Аперацыя «прымусовая кааперацыя»

Калі вас моцна закрануў крызіс, паспрабуйце кампенсаваць свой стан навінамі з сонечнай Кубы, дзе справы яшчэ горшыя. Не дарма пасля перапынку ў 30 гадоў тут скліканы з’езд Камуністычнай партыі Кубы.

Пачаць трэба з гісторыі. Роўна 50 гадоў таму, раніцай 16 красавіка 1961 года, амерыканская авіяцыя нанесла ўдары па кубінскіх аэрадромах. 17 красавіка на бераг у Заліве свінняў пачалі высаджвацца кубінскія антыкастраўскія эмігранты — салдаты так званай брыгады 2506.



60dcc0d0012f3056175c01d54c2e1722.jpg

Калі вас моцна закрануў крызіс, паспрабуйце кампенсаваць свой стан навінамі з сонечнай Кубы, дзе справы яшчэ горшыя. Не дарма пасля перапынку ў 30 гадоў тут скліканы з’езд Камуністычнай партыі Кубы.
Пачаць трэба з гісторыі. Роўна 50 гадоў таму, раніцай 16 красавіка 1961 года, амерыканская авіяцыя нанесла ўдары па кубінскіх аэрадромах. 17 красавіка на бераг у Заліве свінняў пачалі высаджвацца кубінскія антыкастраўскія эмігранты — салдаты так званай брыгады 2506.
Кубінскае кіраўніцтва здолела хутка разабрацца ў сітуацыі і накіравала ў раён высадкі «гусанас» (так называлі контррэвалюцыянераў) сілы, дастатковыя для іх падаўлення. У выніку баёў контррэвалюцыянеры страцілі 82 (па іншых дадзеных — 115) чалавек забітымі і каля 1187 — палоннымі. Пазней палонныя былі выкуплены амерыканскім прэзідэнтам Кенэдзі за 53 мільёна долараў.
50-гадовы юбілей гэтых гістарычных падзей кубінцы адзначалі па ўсім свеце. З той розніцай, што адны святкавалі, а іншыя сумавалі. У Маямі (цэнтр антыкастраўскай эміграцыі) чальцоў брыгады 2506 называюць не як інакш як «пакутнікамі за свабоду». У іх гонар у Фларыдзе прайшлі рознага кшталту жалобныя мерапрыемствы.
Прыкладна 150 кіламетраў на поўдзень ад Фларыды панавала іншая атмасфера. Па цэнтру Гаваны ў рамках вайсковага параду прамаршыравалі жаўнеры і маракі. Аднак цвіком юбілею, безумоўна, стаў з’езд адзінай зарэгістраванай у краіне Партыі камуністаў Кубы (РСС).
Хаця партыя была заснаваная ў далёкім 1965 годзе, кубінскія камуністы збіраліся на свае з’езды толькі пяць разоў. Самі кастрысты тлумачаць гэта тым, што іх партыя — не «масавая партыя», а «партыя рэвалюцыйнага авангарду», прадстаўнікам якога няма сэнсу збірацца без асаблівай справы.
Чамусьці да такога кшталту прахадных спраў адносіцца і пытанне кіраўніцтва. Пасля таго, як у 2006-м Фідэль Кастра з-за хваробы фактычна пакінуў пасаду партыйнага лідара, гэтыя функцыі выконвае яго брат Рауль. Аднак апошні толькі зараз вырашыў, што прыйшоў час адмовіцца ад прыстаўкі «часова выконваючы абавязкі».
Па вялікім рахунку, тое, што абмяркуюць на з’ездзе, было вядома загадзя. Яшчэ напрыканцы лютага ўсе мясцовыя секцыі PCC атрымалі тэкст на 32 старонкі — матэрыялы будучага кангрэсу. Было праведзена 163 мільёны (такую лічбу агучвае газета «Granma» — орган РСС) сустрэчаў партыйцаў, на якіх абмяркоўваліся праекты дакументаў. Галоўная частка тэксту была прысвечаная праблемам эканомікі. Па словах партыйных бонзаў, з’езд павінен «задаць новыя дэфініцыі кубінскай эканомікі».
Сітуацыя тут сапраўды жахлівая. Фінансавая сістэма Кубы знаходзіцца на мяжы калапсу. Знешні доўг Кубы — больш за 20 мільярдаў. Расці яму ўжо папросту не даюць, бо ўсім відавочна, што Куба — банкрут. Краіна штогод імпартуе тавараў на 14 мільярдаў долараў, а экспартуе — толькі на чатыры. Усе дружна прызнаюць фіяска мадэлі паралельных валют. Яна ператварыла народны песа, якімі выплачваюць заробак звычайным кубінцам, у фанцікі. Сярэдні заробак зараз складае 18 долараў ЗША.
