Што будзе з беларускім тэнісам пасля Алімпіяды?
Правал у Токіа можа сапсаваць рэшту сезона — прынамсі, трэцяй ракетцы свету Арыне Сабаленка.
Перад Алімпіядай
Напярэдадні старту Гульняў у Токіа пра беларускія перспектывы ў тэнісным турніры гаварылі ў асноўным духапад'ёмна. Праскоквала нават слова «медаль». Раскатаць губу было ад чаго.
Па-першае, галоўная надзея Беларусі Арына Сабаленка ў ліпені выдала лепшы вынік у кар'еры на турнірах «Вялікага шлема», дабраўшыся да паўфіналу «Уімблдона», і ўскараскалася на рэкордны для сябе трэці радок сусветнага рэйтынгу. Больш магутна сезон праводзілі толькі Эшлі Барці і Наомі Осака. Прычым японка, сутыкнуўшыся з псіхалагічнымі праблемамі, прапусціла перад Алімпіядай некалькі турніраў і відавочна падыходзіла да хатніх Гульняў не ў лепшай форме. Так што Сабаленка па ўсіх фармальных прыкметах ляцела ў Токіа адной з галоўных фаварытаў.
Па-другое, пэўныя надзеі звязвалі з Вікторыяй Азаранка. Яна ўжо не настолькі моцная, як сем-восем гадоў таму, затое не па чутках ведае, як заваёўваць медалі на Алімпіядах (прывітанне, Лондан-2012!). А калі перастаюць перашкаджаць траўмы і думкі пра судовыя разборкі з экс-бойфрэндам па апецы над дзіцяці, беларуска ўсё яшчэ здольная на вялікія подзвігі. Летась яна паказала фенаменальны тэніс на «US Open», дзе толькі ў вырашальным матчы саступіла Осака. Да гэтага ў фіналах турніраў «Вялікага шлема» Азаранка не гуляла сем гадоў.
Па-трэцяе, недурнымі бачыліся перспектывы дуэта Сабаленка — Азаранка ў парным разрадзе. Яны не выступалі разам два гады — з паўфіналу Кубка федэрацыі супраць аўстраліек. Тым не менш, аб'яднаўшыся ў чэрвені, беларускі з ходу ўзялі тытул у Берліне, намякнуўшы, што паразуменне нікуды не дзелася і ў Токіа яны будуць прадстаўляць грозную сілу…
Пазітыў праклёўваўся нават у мужчынскай частцы спаборніцтваў. Медалёў ад Іллі Івашкі і Ягора Герасімава, вядома, ніхто не чакаў. Тым не менш той жа Івашка выдаў прарыўное лета, патрапаўшы ў Гале нервы самому Федэрэру, а затым сенсацыйна дабраўшыся да чацвёртага круга «Уімблдона» і саступіўшы там толькі будучаму фіналісту Марыё Бэрэціні. Так далёка на «Вялікіх шлемах» беларусы рэдка праціскаліся, нават калі на корт яшчэ выходзілі Мірны і Ваўчкоў. Толькі ўявіце: папярэдні раз беларус урываўся ў топ-16 15 гадоў таму! Стрэліў Мірны — таксама на «Уімблдоне».
Першы ўдар па алімпійскім пазітыве прыйшоўся на сярэдзіну ліпеня адкуль не чакалі — з інстаграма Азаранкі.«Я прыняла вельмі цяжкае рашэнне — не ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях у Токіа. У мяне шмат выдатных успамінаў, калі я выйгравала золата алімпійскага турніру і прадстаўляла Беларусь на папярэдніх Гульнях. Але, нягледзячы на ўсе цяжкасці, з якімі мы сутыкаемся ў сувязі з пандэміяй, у глыбіні душы я ведаю, што гэта правільнае рашэнне для мяне і маёй каманды. Я з нецярпеннем чакаю Алімпіяду 2024 года ў Парыжы, каб прадстаўляць Беларусь. Жадаю ўсім спартсменам бяспечных, здаровых і паспяховых гульняў!» — напісала тэнісістка.
Ва ўласцівым ёй стылі Азаранка нікому нічога не стала тлумачыць, спарадзіўшы як мінімум адну канспіралагічную тэорыю: не паляцела ў Токіа, бо не захацела выступаць на фоне таго, што адбываецца цяпер у Беларусі. Чым кіравалася Азаранка на самай справе — хто ведае. Дакладна стала зразумела адно: за медаль у Токіа пазмагаецца толькі Сабаленка ў адзіночным разрадзе.
Справа ў тым, што адмова Азаранка рушыла ўжо пасля ўсіх алімпійскіх дэдлайнаў, і заявіць у пару да Сабаленкі Аляксандру Сасновіч не было ніякай магчымасці. Заставалася толькі адно: знайсці напарніцу сярод тых, хто прабіўся на Алімпіяду па рэйтынгу, — але Сасновіч крыху не хапіла, а іншага варыянту і не было.
Тым не менш у «адзіночцы» беларускія шанцы ўсё яшчэ выглядалі нядрэнна.
У Токіа
Шлях за медалём Сабаленка пачала па-фаварыцку: разграміла Магду Лінет, аддаўшы польскай тэнісістцы толькі тры геймы. Хто б мог падумаць, што ўжо на наступны дзень трэцяя ракетка свету саступіць сорак сёмай і завершыць выступленне на турніры. Дона Векіч не бог ведае які супернік, і ўжо сапраўды яна не правяла супраць беларускі матч жыцця. Больш за тое, ужо ў наступным раўндзе харватка ціха прайграла ў двух сэтах Рыбакінай, толькі зацвердзіўшы ўвесь тэнісны свет у думцы: не такая добрая была Векіч, як выхалашчаная Сабаленка.
