Тое, чаго баяцца беларускія спартыўныя чыноўнікі, ужо пачалося

Напрыканцы траўня «НЧ» пісаў, што беларускаму спорту ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі будзе цяжка сябе захаваць. Што кіраўнікі галіны і персанальна міністр Сяргей Кавальчук асцерагаюцца ўцёкаў айчынных атлетаў за «жалезную заслону». Што тыя лепей возьмуць іншае грамадзянства і будуць зноў выступаць на высокім узроўні, чым працягнуць шчыраваць у бессэнсоўных спаборніцтвах з братамі па санкцыях расійцамі. Дык вось: мінула крыху болей за тыдзень, і працэс, здаецца, ужо пайшоў.

1__7__4.jpg

Лучніца Карына Казлоўская мае намер выступаць за Польшчу

Некалькі дзён таму лепшая лучніца Беларусі выклала ў сацсеткі допіс, які перадрукавалі ўсе незалежныя медыя. Дзяўчына абвясціла аб звальненні з нацыянальнай зборнай і аб ад’ездзе з Беларусі. «Цяпер я ў бяспецы», — паведаміла спартсменка, і гэты кароткі выраз дакладна адлюстраваў прычыны яе эміграцыі.
Карына — перспектыўная атлетка. Яна чэмпіёнка Еўропы, на Алімпіядзе ў Токіа ледзьве не выйграла медаль у камандным заліку — беларускі фінішавалі чацвёртымі. А галоўнае — ёй усяго 21 год, таму час на атрыманне іншага грамадзянства ёсць.

kazlouskaya.jpg


Чэмпіёнка ўжо распавяла, што збіраецца выступаць пад сцягам Польшчы — гэтаксама як лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская. Абедзвюх уцякачак яднае выразная грамадзянская пазіцыя. Ціманоўская ледзьве не патрапіла пад рэпрэсіі на Алімпіядзе ў Токіа, адкуль яе літаральна транспартавалі ў ЕС пад увагай усяго свету. Казлоўская ўдзельнічала ў акцыях пратэсту і падпісала адкрыты ліст за новыя прэзідэнцкія выбары і супраць гвалту.
Польшча, вядома, прыме таленавітую беларуску. Інфраструктура для заняткаў стральбой з лука ў краіне ёсць, а міжнародных поспехаў бракуе. Карына мае ўсе шанцы адразу стаць лідаркай польскай зборнай.
Ёсць шанц і на іншае — на тое, што адмысловы каранцін, неабходны пры змене грамадзянства, ёй скароцяць. Гэта ўжо плоскасць юрыдычная, а ў справе Казлоўскай маецца відавочны палітычны складнік. Пры належным падыходзе — а ён, мяркуючы па ўсім, будзе — атрымаць усе патрэбныя дазволы цалкам рэальна.

