Крызіс чэмпіёна. Футбольны «Шахцёр» як адлюстраванне беларускага «ператрахвання»
Мы часта кажам, што спорт — адлюстраванне жыцця, і вось як раз у красавіку люстэрка паказала нам непрывабны выгляд салігорскага «Шахцёра» — лепшага футбольнага клуба Беларусі апошніх гадоў. Лепшы клуб зараз валіцца і пакутуе. І нагадвае тыповую айчынную гаспадарку, якой кіруюць «крэпкія хазяйсцвеннікі».
Футбольны чэмпіянат Беларусі распачаўся месяц таму, і калі вы хоць зрэдку ўключаеце спартыўнае ТБ альбо заходзіце на спецыялізаваныя сайты, то цудоўна ведаеце: болей за іншых зараз трасе самую паспяховую каманду. Самую заможную і дагледжаную. Салігорскі «Шахцёр» — чэмпіёна двух апошніх сезонаў.
На самым-самым пачатку салігорцы саступілі БАТЭ ў матчы за Суперкубак — 0:1. А ў суботу 16 красавіка прайгралі таму ж Барысаву ў чацвёртым туры вышэйшай лігі — і зноў 0:1. Паміж той і гэтай сустрэчамі з «жоўта-сінімі» «Шахцёр» перажыў рытуальную трэнерскую адстаўку, але, як бачым, гэта камандзе на дапамагло. Яна захрасла ў сярэдзіне турнірнай табліцы, адстаючы ад лідара (таго ж БАТЭ) ужо на сем ачкоў.
Новы сезон «Шахцёр» пачаў з трэнерам Іванам Біёнчыкам. Летась той прыгожа працаваў у Гомелі, сенсацыйна падняўшы тамтэйшую заштатную каманду на чацвёртае месца. Да таго ж быў прызнаны найлепшым спецыялістам года ў краіне, і ў Салігорску міма такога шанца не прайшлі — заключылі з трэнерам адразу трохгадовы кантракт.
Аднак замест трох гадоў Біёнчык адпрацаваў на новым месцы толькі чатыры месяцы. І атрымаўшы добрую (кажуць, вельмі-вельмі добрую) грашовую кампенсацыю за датэрміновае скасаванне кантракту, пасаду пакінуў. Яго месца заняў расіец Сяргей Ташуеў — 63-гадовы чалавек з цікавай біяграфіяй. Нарадзіўся ва Украіне, рос і выхоўваўся ў Грозным, у сям’і чачэнца і беларускі. Але галоўнае — да нядаўняга часу ён боўтаўся ў трэцім дывізіёне РФ з богам забытай камандай «Чайка», а ў Салігорску досыць паспяхова працаваў у 2018-2019 гадах.
І вось тут адкрываецца цікавае: пасля таго як Ташуеў мінулы раз пакінуў «Шахцёр», прайшло два з паловай гады. І за гэты час з салігорскай камандай паспелі папрацаваць ажно пяць галоўных трэнераў — украінцы Раман Грыгарчук і Юрый Вернідуб, беларусы Сяргей Гурэнка, Аляксей Бага і Іван Біёнчык.
Чачэна-беларус Сяргей Абуезідавіч стаў шостым — і яўна не апошнім. На ўсялякі выпадак яму можна параіць не разбіраць валізкі, прывезеныя з Расіі. Як бачна, трэнеры ў гарняцкай камандзе надоўга не затрымліваюцца.Сваёй імпульсіўнай кадравай палітыкай «Шахцёр» усё болей нагадвае мінскае «Дынама» часоў Юрыя Чыжа. Той за дваццаць гадоў кіравання звольніў-прызначыў у клубе больш за трыццаць трэнераў — і гэта стала фішкай, з якой любілі кпіць заўзятары і журналісты. То Салігорск, відавочна, узяў добры тэмп, каб гэтыя практыкі паўтарыць у выглядзе фарса.
Нехта можа запярэчыць: Чыж з «Дынама» поспехаў так і не дасягнуў, а «Шахцёр» іншая справа — чэмпіён двух апошніх сезонаў. Значыць, пастаянныя пературбацыі з трэнерамі ёсць пераможная стратэгія. Аднак такая аргументацыя лёгка разбіваецца. Па-першае, з канкурэнцыяй у беларускім футболе ўсё стала настолькі блага, што салігорцы — з адрывам самая заможная каманда краіны, дзе яшчэ ўчора грошы асабліва не лічылі — па-добраму, мусілі выйграваць увогуле без трэнера. Па-другое, галоўны паказчык у такой сітуацыі — еўракубкі, а там беларускі калійны абоз перманентна з'язджае на ўзбочыну ўжо ў першых адборачных раундах. Па-трэцяе, не можа быць пераможнай стратэгія частых трэнерскіх адставак, як не можа быць шчаслівым жыццё з разводамі-шлюбамі кожны божы год.
