Ад данбаскага інформбюро
З 13 красавіка ў Данбасе пачалася Антытэрарыстычная аперацыя (АТА). Эксперты ўжо аналізуюць яе перспектывы і ўплыў на глабальны палітычны працэс. Прапануем агляд аналітыкі.
Як і трэба было чакаць, пачатак аперацыі справакаваў новую стадыю бязлітаснай прапагандысцкай вайны: СМІ з абодвух бакоў канфлікту прапануюць абсалютна полюсныя версіі падзей. Пакуль канкрэтная сітуацыя на данбаскім фронце не зразумелая, агульныя тэндэнцыі больш-менш праглядаюцца. Так ці інакш, канфлікт можа закончыцца або перамогай Кіева, або перамогай сепаратыстаў. Ёсць і трэці варыянт — пачынаецца другая Югаславія, калі канфлікт зацягнецца, пакуль вялікія краіны, якія падтрымліваюць яго бакі, не дасягнуць паразумення.
Разгледзім гэтыя варыянты. Варыянт першы: перамога Кіева. Трэба прызнаць, што нават у Кіеве, дзе ўра-патрыятычны ўгар зашвальвае, не шмат экспертаў прагназуюць такі ход падзей. Галоўная прычына — АТА вядзецца на фоне выбарчай кампаніі ў тыле, і, адпаведна, вайскоўцы падпарадкаваныя палітычнай кан’юнктуры. У прынцыпе пра гэта сведчыць ужо тое, што АТА пачалася пасля таго, як Турчынаў атрымаў ад Майдану чорную метку. 13 красавіка Веча на Майдане абвінаваціла в.а. прэзідэнта ў здачы Данбаса. Яму далі 24 гадзіны, каб ён сышоў у адстаўку. Турчынаў быў вымушаны аператыўна рэагаваць, даўшы загад пачаць тую самую АТА. Між тым, шмат экспертаў лічаць, што сілавікі Украіны пакуль не падрыхтаваныя для такой місіі.
Сярод іх — кіраўнік інфармацыйнага супраціву Зміцер Цімчук. «Цяпер, у экстраным рэжыме гэту праблему (Данбас) вырашыць немагчыма. Сітуацыю можна выправіць толькі шляхам перакідвання ў рэгіён лаяльных уладзе і патрыятычна настроеных сілавікоў, што і робіцца. Але варта разумець, што праваахоўнікі-здраднікі — гэта магутны і небяспечны рэсурс для экстрэмістаў. І, што горш за ўсё, здаючы аддзяленне міліцыі, яны дэ-факта ўзбройваюць ужо нават не экстрэмістаў, але і проста "аблудных авечак" у выглядзе па-антыўкраінску настроеных грамадзян з мясцовага насельніцтва. Гэта — сцэнар, які патрэбен Расіі, — піша Цімчук, і дадае: — Па-другое, перакідванне на ўсход часткі Узброеных сіл больш падыходзяць для абароны тэрыторыі ў памежных раёнах, але не для правядзення АТА».
Яшчэ адзін аргумент — адсутнасць шмат у каго ў Кіеве волі ваяваць за Данбас. Некаторыя эксперты адзначаюць, што сярод кіеўскай эліты склалася думка, што Данбас так ці інакш прайграны. Гэта адзначае і Павал Шарамет: «Даводзілася чуць і такую версію — што на ўсходзе ваяваць можа і не будуць, але вось Кіеў не аддадуць. Няма яшчэ ўкраінскай нацыі, ці яна не «осмыслена» ў існых межах, занадта вялікая гэта прастора — прастора сучаснай дзяржавы Украіна».
Другі варыянт — калі сепаратызм лёгка атрымае перамогу — таксама не мае ў экспертных цэнтрах вялікай папулярнасці. Напрыклад, расійскае выданне «Взгляд» лічыць, што сепаратысты Данбасу не змогуць супрацьстаяць сучасным метадам вайны. «Паводле ацэнак ваенных экспертаў, тактыка аблогі гарадоў Данбаса будзе наступнай: армейскія часткі будуць іх блакаваць, ствараючы кольца вакол паўсталага горада, а спецпадраздзяленні СБУ і Нацыянальная гвардыя — непасрэдна праводзіць зачыстку. Іх паспрабуюць выматаць сталымі ўкідамі дэзінфармацыі пра раптоўныя штурмы і напады. Шэраг ваенных экспертаў лічаць, што выстаяць перад такім масіраваным уздзеяннем немагчыма. І што нейкая частка абаронцаў проста адмовіцца ад актыўных дзеянняў і сыдзе з баявых пазіцый».
