У Мінску адбылася прэм’ера фільму “Цень манументу”
8 красавіка на пасяджэнні дыскусійнага кінаклубу “Невядомая Беларусь” адбылася прэм’ера дакументальна-публіцыстычнага фільму “Цень манументу”.
Дыскусійны кінаклуб
Гэтая 35-хвілінная беларускамоўная стужка створана айчыннымі аўтарамі: кінарэжысёрам Юрыем Стаюнічавым і сцэнарыстам Уладзімірам Халіпам па замове польскага тэлеканалу “Белсат”.
Сюжетнай лініяй стужкі, якая ўтрымлівае шмат афіцыйнай савецкай аптымістычнай кінахронікі, з’яўляецца дыялог людзей рознага веку і светапогляду — ветэрана Другой сусветнай вайны, палкоўніка ў адстаўцы Браніслава Карпіенкі і намесніцы старшыні міжнароднага маладзёвага грамадскага аб’яднання “Малады фронт” (Чэхія) Насты Палажанкі.
У стужцы яны вядуць размову наконт развянчання культу асобы Іосіфа Сталіна пасля XX з’езду КПСС і зносу на мінскай плошчы імя Сталіна (зараз — Кастрычніцкая) у 1961 годзе манументу правадыру савецкага народа і міжнароднага пралетарыяту. Прычым калі ветэран стаць на пазіцыі абаронцаў імя і справы Сталіна, дык дзяўчына адстойвае антытаталітарныя дэмакратычныя каштоўнасці. Аўтары фільму паказваюць, як цень манументу Сталіна да гэтай пары расколвае беларускае грамадства, значная частка каторага і сёння выспавядае камуністычныя каштоўнасці, ушаноўвае савецкіх правадыроў і дзеліць людзей па вядомых прынцыпах “свой-таварыш” і “чужы-вораг народу”, “хто не з уладаю — той супраць улады”.
Пасля прагляду стужкі адбылася дыскусія.
Даследчык гісторыі рэпрэсій савецкага таталітарнага рэжыму Ігар Кузняцоў звярнуў увагу на тое, што, на жаль, не адбыўся “Нюрнберг-2” — міжнародны трыбунал над сталінізмам, каторы з’яўляецца больш жорстай формай таталітарызму, чым германскі фашызм.
“Пад час Другой сусветнай вайны Гітлер знішчаў іншыя народы, Сталін у мірны час забіваў лепшых прадстаўнікоў народаў СССР. Так, з 1861 па 1907 гады ў Расійскай імперыі да смяротнага пакарання па палітычных матывах былі асуджаны больш за дзве тысячы чалавек, з каторых пакаралі смерцю ўсяго толькі 900 чалавек. А за дзве-тры ночы 1937 году ў знакамітай мінскай Амерыканцы расстрэльвалі нашмат болей бязвінных ахвяраў, чым ва ўсёй царскай Расіі за 46 год”, — сказаў Кузняцоў.
Паводле слоў навукоўцы, апытанні прадстаўнікоў моладзі сведчаць пра тое, што большасць юнакоў і дзяўчат не ведаюць пра злачынствы сталінізму, але лічаць, што Сталін выйграў вайну. “Матэрыяламі стужкі аўтары пераканаўча даказваюць іншае — народ атрымаў перамогу ў вайне, а Сталін прысабечыў перамогу”, — падкрэсліў Кхняцоў.