Свята забытай Канстытуцыі
У Варшаве, Вільні і Мінску, а таксама па ўсёй яшчэ не цалкам разадранай драпежнымі суседзямі-агрэсарамі (Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй) Рэчы Паспалітай 3 мая 1992 года святкавалася гадавіна прыняцця амаль забытай у нас сёння Канстытуцыі.
Сучаснымі гісторыкамі Канстытуцыя 3 мая 1791 года, прынятая Чатырохгадовым соймам і ініцыяваная апошнімм польскім каралём і вялікім літоўскім князем Станіславам Аўгустам Панятоўскім разглядаецца як прагрэсіўная. Гэта была ўвогуле першая ў Еўропе і другая ў свеце (пасля амерыканскай 1787–1789 гадоў) канстытуцыя.
У Рэчы Паспалітай яна ўводзіла канстытуцыйную манархію, упершыню паводле прынцыпаў Асветніцтва падзяляла галіны ўлады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую (канцэпцыя французскага асветніка Шарля Мантэск'ё), рэфармавала ў рацыянальным накірунку дзяржаўны лад і дзяржаўны апарат. Ствараўся ўрад (Стража правоў) з караля і міністраў, якім дапамагалі адпаведныя галіновыя міністэрствы — урадавыя камісіі.
Лепш за ўсе новы дух Канстытуцыі адлюстроўвае артыкул “V. Урад, або вызначэнне публічных улад”, які сцвярджае ўслед за Жан-Жакам Русо: “Усялякая ўлада ў чалавечым грамадстве бярэ свой пачатак у волі народа”.
Такім чынам ўпершыню ў айчынным заканадаўстве прагучала слова “народ”.
Канстытуцыю стваралі і пісалі лепшыя прадстаўнікі патрыятычнага лагеру — побач з каралём — граф Ігнацы Патоцкі, граф Станіслаў Малахоўскі і Гуга Калантай. Падтрымалі — Адам Чартарыйскі, лідар шляхты ВКЛ маршалак канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага князь Казімір Нестар Сапега .
Канстытуцыя сталася апошняй спробай уратавацца. Рэч Паспалітая пазбаўлялася уласцівых ёй хвароб працэсу кіравання дзяржавай (памятаеце Энгельсава “Польшча трымаецца беспарадкам”?).
Найперш прынцыпу liberum veto, якім падкупленыя замежнымі агентамі шляхцюкі тапілі кожную рацыянальную ініцыятыву, а таксама права на шляхецкія канфедэрацыі, фактычна легальныя бунты нобіляў. Колькасць войска мусіла павялічыцца да 100 тысяч, кіраванне ім перайсці на прафесійную аснову. Правы шляхты ўнармоўваліся, а мяшчан — пашыраліся аж да права куплі маёнкаў і атрымання шляхецкага стану.
Абвяшчаліся тыпова раннебуржуазныя і патрыятычныя рэформы.
Карціна Казімежа Вайнякоўскага 1806 г. “Прыняцце Канстытуцыі з мая 1791 г.”
Цікава, што, як і амерыканская, наша Канстытуцыя ў 1791 — пачатку 1792 гадоў ратыфікавалася на месцах. І ў ВКЛ нават больш хутка, чым у Каралеўстве Польскім. За азначаны час у ВКЛ 27
соймікаў шляхты з 33 прысягнулі Канстытуцыі; а ў Польскім каралеўстве — з 42 соймікаў 10 соймікаў прысягнулі, а 27 соймікаў толькі папярэдне ўхвалілі Канстытуцыю. Але ўхвалілі.
Чаму ж у беларускіх рэаліях і сёння гэта — забытае свята, а ў энцыклапедыях, нават сучасных, пра яго кажуць бы скрозь зубы?
Адна з прычын, “агульнаідэалагічная” — дзяржава пачала называцца Рэч Паспалітая Польская. Пішучы, што яна быццам зрабілася унітарнай замест федэратыўнай, гісторыкі лукавяць. Унітарнасць не абвяшчалася Канстытуцыяй 3 мая. Па-ранейшаму заставалася краіна дзьвух дзяржаў — Польскага каралеўства і ВКЛ.