Лягчэй за ўсё непрыемны вынік спісаць на спякоту ў Токіа. На надвор'е скардзіліся многія тэнісісты, а заадно тлумачылі ёю свае няўдачы, тыкаючы ў слупок тэрмометра. Найлепшая тэнісістка свету Эшлі Барці наогул вылецела ў першым жа раўндзе... Зрэшты, што з нагоды правалу думае сама Сабаленка, ніхто так і не даведаўся. Пасля паразы ад Векіч беларуска была змрачней за хмару і адмовілася кантактаваць з прэсай. А там яе і след прастыў.
Падобна, Сабаленка вельмі натхніў узлёт па ходзе гэтага сезона, і ў Токіа беларуска ляцела з выразнай думкай пра медаль — разважаючы толькі, якой годнасці тая будзе. Вынік быў абсалютна нечаканы.
Яе поспехі ў 2021-м сапраўды ўражваюць: узяла прэстыжныя турніры ў Абу-Дабі і Мадрыдзе, ускочыла ў топ-3... Аднак каб выйграць столькі разоў, яна і згуляла шмат. Вельмі шмат нават для маладога 23-гадовага арганізма.
Далёка не заўсёды Сабаленка была стабільная альбо забіралася высока па сетцы. Да «Уімблдона» беларуска з'яўлялася ледзь не адзінай у топ-30, хто ні разу ў кар'еры не дабіраўся да чвэрцьфіналу турніру «Вялікага шлема». Дый гэтае «ледзь» — толькі таму, што кампанію ёй у гэтым клубе складала Сакары. Ну, дык грачанка на той момант завяршала дваццатку рэйтынгу. З гульца з топ-3 і попыт іншы.
Цяперашні высокі рэйтынг Сабаленка — найперш вынік таленту, але збольшага і гатоўнасці гуляць шмат і без перадышак. Трымаць жа ашаламляльную форму цэлы сезон проста немагчыма. Тое, што з гульні беларускі знікае іскра, можна было заўважыць нават на паспяховым «Уімблдоне», асабліва ў паўфінале з Плішкавай.
Матч не складваўся, яна шукала ўнутры сябе рэзерв, але не знаходзіла.
Алімпіяда ў Токіа толькі зафіксавала, што спад працягваецца. Пры гэтым усімі паводзінамі Сабаленка дэманстравала, што разлічвае ў Токіа на добры вынік. Наколькі цяжкім ударам для яе акажацца неадпаведнасць чаканняў і рэальнасці, зараз сказаць складана.
Пасля Алімпіяды
Ва ўсялякім выпадку, неспадзяваная перадышка павінна пайсці Сабаленка на карысць. Падобна, яна і сама гэта ўсвядоміла. Бо каляндар спакушаў: можна было, не пераводзячы дух, рвануць на буйны турнір у Сан-Хасэ і працягнуць чэмпіёнскую гонку. Так зрабілі і Лінет, і Векіч, і Рыбакіна, ад матчу з якой у Токіа беларуска спынілася ў адным кроку. А Сабаленка ўзяла паўзу, каб прывесці думкі і фізічны стан у парадак.
На ўсё пра ўсё — два тыдні. У жніўні адзін за адным стартуюць прэм'ер у Манрэалі, мастэрс у Цынцынаці, «US Open», перанесены Індыян-Уэлс... Гэтыя турніры без важкай прычыны не прагуляеш, і там зноў трэба паказваць свой максімум. Прычым у Сабаленкі нядрэнная стартавая пляцоўка, каб адштурхнуцца і заскочыць у сусветным рэйтынгу яшчэ вышэй. Папярэднія падыходы на гэтых турнірах у беларускі не задаліся: вылеты ў першым, другім, трэцім колах... Затое зараз за плячыма няма багажу, які давялося б адстойваць. Амаль усе ачкі, якія Сабаленка заробіць, пойдуць як прыбаўка да бягучага рэйтынгу. Пры пэўным збегу акалічнасцей можна нават прымерыць званне першай ракеткі свету!
А вось перад Азаранка, якая фенаменальна правяла канец мінулага года, стаіць нетрывіяльная задача: абараніць тытул у Цынцынаці і фінал «US Open». Без гэтых ачкоў можна і з топ-30 выпасці да кастрычніка. Пры гэтым зусім незразумела, у якім зараз стане знаходзіцца экс-першая ракетка свету. Астатні раз яна выходзіла на корт на «Уімблдоне», дзе прайграла ў другім раўндзе, а ў Токіа не паляцела, нічога не патлумачыла…
Пра эмацыйны і фізічны стан і Азаранка, і Сабаленка застаецца толькі здагадвацца. Як і пра тое, наколькі адчувальна на беларускіх прым уплываюць апошнія навіны з Мінска. Пасля правальнай Алімпіяды, не чакаючы яе заканчэння, у адстаўку падаў старшыня Беларускай федэрацыі тэніса Сяргей Цяцерын, які займаў пасаду з 2017 года.
Новага кіраўніка выберуць на справаздачнай канферэнцыі ў верасні, і беларускі тэніс, верагодна, атрымае новы вектар. Не выключана, такі, што быў пры папярэднім кіраўніку — Аляксандру Шакуціну. Менавіта пры ім з'явілася і вырасла ў зорку Сабаленка, а зборная Беларусі дайшла да фіналу Кубка федэрацыі.