І вось тут самы час акрэсліць паралелі. Не, не між футболам і маршам Мендэльсона — паміж футболам і нашым дзяржаўным ладам. Нашым унікальным гістарычным шляхам, дзе наверсе ўсё застыла-скамянела, а чым ніжэй у іерархіі — тым хутчэй цябе аднойчы возьмуць за шкірку і звольняць-выкінуць з усімі ўшанаваннямі.Наверсе — вы добра ведаеце — галоўны на дзесяцігоддзі стратэг (эканаміст, сацыёлаг, вірусолаг, заўзятар, патрэбнае падкрэсліць), і хто не з ім, той супраць яго з усімі наступствамі «ў межах дзеючага заканадаўства». А чым ніжэй — тым глеба пад нагамі ў прызначэнцаў усё болей друзлая, і іх лёгка мяняюць адно на другое. І тут дастаткова ўзгадаць, колькі адставак было ў сілавым блоку пасля выбараў 2020-га, каб упэўніцца, што паралелі сапраўды слушныя.
Назва такой кадравай палітыцы ўжо даўно вядомая — гэта тое самае класічнае «ператрахванне», якім галоўны кадравік займаецца пры кожным заходзе генеральнай лініі ў тупік. Каровы ў цябе ў закарэлым лайне — у адстаўку. Сілавікі ў цябе млявыя, дрэнна разганяюць пратэсты — у адстаўку. Следчыя ў СК падпісаліся не за таго кандыдата — у адстаўку. Апошнім часам хіба асноўным крытэрам прафпрыдатнасці сталі не профільныя паказчыкі, а звычайная палітычная лаяльнасць, але гэта толькі падкрэслівае ненатуральнасць бягучых працэсаў. І іх сапраўдную сутнасць.
А сутнасць у тым, што ўсё ідзе ад галавы — у прамым і ўскосным сэнсе. І ад няздольнасці гэтай галавы прымаць правільныя рашэнні. І выбудоўваць сістэмную працу, якая будзе прыносіць плён без перманентных «ператрахвальных» зменаў ля стырна. І бачыць далей, чым прагнозныя паказчыкі на бліжэйшы квартал, вынікі бягучай пасяўной ці заўтрашні тур чэмпіянату.
Таму ў тым жа БАТЭ часоў Анатоля Капскага пераможна і доўга працавалі ўсе трэнеры, якіх ён прызначаў. Таму ў «Дынама» Юрыя Чыжа трэнераў мянялі як пальчаткі. І таму ў «Шахцёры» Івана Галаватага паўтараюць досвед Чыжа, а не Капскага.
Галаваты амаль восем гадоў кіруе «Беларуськаліем» — галоўным спонсарам «Шахцёра», і, мяркуючы па ўсяму, пачуваецца на прэстыжнай пасадзе добра. Кажуць, не ў апошнюю чаргу таму, што нібыта з’яўляецца кумам Віктара Лукашэнкі. Яму можна рабіць з футбольным клубам тое, што хочацца, і ён робіць — мяняе трэнераў, перавальвае праз каманду прорву гульцоў-легіянераў, марнуе прорву грошай, і гэтая матрыца не прадугледжвае адказнасці першай асобы за выніковыя лічбы на табло. То і лічбы тыя часта абы што, і салігорцы ў еўракубках прайграюць то малдаванам, то напалову аматарам з Люксембургу.
Гэтае самае «ператрахванне» насамрэч ёсць выкрывальнае сведчанне непрафесійнасці. Бо што такое сыход трэнера ў футболе? Гэта найперш скід сістэмы да завадскіх наладаў, то-бок генеральная яе перазагрузка. Гэта прыкладна тое ж самае, што робіць дурнаваты юзер пры першых прыкметах завісання кампа. Доўга не думаючы, цісні ў меню «Пуск» і клікай на перазапуск. Корань праблемы застанецца, але ж дэвайс перазагрузіцца і будзем неяк юзаць далей.
І добра б, такое было толькі ў адным клубе. Ці толькі ў адным футболе. Гэта амаль усеагульная з’ява ў беларускім спорце, дзе вясляр кіруе федэрацыяй хакея, гандбаліст — федэрацыяй тэніса, артылерыст — федэрацыяй футбола, а зборную па лёгкай атлетыцы вязе на Алімпіяду ў якасці старшыні дзеючы спартовец-молатабоец. Яму самому выходзіць у сектар, а справы федэрацыі, відаць, зручна разграбаць паміж трэніроўкамі.
Ну а наверсе ўсёй гэтай, з дазволу сказаць, піраміды — былы ахоўнік Аляксандра Лукашэнкі і сённяшні міністр спорта Сяргей Кавальчук. Які з кіпучым імпэтам найперш дбае пра палітычную добранадзейнасць спартсменаў, таму і мае трывалыя пазіцыі і адстаўка яму не пагражае. Нягледзячы на антырэкорды на Алімпіядах, заняпад цэлых відаў спорту і татальнае паражэнства і тых жа футболе і хакеі.
Дарэчы, паводле шматлікіх сведчанняў мае міністр у футболе і асабісты інтарэс. Няроўна, кажуць, дыхае ў бок мінскага «Дынама» і ўсяляк садзейнічае ягонаму дабрабыту. Колькі тут любові, колькі разліку — пытанне рытарычнае, бо нездарма ж летась Лукашэнка даў камандзе наказ стаць чэмпіёнам у 2022-м. Нібыта нефармальна даў, але ж выконваць трэба.
А справы дынамаўцаў у чэмпіянаце зараз не нашмат лепшыя, чым у таго ж «Шахцёра». І чаго чакаць — вядома. Кнопка «Пуск» і тут пад рукой у не надта прасунутых юзераў на кіраўнічых пасадах. Як адзіны спосаб удалага менеджменту, якім яны авалодалі дасканала.
Фота ФК «Шахцёр»