Агучана новая версія забойства Паўла Шарамета

Украінскае выданне "Забарона" сцвярджае, што да яго трапіла новая інфармацыя пра абставіны забойства журналіста Паўла Шарамета ў Кіеве 2016 года. Выданне вылучае ўласную версію гэтага злачынства, якая адрозніваецца ад высноў, да якіх раней прыйшло следства, піша Свабода.

96e7b7f9_45f4_46b7_9d2e_369c82e1d118_w1023_r1_s.jpg


Журналісты "Забороны" сцвярджаюць, што забойства Шарамета "з высокай верагоднасцю" было звязана са справай "збеглага алігарха" Аляксандра Кліменкі — былога міністра ва ўрадзе Віктара Януковіча, які пакінуў Украіну пасля Майдана ў 2014 годзе.
Аўтары расследавання сцвярджаюць, што ў іх распараджэнне трапіў дакумент аб тым, што ў жніўні 2016 года, неўзабаве пасля гібелі Шарамета, у паліцыю звярнулася грамадзянка Марына Мацюк з заявай аб тым, што яе знаёмы Максім Зотаў асабіста прызнаўся ёй у тым, што забіў журналіста. Зотаў — ураджэнец Данецка, як сцвярджаецца, цесна звязаны з Аляксандрам Кліменкам. Кліменка быў нефармальным уладальнікам "Радыё Весці", дзе працаваў Павал Шарамет. Як сцвярджае "Заборона", журналіст за месяц да гібелі сустракаўся з Кліменкам у Маскве, і той прасіў яго прыдумаць план яго вяртання на тэрыторыю Украіны. Калегі Шарамета ўспамінаюць, што пасля гэтай сустрэчы журналіст быў засмучаны і занепакоены.
"Павел Шарамет знаходзіўся на лініі агню ў канфлікце алігархічных груповак, якія змагаліся за перадзел уласнасці ў пострэвалюцыйнай Украіне і за захаванне ўплыву ва ўмовах палітычнага крызісу 2016 года", — піша "Заборона". Выданне падкрэслівае, што следства па невядомых прычынах "не дало ходу выяўленай намі версіі, нягледзячы на наяўнасць канкрэтных паказанняў сведак". Пры гэтым журналісты не выключаюць і таго, што абвінавачванні ў адрас Кліменкі ў арганізацыі злачынства маглі быць свядомым агаворам.
Афіцыйны прадстаўнік МУС Украіны Арцём Шаўчэнка ў каментары "Забороне" сказаў, што кантакты Шарамета з Кліменкам у Расіі выглядалі для следства падазрона, аднак гэтую версію не ўдалося праверыць з-за немагчымасці супрацоўніцтва з расійскімі праваахоўнымі органамі.


Журналіст Радыё "Весці" і "Украінскай праўды", які раней працаваў у Беларусі і Расіі, Павел Шарамет загінуў у выніку падрыву машыны ў цэнтры Кіева 20 ліпеня 2016 года. У 2019 годзе асабіста міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў у прысутнасці прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага заявіў аб раскрыцці справы. Былі арыштаваныя некалькі падазраваных, сярод якіх вядомыя ўдзельнікі валанцёрскага руху, людзі нацыяналістычных поглядаў. Пры гэтым прамых доказаў іх датычнасці да забойства Шарамета прадстаўлена не было, і высновы следства былі сустрэтыя многімі, у тым ліку ў журналісцкай супольнасці, з недаверам. На дадзены момант выказаная тады версія забойства Шарамета застаецца афіцыйнай. Да суда справа пакуль не дайшла. ​