Трагічны лёс рарытэтаў

У адпаведнасці з Рыжскай мірнай дамовай, савецкі бок абавязаўся вярнуць Польшчы гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія вывозіліся ў часы Расійскай імперыі. У верасні 1939 года частка гэтых скарбаў вярнулася ў СССР.



vistava_rariteta_atrimanih_z_sa_dep_starim_goradze_varshave_logo.jpg

Выстава рарытэтаў, атрыманых з СССР, у Старым горадзе ў Варшаве

Плата па «рыжскім рахунку»

У адпаведнасці з артыкулам ХІ Рыжскай мірнай дамовай ад 18 сакавіка 1921 года, Расія і Украіна павінны былі вярнуць Польшчы прадметы, вывезеныя расійскімі ўладамі з польскай тэрыторыі пачынаючы з 1 студзеня 1772 года.

Гаворка ішла пра ўсе вайсковыя трафеі (сцягі, харугвы, вайсковыя ўзнагароды, гарматы, палкавыя рэгаліі). Акрамя гэтага, вяртанню падлягалі бібліятэкі, архіўныя зборы, прадметы мастацтва. Паводле Рыжскай дамовы, не вярталіся ў Польшчу прадметы, звязаныя з беларускай і ўкраінскай культурай. У дамове таксама адзначалася, што рэчы, якія ўваходзілі ў склад калекцый (напрыклад, кнігазборы ці зборы рукапісаў) падлягалі абмену на эквівалентныя па каштоўнасці прадметы.

Для рэалізацыі прац па рэстытуцыі каштоўнасцяў з Савецкай Расіі ў Польшчу палякі стварылі адпаведную камісію. 7 кастрычніка 1921 года яе сябры на чале з Антоніем Альшэўскім пачалі працу ў Маскве. У складзе музейнай падкамісіі працавалі дырэктары музеяў у Львове і Кракаве Аляксандр Чалоўскі і Фелікс Капера. Бібліятэчнай справай займаліся Эдвард Кунцэ з Кракава, Стэфан Рыгель з Варшавы і Эдвард Хвалевік з Познані. З архівамі працаваў Вітальд Сухадольскі. Акрамя галоўнай сядзібы ў Маскве, камісія мела прадстаўніцтва ў Петраградзе, а таксама ў іншых гарадах Саўдэпіі.

Што ўдалося вярнуць

Да мая 1922 года ў Польшчу вярнуліся, між іншым, прадметы інтэр’еру Каралеўскага дварца ў Лазенках, вывезеныя з Варшавы падчас Першай сусветнай вайны, карціна «Бітва пад Грунвальдам» Яна Матэйкі, каля 40 іншых карцін і габеленаў (у тым ліку 15 з серыі «Патоп»), якія ў свой час упрыгожвалі кракаўскі Вавель, помнік князя Юзафа Панятоўскага, вывезены пасля Лістападаўскага паўстання 1831 года генералам Іванам Паскевічам у беларускі Гомель.

tureckaja_harugva_zdabitaja_janam__logo.jpg

Турэцкая харугва, здабытая Янам Сабескім у бітве пад Парканам, у 1832 годзе была канфіскавана царскімі ўладамі са збораў Варшаўскага таварыства сяброў навукі м захоўвалася ў Эрмітажы

Дарэчы, для таго, каб перавезці манумент у Польшчу, у горад над Сожам прыехала адмысловая польская камісія, якая сачыла за працамі па дэмантажу і транспарціроўцы «нацыянальнай рэліквіі». У тым жа 1922 годзе ў Польшчу вярнуўся 21 малюнак Варшавы пэндзля Бярнарда Канатэля.

zha_neri_germanskaj_arm_lja_pomn_ka_knjazju_panjato_skamu_gomel_1918_god_logo.jpg

Жаўнеры германскай армii ля помнiка князю Панятоўскаму ў Гомелi, 1918 год

 

Помнік князю Панятоўскаму ля прэзідэнцкага дварца ў Варшаве

Калі казаць пра архівы, то бальшавікі вярнулі палякам дакументы Таварыства ўзаемнага страхавання і губернскіх устаноў, больш за 7 тысяч рукапісаў з бібліятэкі Залускіх, а таксама вялікую колькасць кніг з бібліятэкі Варшаўскага ўніверсітэта. На Захад паехалі сеймавыя дыярыўшы, дакументы Тадэвуша Касцюшкі і Іаахіма Лялевеля.

