Турэцкія паралелі для СНД
Якія ўрокі можа мець турэцкае паўстанне для СНД? Вялікая колькасць людзей, гледзячы рэпартажы з Турцыі, чытаючы артыкулы пра тое, што там адбываецца, адчула сілу салідарнасці простых грамадзян.
Турэцкая вясна
«Што Стамбул, што Масква — толькі барацьба дае правы!» — такім лозунгам адрэагавала на падзеі на Басфоры расійская апазіцыя. Як адзначаюць у сеціве, афіцыйныя расійскія СМІ доўга ігнаравалі тэму пачатку рэвалюцыі ў Турцыі і толькі ў нядзелю сталі даваць нейкую сухую інфармацыю.
Сайт «Новы рэгіён» падсумоўвае: «Можна і трэба сказаць, што працэсы ў Турцыі і працэсы ў Расіі практычна ідэнтычныя — і там, і там мы бачым супрацьстаянне адукаванага вестэрнізаванага грамадства хамству, рэлігіі і дыктатуры, якая пакрывае карупцыю і ціха праядае краіну. І там, і там «рэлігійнае адраджэнне» ў спалучэнні з раздачай будаўнічых кантрактаў сябрам кіруючай вярхушкі. І там, і там рыторыка пра тое, што «стабільнасць падрываюць замежныя агенты» (Эрдаган ужо выступіў з заявай, што турэцкі спецслужбы шукаюць замежных шпіёнаў, якія арганізавалі беспарадкі)».
Турэцка-расійскія паралелі шмат каму відавочныя хаця б таму, што адна з самых буйных акцый пуцінскай і турэцкай апазіцыі звязаная з высечкай паркаў. У Расіі гэта быў Хімкінскі лес, а ў Турцыі — парк Гезі. Песімісты, дарэчы, прагназуюць чорныя дні для экалагічнага руху ў Расіі. Улада яўна перапужаецца таго, да чаго могуць давесці быццам бяскрыўдныя выступы ў абарону прыродных аб’ектаў.
Асобна звяртаюць увагу на тое, што Эрдаган давёў краіну да пратэстаў з-за сваёй палітыкі ісламізацыі. Так, роля парку таксама значная, але гэта толькі яшчэ адзін элемент палітычнай фрэскі, а не цэнтральная кампазіцыя. Якраз нападкі Эрдагана на прадметы культу Атацюрка і свецкага жыцця, быццам, далі старт шматтысячным выступам. Клерыкальная палітыка шмат каму нагадвае пашырэнне ўплыву на расійскае грамадства праваслаўнай царквы.
Як адзначае блогер sch_1970: «У РФ закручваюць гайкі, а «праваславізацыя» — такая, што «туркам і ў кашмарным сне не сасніцца». У гэтым плане, на думку шмат каго, падзеі ў Турцыі мабілізуюць тую частку расійскага грамадства, якая выступае за захаванне свецкага характару дзяржавы.
Аднак не факт, што турэцкая фронда можа даць як мінімум новы штуршок дэмакратычнаму руху ў расійскіх шыротах. Як ні парадаксальна, салідарнасць і рашучасць туркаў выклікалі комплекс у рускіх, які перайшоў у пачуццё татальнага адчаю. «Малайцы. Нашы на такое не здольныя, адназначна». У якасці прыкладу яны прапануюць «параўнаць узровень абурэння з высечкай парку ў Турцыі і сітуацыю з Хімкінскім лесам у Расіі ў плане ўзроўню сацыяльнай актыўнасці грамадзян».
Зацікавіліся навінамі з Турцыі і ва Украіне. Аднак тут турэцкая тэматыка больш цікавая журналістам СМІ, які блізкія да адміністрацыі Віктара Януковіча. Па-першае, турэцкая ксенафобія — частка ідэалогіі нацыяналістаў, якія бачаць у кожным турку як мінімум спакусніка ўкраінскай дзяўчыны. Пару гадоў таму на стадыёны ў Львове падчас матчу з турэцкім клубам нацыяналісты ўзнялі транспарант «Турэцкія св..ні прэч з Еўропы». З улікам таго, што нацыяналісты з аб’яднання «Свабода» ўваходзяць у склад дэмакратычнай апазіцыі, казаць пра салідарнасць з туркамі апазіцыйным палітыкам было б, мякка кажучы, не этычна.