Больш за тое, непасрэдна сам Чатырохгадовы сейм, які і прыняў Канстытуцыю 3 мая, 20 кастрычніка таго ж 1791 г.ода даў дадатковую інструкцыю з дэлікатнай нагоды. Яна называлася
“Узаемныя заручыны абодвух народаў” і фіксавала надалей адзінства ды непадзельнасць Кароны Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага ў адзінай дзяржаве.
Арыгінал Канстытуцыі 3 мая 1791 г. у Каралеўскім палацы ў Варшаве
Так, безумоўна,
органы кіравання (урад і міністэрствы) ствараліся агульныя, пры адпаведнай квоце ад абодвух народаў. Прычына зразумелая — трэба было ратавацца перад агрэсіяй суседзяў, і тут магло дапамагчы
толькі эфектыўнае кіраванне. Зараз мы ведаем — не дапамагло.
Але не варта забываць: у ВКЛ засталася свая судовая сістэма, свой скарб, сімволіка, сістэма ўрадаў, тытулаў і званняў, роўнае прадстаўніцтва ў агульным сойме і яго камісіях. Месцам правядзення соймаў вызначалася Варшава, але соймы маглі адбывацца раз у 3 гады ў Гродне.
Магчыма, па сёння выклікае пэўны пратэст абвяшчэнне ў першым артыкуле Канстытуцыі “каталіцкай рэлігіі абодвух абрадаў” (рымска-каталіцкага і уніяцкага) пануючай рэлігіяй у Рэчы Паспалітай. Але, заўважым, іншым канфесіям і рэлігіям гарантавалася свабода і талерантнасць. Нават улічваючы, што праваслаўнымі і пратэстантамі ў ВКЛ на той час была абсалютная меншасць жыхароў. Значна болей налічвалася іудзеяў, і яны шчыра віталі абвяшчэнне Канстытуцыі святкаваннямі.
Менавіта тады ў нас пачалі насіць стужачкі на капелюшах і адзенні — толькі не чырвона-зялёныя, а зялёна-белыя (май і свабода), са словамі “кароль, закон і Айчына”. Або “Кароль з народам. Народ з каралём” — такі надпіс адной з першых зрабіла пляменніца караля графіня Марыя Тэрэза Тышкевіч (з роду Панятоўскіх), адразу стварыўшы модны “трэнд”. А ў 1792 г. Ян Лапацінскі паставіў у сваім маёнтку Лявонпаль (у Полацкім ваяводстве на тагачаснай мяжы з Расіяй) мемарыяльную калону ў гонар Канстытуцыі. Каб увекавечыць месца, дзе, па яго словах, заканчвалася свабода і пачыналася няволя.
Часы былі цяжкія. Скончыліся яны здрадай Таргавіцкай канфедэрацыі, абвешчанай падкупленымі Расіяй шляхцюкамі ў Пецярбурзе 27 красавіка 1792 г. Уварваннем 100-тысячнага расійскага войска, а з
другога боку краіны — прускага. Ганебным Гарадзенскім соймам 23 лістапада 1793 г., які спыніў Канстытуцыю 3 мая і прызнаў другі падзел Рэчы Паспалітай. Паразай паўстання 1794 г. Тадэвуша
Касцюшкі, які змагаўся за аднаўленне Канстытуцыі краіны і за яе вызваленне.
І канчатковай гібеллю ВКЛ у 1795 годзе.
А мы напрыканцы прыгадаем імёны тых, хто падпісваў Канстытуцыю ад ВКЛ, разам з 4 пасламі ад Малапольшчы і такой жа колькасцю ад Вялікапольшчы. Іх таксама было чацьвёра. Граф Юзаф Касакоўскі, інфлянцкі і курляндскі біскуп. Граф Казімір Канстанцін Плятэр, троцкі кашталян. Граф Юзаф Забэла, пасол Жамойцкага староства. Яцак Антоні Путкамер, пасол Мінскага ваяводства.
Даўно надышоў час вяртацца ад чужых да сваіх святаў. Дзень 3 мая ўжо адзначаюць у Польшчы — з 1981 года, і Літве — з 2007 года. Насіць свае стужкі. Называць вуліцы імёнамі сваіх герояў, хоць бы Казіміра Нестара Сапегі ды Яцака Антонія Путкамера.
Калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 г. у Лявонпалі