«Уцякай!» Савецкія спартсмены, якія вырашылі збегчы на Захад

Крысціна Ціманоўская — далёка не першы спартыўны ўцякач у гісторыі. Беглі ў пошуках лепшай долі і хаваліся ад рэпрэсій ад самага заснавання СССР. «Новы Час» сабраў найбольш гучныя выпадкі змены полюсаў спартсменаў з Савецкага Саюза.

Аляксандр Алёхін, шахматы

Будучы чэмпіён свету па шахматах стаў першым важным уцякачом з СССР. Варыянтаў у спартсмена дваранскага паходжання было няшмат. Рэвалюцыя пазбавіла яго тытулаў і грошай. А ў 1920-м на яго завялі справу за «сувязь з дзянікінскай контрразведкай».
Пасля гэтага ён выехаў у Латвію, адкуль праз Літву адправіўся ў Берлін. Ёсць версія, што для гэтага Алёхін ажаніўся са швейцарскай журналісткай Аннай-Лізай Руг, якую адразу кінуў.
Праз сем гадоў ён пераможа Хасэ Рауля Капабланку ў матчы за шахматную карону. Затым часова саступіць яе галандцу Максу Эйве, але потым верне і ўжо нікому не аддасць да самай сваёй смерці ў 1948-м.
Перад вайной яму прыходзілі запрашэнні наведаць Маскву, але ў той час ён страціў званне чэмпіёна свету, а проста прэтэндэнтам вяртацца ў СССР Алёхін не хацеў.

Віктар Карчны, шахматы

korcznoj2.jpg


Карчны мог збегчы i раней, чым у 1974-м. Ён пасля распавядаў, што яшчэ ў 1966-м яму прапанавалі застацца ў ФРГ, але ён адмовіўся, пра што потым шкадаваў: «Я згубіў 11 гадоў чалавечага жыцця…»
Прайграўшы Карпаву матч прэтэндэнтаў, ён даў югаславам інтэрв'ю, у якім паскардзіўся, што прайграў у тым ліку праз ціск «зверху». На нейкі час Віктар стаў невыязным. А калі (пры дапамозе таго ж Карпава) усё-ткі ад'ехаў за кардон, то там і застаўся.
Справа была ў Амстэрдаме на турніры IBM. Той самы Эйве паабяцаў Карчному, што ён зможа выступаць — і той папрасіў палітычнага прытулку. Галандцы ў выніку далі яму толькі від на жыхарства, а грамадзянства Карчны ў рэшце рэшт атрымаў у Швейцарыі. Савецкае ў яго адабралі ў 1978-м.
Яго жонцы і сыну не давалі выехаць у Ізраіль («падаваліся» яны чатыры разы) на працягу шасці гадоў. Сын адмаўляўся служыць у войску (праз гэта ён мог стаць невыязным яшчэ і як носьбіт ваеннай тайны) і трапіў у турму на 2,5 гады як «ухіліст»…
У 1978-м і 1981-м Карчны супрацьстаяў Анатолю Карпаву ў матчах за званне чэмпіёна свету. Карпаў не падаў яму рукі пасля перамогі ў Багіа. Савецкая прэса называла яго толькі «прэтэндэнтам», без прозвішча.

Людміла Белавусава і Алег Пратапопаў, фігурнае катанне

belousova_pr.jpg


Белавусавай на момант уцёкаў было 44 гады, Пратапопаву — 47, і актыўныя выступы яны ўжо скончылі. Прычым скончылі ў статусе легенд савецкага спорту: яны ўзялі «золата» дзвюх запар Алімпіяд (Інсбрук-1964 і Грэнобль-1968). Маглі выйграць і трэцюю, але, паводле слоў Алега, іх не пусцілі ў Сапара, бо баяліся, што яны там застануцца.
Пратапопаў і Белавусава скончылі аматарскую кар'еру і пайшлі ў прафесіяналы — у Ленінградскі балет на лёдзе. Падчас гастроляў у Швейцарыі пара шакавала ўсіх, застаўшыся на Захадзе. «У балеце на лёдзе я адчувала ціск. Таму мы вырашылі: будзе магчымасць — нам у ім няма чаго рабіць».
У СССР крычалі «Ганьба!», пазбавілі ўсіх званняў, выкраслілі з даведнікаў і адкрыта называлі здраднікамі. Пара атрымала швейцарскае грамадзянства в 1995-м і нават выступіла на адкрыцці чэмпіяната Еўропы ў Сафіі. Упершыню яны зноў вярнуліся ў Расію ў 2003-м, былі рэабілітаваныя і нават прысутнічалі на адкрыцці Алімпіяды-2014.

