Заходняя Беларусь: сакавіцкая мабілізацыя

75 гадоў таму амбасадар Польшчы ў Берліне Юзаф Ліпскі атрымаў з рук Рыбентропа спіс патрабаванняў Трэцяга Рэйху да Польшчы. Польшча павінна адмовіцца ад «паморскага калідора» і пагадзіцца на нямецкую акупацыю Гданьска. Стала ясна — гэта вайна.



zha_neri_vojska_pol_skaga_kanec_1930_h_gado_.jpg

Жаўнеры Войска Польскага, канец 1930-х гадоў

Хто будзе ваяваць?

23 сакавіка Варшава пачала ўтоеную мабілізацыю. У гэты перыяд у шыхты польскай арміі з рэзерву была паклікана вялікая колькасць беларусаў, жыхароў заходнебеларускіх ваяводстваў ІІ Рэчы Паспалітай.

Генеральны інспектар Войска Польскага маршал Эдвард Рыдз-Сміглы выдаў загад аб фармаванні ў Заходняй Польшчы армій і аператыўных груп: «Нараў», «Модлін», «Памор’е», «Познань», «Лодзь», «Кракаў», «Прусы». Для папаўнення гэтых вайсковых груповак меркавалася ажыццявіць перакідку армейскіх падраздзяленняў з усходніх ускраін. «Сакавіцкая» мабілізацыя тычылася, перш за ўсё, падраздзяленняў 9-й (DOK IX) карпусной акругі, у якую ўваходзілі 9-я, 20-я, 30-я пяхотныя дывізій, Навагрудская кавалерыйская брыгада, а таксама 9-ы полк цяжкай артылерыі.

m_n_str_zamezhnih_spra_rechi_paspal_taj_juzaf_bek.jpg

Міністр замежных спраў ІІ Рэчы Паспалітай Юзаф Бек

Мабілізацыя праводзілася з дапамогай рассылкі імянных позваў. Пасля атрымання «karty powołania» рэзервіст быў абавязаны як мага хутчэй з’явіцца ў полк, да якога быў прыпісаны. Затым прыбыўшых падзялялі на групы, у адпаведнасці з іх вайскова-ўліковай спецыяльнасцю.

Сярод тых, хто ў сакавіку 1939-га атрымаў мабілізацыйную позву, быў падпаручнік рэзерву Баляслаў Асціхоўскі з мястэчка Пагост-Загародскі, Пінскага павета. Вось як ён апісваў мабілізацыйныя мерапрыемствы: «На пачатку 1937 года я пачаў працаваць настаўнікам. Мяне паважала школьнае кіраўніцтва і мясцовая грамадскасць. У мястэчку жылі ў асноўным палешукі і габрэі. У дзяржаўных установах працавалі прыезджыя, якіх мясцовыя называлі «ляхамі» і ляшкамі», гандаль быў у руках габрэяў, а беларусы ў асноўным займаліся наёмнай працай. У гміне было шмат маёнткаў, якія належалі Скірмунтам, Корсакам, Ордам ды іншым. У народа была нават такая прымаўка: «Co gruńcik, to Skirmuńcik, co krzaczek, to Korsaczek, co morda to Orda».

padparuchn_k_rezervu_balesla_asc_ho_sk_.jpg

Падпаручнік рэзерву Баляслаў Асціхоўскі

23 сакавіка было шмат працы ў школе. Падчас абеду да мяне прыйшоў начальнік пошты і ўручыў мабілізацыйную позву. Узяўшы афіцэрскі мундзір, які вісеў у шафе, я апрануўся і выйшаў на вуліцу. Дачка радасна бегала каля мяне і крычала, што едзе з татам на вайну. У мяне не было вайсковага шынялю, таму на мундзір прыйшлося апрануць футра. Так і паехаў. Ва ўсіх мястэчках панавала ажыўленне. Людзі развітваліся, былі чутны сумныя беларускія песні. На вакзале ў Парахонску было шмат людзей. Сюды прыехаў спецыяльны цягнік з Лунінца, для таго, каб забраць усіх мабілізаваных жыхароў Палесся і адвезці іх у Пінск . [ ...] Настрой у людзей быў бадзёры.

