Тры самыя знакамітыя слуцкія скарбы: дзе іх знайшлі, колькі там было грошай і адкуль яны

Легенд і размоў пра знойдзеныя ў Слуцку скарбы да гэтага часу ходзіць нямала. Аднак калі абапірацца на навуковую літаратуру і афіцыйна зафіксаваныя ў дакументах знаходкі скарбаў, то за ўсю гісторыю іх было толькі тры, але ўсе яны ўражваюць сваёй унікальнасцю.

150626_klad.jpg

Фота з сайта mytravel.by

Выяўленне першых двух вядомых слуцкіх скарбаў адносіцца да дарэвалюцыйных часоў.


1. Талеры з каменнага склепу і ноблі з мухрамі (1887 год)


150627_taler.jpg

Іспанскія Нідэрланды. 1 талер 1630. PHIL IIII DG HISP ET INDIAR REX / 1663
Паводле энцыкла­педыі «Археалогія Беларусі», у 1887 годзе ў Слуцку ў каменным склепе знайшлі схаваны ў канцы XVII — пачатку XVIII стагоддзя скарб талераў. Гэта найбуйнейшая знаходка манет на тэрыторыі Беларусі — больш за 2000 адзінак.
Сярэбраныя манеты чаканіліся іспанскімі Нідэрландамі, Злучанымі правінцыямі (Галандыяй, Зеландыяй, Аверэйселам, Утрэхтам), Германскай імперыяй, Швейцарыяй.
Вядомы лёс 33 манет, сляды астатніх губляюцца. Дзе знаходзіўся ў Слуцку той каменны склеп і пры якіх абставінах быў знойдзены скарб, на жаль, нідзе не паведамляецца.

2. Скарб з 20 залатых манет, які схавалі ў XV стагоддзі (1902 год)



150626_noble_henry_iv.jpg

Тая ж энцыклапедыя гаворыць, што ў 1902 годзе ў Слуцку быў знойдзены ўнікальны скарб з 20 залатых манет, схаваны ў першай палове XV стагоддзя.
Археалагічнай камі­сіяй з Санкт-Пецярбургу былі вывучаны 4 манеты: два экзэмпляры ангельскіх ноблей Генрыха IV (1399-1413) і дзве адзінкі пераймання мухрам султана Дэлі Мухамеда ібн Таглука (1325 – 1351). Далейшы лёс скарбу, зноў жа, невядомы, як і абставіны яго выяўлення.
На абшарах інтэрнэту гуляе нідзе не пацверджаная легенда, што ў 1921 годзе случчанка пасвіла свінню і тая сваім рылам наткнулася на пасудзіну з зала­тымі манетамі. Магчыма, гэта і быў той самы скарб 1902 года з англійскімі ноблямі і індыйскімі мухрамі. А дата, як гэта бывае, па нечай памылцы зведала трансфармацыю.

Абедзве знаходкі могуць распавесці не толькі аб дабрабыце іх уладальнікаў, але і шырокіх гандлёвых сувязях старажытнага горада на Случы.


3. Сенсацыя з мэблевай фабрыкі (1990 год)



150626_klad.jpg

Слуцкі скарб 1990 года на выставе «Скарбы Беларусі»,  якая праходзіла ў Нацыянальным гістарычным музеі ў студзені 2013 года. Гэта знаходка ўвайшла ў 20-ку найбуйнейшых скарбаў Беларусі. Усяго на пачатку ХІХ стагоддзя на тэрыторыі краіны знойдзена каля 1500 скарбаў.  Фота з сайта mytravel.by
У кастрычніку 1990 года ў Дзяржаўны музей БССР (цяпер Нацыянальны гістарычны музей) паступіў скарб, знойдзены ў Слуцку летам 1990 года і які складаецца з 481 залатой манеты Расійскай імперыі ХIХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Заважыў той скарб на 3009,34 грамаў.
Абставіны знаходкі былі добра вядомыя жыхарам Слуцка. У артыкуле «Золата слуцкага скарбу: загадкі і гіпотэзы» іх апублікавала Юлія Латушкова, навуковы супрацоўнік аддзела спецыяльных гістарычных навук і інфармацыйна-аналітычнай працы Інстытута гісторыі НАН Беларусі.
У міліцэйскім пратаколе, які прыкладаўся да акту прыёму, было сказана: «2 чэрвеня 1990 г. у 12.00 у Слуцкі ГРАУС паступіла паведамленне па тэлефоне аб тым, што пры выкананні будаўнічых работ знойдзены скарб залатых манет.
На месцы было ўстаноўлена, што знойдзены чыгунок у кучы зямлі, якую 31.05.1990 г. прывезлі са Слуцкай мэблевай фабрыкі. У чыгунку знаходзіліся манеты жоўтага колеру ў колькасці 481 (чатырыста восемдзясят адна) манета.
Скарб быў добра­ахвотна выдадзены знаходчыкам у поўнай колькасці. Падчас агляду месца выяўлення скарбу больш манет не было знойдзена. Факту ўтойвання манет не ўстаноўлена».