У футбольную зборную не прыехаў лепшы гулец Віталь Лісаковіч



lisakovich.jpg


Беларускія футбалісты 3 чэрвеня распачалі чарговы міжнародны адбор — гэтым разе ў Лізе нацый. Яны згулялі са зборнай Славакіі і былі вымушаныя абыходзіцца без лідара — нападаючага Віталя Лісаковіча. Той наўпрост не прыехаў, не адгукнуўся на выклік у каманду дый застаўся ў сваім клубе — расійскім «Рубіне».
Сюжэт атрымаўся недарэчным і ў нечым нават непаважлівым да трэнерскага штаба. Галоўны трэнер Георгій Кандрацьеў спрабаваў патэлефанаваць Лісаковічу, каб асабіста запрасіць хлопца ў зборную. Але той не адказаў на званок. Перакладаючы на простую мову: паслаў зборную і яе трэнераў недзе ў кірунку рускага ваеннага карабля.
Так, у гэтай гісторыі палітычны падтэкст адсутнічае. Пасля 2020-га Лісаковіч спраўна граў за зборную і рабіў гэта досыць удала, хай сабе каманда і хранічна цярпела паразы. Не было падобна, што сітуацыя ў краіне нападаючага хоць неяк хвалявала. Але, як бачым, да ліхтара яму і той дзяржаўны спартыўны патрыятызм, які зацята навязваюць спартсменам чыноўнікі. Не хачу ехаць — то і не паеду.
Вядома, што ў Лісаковіча было няпростае дзяцінства. Яго і двух братоў (таксама сталі футбалістамі) гадавалі ва Уздзе бабуля з дзядулем. Маці будучага форварда памерла так рана, што ён яе наогул не памятае, а бацька рэгулярна трапляў у турму і дзецьмі не займаўся. Відаць, менавіта праз такое выхаванне ў хлопца сфарміраваўся даволі спецыфічны характар — непрадказальны і наравісты. Яго нельга назваць узорам паслухмянасці і ветлівасці. Напрыклад, да папярэдняга трэнера зборнай 55-гадовага Міхаіла Мархеля малады (на той момант 23 гады) Віталь звяртаўся на «ты» і не бачыў у там нічога незвычайнага.
Вядома, у дэмаршы Лісаковіча няма матываў змены грамадзянства. Гэта было б занадта, бо ўсё ж беларускі футбол ад міжнароднага цалкам не ізаляваны. Зборнай і клубам можна гуляць у еўрапейскіх турнірах, хіба што толькі за межамі краіны.
Прычыны тут у іншым — выглядае, што гулец проста аддаў перавагу клубу перад нацыянальнай камандай. Тым больш што зборная намінальна хатні матч са славакамі праводзіла ў «нейтральнай» Сербіі, куды дабіралася перакладнымі рэйсамі амаль 20 гадзін. Ну і сэнс гэтак нявечыцца дзеля таго, каб зноў прайграць? Мусіць, неяк так разважыў Лісаковіч і не адказаў на тэлефанаванне трэнера.
Цікава, што міністр Кавальчук летась захапляўся маладым футбалістам у адным з інтэрв’ю. Ці не галоўны адэпт дзяржаўнага патрыятызму ў спорце, ён ставіў Віталя ў прыклад іншым. Маўляў, каб усе такія былі, то не было б у нас параз — толькі перамогі.
Цяпер, атрымліваецца, што каб такія былі ўсе, то не было б каму выходзіць на поле. Што зробіш, такая цяпер у Беларусі футбольная зборная. І заўзятары яе не цэняць, і лепшыя гульцы дэманстратыўна ігнаруюць.

Ці працягне кар’еру біятланістка Дзінара Алімбекава?



alimbekava.jpg


У гэтай частцы будзе крыху канспіралогіі, бо нічога пакуль не адбылося ды ўявіць нейкі камуфлет ад Алімбекавай складана. З пункту гледжання ўладаў, 26-гадовая чэмпіёнка алімпійскага Пхенчхана цалкам добранадзейная. Не сказаць, што бязлітасная да ворагаў Лукашэнкі, але і ў ганебных сувязях не заўважаная. Падпісала праўладны ліст спартсменаў.
Але ёй зараз кепска. Беларускі біятлон якраз з тых відаў спорту, якія зусім адрэзаныя ад міжнародных спаборніцтваў. Як мы раней паведамлялі, замест Кубка свету нашым страляючым лыжнікам і лыжніцам даводзіцца цешыцца сурагатнымі гонкамі ў расійскіх Цюмені ці Уфе.
Працяг гэтых маргінальных практык плануецца і сёлета — пад назвай кубак Садружнасці. Ці туды паедзе Алімбекава, невядома. Нельга сёння ўвогуле сказаць, што з дзяўчынай будзе заўтра.
Інтрыгі напусціла ў чацвер трэнер зборнай Алена Зубрылава. У інтэрв’ю расійскаму «Матч ТВ» яна сказала літаральна наступнае: «Спадзяюся, Дзінара працягне сваю спартыўную кар’еру». Атрымліваецца, што можа не працягнуць і сысці з біятлона? У самым росквіце? А навошта?
І тут хочаш — не хочаш, згадаеш гісторыю, як цэлы шэраг беларускіх і расійскіх атлетаў на фоне санкцый сакрэтна звярталіся да ўладаў Казахстана з жаданнем рэлацыравацца ў гэтую прыемную краіну. Нядаўна Астана гэтую інфармацыю пацвердзіла, але імёны зноў не назвала. Толькі паведаміла, што звароты гэтыя былі вусныя, то-бок неафіцыйныя, і ўсім жадаючым было нібыта адмоўлена.
Між тым Дзінара Алімбекава па бацьку якраз казашка. І нарадзілася ў горадзе Абай Карагандзінскай вобласці. Гэта значыць, што ў выпадку чаго паходжанне можа значна паскорыць пераход у тамтэйшую зборную. Міжнароднае спартыўнае права ў такіх абставінах прадугледжвае саступкі.
Пакуль гэта ўсё, канечне, тэорыя. Але, пагадзіцеся, тэорыя не сухая, як у тым вершы. Што будзе на практыцы, паглядзім, аднак трэнды, падаецца, вызначыліся ўжо даволі яскрава.