Абараніць годнасць Мехрыбан ханум
Азербайджан узняўся на абарону годнасці першай лэдзі, якую падазраюць у інтымных сувязях з беларускім прэзідэнтам.
Пра тое, што А. Лукашэнка ў Берліне таемна сустракаўся з жонкай прэзідэнта Азербайджана Мехрыбан Аліевай, напісала італьянская газета «Il Foglio». Выданне спасылалася на ананімнага
нямецкага дыпламата, які, у сваю чаргу, засвяціўся на «WikiLeaks».
Азербайджан узняўся на абарону годнасці першай лэдзі, якую падазраюць у інтымных сувязях з беларускім прэзідэнтам.
Пра тое, што А. Лукашэнка ў Берліне таемна сустракаўся з жонкай прэзідэнта Азербайджана Мехрыбан Аліевай, напісала італьянская газета «Il Foglio». Выданне спасылалася на ананімнага
нямецкага дыпламата, які, у сваю чаргу, засвяціўся на «WikiLeaks».
Звычайна, паведамленні са пасылкай на «WikiLeaks» успрымаюцца спакойна. Аднак не ў Азербайджане. Хаця інфармацыя пра адзюльтэр Мехрыбан здаецца проста вар’яцкай, у Баку
вырашылі даць годны адпор — распачалі кампанію ў абарону годнасці першай лэдзі.
Нагадаем, што Мехрыбан Аліева (нар. 1964) — жонка прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева. Ад шлюбу, які быў заключаны ў 1983 годзе, яны маюць трох дзяцей. Аліева таксама дэпутат парламенту
Азербайджана, кіраўнік працоўнай групы па азербайджана-амерыканскіх міжпарламенцкіх сувязях, прэзідэнт Фонду Гейдара Аліева і Фонду сяброў культуры Азербайджана, прэзідэнт Федэрацыі гімнастыкі
Азербайджана, амбасадар добрай волі ЮНЭСКА, ААН.
І вось, калі верыць італьянскім журналістам, такая жанчына магла здрадзіць мужу з беларускім прэзідэнтам.
Палітра азербайджанскіх абаронцаў годнасці Мехрыбан вельмі шырокая: ад працоўных калектываў да партый і вядомых асобаў. Штодня на старонках газет друкуюць іх гнеўныя лісты пра тое, што «Il
Foglio», які надрукаваў хлусню пра нефармальныя сустрэчы першай лэдзі ў Берліне, «пераступіў рысу прыстойнасці, парушыўшы мінімальныя этычныя нормы журналістыкі».
Прычым, як прызнаюць замежныя журналісты, кампанія мае грамадскі рэзананс. Расійская «Независимая газета» адзначае: «Не варта думаць пра арганізаваную вярхамі кампанію. У
краіне сапраўды глыбока паважаюць Мехрыбан Аліеву за яе добрыя справы, за здольнасць дапамагчы. А шматгранная, актыўная дзейнасць, накіраваная на актывізацыю дыялогу культур і цывілізацый, абарону
сусветнай культурнай спадчыны, падвышэнне ролі жанчын у палітычным і грамадскім жыцці, прэзідэнта Фонду Гейдара Аліева, амбасадара добрай волі ЮНЭСКА, дэпутата парламента Мехрыбан Аліевай вядомая і
далёка за межамі Азербайджана».
Так ці інакш, чым далей, тым больш кампанія выходзіць за рамкі звычайнай барацьбы з неэтычнай журналістыкай. Нараджаюцца ўсё новыя і новыя мегапалітычныя версіі. Кажуць, што замах на маральны воблік
Мехрыбан — частка больш глабальнага плану супраць дзеючага рэжыму Аліева.
«Паклёпніцкія выдумкі пра першую лэдзі Мехрыбан Аліеву, дзейнасць якой атрымала высокую адзнаку ў свеце, зыходзяць ад ворагаў Азербайджана, якія ўсімі сіламі імкнуцца дыскрэдытаваць
дзяржаўнасць краіны і ставяць пад удар міжнародныя адносіны. Гэта таксама пераканаўчы доказ таго, што расце міжнародны аўтарытэт Азербайджана, які не дае жыцця ворагам, што апусціліся да такой
ганебнасці» (Day.az).
