ААН разгледзіць прапанову даслаць ва Украіну міратворцаў са Швецыі, Бразіліі і Беларусі

Як паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на Reuters, краінам «нармандскай чацвёркі» (Нямеччына, Расія, Украіна і Францыя), а таксама ААН будзе прадстаўленая справаздача, у якой прапануецца даслаць ва ўсходнюю Украіну вайсковы кантынгент у 20 тысячаў вайскоўцаў з краінаў, якія не з'яўляюцца чальцамі NATO, прынамсі, са Швэцыі, Бразіліі і Беларусі, і 4000 паліцэйскіх для таго, каб дапамагчы ўрэгуляваць крызіс ва Украіне.

Андэрс Фог Расмусэн

Андэрс Фог Расмусэн

«Гэтая дзейнасць запатрабуе прыцягнення шэрагу еўрапейскіх, такіх як Швецыя, краінаў, якія маюць досьвед міратворчых аперацый, такіх як Бразілія, і краінаў, якім давярае Расія, такіх як Беларусь» — заявіў Рычард Гован, суаўтар справаздачы і эксперт ААН з Калумбійскага універсітэту.
Яшчэ адзін суаўтар дакументу — былы генэральны сакратар NATO Андэрс Фог Расмусэн, які цяпер з'яўляецца дарадцам прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі.
Высокапастаўленыя прадстаўнікі Нямеччыны, Расіі, Украіны Францыі абмяркуюць канфлікт ва Украіне ў часе правядзення канферэнцыі па бяспецы ў Мюнхэне. Справаздача Расмусэна і Гована будзе прадстаўленая ім, а таксама адмысловаму прадстаўніку ЗША па пытаннях Украіны Курту Волкеру.
Як адзначае Reuters на шляху зацвярджэння мандату міратворчых сілаў ААН ва Украіне ёсць вялікія перашкоды, але, паводле ацэнкі выдання, Расія, якая мае права вета ў Радзе бяспекі ААН, можа пагадзіцца з гэтым фарматам, а Швецыя — пагадзіцца ўзначаліць місію.
На думку суаўтара прапановы Рычарда Гована размяшчэнне міратворчых сілаў дазволіць правесці мясцовыя выбары ў раёнах Украіны, якія зараз не кантралююцца Кіевам, што зʼяўляецца ключавой часткай мінскіх дамоўленасцяў.
«Калі атрымаецца досыць хутка разгарнуць прысутнасць на месцах, добра было правесці мясцовыя выбары на працягу году, а потым пакінуць міратворцаў на пэрыяд нармалізацыі сытуацыі, скажам, на два гады ў цэлым» — адзначыў экспэрт.
Варта адзначыць, што беларускія ўлады неаднаразова прапаноўвалі ўключыць беларускіх вайскоўцаў у склад міратворчага кантынгенту для ўсходняй Украіны.