіх партызан у Беларусі гаварылася: «Паколькі яны не ваююць, яны ператвараюцца ў дадатковы цяжар для сялян і настройваюць сялянства супраць усіх партызан у цэлым. Калі няма немцаў, то партызаны бесперашкодна ўваходзяць у вёску, забіраюць кароў, авечак, хлеб і іншыя прадукты. Але як толькі з’яўляецца карны атрад, партызаны бягуць, не аказваючы супраціву».
А вось як сітуацыю 1942 года апісваў адзін з савецкіх партызанаў: «Партызаны, галоўным чынам, палонныя і акружэнцы, узброены за кошт лясоў і мясцовага насельніцтва. Аперуючы, у сваёй большасці, маленькімі групамі ў 20–40 чалавек, нядрэнна, асабліва вясной, білі немцаў. Але гэта была голая стыхія, гэта была помста палоннага за ўсё тое, што ён бачыў і адчуў у немцаў. Цяпер жа яны амаль усе бяздзейнічаюць. Няма боепрыпасаў, яны на 100 % адарваныя ад савецкай рэчаіснасці. Атрад (група) атрымлівае ад камандавання адпаведную вёску-дзве, выязджае ноччу, і забірае ў кожнай хаце ўсё, што знойдзе: сала, масла, смятану, хлеб і іншыя прадукты. Адсюль сяляне ўсё пагалоўна хаваюць. Нярэдкія выпадкі, калі разам з прадуктамі партызаны абшукваюць шафы, скрыні і бяруць вопратку і боты і нават прадметы раскошы: адэкалоны, гадзіннікі і іншыя рэчы. Забіраюць коней для адвозу прадуктаў, абяцаючы іх вярнуць, але фактычна рэдка іх вяртаюць. Усё гэта робіцца без уліку сацыяльнага і эканамічнага становішча сялян».
Хутка нкусавец Жарэбін накіраваў чалавека ў Мінск для ўсталявання сувязі з падполлем. Замест гэтага пасыльны прывёў са сталіцы некалькі ваеннапалонных, якім удалося збегчы з лагеру. У жніўні 1942 года дзейнасць савецкіх партызан пад камандаваннем ураджэнца Курскай губерні прымусіла мясцовых жыхароў звярнуцца да нямецкіх акупацыйных улад з просьбай аб выратаванні. Хутка немцы атачылі партызанскі атрад. У выніку бою, які, па прызнанні Жарэбіна, працягваўся каля пяці гадзін, загінула шмат партызан, аднак канчаткова знішчыць атрад не ўдалося.
У Заходняй Беларусі
Рэшткі атрада адышлі ў бок Баранавіцкай вобласці і злучыліся з атрадам імя Будзённага Сталінскай партызанскай брыгады. Партызаны Жарэбіна ў гэты час удзельнічалі ў баявых дзеяннях з падраздзяленнямі польскай Арміі Краёвай. Дарэчы, з мая 1943 да ліпеня 1944 года на тэрыторыі адной толькі Баранавіцкай вобласці паміж атрадамі АК і савецкімі партызанамі адбылося не менш за 230 боесутыкненняў.
Акрамя камандавання атрадам імя Пархоменкі (партызанскай брыгады імя Іосіфа Сталіна), лейтэнант НКУС выконвае абавязкі і ўпаўнаважанага асобага аддзелу. У ліпені 1944 года партызанам пад яго камандаваннем прыйшлося ўдзельнічаць у баях супраць адступаючых з Беларусі нямецкіх войскаў. У адным з іх было знішчана 60 жаўнераў вермахта і каля 300 узята ў палон.
Варта, аднак, улічваць, што тыя нямецкія акружэнцы, якія ратаваліся з катлоў пад Бабруйскам і Мінскам, ужо не прадстаўлялі грознай сілы. Пасля вайны Кузьма Жарэбін працаваў на тэлеграфе ў Барысаве і займаў пасаду прапагандыста ў мясцовых органах камуністычнай партыі. Памёр гэты чалавек у 1993 годзе.
Аналізуючы гісторыю дзейнасці савецкіх партызанскіх атрадаў на тэрыторыі Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны, трэба вельмі ўважліва аналізаваць першакрыніцы і звяртаць увагу, перш за ўсё на ўспаміны відавочцаў тых падзей. Толькі гэта дапаможа зрабіць аб’ектыўны малюнак той жудаснай рэчаіснасці, праз якую прыйшлося прайсці беларусам у 1939–1945 гадах.