За чужы інтарэс: Беларусь у «Зімовай вайне»
Беларусы, як і нашыя продкі ліцвіны, былі ўдзельнікамі ўсіх еўрапейскіх і сусветных войнаў, браўшы ў іх удзел па розных прычынах і на розных баках. І калі пра саўдзел беларусаў-ліцвінаў у еўрапейскіх паўстаннях, рэвалюцыйных і вызвольных войнах ствараецца ў асноўным пазітыўны гістарычны дыскурс, спагадлівы і патрыятычны тон расповеду, то тэма ўдзелу нашых продкаў у войнах за чужыя інтарэсы заўсёды выклікае бурныя дыспуты, неадназначныя ацэнкі — чаканая рэакцыя ў нармалёвых даследчыцкіх умовах.
Але часцей, што і зрабілася тыповай мадэллю для айчыннай гістарыяграфіі, падобныя тэмы пераводзяцца ў фармат маўчання або замоўчвання. Асабліва такое стаўленне заўважна ў адносінах да абмеркавання ваенных канфліктаў ХХ стагоддзя, у якіх беларусы, на жаль, былі часцей менавіта закладнікамі, бязвольнымі або абкручанымі прапагандай саўдзельнікамі ўнутры штучнага канфлікту, чужой геапалітычнай гульні. І, як бачым, такую подлую тактыку спрабуюць прасунуць і ў ХХІ стагоддзі…
Сярод тых несправядлівых і захопніцкіх войнаў, у якіх беларусам давялося ўдзельнічаць, была і «Зімовая», або, як яе больш прынята называць, савецка-фінская вайна. Гэты бясслаўны ваенны канфлікт паміж сталінскім СССР і Фінляндыяй — якраз адна з самых нелюбімых тэмаў савецкай і постсавецкай гістарыяграфіі. І па сёння не вядомы больш-менш абгрунтаваныя лічбы страт, якія панесла менавіта толькі БССР у тым канфлікце, асобна ад агульнай колькасці загінулых, зніклых і параненых савецкіх жаўнераў... За тры дзясяткі гадоў існавання Рэспублікі Беларусь непрыемнай тэме саўдзелу грамадзян і жыхароў БССР у несправядлівай і захопніцкай вайне прысвечана ўсяго адна (!) кніга ды некалькі артыкулаў…
Кароткі гістарычны экскурс
Яшчэ ў 1917 г., адной з першых, хто атрымаў свабоду ад былой Расійскай імперыі, была Фінляндыя. Урад бальшавікоў, лоўка выкарыстаўшы ўласны лозунг «права народаў на самавызначэнне», падпісаў 18 (31) снежня 1917 г. акт аб прызнанні дзяржаўнай незалежнасці Рэспублікі Суомі, адсекшы на паўночным кірунку пагрозу інтэрвенцыі ў Савецкую Расію праз фінскія абшары.
Але ці напраўду хацеў ленінскі, а тым больш — сталінскі ўрад той незалежнай Фінляндыі? Як расправіліся бальшавікі з БНР, так знішчылі яны ўрэшце нацыянальныя дэмакратычныя ўрады Грузіі і Арменіі, Азербайджана і Украіны, уварваліся ў складаны нацыядзяржаватворчы працэс народаў Каўказу і Сярэдняй Азіі… Ужо перад 1918 г. стала зразумелым, што бальшавіцкія заявы пра дапамогу «брацкім» народам суседніх дзяржаваў у барацьбе з «класавым ворагам» і капіталістычнай мадэллю адносін, ленінская максіма аб «распаленні пажару міжнароднай сацыялістычнай рэвалюцыі» хаваюць пад сабою звычайную знешнепалітычную агрэсіўную ваенную дактрыну, а гэта, адпаведна, будзе мець наступствы і для маладой фінскай дзяржавы.
Першыя выпрабаванні
Сацыял-дэмакратычны ўрад Фінляндыі меў усю паўнату ўлады над краінай, але не меў магчымасці яе ажыццявіць — ні арміі, ні грошай, ні зброі, ні замежнай дапамогі. Затое фінскія бальшавікі, якія цалкам вызвалілі сябе ад усялякай адказнасці перад сваім народам і краінай, лёгка знаходзілі агульную мову з расійскімі жаўнерамі, і зброя для іх не была праблемай. Ужо да канца студзеня 1918 г. колькасць фінскай Чырвонай арміі, якая кантралявала поўдзень краіны, вырасла да 30 тыс. чалавек. У разгар вайны ў яе шэрагах ваявала 80 тыс. з 3 млн жыхароў краіны, пераважна працоўныя або сяляне.