150627_5ru1845g.jpg


Усе манеты былі выраблены з золата. Найбольш раннія — 5 рублёў 1845 года (2 адз.), найбольш познія — 10 рублёў 1911 года (89 адз.).
Скарб 1990 года здзіўляе не толькі памерамі, але і багаццем незвычайных манет. Толькі манет наміналам 7 рублёў 50 капеек было 30 адзінак, наміналам 15 рублёў — 15 экзэмпляраў. 

Так, толькі манет наміналам 7 рублёў 50 капеек у скарбе было 30 адзінак.

Так, толькі манет наміналам 7 рублёў 50 капеек у скарбе было 30 адзінак.


Шэсць версій з’яўлення скарбу


Юлія Латушкова прааналізавала магчымыя гістарычныя абставіны і выказала шэсць версій захавання:

  • Назапашванні прыватнай асобы, схаваныя ў перыяд з 1911 па 1921 год.
  • Грошы, атрыманыя крымінальным шляхам.
  • Грошы з касы прадпрыемства або канторы, утоеныя пры змене ўлады.
  • Казна Слуцкага паўстання.
  • Скарб кантрабандыста.
  • Скарб яўрэйскай абшчыны гета.

З усіх выкладзеных і старанна прааналіза­ваных версій, па мерка­ванні навуковага супрацоўніка, найбольш верагоднай уяўляецца апошняя: «Манеты са слуцкага скарбу 1990 года добрай захаванасці, калі не лічыць чорных палос — магчымых слядоў пажару; ці не таго пажару, які знішчыў слуцкае гета 8 лютага 1943 года? Пры прыняцці версіі скарбу яўрэйскага насельніцтва Слуцка становіцца вытлумачальнай каласальная сума манет — гэта назапашванне не аднаго чалавека, а абшчыны».

Неабходныя дапаўненні


З меркаваннем Юліі Латушковай можна пагадзіцца. Аўтар гэтага артыкула даўно займаўся вывучэннем гісторыі слуцкага гета і можа сцвярджаць, што зямля, вывезеная з тэрыторыі мэблевай фабрыкі, была ў памеж­най зоне з былым гета. На гэтым месцы знаходзілася даволі вялікая сажалка, па беразе якой ішла частка вуліцы Манахава (цяпер занятая мэблевай фабрыкай), дзе таксама размяшчаліся дамы слуцкіх яўрэяў.
Вядома, што акупа­цыйныя ўлады на чале з гебітскамісарам Генрыхам Карлам дазвалялі найбольш кваліфікаваным работнікам з ліку яўрэйскага насель­ніцтва пражываць тут — за межамі гета. Аднак гэта не выра­тавала адносна вольных вязняў ад жахлівага лютаўскага пагрому і пажару 1943 года.
Думаецца, што ў чытача не паўстане бляск у вачах ад пераліку слуцкага скарбу. Бо за ўсім гэтым стаіць перажытая случчанамі страшная трагедыя. Вязні гета, падвергнутыя пачварным ганенням, выкарыстоўвалі свае назапашванні для выжывання і адтэрміноўкі смяротнага прысуду, вынесенага ім фашысцкай сістэмай.
kurjer.info