Адзін прэзідэнт на дзве краіны
У Польшчы кандыдат партыі «Права і Справядлівасць» (PіS) Анджэй Дуда перамог на прэзідэнцкіх выбарах з адрывам у 2,6 працэнта. У выніку наступныя пяць гадоў яму давядзецца кіраваць краем, што падзелены амаль напалову. Што з гэтага атрымаецца?
Ацэнкі і прагнозы вектара развіцця Польшчы ў час другой кадэнцыі Анджэя Дуды сыходзяць з таго, як самі пераможцы (пераабраны прэзідэнт і кіраўнік урадавай партыі Яраслаў Качыньскі) ацэняць іх вынік. Ёсць думка, што, пабачыўшы лічбы, кіраўніцтва PiS будзе вымушана прызнаць: трэба карэктаваць курс, паколькі палова насельніцтва яго не падтрымлівае. Дарэчы, у сваіх першых каментарах пасля перамогі Анджэй Дуда сапраўды абяцаў, што будзе паважаць думку апанентаў.
Але за прызнаннем памылак мусяць быць канкрэтныя крокі па іх выпраўленні. PiS — палітычная сіла з уласцівым ёй іміджам і наборам ідэалагічных догматаў. Таму хуткая змена парадыгмы думкі і ўчынкаў яе лідараў папросту не чытаецца.
Як вынік, у каментарах наконт выбараў за Бугам дамінуе іншая футуралогія, якая сыходзіць з думкі, што перамога будзе ацэньвацца Дудам і Качыньскім як дэманстрацыя падтрымкі палякамі так званых «добрых зменаў» — рэформаў, якія ўрад праводзіць з 2015-га, пасля прыходу ва ўладу PiS.
Той факт, што перамога, як кажуць у спорце, здарылася на фотафінішы, будзе, хутчэй за ўсё, трактавацца як нейкая тэхнічная недапрацоўка. Каб больш не дапусціць падобных форс-мажораў, будуць зробленыя крокі па ўзмацненні апарата прапаганды і падпарадкаванні партыі дзяржаўнага апарата. Калі верыць найбольш катэгарычным экспертам, за наступную пяцігодку «і без таго пашкоджаная дзяржаўная сістэма стрымак і процівагаў у Польшчы будзе дэмантаваная аналагічна таму, як гэта ўжо адбылося ў Венгрыі». Асобна звяртаецца ўвага на тое, што магчымы поспех ліберальнай апазіцыі на парламенцкіх выбарах 2023-га не цалкам спыніць гэты працэс, паколькі прэзідэнт мае права накладаць вета на пастановы Сейму.
Адначасова на гэтых выбарах PiS адчуў дыханне суперніка з правага боку. Прадстаўнік больш правай партыі «Канфедэрацыя» сенсацыйна адкусіў дастаткова вялікі шматок кансерватыўнага электарату. Таму PiS давядзецца радыкалізавацца, што, адпаведна, надасць яшчэ больш драйву ксенафобскім кампаніям супраць ЛГБТ або «нямецкай пятай калоны» ў выглядзе некаторых СМІ. Сярод іншага чакаецца прыняцце закона аб забароне прапаганды гомасексуалізму ў краіне. Некаторыя нават кажуць, што спроба перахопу радыкальных лозунгаў пасуне PiS у палітычных каардынатах далёка направа. Таксама не выключаць уваход «Канфедэрацыі» ў склад ураду.
Натуральна, можна чакаць пагаршэння адносінаў Варшавы з Еўрасаюзам, чыя эліта адкрыта сімпатызавала ліберальнаму кандыдату Рафалу Тшаскоўскаму. «Мы вельмі ганарымся вашай выбарчай кампаніяй», — напісаў Рафалу ў Twitter кіраўнік найбуйнейшай парламенцкай групы Еўрапарламента нямецкі кансерватар Манфрэд Вебер. Кампенсатарам за правал кандыдата-ліберала ёсць надзея тое, што Рафал Тшаскоўскі здолее застацца прызнаным грамадствам лідарам апазіцыі, што дасць ёй магчымасць кансалідавацца. Тым больш, што неўзабаве — мясцовыя выбары, пасля якіх адразу пачынаецца парламенцкая кампанія.
Варта адзначыць, што ў большасці прагнозы наконт кадэнцыі Дуды мадэлююць з пункту гледжання, што ў Польшчы захаваецца статус-кво. Аднак некаторыя аналітыкі заклікаюць глядзець у заўтра з папраўкай на эфект цяперашняга эканамічнага крызісу. Адным з яго наступстваў можа быць скарачэнне дзяржаўных сацыяльных праграм і, адпаведна, крах навязанага шматлікім палякам уражання, што PiS з’яўляецца адзіным палітычным абаронцам сацыяльна слабых частак насельніцтва. Такі сцэнар сапраўды мог разбурыць электаральныя базы кансерватараў, даючы старт перафарматаванню ўсёй палітычнай сцэны. Але, як і ўсе папярэднія прагнозы, гэта — толькі прагноз.