Французы не пазналі сябе ў прапагандысцкай праграме Кісялёва

Французскія журналісты сустрэліся з людзьмі, якія давалі каментары расейскаму ТБ і даведаліся цікавыя акалічнасці працы сваіх расейскіях калегаў.

Фота science-film.ru

Фота science-film.ru


Папулярная сатырычная перадача «Le Petit Journal» на тэлеканале «Canal +» распавяла, як робяць навіны расійскія тэлеканалы, у прыватнасці «Россия 24».



  https://www.youtube.com/embed/4ghJuKREBbI"; frameborder="0" allowfullscreen>

Журналісты прааналізавалі структуру выдання праграмы «Вести недели» Дзмітрыя Кісялёва ад 15 мая, а пасля сустрэліся з людзьмі, у якіх брала інтэрвʼю расійскае тэлебачанне.

Адна з тэмаў заяўленая як «рост еўраскептыкаў у Францыі». Расійскія журналісты пераважна здымалі маніфестацыі незадаволеных новым законам аб працы і інтэрвʼюявала маніфестантаў, якія адказвалі менавіта ў гэтым кантэксце, нічога не кажучы ні пра Еўропу, ні пра еўраскептыцызм.

Калі журналісты «Le Petit Journal» паказалі героям сюжэту пераклады іх уласных словаў, тыя практычна не пазналі сказанага.

«Гэта жахліва, агідна і абразліва, што мае словы перавялі такім чынам. Гэта нават не ілжывы пераклад — гэтыя словы цалкам выдуманыя», — кажа адна з апытаных, якая пасля таго, як яе словы «пераклалі», стала «сцвярджаць», што баіцца мігрантаў.

«Не, я зусім не баюся мігрантаў. Я сказала ім, што адчуваю сябе ў бяспецы, і што пытанне мігрантаў для мяне ніяк не звязаны з пачуццём небяспекі, і што я за тое, каб мы прымалі людзей, якія бягуць з краіны, дзе ідзе вайна», — каментуе яна перадачу Дзмітрыя Кісялёва.

«Вы несумленны чалавек, мяне выставілі расісткай», — звяртаецца пажылая жанчына да расійскага журналісту, прагледзеўшы сваё інтэрвʼю.

Акрамя звычайных грамадзянаў, расійскія журналісты звярнуліся па каментар і да двух палітыкаў. Адзін з іх — былы міністр Бруно Ле Мэр выказаў пажаданне, каб тэлебачанне не ўрэзала ягоных словаў і перадавала іх дакладна.

«Паказанае не падобнае на тое, што я сказаў», — заявіў ён у эфіры праграмы «Le Petit Journal».

У перакладзе словаў міністра асаблівы акцэнт робіцца на фразе «Мы павінны больш супрацоўнічаць з Расіяй». Папярэджваючы зʼяўленне яшчэ аднаго палітыка — Жана-Мары Ле Пэна — вядоўца кажа: «Цяпер-та ў гэтай выснове ўжо няма ніякіх сумневаў».

belsat.eu