Актыўнасць фінскага ўрада, саюз з Германіяй, а потым — і з Брытанскай імперыяй, падтрымка суседніх урадаў (напрыклад, Эстоніі), талент Карла Манэргейма як вайсковага стратэга і палітыка, нарэшце падпісанне бальшавікамі Брэсцкага міру і пераход вайны ў 1919-1920 гг. у фазу контрнаступу — усе гэтыя фактары дазволілі маладой Фінляндыі ў найкарацейшыя тэрміны скончыць разбуральную грамадзянскую вайну на сваёй зямлі.
Напярэдадні новых выпрабаванняў
Шмат гадоў краіна жыла ўспамінамі аб вайне. Правыя адмаўляліся лічыць яе грамадзянскай і называлі Вызваленчай, левыя ўспаміналі пра жорсткасць пераможцаў. Аб'ектыўна падыходзячы да ацэнкі падзеяў, трэба адзначыць, што абодва бакі выкарыстоўвалі масавыя расстрэлы, але па выніку пераможцы нашмат пераўзышлі сваіх ворагаў па колькасці ахвяраў: пасля вайны палонных «чырвоных» фінаў, якія не паспелі збегчы ў савецкую Карэлію, сагналі ў канцлагеры, дзе больш за 12 тыс. з іх памерлі ад голаду і хвароб. Больш за 40 тыс. амніставалі ў 1919-1920 гг.
Падаўленне ў 1932 г. прэзідэнтам Свінхувудам спробы путчу ультраправымі сіламі дапамагло фінскай дэмакратыі адужаць. Урад сацыял-дэмакратаў і аграрыяў здолеў, з аднаго боку, задаволіць шэраг сацыяльных патрабаванняў грамадства, а з іншага — знішчыў страхі правых, што левацэнтрысты могуць супрацоўнічаць з СССР. Фактычна, урад выканаў тэзіс лідара сацыял-дэмакратаў Вяйнё Таннера, выказаны ім падчас гарачай спрэчкі з Манэргеймам, кіраўніком Савета абароны ў 1930-х, аб узроўні выдаткаў на абарону: «Перш чым марнаваць велізарныя грошы на абарону, трэба стварыць для людзей такі ўзровень жыцця, які яны захочуць абараняць».
У адрозненне ад іншых маладых краін, якія ўтварыліся пасля Першай сусветнай вайны на абломках імперый, Фінляндыя падышла да Другой сусветнай вайны з трывалай палітычнай сістэмай, якая вытрымала цяжкія выпрабаванні і ў якой як ультраправыя, так і ультралевыя палітыкі былі фактычна аўтсайдарамі.
Распрацоўка плана і наступствы «Зімовай вайны»
У СССР на момант распаду было 15 саюзных рэспублік, але да 1956 г. іх было 16 — гэтай шаснаццатай была забытая сёння Карэла-Фінская ССР са сталіцай у Петразаводску. У наш час модна выкарыстоўваць такія азначэнні, як «гібрыдная вайна», але і 80 гадоў таму тыя ж тэхналогіі, хіба што без інтэрнэту і масавай тэлевізіі, але пры падтрымцы радыё і газет, таксама эфектыўна апрацоўвалі чалавечы розум. Сэнс у тым, што стварэнне марыянеткавай рэспублікі на межах з Фінляндыяй было зроблена па падобнаму плану, што і «прыяднанне Заходняй Беларусі» да БССР. То-бок, разлік быў такі, што як толькі РСЧА ўвойдзе ў Фінляндыю, адразу адбудзецца «аб'яднанне брацкіх народаў». Аднак, як мы ведаем, «штосьці пайшло не так»…
Драматычны і павучальны лёс таксама фінскіх камуністаў, якія спрабавалі кіраваць падполлем з тэрыторыі СССР напярэдадні вайны: яны былі пераважна знішчаны падчас сталінскіх чыстак. У 1935 г. кампанія супраць «фінскіх нацыяналістаў» у савецкай Карэліі прывяла да арышту кіраўніка ўрада рэспублікі Эдварда Гюлінга, які быў начальнікам штаба фінскай Чырвонай гвардыі ў 1918 г., і кіраўніка карэльскіх камуністаў Густава Ровіа — абодвух расстралялі ў 1938 г. Былы галоўнакамандуючы фінскай Чырвонай гвардыі Ээра Хаапалайнен быў арыштаваны за «трацкізм» і расстраляны ў 1938 г. Кіраўнік камуністычнага ўрада Фінляндыі ў 1918 г. і лідар фінскіх камуністаў у 1920-1934 гг. Кулерва Маннер у 1935 г. быў адпраўлены ў лагеры, дзе памёр ад хвароб.
