Ці ёсць жыццё па-за футболам?
Куды сыходзяць гульцы беларускіх футбольных клубаў, калі завяршаюць кар'еру?
Галкіпер Мікалай Раманюк не быў зоркай чэмпіянату Беларусі, але партнёры далі яму мянушку «Магнітныя пальчаткі». Перш за ўсё, за ўменне цягнуць пенальці. З «Нафтанам» Раманюк двойчы браў кубак, а яшчэ гуляў за «Гарадзею», «Гомель» і «Славію». Якраз у Мазыры і завяршыў карʼеру — і кардынальна змяніў жыццё. Замест таго, каб прабівацца ў футболе, вывучыўся на памочніка свідроўшчыка і адправіўся працаваць на поўнач Расіі. Выбіраецца туды вахтавым метадам (месяц працуе, месяц адпачывае). Спачатку быў у брыгадзе першым памочнікам свідроўшчыка, а затым стаў рамонтнікам. Кажа, што па грошах «выходзіць крыху больш, чым атрымліваў апошнім часам у "Славіі"».
А хто яшчэ з былых футбалістаў абраў для сябе пасля спорту «негламурную» прафесію? Тут ёсць і вартаўнікі, і пакавальнік мяса, і шахцёр з рыбаком, піша «Трыбуна».
Сяргей Дамашэвіч
У першай палове 80-х ураджэнец Лунінца вывучыўся ў пінскім СПТВ-28 на трактарыста-машыніста і пайшоў на вайну ў Афганістане, дзе служыў у інжынерна-сапёрным падраздзяленні каля Кандагара. Вярнуўся на радзіму ў 1986-м і аднавіў карʼеру футбаліста ў 21 год. Паўабаронца пагуляў за мінскае «Дынама» ў чэмпіянаце СССР, а таксама засвяціўся ў лігах Фінляндыі і Латвіі.
Пасля заканчэння карʼеры вярнуўся з сямʼёй у Пінск. Нейкі час таму паведамлялася, што ў мясцовай Акадэміі футбола ён працуе ахоўнікам. Гэтую пазіцыю 59-гадовы Дамашэвіч называў «начным дырэктарам». Некалькі гадоў таму экс-дынамавец расказваў, што яму «трэба мяняць тазасцегнавы сустаў, але пакуль грошай няма на аперацыю». «Афганец» працягваў камунікаваць са сваімі сябрамі з футбола — Ігарам Кавалевічам і Алегам Радушкам.
Міхаіл Макоўскі
Брат Уладзіміра Макоўскага, найлепшага гульца чэмпіянату Беларусі-1996, таксама падаваў надзеі. У складзе сямейнага тандэму пераязджаў і ў мінскае «Дынама» (стаў з ім чэмпіёнам), і ў кіеўскае. Але вялікай карʼеры не зрабіў праз спажыванне алкаголю. Спрабаваў трэнаваць, аднак у родным Маладзечне быў звольнены за тое, што прыйшоў на сустрэчу з заўзятарамі пʼяным (прынамсі, людзям так падалося).
З таго часу будаваў сваё жыццё па-за спортам. Пару гадоў таму расказваў, што працуе пакавальнікам на мясакамбінаце, які калісьці належаў былому ўладальніку мінскага «Дынама» Юрыю Чыжу.
«Грузчыкі прывозяць нам у скрынях разробленае мяса. Апранаеш пальчатачкі, засоўваеш кавалкі ў пакеты і кладзеш на канвеер. Ён яго вакуумуе. Потым гэтае мяса трапляе ў скрынкі, якія ставяць у маразільнік», — апісваў свой функцыянал Міхаіл Макоўскі. Зарабляў ён прыкладна тысячу рублёў на месяц, пры гэтым сцвярджаючы, што свайго жылля не мае, бо брат нібыта прадаў бацькоўскую кватэру і ніякімі грашыма не падзяліўся.
