Алег Скрыпка: «Я сэрцам веру ў аб'яднанне Украіны і Беларусі»

Лідар украінскага гурта «Воплі Відаплясава» стаў першым госцем новага інтэрнет-праекта «Вялікая рыба».

skrypka11.jpg

У ім музыка Уладзімір Пугач на сайце tut.by задае медыяперсоне пытанні, на якія яны раней ніколі не адказвалі або гаварылі вельмі рэдка.
— Крым чый?
— Ёсць дом. Ты ля плота паставіш матацыкл. Ён ужо не вельмі ездзіць і крыху заржавеў. Але, усё адно матацыкл, усё адно дабро. І, калі ты не будзеш прыглядаць за сваім матацыклам, яго ўкрадуць. З Украінай - тое ж самае. Ёсць такі адростак - Крым, якім Украіна не займалася. Там з’явіўся развал у палітычным, нацыянальным разуменні, і яго проста ўкралі...
— У вас здарыўся другі «майдан», які вывеў на палітычны алімп новыя фігуры. Людзі, якія выходзілі на сцэну на майдане, своечасова і да месца прыйшлі? Ці ты расчараваны ў тым, што адбываецца цяпер?
— Я ніколі ні ў чым не расчароўваюся. Я проста назіраю за развіццём гісторыі, як за агнём. Гэта заўсёды цікава. Людзі, якія выйшлі другі раз на майдан, думалі, што паўторыцца тая ж выдатная эйфарыя, што зноў дабро пераможа зло. Эйфарыя была, але лёгкай перамогі другі «майдан» не прынёс. Гэта законы светабудовы. Калі разбураецца стары свет, да ўлады прыходзяць прайдзісветы. Яны прыводзяць дзяржаву ў тупік. Пасля гэтага павінны прыйсці крызіс-мэнэджары, «Шарлі дэ Голі», якія змогуць вывесці грамадства з тупіка...
— Як вы ў гурце дзеліце ганарары? Ты плаціш музыкам заробак?
— Калісьці мы дзялілі ўсё пароўну. І гэта прывяло да ідэалагічнага крызісу, да паразітызму. Калі я выконваў функцыі і мэнэджара, і спевака, і кампазітара і аранжыроўшчыка, то іншыя музыкі столькі не працавалі. Гэта людзей разбэшчвае.
— Напэўна, сутыкаўся з сітуацыяй, калі падчас «карпаратыву» на сцэну выходзіць нецвярозае «тулава», лезе абдымацца, спрабуе забраць мікрафон. Вашы дзеянні ў такіх выпадках?
— Па-рознаму. Можна з «тулавам» і паспяваць, і будзе ўсім смешна. А калі чалавек наогул «не ў адэкваце», можна прыгожа, элегантна даць яму штурхеля...
— Ты ж трапіў пад абстрэл пад Дэбальцавым?
— Ды мы сядзелі ў бліндажы. Калі няма наўпроставага трапляння, ён абараняе ад выбухаў і аскепкаў. Байцы, якія нас запрасілі, рылі бліндажы для сябе і на турыстаў не разлічвалі. А нас прыехала чалавек дзесяць. У выніку яны аддалі нам свае «месцы ў першым класе». І сухенькі такі хлапец у цяльняшцы застаўся звонку. Сядзіць, паліць пад абстрэлам, анекдоты расказвае. Нас весяліць. Убачыў маю гітару Gretch, што пад абстрэлам засталася. «Добрая, гітара, - кажа. - Шкада». Схадзіў па яе наўпрост пад абстрэлам, прынёс у бліндаж.
— Ты казаў, што ўсё, што адбываецца цяпер ва Украіне — вынік трохсотгадовага расійскага панавання. Якія светлыя бакі вашай гісторыі?
— Акрамя Кіеўскай Русі, самым пазітыўным перыядам ва ўкраінскай гісторыі было Вялікае Княства Літоўскае. Я сэрцам веру ў аб'яднанне Украіны і Беларусі, бо гэта быў добры прыклад сяброўства народаў. Я не ведаю, адбудзецца гэта калі-небудзь ці не, але калі адбудзецца — гэта, сапраўды, будзе вельмі моцная дзяржава.