Нават Ота Куўсінэн, якога савецкае кіраўніцтва паставіла на чале фэйкавай «Фінляндскай дэмакратычнай рэспублікі», у пачатку Зімовай вайны заўсёды меў сабраную торбу на выпадак затрымання. Яго сына адправілі ў лагеры і вызвалілі за дзень да пачатку савецка-фінскай вайны, а жонка гадамі была ў лагерах.
Па ацэнках фінскіх гісторыкаў, пад сталінскі рэпрэсіўны каток трапіла каля 20 тыс. фінаў і карэлаў, сотні актывістаў Кампартыі. Так былі падарваныя магчымасці СССР уплываць на палітычную сітуацыю ў Фінляндыі.
Вайна паміж СССР і Фінляндыяй пачалася пасля Майнільскага інцыдэнту 26 лістапада — артылерыйскага абстрэлу прымежнай савецкай вёскі, у выніку якога загінулі, па сцвярджэннях Масквы, чацвёра савецкіх вайскоўцаў. СССР абвінаваціў у абстрэле фінаў. Грамадскасць Фінляндыі і заходніх дзяржаў у савецкую версію падзей не паверыла, бо некалькі месяцаў у Маскве беспаспяхова патрабавалі ад Хельсінкі перагляду мяжы, тэрытарыяльных саступак і стварэння савецкіх баз на фінскай тэрыторыі.
Паколькі, як было заўважана вышэй, Фінляндыя ў вайну ўвайшла маналітнай краінай, то сталінскаму кіраўніцтву давялося яшчэ падстрахавацца. Неўзабаве пасля нападу на Фінляндыю СССР падпісала «Дагавор аб узаемадапамозе і супрацоўніцтве» з марыянеткавай, нечым падобнай на сённяшнія «рэспублікі Наваросіі», Фінляндскай дэмакратычнай рэспублікай на чале з Ота Куўсіненам.
Аб «ФДР» жартавалі як аб рэспубліцы, створанай на кватэры Куўсінена. Урад Куўсінена стаў аб'ектам кпінаў не толькі ў Фінляндыі, але і сярод некаторых савецкіх грамадзян, пра што, зразумела, дакладалася ў НКВД.Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што аб доўга планаваным нападзе на Фінляндыю сведчаць і словы песні «Принимай нас, Суоми-красавица», з якой савецкія войскі ішлі захопліваць краіну — у тэксце гаворыцца пра паспяховы наступ, праўда, ва ўмовах восені, а не ўзімку.
Добра вядома, што цяжкай перашкодай для савецкіх войскаў стала лінія Манэргейма — абарончыя ўмацаванні на Карэльскім пярэсмыку, якія павінны былі абараніць Паўднёвую Фінляндыю ад савецкага ўварвання. Сёння многія гісторыкі згаджаюцца, што падчас вайны савецкае камандаванне перабольшвала яе моц, каб апраўдаць вялікія страты на фронце, а фінскае, адпаведна, рабіла гэта для захавання веры камбатантаў у перамогу.
Больш за 11 тыс. добраахвотнікаў з іншых краін прыбылі ў Фінляндыю падчас вайны. Больш за 8 тыс. са Швецыі, некалькі сотняў добраахвотнікаў прыбылі з Нарвегіі, Даніі і ЗША.
У фінскім войску загінула больш за 26 тыс. вайскоўцаў, і тысяча патрапіла ў палон, 43 тыс. былі параненыя. Савецкая армія страціла сама меней больш за 126 тыс. забітымі, памерлымі ад ран і зніклымі, 264 тыс. атрымалі раненні. Многія гісторыкі лічаць савецкія страты істотна прыніжанымі.
Зімовую вайну фінскія гісторыкі лічаць момантам найбольшага нацыянальнага адзінства — бо ў баях з Чырвоным войскам плячом да пляча незалежнасць краіны адстойвалі былыя ўдзельнікі абодвух лагераў грамадзянскай вайны 1918 г. і іх сваякі. Барбарскія бамбардзіроўкі фінскіх гарадоў савецкай авіяцыяй, у выніку якіх загінулі сотні мірных жыхароў, і захопніцкія патрабаванні СССР дакладна вызначылі для фінаў і большасці краін свету гэтую вайну як справядлівую абарону ад агрэсара.