Уладас Чэсюнас, веславанне на каноэ

Алімпійскі чэмпіён Мюнхена-1972, чатырохразовы пераможца першынстваў свету і шматразовы трыўмфатар чэмпіянату СССР, падчас чарговага ЧС Уладас Чэсюнас паспрабаваў застацца ў нямецкім Дуйсбургу. Што здарылася потым, нават зараз невядома.
Заходнія СМІ пісалі, што падчас урока нямецкай мовы ў Дортмундзе яго выкралі агенты КДБ. Пісалі нават, што нейкая Урсула Форкерт запрасіла яго да сябе і ўсыпіла. Потым яго завезлі ў савецкую амбасаду ў Боне і пераправілі назад у Савецкі Саюз.
У інтэрв'ю «The Los Angeles Times» у 2002-м ён сказаў, што вярнуўся добраахвотна, бо яму пагражалі 15 гадамі працы ў шахце за ўцёкі, але яго выратавала Алімпіяда. Працаваў ён потым дзіцячым трэнерам і на літоўскай мытні.

Сяргей Нямцанаў, скачкі ў ваду

Яшчэ адны ўцёкі «from USSR» не ўдаліся праз бюракратыю. 17-гадовы Сяргей Нямцанаў на Алімпіядзе-1976 выступіў кепска, але нарабіў шуму, папрасіўшы палітычнага прытулку ў Канадзе. Былі чуткі, што на яго паўплывала 21-гадовая Кэрал Лінднэр са зборнай ЗША — дачка вядомага бізнесмена Рычарда Лінднэра. Той, праўда, рамантычную сувязь выключаў.
Савецкі бок спачатку сказаў, што спартсмена скралі імперыялісты, а потым тлумачыў рашэнне Сяргея «агрэсіўнымі дзеяннямі канадскай міграцыйнай службы». Пачалася кампанія «Sergei Come Home!».
Галоўнай праблемай Неманцова стаў… узрост. На той момант яму было толькі 17 — а Канада афіцыйна прымала бежанцаў з 18 гадоў. Савецкі бок апратэставаў рашэнне. Уцекачу далі паслухаць магнітафонны запіс голаса бабулі, якая прасіла яго вярнуцца. Павагаўшыся, Сяргей выканаў просьбу.
Асаблівых рэпрэсій да яго не прымянілі: ён скончыў інстытут, выйграў першынства Саюза па скачках з 10-мятровай вышкі і ўдзельнічаў у маскоўскай Алімпіядзе. Там ён палепшыў манрэальскі вынік: 7-е месца замест 9-га.
На замежныя спаборніцтвы яго больш, зразумела, не пускалі. Хутка спартыўная кар'ера была скончаная.
Пазней у Сяргея пачаліся праблемы з алкаголем. У выніку яго мары здзейсніў сын: і ў ЗША з'ехаў, і скакуном у ваду таксама стаў.

Алена Ахмылоўская, шахматы

З СССР уцякалі не толькі мужчыны. Хапала і жанчын. Шахматыстка Ахмылоўская ў 1988-м з шахматнай алімпіяды ў грэчаскіх Салоніках адправілася наўпрост у ЗША з капітанам зборнай «зорна-паласатых» Джонам Доналдсанам.
Гуляла яна моцна: жывучы ў Краснаярску, была першым гросмайстрам на азіяцкім кантыненце. Потым з Доналдсанам яны разышліся, але Алена засталася ў Штатах. Там яна зноў выйшла замуж — за яшчэ аднаго экс-савецкага шахматыста Георгія Арлова, які трэніраваў яе яшчэ ў СССР.
Апошні раз Алена наведала Краснаярск у 2003-м, дзе была ганаровай госцяй чэмпіянату Расіі сярод жанчын.

