Загадка Геркуланума і надзеі на сучасныя тэхналогіі

Прэзентуем чытачам апошнія актуальныя навіны з нагоды сучасных даследаванняў антычнага горада Геркуланума, які разам з Пампеямі пацярпеў ад вывяргання вулкана Везувія ў далекім першым стагоддзі нашай эры.  



p_oxy_xxii_2331.jpg

Пасля таго, як антычны горад Геркуланум знік пад 65 футамі гарачага попелу і камню падчас вывяргання Везувія ў 79 годзе нашай эры, разам з ім была пахаваная вялікая бібліятэка важных філасофскіх тэкстаў. Як горад і ўсе, што ў ім, вялікая калекцыя папірусных світкаў была абпаленая да хрумсткаў і спробы вынайсці, захаваць і прачытаць гэтыя тэксты мае доўгую, інтрыгуючую гісторыю. Гэта гісторыя толькі разгортваецца, асабліва з таго часу, як сучасныя тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца ў космасе і медыцыне, кінутыя на магчымасць раскрыцця і прачытання гэтых тэкстаў.

Дзякуючы руінам, якія высоўваліся з гораў вулканічнага попелу і таксама пісьмоваму сведчанню пра вывярганне Везувія ў лістах Плінія Малодшага (Ep. 6.16 and 6.20), месцазнаходжанне Пампеяў і іх лес былі заўседы вядомыя. Наадварот, Геркуланум, горад на захад ад вулкана паміж Пампеямі і Неапалем, поўнасцю знік пад хвалямі пякучай лавы і попелу.  Ён быў выпадкова знойдзены ў 1709 годзе працоўным, які капаў калодзеж у сучаснай Рэсіне. Замест вады, яны знайшлі ганаровыя даспехі, якія знаходзіліся ў амфітэатры Геркуланума. Тады яшчэ не было сучаснай археалогіі і глыбіня попелу стала выклікам для капацеляў 18 стагоддзя, якія былі больш зацікаўленыя ў тым, каб знайсці помнікі мастацтва, чым захаваць тое месца, аднак зараз мы ведаем аб ім больш.

Непасрэдна за горадам знаходзіцца прыморская віла, пабудаваная ў першым стагоддзі да нашай эры, магчыма Л. Кальпурніусам Пізо Цэзонінусам, свёкрам Юлія Цэзара. Гэта трохпавярховы будынак, ля 65 000 квадратных футаў, дзе ёсць дворыкі, басейны і ўсялякія антычныя выгоды. Ён быў знойдзены капацелямі калодзежаў у 1750 і дагэтуль поўнасцю не выкапаны. Карл Вэбер займаўся месцам падчас кіравання Бурбонаў і ў перыяд з 1750 па 1761 ён здабыў адтуль 90 мармуровых і бронзавых статуй, разам з мазаікамі, вазамі і іншымі каштоўнымі старажытнасцямі з сетак глыбокіх тунэляў. Не былі прынятыя да ўвагі чорныя кавалкі арганічнага рэчыва, як вугаль, знойдзенага раскіданым навокал, а таксама ў драўляных скрынях захоўвання.

У 1752 годзе Каміла Падэрні, малявальшчык, які павінен быў рабіць эскізы вазаў і насценных роспісаў, усвядоміў, што на кавалках ёсць надпісы пра іх. Яны былі калісьці фактычна кавалкамі папіруса, кнігамі, якія складалі калісьці антычную бібліятэку. Але ж світкі амаль немагчыма было чытаць. Як і археалогія, папіралогія пачала развівацца на стагоддзе пазней, у той час, калі была знойдзеная вялікая колькасць папірусаў у Фаюме, Егіпет, дзе быў больш прыдатны клімат для захоўвання скруткаў.  У  Італіі, якая больш вільготная, папірус гніе вельмі хутка.  У Геркулануме да таго ж гарачы попел абвугліў увесь арганічны матэрыял, такі як дрэва, тэкстыль і світкі з бібліятэкі, якая зараз завецца Villa dei Papiri.

Цяжка чытаць папірусы нават у лепшых умовах, а папірусы з Геркулануму на некалькі парадкаў больш цяжкія для дэшыфроўкі, чым егіпецкія. Чорныя чарнілы не адлюстроўваюцца з-за чорнаабпаленай асновы, а скруткі самі па сабе настолькі крохкія, што яны распадаюцца на маленькія кавалачкі нават ад слабой спробы развярнуць іх. Многія з іх былі знішчаныя назаўсёды, але ля 1800 кавалкаў розных памераў і пэўная колькасць некраных світкаў была выратаваная і прынесеная ў Каралеўскі Музей у Порцічы (Portici). Там былі адпрацаваныя розныя метады раскручвання світкаў — няўдала, у выніку чаго многія світкі былі знішчаныя ў працэсе, пакуль у 1753 годзе Антоніо Піяджыо (Antonio Piaggio) прыехаў з Ваціканскай бібліятэкі і прыстасаваў машыну, якая магла вельмі марудна і бяспечна аддзяляць прылепленыя кавалачкі папірусаў.

Праз гады удалося раскрыць ля 50 скруткаў, якія былі ідэнтыфікаваныя вучонымі як працы эпікурэйскага філосафа і эпіграміста Філадэмуса Гадарскага (c. 110  — c. 35 BCE). Яны ўключаюць многія з асабістых прац Філадэмуса, такіх як “Пра музыку”, “Пра паэмы”, часткі трактата Эпікура “Пра прыроду” і працы яго суперніка са стоікаў Хрысіппа. Шматлікія і анатаваныя копіі дазваляюць здагадвацца, што гэта была працоўная бібліятэка школы ці, можа, нават самаго Філадэмуса. Раней было модным мінімізаваць каштоўнасць гэтых тэкстаў з-за пагардлівага жадання знайсці новыя тамы Сафокла ці Сапфо, але ж звычка Філадэмуса да даўгіх цытат аргументаў канкуруючых філосафаў, уключыючы Арыстоцеля, дадало шмат каштоўнай інфармацыі пра старажытную і асабліва эленістычную філасофію і тэорыю тэкста, што раней было значнай “белай плямай” у нашых ведах.

Праца па чытанню світкаў працягваецца і сучасныя тэхналогіі троху змянілі становішча. Мульціспектральны аналіз, распрацаваны НАСА каб высвятляць мінеральныя дэпазіты на нябесным целе, быў паспяхова выкарыстаны, каб прачытаць чорныя чарнілы на чорнай аснове дзякуючы таму факту, што мінералы, якія ў складзе чарніл, адлюстроўваюць святло троху па-іншаму, чым тыя, што знаходзяцца на самой старонцы. Гэтая тэхніка, палепшаная выкарыстаннем бінакулярных мікраскопаў, зрабіла магчымымі новыя прачытанні і новыя выданні раскрытых раней світкаў. Цяперашнім выклікам з’яўляецца раскрыць злепленыя світкі віртуальна. Найбольш паспяховай спробай на сённяшні дзень з’яўляецца фазавая кантрастная тамаграфія (X-ray Phase Contrast Tomography (XPCT)), якая адрознівае чарнілы на паверхні старонкі ад самой старонкі.

Паводле: OxfordUniversityPress

Пераклад Піліпа Падбярозкіна