БССР у чужой вайне
Вось якія пафасныя лічбы сёння малюе постсавецкі афіцыёз Беларусі: за ўдзел у савецка-фінскай вайне званне Героя Савецкага Саюза было прысвоена 20 беларусам; сярод партызан і падпольшчыкаў БССР, атрымаўшых Героя Савецкага Саюза за ўдзел у партызанскім руху і падполлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, 9 чалавек удзельнічалі і ў фінляндскай кампаніі.
Аднак натрэніраванаму воку нябачна гэткая ідэалагічная эквілібрыстыка: штучны вынас «вялікай айчыннай» (як і савецкі напад на Фінляндыю) за рамы Другой сусветнай вайны стварае адчуванне паралельнага сусвету, не звязанага з сапраўднымі імёнамі агрэсараў і ахвяраў гэтай вайны. Гэтаксама выглядае і спіс «герояў-беларусаў»: калі ўважліва прасачыць іхную біяграфію, з Беларуссю іх звязвае хіба што месца нараджэння або факт пражывання на гэтай тэрыторыі — для тых, хто прымаў цалкам мадэль савецкай дзяржавы і грамадства, формула нацыянальнасці ўжо не мела ніякага значэння.
Вось яшчэ адзін прыклад падыходу да паднятай тэмы на афіцыйным узроўні. Выданне «Краснознаменный Белорусский военный округ» (Мінск: «Беларусь», 1973), пакладзенае, сярод іншых, у падмурак летапісу гісторыі Узброеных сілаў сучаснай Беларусі, пра ўдзел у «Зімовай вайне» вайсковых частак з БССР, акром некалькіх мутных абзацаў, фактычна нічога не распавядае. І гэта нават не «перапісванне», а сапраўднае закрэсліванне ваеннай гісторыі. Напрыклад, выкінуты некалькі старонак з летапісу 100-й (1-й гвардзейскай з верасня 1941 г.) стралковай дывізіі, якія адносяцца да фінскай вайны. Напярэдадні падзей 1941 г. 100-я стралковая дывізія (камандзір генерал-маёр І. М. Русіянаў) дыслакавалася ў раёне Мінска. У перыяд з 26 па 30 чэрвеня 1941 г. яна вызначылася ў абарончых баях пад горадам. Аднак трэба ведаць, што з 16 снежня 1939 па 13 сакавіка 1940 гг. 100-я дывізія ўдзельнічала і ў савецка-фінскай вайне, брала штурмам лінію Манэргейма. Указам Прэзідыума ВС СССР ад 21 сакавіка 1940 г. за ўзорнае выкананне баявых заданняў і праяўленыя пры гэтым доблесць і мужнасць 100-я стралковая дывізія была адзначана вышэйшай узнагародай — ордэнам Леніна…
Для савецкай краіны, безумоўна, заўсёды важнымі былі толькі спісы герояў, але ў асэнсаванні ролі і значэння той вайны галоўнае на сёння не гэтыя гучныя лічбы, а жыцці і лёсы тых, хто з яе не вярнуўся і, што яшчэ драматычней, — лёсы тых, хто вярнуўся і трапіў у новыя жахлівыя ўмовы…
Ідэалагічная савецкая машына добра апрацоўвала насельнікаў «самай шчаслівай краіны свету». Адна са зводак ваеннага аддзела ЦК КП(б)Б паведамляла: «У раённыя і гарадскія ваенкаматы ад патрыётаў сацыялістычнай Радзімы пададзена звыш 4 тысяч заяў з просьбай аб залічэнні ў шэрагі РСЧА і пасылцы на фінляндскі фронт. Іх просьба задаволена: даслана 4190 чалавек».
На імя кіраўніцтва рэспублікі камандаванне акругі 7 студзеня 1940 г. накіравала ліст з просьбай арганізаваць вярбоўку добраахвотнікаў у лыжныя батальёны са спісам неабходнай колькасці па абласцях (напрыклад, Магілёўская вобласць — 300 чалавек). Так, у Оршы добраахвотнікі-беларусы ўвайшлі ў лыжныя батальёны №102 і №103 (па 750 чалавек у кожным) і былі накіраваныя ў 9-ю армію.
Каля 8640 чалавек з асабістага складу памежных войскаў НКВД УССР і НКВД БССР, сфармаваных у 12 батальёнаў, было перакінута на савецка-фінскую мяжу. Апроч памежных батальёнаў, фармаваліся і падраздзяленні прасавецкай Працоўна-сялянскай фінскай арміі, у тым ліку і з беларусаў. Нават гуляла прымаўка, што «менскія фіны ідуць гінуць на фінскія міны». Але ж корпус Фінскай народнай арміі ў ваенных дзеяннях удзелу так і не прыняў.