Марына Аброськіна дэ Гарсія, баскетбол

Яшчэ адна захапляючая гісторыя кахання. У 1990-м валгаградскае «Дынама» паехала ў турнэ па Мексіцы. Перад вяртаннем у СССР, напярэдадні вылету, другі трэнер каманды вырашыў зрабіць абход нумароў… І раптам выявіў, што Марыны ў пакоі няма.
Пошукі, не далі вынікаў. «Дынама» вярнулася дамоў. А Марына выйшла замуж за трэнера зборнай Мексікі дэ Гарсія. Свае ўцёкі яна потым растлумачыла каханнем.
На той момант Аброськіна ўжо была чэмпіёнкай Еўропы ў складзе зборнай СССР. Потым паспела выступіць і за Мексіку, але хутка разлаялася і пакінула каманду. 9 гадоў гуляла за мексіканскія клубы, некаторы час выступала ў Расіі за «Спартак» і валгаградскую «Надзею», а потым — і ў Швейцарыі. Праўда, без асаблівых поспехаў.

Аляксандр Магільны, хакей

Уцёкі аднаго з самых таленавітых хакеістаў свайго пакалення сталі шокам для СССР. Але сам Магільны ўсё тлумачыў проста: «Я быў алімпійскім чэмпіёнам, чэмпіёнам свету, трохразовым чэмпіёнам СССР. І не меў нават метра жылля. Каму патрэбна такое жыццё? І гэтыя медалі-граматы?»
Падчас чэмпіянату свету-1989 у Швецыі ён проста ўцёк з гатэлю, дзе жыла зборная Саюза. Кажуць, што скаўты «Бафала» перадалі яму канверт з інструкцыямі.
Пасля ўцёкаў амаль увесь склад зборнай быў дапытаны ваеннай пракуратурай і КДБ: Магільны быў фармальна ваенным і здрадзіў не толькі радзіме, але і прысязе. Пра свой учынак Аляксандр не пашкадаваў. У 2000-м ён выйграў у складзе «Нью-Джэрсі Дэвілз» Кубак Стэнлі, але за зборную Расіі амаль не гуляў (калі выключыць Кубак свету-1996). Наведаць радзіму ён атрымаў дазвол толькі ў 1994-м.

Сяргей Фёдараў, хакей

fedorov.jpg


Аднаму з найвыдатнейшых талентаў у гісторыі савецкага і райскага хакея на драфце-1989 далі толькі 74-ы нумар — баяліся, што ён не зможа выбрацца з-за жалезнай заслоны. Але ён змог.
Падчас Гульняў добрай волі ў Сіэтле Сяргей паведаміў прадстаўнікам «Дэтройт Рэд Уінгз», што гатовы бегчы. Віцэ-прэзідэнт «Чырвоных крылаў» Джым Лайтс чакаў яго ў вестыбюлі гатэлю, а ў Дэтройт хакеіст адправіўся на асабістым самалёце ўладальніка клуба Марка Іліча.
На радзіме Фёдараў быў адразу пазбаўлены толькі што атрыманага звання заслужанага майстра спорта. У НХЛ Фёдараў (які, дарэчы, у маладосці трэніраваўся ў Мінску і нават правёў за мясцовае «Дынама» сезон-1985/86) стаў не проста зоркай, а суперзоркай. Тры Кубкі Стэнлі — проста неверагодны вынік, а ў Фёдарава ёсць і процьма індывідуальных узнагарод. 1248 гульняў, 483 галы і 696 ассістаў у НХЛ гавораць самі за сябе. За зборную Расіі ён браў срэбра і золата Алімпіяд і выйграў у 2008-м чэмпіянат свету. Званне заслужанага майстра спорту яму потым вярнулі.