У Пінску адвёз дачку да маці і адправіўся да казарм 84-га пяхотнага палка. Там атрымаў накіраванне ў другую кулямётную роту. Як аказалася, я быў адным з першых афіцэраў рэзерву, якія прыбылі ў размяшчэнне палка. Неўзабаве мне выдалі каску, процігаз, пісталет «VIS» і, нарэшце, шынель. Напісаў развітальны ліст жонцы і папрасіў беларуса, у якога размяшчаўся наш узвод, перадаць пасланне разам з футрам жонцы. 25 сакавіка наш транспарт праз Кобрын, Жабінку, Брэст паехаў на захад».

Беларускія абаронцы польскай айчыны

У большасці польскіх справаздач аб правядзенні «сакавіцкай мабілізацыі» падкрэсліваецца, што значная колькасць рэзервістаў, якія прыбылі ў размяшчэнне частак, былі выхадцамі з Заходняй Беларусі. Да таго ж гэтыя людзі былі настроеныя вельмі патрыятычна. У адной са справаздач 30-й пяхотнай дывізіі адзначалася: «24 сакавіка з самай раніцы назіраўся масавы наплыў рэзервістаў. Цягнікі былі перапоўненыя людзьмі з позвамі. Рэзервісты ехалі нават на дахах вагонаў. Усе гэтыя людзі былі выхадцамі з усходніх ваяводстваў».

pol_sk_ja_vajsko_ci_bresce.jpg

Польскія вайскоўцы ў Брэсце

У дакументах 12-й стралковай роты 84-га пяхотнага палка адзначалася, што ў яе асабістым складзе былі ў асноўным палешукі (беларусы — І.М.) і палякі, прычым першыя дамінавалі. Са справаздач афіцэраў 20-й пяхотнай дывізіі Войска Польскага, якая ў сакавіку 1939 года таксама знаходзілася ў стадыі мабілізацыі, вынікае, што беларусы масава прыходзілі на прызыўныя пункты і заяўлялі пра сваё жаданне абараняць радзіму ў вайне з Германіяй.

zhihari_zahodnjaj_belarus_vjasna_1939_goda.jpg

Жыхары Заходняй Беларусі, вясна 1939 года

У некаторых мясцовасцях Пінскага павета мабілізацыйныя позвы былі ўручаны толькі грамадзянам каталіцкага веравызнання. Гэты факт выклікаў хвалю абурэння ў праваслаўных жыхароў павета, якія патрабавалі, каб у войска запісвалі не толькі «палякаў», але і праваслаўных беларусаў, бо яны таксама хочуць «змагацца супраць Гітлера».

 

Гладка было на паперы

Нягледзячы на знешне спакойны парадак правядзення мабілізацыі, не абышлося і без праблем. Мясцовае насельніцтва супраціўлялася рэквізіцыі гужавога транспарту і коней. У дзённіку падпаручніка 84-га пяхотнага палка Караля Шуберта адзначалася: «Для сялян была сапраўдная трагедыя, калі мы прыходзілі, каб забраць коней. Жанчыны плакалі, крычалі па-беларуску: «Не бяры яго!». На Слонімшчыне некаторыя сяляне хаваліся ў лясах разам са сваімі коньмі і фурманкамі. Такія ж з’явы назіраліся ў Дзісненскім і Вілейскім паветах. Сітуацыя нармалізавалася, калі польскія вайсковыя ўлады сталі расплачвацца з сялянамі за коней і падводы наяўнымі грошамі.

pol_sk_ja_zha_neri_sustrakajucca_z_m_rnim_nasel_n_ctvam.jpg

Польскія жаўнеры сустракаюцца з мірным насельніцтвам

Была праблема з абмундзіраваннем. Напрыклад, рэзервісты, якія прыбылі на зборны пункт 20-й пяхотнай дывізіі, вымушаныя былі доўга чакаць, пакуль іх пераапрануць і выдадуць рыштунак. Падобныя сітуацыя была і ў 30-й пяхотнай дывізіі, дзе частка ўніформы, выдадзенай рэзервістам, была старой і паношанай. Афіцэрам часта даводзілася хадзіць па размяшчэнні часткі ў цывільных паліто і футрах. Не хапала транспарту для перавозкі, рыштунку, зброі і боепрыпасаў.