Якое выйсце з сітуацыі бачаць камуністы? Аказваецца, звольніць вялікую частку бюджэтнікаў (1,8 з 4,9 мільёна занятых у гэтым сектары чалавек) і прымусіць іх развіваць прыватны сектар — як правіла, рознага кшталту дробныя паслугі (цырульні, кафэ, сельскія кааператывы). Яшчэ адна «радыкальная рэформа» — машыны 1950-х гадоў выпуску можна будзе перадаваць пад прыватныя таксі.
Як кажуць афіцыйныя эканамісты, гэта не жарты. Тут ёсць вялікі рэзерв. Толькі за апошні год 190 тысяч кубінцаў сталі індывідуальнымі прадпрымальнікамі або запісаліся ў кааператары.
Нейкім чынам гэта ўсё нагадвае нараджэнне кааператыўнага руху ў СССР. З тым улікам, што ў кааператары ў нас не запісвалі амаль гвалтоўна, звальняючы з працы.
Усе гэтыя інавацыі і павінны былі прапанаваць дэлегаты. Аднак у апошні момант у праграму з’езду мерапрыемства давялося ўносіць карэктывы — да Кубы дакацілася рэха паўстанняў у арабскіх краінах. Асабліва ўлады палохае лівійскі сцэнар. Тым больш, на днях былы прэм’ер Іспаніі адкрытым тэкстам заклікаў Захад пасля ліквідацыі Кадафі перакінуць флот NАТО да кубінскіх берагоў для знішчэння тыраніі Кастра. Таму лагічным можна лічыць тэзіс Рауля Кастра, які ў прамове на з’ездзе заклікаў да ратацыі партыйнага кіраўніцтва. З гэтага часу 10 гадоў — максімальны тэрмін, які апаратчык РСС можа знаходзіцца на адной і той жа пасадзе.
Апазіцыя крок Рауля не ацаніла. Лідар апазіцыйнай Камісіі па праблемах правоў чалавека і нацыянальнага адзінства ў каментары для «Radio Marti» (апазіцыйная кубінская радыёстанцыя ў ЗША) звяртае ўвагу на тое, што Рауль Кастра так даўно знаходзіцца пры ўладзе, што пасля падобных слоў у якасці прыкладу меў бы сысці ў адстаўку. У дадзеным выпадку Рауль, як лічыць апазіцыя, папросту легалізуе яшчэ 10 гадоў свайго рэжыму, якія абяцаюць быць для яго вельмі цяжкімі.
Тут, праўда, ёсць адно «але». З’езд павінен абраць другога сакратара. Раней усё было проста. Старэйшы брат — сакратар. Малодшы — намеснік. Цяпер трэба абіраць кагосьці з боку. З улікам саліднага ўзросту братоў (Фідэлю — 85 гадоў, а Раулю — 82) гэты нехта атрымае някепскія шансы стаць хутка першым. Праўда, скептыкі кажуць, што абраны на з’ездзе другі сакратар — патэнцыйны нябожчык. Усе згадваюць, як закончыў жыццё папулярны генерал Арнальда Ачоа, адзін з легендарных удзельнікаў барацьбы супраць дыктатуры Батысты. Яго абвінавацілі ў гандлі наркотыкамі і расстралялі.
Парадаксальна, аднак з’езд крытыкуюць і некаторыя камуністы. У партыі склалася групоўка, якая лічыць прапанаваныя Раулем рэформы абсурдам. «У простых кубінцаў няма інвестыцыйнага капіталу для пачатку свайго бізнэсу, нават уяўлення пра рынкавыя адносіны няма», — кажа адзін з іх у інтэрв’ю нямецкаму выданню «Tageszeitung». Дададзім, што кубінская фінансавае права не ведае нават такога тэрміну, як малыя крэдыты (такая банкаўская паслуга толькі-толькі з’явілася, аднак застаецца неразвітай з-за таго, што ў краіне існуе дзве паралельныя валюты).
Праўда, нават камуністы-артадоксы згодныя з тым, што трэба нешта мяняць. Гэта пры тым, што сацыяльная тэматыка з’яўляецца адзінай, якая неяк легітымізавала рэжым у вачах грамадзян.
Застаецца дадаць, што ў згаданых дакументах з’езду РСС гаворыцца, нібы «Куба ў адрозненні ад іншых краін ніколі не будзе вырашаць праблему крызісу шляхам шокавай рынкавай тэрапіі».