Большасць спецыялістаў дапускаюць, што хуткай перамогі не атрымае ніводны з бакоў супрацьстаяння. Пытанне ў тым, хто атрымае больш бонусаў ад такога хаосу.
«Рызыкі складаюцца ў тым, што ўсё гэта ператвараецца ў нешта доўгае, зацяжное і заблытанае. Калі Кіеў будзе не ў стане адказаць вельмі хутка, у Масквы з'явіцца грандыёзны козыр, які можна будзе выкарыстоўваць у сваіх мэтах пры перамовах: або Захад прызнае расколатую на часткі Украіну, або пагодзіцца з ідэяй кампрамісу, які ўключае ў сябе прыняцце новай канстытуцыі і федэралізацыю Украіны», — піша Роджар Макдэрмат, супрацоўнік Фонду Джэймстаўна (ЗША) на ВВС. Аднак той жа эксперт лічыць, што трыумф Масквы будзе мець часовы характар. «Захад ужо спазнаў "стратэгічны шок". Гэты крызіс выявіў слабыя месцы ў ацэнцы расійскай выведкі і патэнцыйнай пагрозы, якую яна можа ўяўляць ва Усходняй Еўропе».
А вось Павел Фельгенгаўэр, ваенны аглядальнік «Новай газеты» (Расія) лічыць, што доўгатэрміновая канфрантацыя выключна на руку Кіеву. «Ад таго, што хтосьці сядзіць у будынках мясцовых адміністрацый, дрэнна толькі мірным жыхарам. Калі там нейкія незразумелыя людзі, а ў некаторых выпадках гэта проста крымінальнікі, займаюць адміністрацыйныя будынкі — гэта, вядома, калапс. Жыхарам ад гэтага дрэнна, а астатнім — ні так, ні сяк. Самае важнае для ўкраінскіх улад цяпер — перафарматаваць свае сілавыя структуры. Нават добра, што на бок захопнікаў пераходзіць міліцыя. МУС на Украіне ненавідзяць усе. Тое, што жахлівая карумпаваная структура пераходзіць пад расійскі сцяг, ніякіх дывідэндаў Расіі не прынясе. Наогул, усё залежыць ад украінцаў: калі яны змогуць кансалідавацца і стварыць досыць шматлікія эфектыўныя атрады самаабароны, што пачынае цяпер адбывацца ў розных частках Украіны, тады ў Расіі ніякіх шанцаў не будзе. Супраць некалькіх мільёнаў апалчэнцаў расійскія ўзброеныя сілы бескарысныя», — лічыць эксперт.
Аднак нават пераможны для Кіева сцэнар у вайне можа быць толькі пралогам для новых выклікаў. Дасюль у Ліпках (урадавы квартал Кіева) прыроду хваляванняў звязваюць выключна з рукой Масквы і лічаць, што вырашыць данбаскае пытанне можна за кошт ліквідацыі сепаратысцкага падполля. Такі ход думак чымсьці нагадвае ідэю манархіста Шульгіна, які падчас лютаўскай рэвалюцыі 1917-га сцвярджаў, што выратаваць Расійскую імперыю могуць усяго 50 кулямётаў.
Больш аналітыкаў лічаць, што рэгіён за апошні час вельмі змяніўся, і аднавіць статус-кво ужо не атрымаецца.
Самае цікавае, што нармалізаваць Данбас будзе цяжка і Расіі, калі яна ўвядзе сюды свае часткі. Пра гэта ў сваім блогу піша эксперт Эрык Найман. Па яго словах, «у любым выпадку, спачатку самаабвешчаная Данецкая Рэспубліка правядзе «рэферэндум» з пытаннямі пра ўступленне ў склад РФ ці пра федэралізацыю Украіны. Калі жыхары Данбаса прагаласуюць за федэралізацыю, то рэгіён стане непрызнанай дзяржавай. Эксперт лічыць, што міжнародная ізаляцыя і разбурэнне эканамічных сувязяў ператвораць Данбас з проста беднага рэгіёна ў жабрацкі: «Пры анексіі Данбаса заходнія санкцыі могуць стаць сапраўды сур'ёзнымі і небяспечнымі. Яны будуць пагражаць існаванню самога рэжыму Пуціна».
Хаця галоўную пагрозу Пуціну могуць складаць не крытыка Захаду, а данецкі вірус. Як піша расійскі палітолаг Барыс Кагарліцкі, прыклад паспяховага рабочага паўстання ў Данецку, якое асвятляюць і праслаўляюць усе расійскія СМІ, можа выклікаць жаданне ў расіян паўтарыць тое ж самае. Асабліва, калі эканамічная сітуацыя ў Расіі пагоршыцца з-за санкцый.