Вайна як неперажытая траўма

Якая калектыўная памяць пра вайну ў цяперашнім беларускім грамадстве?

0_64cfc_8d70e93f_orig.jpg


72-я гадавіна заканчэння Другой сусветнай вайны суправаджалася ўрачыстымі мерапрыемствамі і канцэртамі. Гэтым разам часткай урачыстасцяў стала шэсце памяці «Беларусь памятае». Аднак, якая калектыўная памяць пра вайну ў цяперашнім беларускім грамадстве? Мы памятаем пра партызан і рэйкавую вайну, пра мужнае змаганне беларускага народа, подзвіг Гастэлы ды кожнага трэцяга забітага. Памятаем пра перамогу і не хочам ведаць пра тое, што вайна – гэта траўма, неперажытая і непрапрацаваная.

Менавіта гэтая праблема стане галоўнай на апошнім у гэтым сезоне пасяджэнні «Клуба вуснага гісторыка».

Гісторык Аляксей Братачкін у сваім паведамленні закране тэарэтычныя аспекты траўмы, распавядзе пра розныя падыходы да яе вывучэння і прааналізуе працэс пераўтварэння вайны ў парадны фетыш уладнага дыскурсу. «У савецкую эпоху і пазней, падчас рэпрэзентацыі падзеяў Другой сусветнай вайны мы можам казаць часта менавіта аб разыгрыванні траўмы з пэўнымі палітычнымі мэтамі, больш, чым аб прапрацоўцы. Калі мы ўзнаўляем, разыгрываем траўматычную сітуацыю , то ўсяго толькі жывем у мінулым, мы яе не аналізуем, а проста ўяўляем яшчэ раз», — мяркуе даследчык.

Гісторык Ірына Кашталян у сваю чаргу звернецца да першых пасляваенных гадоў, калі мірнае жыццё па сваёй сутнасці заставалася цяжкім змаганнем. Жыхары акупаваных тэрыторый, якіх падазравалі ў супрацы з нацыстамі; знявечаныя вайной салдаты, якія «псавалі» вобраз магутнай краіны-пераможцы — ахвяры, пра якіх мала хто ўзгадвае. Даследчыца распавядзе пра псіхалагічныя і побытавыя цяжкасці, з якімі мусілі сутыкацца беларусы пасля вайны ды пра тое, ці знайшлося месца ў новым грамадстве для людзей, чыя біяграфія не адпавядала ідэалу змагароў з акупантамі. Пасляваенная штодзённасць была прадметам даследавання Ірыны Кашталян цягам некалькіх гадоў. Яна кажа, што ў тагачасным грамадстве ва ўмовах татальнага кантролю ўсё адно шмат у чым граў ролю чалавечы фактар: «Маглі назваць здраднікам толькі за тое, што ты жыў пад акупацыяй. Але ў той жа час знаходзіліся чыноўнікі, якія спрабавалі ўратаваць лёсы людзей».

Пасяджэнне адбудзецца ў 18.30 24 мая 2017 у Гістарычнай майстэрні (вул. Сухая, 25). Уваход вольны.  «Клуб вуснага гісторыка»