На тым жа партале сцвярджаюць, што «Il Foglio» сваёй публікацыяй мела за мэту абразіць усіх азербайджанцаў: «Публікацыя выклікае справядлівае абурэнне і праведны гнеў, таму
што гэта газетка абразіла грамадска-палітычнага дзеяча, чыя паспяховая дзейнасць дэманструе ўсяму свету такія яркія рысы азербайджанскага народа, як працавітасць, высокую маральнасць, гуманнасць,
клопат пра блізкіх і адданасць сямейнаму ачагу».
Хутка атака на італьянскае выданне перайшла на новы ўзровень. Пад удар азербайджанскіх публіцыстаў трапіла ўся італьянская нацыя.
«І гэта друкуецца ў каталіцкай краіне, дзе існуе культ маці, Мадонны, жанчыны. На жаль, становіцца відавочным, што ўся тая рэлігійнасць выглядае аперэткай. Гэты брудны лісток, які па дзіўным
збегу акалічнасцяў завецца газетай, у першую чаргу знішчыў вобраз італьянца як чалавека гонару, які так доўга стваралі вялікія майстры кіно. Перад вачамі засталася толькі выява жука-журналіста па
прозвішчы Папарацы з фільма Феліні, які і стаў правобразам цынічных і жулікаватых лаўцоў поспеху. Дадумацца да такой хлусні мог толькі сын, унук і праўнук cornuto («раганосец»
па-італьянску). А такую краіну з-за вас ніхто паважаць не будзе, хоць здыміце яшчэ тысячу «хросных бацькаў» і дайце свету яшчэ пецярых Леанарда Да Вінчы», — піша
Анар Мамедханаў.
Пакуль італьянцы мала рэагуюць на падобныя выпады. Затое ахвотна кампанію ў абарону Мехрыбан каментуе армянская прэса. Мясцовыя газеты знаходзяцца ў стане перманентнай перапалкі з азербайджанскай
прэсай (адно са шматлікіх рэхаў карабахскага канфлікту).
За словам у кішэню армянскія акулы пяра не лезуць, яўна пры гэтым выходзячы за рамкі этыкі. «Новое время»: «Зрабілі замах на годнасць першай лэдзі, жанчыны, маці, гераіні,
працаўніка. Ды што там, замахнуліся на адзіную выбітнасць (нафта не лічыцца) Азербайджана, на яго гонар — Мехрыбан ханум Аліеву. Усё гэта зразумела. Але чаму маўчыць беларускі прэзідэнт,
чаму Бацька не скажа слова ў абарону такой жанчыны? Вось у чым загадка».
Самае цікавае, што ўся гэта гісторыя, якая яшчэ раз сведчыць пра значэнне інстытуту першай лэдзі, набывае новыя абароты. Быццам нехта, дзякуючы кампаніі, пралічыў, што постаць Мехрыбан —
слабае месца ў іміджу рэжыму Аліева.
Брытанская «Guardian» напісала: «У жонкі прэзідэнта Азербайджана сур’ёзныя праблемы з выразам твару. Гэта з-за велізарнай колькасці пластычных аперацый, чаго
немагчыма не заўважыць. Адзначаны і той факт, што дзякуючы хірургічнаму ўмяшанню, яна выглядае не старэй уласных дачок».
Брытанскі журналіст таксама згадвае каментар, які быў у адной з дыпламатычных дэпеш, адпраўленых з пасольства ЗША ў Азербайджане. Дыпламат піша, што Мехрыбан Аліева носіць вельмі смелую вопратку
нават па заходніх мерках.
Нарэшце, у сацыяльнай сетцы Twitter быў створаны профіль twitter.com/firstladyaze, які нібы належыць Аліевай. З гэтага профілю з карыстальнікамі сеткі вядзецца інтэнсіўная перапіска.
Спатрэбілася паведамленне пратакольнай службы Мехрыбан, у якім падкрэслілі, што гэты фальшывы профіль і перапіска не мае ніякага дачынення да першай лэдзі краіны.
Таксама раней пратакольная служба паведаміла, што Баку пакідае за сабой права афіцыйна звярнуцца ў італьянскія і міжнародныя судовыя інстанцыі з іскам пра абарону гонару і добрыя якасці першай лэдзі
Азербайджана.