Зноў грошы на вецер. У Астраўцы з'явіўся Лядовы палац, ён каштаваў $7 млн

Яшчэ адзін Лядовы палац з'явіўся ў чарговым райцэнтры — гэтым разам у Астраўцы. Учора, 4 траўня, яго ўрачыста адкрылі ў прысутнасці буйных рэжымных чыноўнікаў, звяртае ўвагу спартовае выданне «Тр*буна».

Лядовая арэна ў Астраўцы. Фота тэлеграм-канала «Пул 4 регион»

Лядовая арэна ў Астраўцы. Фота тэлеграм-канала «Пул 4 регион»

Будаўніцтва Лядовага палаца цягнулася два з паловай гады і каштавала 18 мільёнаў рублёў (больш за 7 мільёнаў долараў). Лёд абстаўлены трыбунамі на 300 месцаў. Цалкам магчыма, што рэжым прыдумае пад новы аб'ект і новую хакейную каманду — пакуль жа адкрывалі яго юнацкія «Алмаз» з Дзятлава і «Лядовыя рыцары» са Смаргоні.
Чарговае збудаванне для хакея, любімай гульні Аляксандра Лукашэнкі, стала як мінімум саракавым у Беларусі — у пачатку дзеяння дыктатарскага рэжыму іх было ў 10 разоў менш. Відавочна, што столькі арэн не з'явілася б, калі б Лукашэнка застаўся футбалістам. Пры гэтым адправіць дзіця займацца хакеем застаецца дарагім задавальненнем — амуніцыі ў гэтым відзе трэба шмат. Добра, дапусцім, у Астраўцы могуць сабе дазволіць — раён у лідарах па сумах заробкаў у Беларусі з таго часу, як рэжым з горам папалам запусціў атамную электрастанцыю. Па самых свежых даных, за першы квартал 2023-га сярэдні заробак у тых краях — чыстыя 1900 рублёў (660 долараў), што на 28% вышэй, чым у сярэднім па краіне.

Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел кіраўнік Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік і міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Сяргей Кавальчук.

Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел кіраўнік Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік і міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Сяргей Кавальчук.

Але чым, акрамя капрызу рэжыму, можна растлумачыць з'яўленне кучы палацаў у бедных беларускіх рэгіёнах? Добра, у Бярозе (зарплата 450 долараў на рукі, 87% ад сярэднебеларускага ўзроўню) арэну будаваў мясцовы прарэжымны алігарх Юрый Чыж. Вось толькі потым ён трапіў у няласку і за краты, збяднеў, а яго лядовы палац беспаспяхова спрабавалі прадаць з дзяржаукцыёну. Гэта не замінала гуляць там камандзе беларускага Д2 «Собаль», якая стала шостай у выніковай класіфікацыі сезона-2022/23. Глядзець на яе поспехі хадзіла ў сярэднім 183 чалавекі.
На арэнах у многіх іншых райцэнтрах з хакейных ёсць толькі дзіцяча-юнацкія школы, але не клубы. Галоўная актыўнасць такіх палацаў, акрамя магчымых летніх збораў прыезджых каманд — масавыя катанні. Пры гэтым часта ў населеных пунктах, што абцяжараны лядовымі палацамі, і з футболам не вельмі — каманды добра калі ёсць ў Д3, які сёння праводзіцца ў фармаце «ўсе запар». Вось некалькі прыкладаў:

  • Лунінец (чысты заробак 415 долараў, 80% ад рэспубліканскага): лёд цалкам у арэнду аддаюць за 55 долараў за гадзіну, катанне каштуе долар за 45 хвілін, канькі — крыху менш за долар, «Лунінец» быў трэцім у зоне «Усход» брэсцкага дывізіёна леташняга футбольнага Д3. Хакейнага клуба ў чэмпіянаце няма;

  • Кобрын (чысты заробак 440 долараў, 86% ад рэспубліканскага): пляцоўка каштуе 50 долараў за 45 хвілін, катанне — крыху менш за долар за такі ж тэрмін, канькі — 1,1 долара, мясцовы футбольны «Атлант» у Д3-2022 стаў апошнім у зоне «Захад» брэсцкага дывізіёна. Хакейнага клуба ў чэмпіянаце няма;

  • Пружаны (чысты заробак 420 долараў, 82% ад рэспубліканскага): зняць пляцоўку каштуе 66 долараў за гадзіну, катанне — 0,8 долара за 45 хвілін, канькі — роўна столькі ж, «Пружаны» ў 2021-м занялі шостае месца ў зоне «Захад» брэсцкага дывізіёна футбольнага Д3, а 2022-гі прапусцілі (але ўжо вярнуліся). Хакейнага клуба ў чэмпіянаце няма;

  • Горкі (чысты заробак 380 долараў, 74% ад рэспубліканскага): пры жаданні зняць пляцоўку можна за 68 долараў у гадзіну, 45 хвілін проста катання на каньках абыдуцца ў 1,2 долара, яшчэ долар за пракат канькоў, у футболе «Горкі» летась выйгралі магілёўскі дывізіён Д3, але ў агульным плэй-оф адразу ж вылецелі. Хакейнага клуба ў чэмпіянаце няма;

  • Шклоў (чысты заробак 415 долараў, 80% ад рэспубліканскага), чамусьці асабліва дорага і са сваімі прыколамі: за пляцоўку хочуць 92 долары за гадзіну, але калі гэта для вяселля – то ўжо толькі 80, катанне абыдзецца ў 1,5 долара за 45 хвілін, але ёсць зніжка для сябраў рэжымнага «саюза моладзі», канькі — у 1,4 долара, у футболе шклоўскі «Спартак» стаў другім у магілёўскім дывізіёне Д3-2022, але ў плэй-оф скончыў разам з «Горкамі». Хакейнага клуба ў чэмпіянаце няма.


У 2015-м «Прессбол» даведваўся пра фінансавую сітуацыю ў рэгіянальных лядовых арэнах. Усе, хто раскрыў інфармацыю, адсправаздачыліся аб класнай запаўняльнасці (у большасці 90% і вышэй). Толькі вось выйсці на акупляльнасць гэта ніяк не дапамагала — кобрынскі палац меў паказчык у 28%, горацкі — 15-20%, а лунінецкі — усяго 12%. Астатнія грошы на ўтрыманне лядовых паступалі з дзяржбюджэту, і наўрад ці з таго часу нешта моцна змянілася. Гэта істотныя сумы — у свой час палац Чыжа без дабрадзея за пару месяцаў толькі па электрычнасці набраў даўгоў на 25 тысяч долараў.
Цяпер траты будуць ісці яшчэ на адну арэну. А замест лядовых можна было б будаваць куды больш эканамічныя залы для многіх гульнявых відаў.