Аднак у рэчаіснасці нібыта такая далёкая вайна адбівалася і на эканоміцы БССР — напрыклад, забеспячэнне прадуктамі харчавання, рэзка пагоршылася. Пад уплывам складанага становішча на фронце агiтпроп падрабязна паведамляў пра грунтоўныя ўмацаванні на тэрыторыі Фінляндыі i асабліва пра «злачынствы белафiнаў». Яскравым прыкладам гэткай савецкай прапаганды можна лічыць «ліст з фронту», які надрукавала 28 студзеня 1940 г. шматтыражка «Кировец». Аўтар расказваў сваім былым калегам — рабочым мінскага станкабудаўнічага завода імя Кiрава — пра «вераломных белафiнаў», што дзейнічаюць супраць чырвонаармейцаў «з-за вугла» i карыстаюцца тактыкай «выпаленай зямлі».
У БССР «Зімовая вайна» выклікала шырокі рэзананс як у гарадах, так i на вёсцы. Упраўленне НКУС па Мінскай вобласці, у прыватнасці, паведамляла аб «контррэвалюцыйных элементах», што абураліся пагаршэннем эканамічнага становішча ў час вайны, насцярожана ставіліся да савецкіх паведамленняў аб сітуацыі на фронце або давалі волю сваім антысеміцкім пачуццям, ускладаючы адказнасць за вайну на «бальшавіцкіх жыдоў». Зусім не жадаючы таго, агiтпроп абудзiў у пэўных па-антысавецку настроеных жыхароў БССР надзею на тое, што «белафіны» разам з Англіяй, Францыяй ды іншымі ворагамі СССР сапраўды перамогуць бальшавікоў. Iх спадзяванні на «вызваленне» звонку не зніклі i пасля заключэння мірнага дагавора паміж Савецкім Саюзам i Фінляндыяй. Яны паважліва ставіліся да Фінляндыі, якая аказала супрацiўленне савецкай агрэсii, а некаторыя яшчэ нават у другой палове сакавіка 1940 г. верылі, што фіны перамаглi ў гэтай вайне.
Надалей працiўнiкi бальшавізму разлічвалі галоўным чынам на гітлераўскую Нямеччыну, якая, на іх думку, у савецка-фiнскай вайне дапамагла СССР перамагчы Фінляндыю, а ў будучай вялікай вайне, улічваючы прадэманстраваную ў канфлікце на поўначы слабасць i непадрыхтаванасць «непераможнай» Чырвонай армii, зробіць з савецкай уладай тое, чаго не наканавана было зрабіць «белафiнам».
Запланаваная крамлёўскімі стратэгамі маленькая хуткая вайна ператварылася ўва крывавую бойню i падарвала прапагандысцкі міф аб «непераможнасці» Чырвонай армii. Бальшавіцкі агiтпроп імкнуўся давесці савецкаму насельніцтву, што СССР не вядзе барацьбы з фінскімі працоўнымі, а наадварот, «вызваляе» апошніх ад прыгнёту «антынароднага буржуазнага ўрада».
Вынік ад гэтай дзейнасці — саўдзел у «Зімовай вайне» тысяч арганізаваных беларускіх добраахвотнікаў, з'яўленне ў БССР двух дзясяткаў афіцыйных Герояў СССР. І, па некаторых вельмі прыблізных падліках, — да 10 тыс. забітых або зніклых нашых суайчыннікаў…
З процілеглага боку ёсць іншы, замоўчаны, але паказальны факт: аніводная рота рэгулярнага фінскага войска (паліцыі) не ўдзельнічала ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны.
Сёння, у адрозненне ад мінулых пакаленняў, ва ўмовах інфарматызаванага грамадства, мы маем вялікія магчымасці, каб пераасэнсаваць мінулае, процістаяць ілжывай прапагандзе, мілітарызацыі грамадскай думкі, бяздумнаму саўдзелу ў вайсковых канфліктах і актах агрэсіі. «Зімовая вайна» — гэта адзін з гістарычных напамінаў нам, сучасным беларусам, якім коштам аплачваецца саўдзел у войнах за чужыя інтарэсы…
І апошняе. Пытанне, якое пакуль выглядае рытарычным: ці дачакаемся мы такога моманту, калі падчас чарговых угодкаў пачатку Другой сусветнай вайны (менавіта сусветнай, а не штучнай «вялікай айчыннай»!) афіцыйныя асобы нашай рэспублікі звернуцца са словамі прабачэння да таго ж фінскага боку?
Асноўныя крыніцы ілюстрацыйнага матэрыялу — Wikipedia, GettyImages.