Пічэта vs. Другая Рэч Паспалітая

Са старажытнымі дакументамі справа рэстытуцыі ішла не так лёгка, і тут сваё слова сказаў беларускі бок. У прыватнасці, адзін з кіраўнікоў Галоўнага ўпраўлення архіўнай справы Наркамасветы РСФСР Уладзімір Пічэта яшчэ на стадыі падрыхтоўкі мірнай дамовы з Польшчай адстойваў ідэю аб тым, што ў дакуменце трэба было пазначыць пра «вяртанне дакументаў, забраных з этнічна польскіх тэрыторый», да якіх, безумоўна, не адносілася Вялікае Княства Літоўскае.

Аднак Варшава імкнулася вярнуць не толькі «каронныя» дакументы, але і «Літоўскую метрыку», якая з канца ХІХ стагоддзя знаходзілася ў Маскве. У сакавіку 1922 года Уладзімір Іванавіч Пічэта, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, настойваў на тым, што дакументы ВКЛ з’яўляюцца важнейшымі крыніцамі па гісторыі беларускага народа і ўяўляюць сабой здабытак сусветнай культуры.

partret_karalja_stan_slava_a_gusta_panjato_skaga_logo.jpg

Партрэт караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага

Акрамя «беларускіх» архіваў, савецкі бок таксама адмовіўся аддаваць палякам валынскую частку «Кароннай метрыкі», якая датычылася этнічна ўкраінскіх тэрыторый. Не ўдалося палякам забраць некалькі тысяч польскіх рукапісаў з Публічнай бібліятэкі ў Петраградзе. У адной з размоў з польскімі дыпламатамі старшыня савецкай камісіі па кантролі за выкананнем умоў Рыжскага дагавора Пётр Войкаў адкрыта заявіў, што «тэхнічнае выкананне ўмовы па справе петраградскай бібліятэкі залежыць ад стабільнасці ў палітычных адносінах паміж Савецкай Расіяй і Польшчай».

gabelen_vjal_kaga_l_to_skaga_padskarb_ja_dzm_trija_haleckaga_zrobleni_dlja_jago_flamandsk_m_majstram_xvi_st__logo.jpg

Габелен вялiкага лiтоўскага падскарбiя Дзмiтрыя Халецкага, зроблены для яго фламандскiмi майстрамi, XVI ст.

Плашч Яна Сабескага і скарбы Нясвіжа

16 лістапада 1927 года ў Варшаве была падпісана генеральная дамова паміж Польшчай і СССР па справе вяртання «польскай» культурнай спадчыны, вывезенай царскімі ўладамі. Дзякуючы гэтай дамове ў Другую Рэч Паспалітую вярнуліся карціны Філіпса Вувермана, Жана Антуана Вато, Рэмбрандта, Барталамеа ван дэр Хельста. З «польскіх рэчаў» у Варшаву з Эрмітажу вярнуўся каранацыйны меч «Шчэрбец», меч і вялікая каронная харугва Жыгімонта ІІ Аўгуста, некалькі габеленаў з Вавеля, адзначэнні ордэну Святога Духа (у тым ліку, багата аздоблены золатам і выявамі бурбонскіх лілій плашч) і тумбачка, падараваныя польскаму каралю Яну ІІІ Сабескаму папам Інакенціем ХІ і каралём Францыі Людовікам ХІV Бурбонам за перамогу пад Венай. Таксама Польшча атрымала бібліятэку Браніцкіх і архіў уніяцкага мітрапаліта з Львова, вывезеныя ў 1914–1915 гадах рускімі войскамі.

plashch_karalja_jana_sabeskaga_padaravani_karalju_papaj_nakenc_jam_h__logo.jpg

Плашч караля Яна III Сабескага, падараваны каралю папам Iнакенцiем ХI

 

karanacijni_mech_stan_slava_a_gusta_panjato_skaga_vjarnuti_z_sssr_logo.jpg

Каранацыйны меч Станiслава Аўгуста Панятоўскага, вернуты з СССР

У 1928 годзе ў беларускі Нясвіж і ўкраінскую Алыку, дзе знаходзіліся буйнейшыя радзівілаўскія ардынацыі, з СССР вяртаецца частка рарытэтаў, якія належалі гэтай сям’і. Нарэшце, у 1929 годзе Польшча атрымлівае апошнія культурныя каштоўнасці з савецкіх музеяў, і на гэтым працэс рэстытуцыі скончыўся. Хутка ў Варшаве была арганізавана выстава некаторых найбольш цікавых прадметаў даўніны, якія ўдалося вярнуць з Саўдэпіі.