Аднак, нягледзячы на ўсе гэтыя складанасці, польскаму вайсковаму кіраўніцтву ўдалося паспяхова завяршыць мабілізацыйныя мерапрыемствы. Да канца сакавіка папоўненыя навабранцамі часткі з усходу прыбылі да месца новага прызначэння. На месцах былой дыслакацыі гэтых падраздзяленняў былі створаны мабілізацыйныя цэнтры, якія павінны былі фарміраваць рэзервы.

У адпаведнасці з загадам камандуючага карпусной акругі DOK IX брыгаднага генерала Францішка Клееберга ад 29 сакавіка 1939 года, на тэрыторыі гарнізонаў вайсковыя ўлады павінны былі арганізаваць заняткі па падрыхтоўцы навабранцаў. Акрамя гэтага, 1 красавіка міністр вайсковых спраў выдаў загад, у якім акрэсліваліся асаблівасці арганізацыі мабілізацыйна-падрыхтоўчых цэнтраў у Баранавічах, Слоніме, Брэсце, Кобрыне, Пінску, Лунінцы.

pol_sk_ja_artileristi.jpg

Польскія артылерысты

pol_sk_ja_zha_neri_ceshinskaj_s_lez_1938_god.jpg

Польскія жаўнеры ў Цешынскай Сілезіі, 1938 год

Нягледзячы на пачуццё надыходзячай вайны, беларускае насельніцтва, у сваёй большасці, спакойна сустрэла польскія прыгатаванні да вайны. «На тэрыторыі Навагрудчыны, асабліва ў Навагрудскім павеце адзначаецца значнае аслабленне дзейнасці беларускага нацыяналістычнага руху. Дзейнасць супраць дзяржавы амаль спынілася і адзначаецца прыхільнае стаўленне беларускага насельніцтва да рашэнняў польскага ўрада. Насельніцтва Палесся, якое ў справе Заользя прадэманстравала варожае стаўленне да Польшчы, спадзяючыся на хуткую польска-савецкую вайну, сёння змяніла свае погляды і выступае за абарону польскай дзяржавы ў магчымым канфлікце з Германіяй», — адзначалася 28 красавіка 1939 года ў штотыднёвым данясенні камандавання ІХ карпусной акругі (Брэст) да Міністра вайсковых спраў.

saperi_vojska_pol_skaga_zahodnjaja_belarus_.jpg

Саперы Войска Польскага, Заходняя Беларусь

Баявое хрышчэнне

9-я пяхотная дывізія, да сакавіка 1939 года дыслакаваная ў Седльцах, была ўключана ў склад арміі «Памор’е». У першыя дні вайны яна гераічна абараняла так званы «паморскі калідор». Падраздзяленні 20-й «крапасной» дывізіі з Баранавічаў, якія першапачаткова меркавалася выкарыстаць для нясення службы на пазіцыях Баранавіцкага ўмацаванага ўчастку, былі перакінутыя ў раён мяжы з Усходняй Прусіяй. Жаўнеры гэтага вайсковага злучэння з першых дзён Другой сусветнай змагаліся ў ДАКах пад горадам Млава і не далі немцам адразу прарвацца да Варшавы. Мужнасцю палешукоў захапляліся як палякі, так і немцы. Нарэшце, 30-я палеская дывізія ўвайшла ў склад арміі «Лодзь» і абараняла пазіцыі на рэках Варта і Вісла, а таксама ўдзельнічала ў абароне крэпасці Модлін.

belarusk_ja_zha_neri_30_palka_ljogkaj_artileri_z_p_nska_30_ja_div_z_ja_.jpg

Беларускія жаўнеры 30 палка лёгкай артылерыі з Пінска (30-я дывізія)

 

Вераснёўская кампанія 1939 стала складаным іспытам для шматнацыянальнага польскага войска. Нягледзячы на ўсе крыўды і прэтэнзіі да польскіх уладаў, якіх было дастаткова ў беларусаў, нашы суайчыннікі ў сваёй большасці з гонарам прайшлі тыя выпрабаванні. Многія з іх назаўсёды засталіся на палях бітваў, іншыя прайшлі пекла нямецкага палону. Трэція апынуліся ў савецкім палоне, а затым ужо ў шэрагах арміі Андэрса біліся з нацыстамі на заходнім фронце.