Уладзімір Каваленя
Напрыканцы 80-х нападніка, які забіваў у чэмпіянаце БССР 20+ мячоў, называлі мясцовым Гердам Мюлерам. А паралельна Уладзімір Каваленя працаваў у Салігорску шахцёрам. Ён скончыў вучэльню і на прадпрыемстве, якой сёння называецца «Беларуськалій», быў электраслесарам, а затым перайшоў у шахту. У «Шахцёры» тады футбалістам не плацілі, таму Каваленя толькі пасля змены ў забоі ішоў на трэніроўкі. «Я быў найперш перадавіком. І гэтым ганаруся. Маю брыгаду паважалі: працу мы рабілі ў тэрмін і якасна. Кувалда і адбойны малаток — вось маё сумленне. І ў шахце, і на полі», — казаў салігорац.
Пайшоўшы на пенсію, Каваленя часам трэнаваў. У апошнія гады быў памочнікам галоўнага трэнера петрыкаўскага «Шахцёра» і дубля «Шахцёра». Проста цяпер асістуе Дзмітрыю Данілевічу ў «Шахцёры-2», які выступае ў першай лізе.
Максім Цыгалка
Гэты нападнік, як і яго брат-блізнюк Юрый, на пачатку «нулявых» уваходзіў у лік галоўных талентаў белфутбола, аднак ужо ў 25 завяршыў карʼеру праз праблемы з тазасцегнавым суставам. Цяжка перажываў сыход са спорту і, як згадваў, «бывала, што выпіваў тыдзень».
У выніку заняўся ўсталяваннем вокнаў і рамонтам кватэр. «Дастаецца старое акно і ставіцца новае. Прасвідроўваюцца дзіркі, заганяюцца анкеры, потым ставіцца адліў падаконня, робяцца адхоны пластыкавыя. Бывала, што ставілі рамы балконныя — пяты паверх, дзявяты. Натуральна, на вышыні даводзілася працаваць», — расказваў былы футбаліст.
У снежні 2020 года ён памёр ва ўзросце 37 гадоў.
Віталь Валадзянкоў
Галоўны гумарыст у гісторыі мінскага «Дынама», душа калектыву, чэмпіён Беларусі-2004. Але нечым не падабаўся Юрыю Чыжу і працы ў клубе не атрымаў. Валадзянкоў пасля карʼеры хацеў «усунуцца куды-небудзь у футбол», але прыйшоў да высновы, што «на ### не патрэбны». І стаў кладаўшчыком у гіпермаркеце «Карона», які размяшчаецца ў сталічным мікрараёне Уручча.
На пачатку 2022-га Валадзянкову паставілі трэцюю групу інваліднасці (да таго гаварылі, што былы спартсмен мае праблемы з сэрцам). Тым не менш, ён працягнуў працаваць на складзе.
Валерый Мельнікаў
«Пасляфутбольнае жыццё ў мяне не сказаць што склалася. Я не стаў трэнерам, я не сеў у цёплае крэсла ў Федэрацыі футбола», — расказваў чэмпіён СССР-1982. Валерый Мельнікаў працаваў на будоўлях, ахоўнікам у краме, настаўнікам фізкультуры ў школе.
У нейкі момант былы футбаліст даглядаў малодшага брата, у якога быў сіндром Даўна. На дваіх дзяржава ім выплачвала 70 долараў дапамогі, і Мельнікаву-старэйшаму даводзілася здаваць макулатуру. Калі брат памёр, мужчына перабраўся з Мінска ў вёску, бо, паводле яго слоў, часта трапляў у кампаніі і праз слабы характар не мог адмовіцца ад алкаголю.
Антон Кавалеўскі
Брамнік выступаў у вышэйшай лізе за «Нафтан», «Віцебск», «Тарпеда-БелАЗ» і «Белшыну», ездзіў у складзе зборнай Беларусі на моладзевы Еўра-2009. Завяршыў карʼеру ў 28 (нібыта стаміўся ад безграшоўя ў футбольным Бабруйску) і зʼехаў да брата, які на Камчатцы займаўся рыбным промыслам.
«Працоўны дзень пачынаецца а восьмай раніцы і заканчваецца а другой ночы. Ніякіх святаў і выхадных няма. Працэс ідзе штодзень. Праца здаецца манатоннай, бо 18 гадзін займаешся адным і тым жа», — апісваў будні Кавалеўскі.