У дадатак з пачатку вясны па Украіне крочыць разрэкламаваная апазіцыйная кампанія «Паўстань, Украіна!», якая выглядае проста пшыкам на фоне кадраў з Турцыі. Газета «Версии» адзначае: «Тры месяцы па ўсёй краіне бурна крочыла акцыя «Паўстань, Украіна!», а паўстала чамусьці Турцыя. Я проста дзіўлюся гэтаму невытлумачальнаму факту. Быццам бы ў туркаў нават аднаго народнага трыбуна не было, аднак працэс пайшоў. Ды яшчэ як: тысячы арыштаваных, на вуліцах сотні тысяч. Як сказала б Юлія Уладзіміраўна, нацыя прачнулася! Быццам бы пачалося ўсё з-за дрэў у цэнтральным гарадскім парку. Звычайная гісторыя. Вырашылі зрабіць супермаркет. Ніхто не хадзіў, сітуацыю не нагнятаў. Баксёры колы не намотвалі, нацысты з паходнямі не блукалі, іудзеі з секты «вялікай прамаці апазіцыі» не адсвечвалі. Але панеслася. Прычым у адзіным парыве».
Масавыя пратэсты ў Стамбуле пачаліся з-за забудовы парку. Здавалася б, Кіеў, з яго варварскай практыкай камерцыйнай забудовы грамадскай прасторы, мае ўсе шанцы мабілізаваць народны пратэст. Але напярэдадні таксама з Львова прыйшла абсалютна скандальная навіна. За кошт галасоў дэпутатаў фракцыі аб’яднаня «Свабода» мясцовы гарсавет дазволіў будаўніцтва каля Сабору святога Юра (помнік ЮНЕСКА) элітнага камерцыйнага дому.
Праўда, дыскрэдытацыя апазіцыі не значыць лаяльнасць простых грамадзян да Януковіча. На ўкраінскіх інтэрнэт-форумах гучыць: «А мы ўсё са сцягамі ходзім, як дурні. Трэба рабіць так, як туркі».
Затое турэцкі працэс — вялікі стымул для апазіцыі Азербайджана, гістарычна блізкага да Турцыі. «Турцыя і Азербайджан на самай справе з’яўляюцца вельмі падобнымі дзяржавамі, усё з’явы ў гэтых краінах адбываюцца паралельна ці ў Азербайджане — крыху пазней. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 4 чэрвеня заявіў цюрколаг Рубен Мелканян. «Цалкам верагодна, што падзеі ў Турцыі натхняць пратэсты ў Азербайджане», — адзначыў Мелканян. Нагадаем, што ўвосень у Азербайджане адбудуцца прэзідэнцкія выбары.
Вельмі аптымістычна ўспрыняла навіны з Турцыі і казахская апазіцыя. Адна з антыназарбаеўскіх арганізацый «Сацыялістычны рух Казахстана» выдала спецыяльную заяву, у якой гаворыцца: «Цалкам падтрымліваем барацьбу нашых братоў, працоўных супраць ненавіснага рэжыму Эрдагана. Рэвалюцыйныя падзеі ў Турцыі вельмі важныя і для нас, бо яны таксама з’яўляюцца ўдарам па дыктатуры Назарбаева. Падзенне Эрдагана і пераможнае паўстанне мас у Турцыі абавязкова стануць прыкладам, яркім узорам і для працоўных Казахстана, Кіргізіі, Узбекістана, Азербайджана, Таджыкістана і Туркменіі».
Такім чынам, пакуль урокі турэцкага бунту ўспрымаюцца ў кожнай краіне СНД па-рознаму. Аднак ёсць адзіная агульная тэма. Вялікая колькасць людзей, гледзячы рэпартажы з Турцыі, чытаючы артыкулы пра тое, што там адбываецца, адчула сілу салідарнасці простых грамадзян. На дзясятках сайтаў і блогаў ва ўсіх краінах СНД можна прачытаць адзін і той жа тэкст. Гэта пасланне аднаго з турэцкіх блогераў на адрас прэм’ера Эрдагана:
«Прэм’ер-міністр, вы не ўяўляеце, як я вам сёння ўдзячны. Вы нават не ведаеце, якую добрую справу зрабілі для краіны сёння. Сёння я ўпершыню бачыў, як фанат «Фенербахчэ» дапамог падняцца з зямлі галатасарайцу (фанату варожага клуба) пасля загаду паліцыі «забіваць». Сёння туркі і курды дзяліліся вадой і хлебам. Сёння жанчыны, якіх вы называеце прастытуткамі, выйшлі з публічных дамоў, каб прамыць раны пацярпелых і напаіць іх лімоннай вадой. Сёння нялюбыя вамі трансвестыты ратавалі людзей у сваіх пакоях танных гатэляў. Адвакаты і лекары раздавалі свае тэлефоны для аказання дапамогі. Сёння эснафы (крамы, кавярні — усё, што месціцца на першых паверхах) адключылі паролі на вайфай, а атэльеры пускалі стомленых або збітых. Сёння нашы вочы поўныя слёз не ад вашага газу, а ад гонару за нашу Турцыю».