vjal_kaja_karonnaja_harugva_zhig_monta_a_gusta_u_1831_godze_generalam_pasvev_cham_vivezena_ras_ju_akazalasja_erm_tazhi_logo.jpg

Вялiкая каронная харугва Жыгiмонта II Аўгуста. У 1831 годзе генералам Паскевiчам вывезена ў Расiю i аказалася ў Эрмiтажы

Скарбы едуць на ўсход

Ужо ўвесну 1939 года ў Польшчы пачалі думаць пра магчымасці эвакуацыі культурных каштоўнасцяў. Першымі вывазу падлягалі адміністратыўныя, судовыя і вайсковыя архівы. Багатыя польскія шляхецкія роды самі арганізоўвалі эвакуацыю сваіх калекцый. Напрыклад, князь Аўгусцін Чартарыйскі загадаў вывезці 5 тысяч карцін (у тым ліку работ Дзюрэра) са сваёй рэзідэнцыі пад Познанню і Кракавам у рэзідэнцыю ў Сеняве, што знаходзілася на Поўначы. Яшчэ 28 скрыняў былі накіраваны ў падвалы дома Чартарыйскіх у Варшаве. Прадстаўнік знакамітага беларускага княжацкага роду, ураджэнец беларускага Парахоньска, князь Канстанцін Друцкі-Любецкі, перад выездам на фронт (у якасці палкоўніка князь камандаваў Віленскай брыгадай кавалерыі Войска Польскага), вымушаны быў схаваць калекцыю фамільнага срэбра.

staronka_z_asab_staj_spravi_knjazja_kastanc_na_druckaga_ljubeckaga_central_ni_vajskovi_arh_pol_shchi_logo.jpg

Старонка з асабістай справы князя Кастанціна Друцкага-Любецкага (Цэнтральны вайсковы архіў Польшчы)

Вялікая колькасць культурных артэфактаў з малых музеяў была накіравана ў Нацыянальны музей Варшавы. Ніхто нават падумаць не мог, што вайна вельмі хутка прыйдзе і сюды. А 17 верасня 1939 года «рыжскую мяжу» перайшлі часткі Чырвонай Арміі. Найбольш каштоўныя рарытэты ў Заходняй Беларусі бальшавікоў чакалі ў Нясвіжскім замку.

Кіраўнік БССР Панцеляймон Панамарэнка ў лісце да Сталіна пісаў: «У Нясвіжы я наведаў замак князёў Радзівілаў. Ён прадстаўляе вялікую гісторыка-культурную каштоўнасць, а калі казаць пра бібліятэку, то яна проста бясцэнная». Усё ў тым жа 1939 годзе ў Мінск з замку Радзівілаў было перавезена 154 карціны, у тым ліку працы Йоана Конрада Бланка, Йоана дэ Фулчы, Даніэля Шульца, Барталамея Стробля. 22 снежня 1939 года Савет народных камісараў БССР забараніў знішчэння шляхецкіх сядзіб, крадзеж польскіх архіваў, вываз каштоўных прадметаў без дазволу з Мінска».

Але на тэрыторыі Віленшчыны ў першыя месяцы савецкай улады былі знішчаны калекцыі жывапісу і іншых культурных рарытэтаў, якія належалі Аляксандру Хамінскаму, Казіміру Дзяконьскаму, Уладзіславу Карчэўскаму, Людвігу Мінэйку, Францішку Аскерку, сям’ям Солтанаў і Тышкевічаў. З Пінскай каталіцкай семінарыі на ўсход было вывезена 2 вагона рарытэтных кніг, у тым ліку прыжыццёвая выданне Вальтэра. Шмат з гэтых прадметаў у 1920-х гадах былі прывезены ў Польшчу менавіта з СССР.

mundz_ri_scjag_pol_skaga_vojska_h_h_st__logo.jpg

Мундзiры i сцягi польскага войска ХIХ ст.

Спрэчка наконт спраў рэстытуцыі паміж Варшавай і Масквой працягваецца да сённяшняга дня. У расійскіх музейных сховішчах знаходзіцца значная колькасць рарытэтаў, вывезеных з тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, а пазней і Польшчы. Датычыцца гэтая праблема і Беларусі, бо сляды шматлікіх артэфактаў часоў Вялікага Княства Літоўскага таксама губляюцца на ўсходзе. Безумоўна, лягчэй зрабіць копію і выставіць яе ў музеі. Аднак за сваё трэба змагацца, а таму пошукі страчаных у ХХ стагоддзі скарбаў беларускай нацыянальнай культуры трэба працягваць.