Армія ЗША выпусціла коміксы пра кібервайну

Інстытут кібернетыкі Арміі ЗША ў Вэст-Пойнце апублікаваў серыю навучальных коміксаў, якія паказваюць асаблівасці вядзення кібервайны. У серыю ўвайшлі чатыры коміксы Dark Hammer («Цёмны молат»), Silent Ruin («Ціхія руіны»), Engineering a traitor («Канструюючы здрадніка») і 11.25.2027 («25 лістапада 2027 года»).

comic.jpg

Пераважна коміксы паказваюць шкоду, якую могуць нанесці кібертэхналогіі войскам. Напрыклад, у коміксе «Ціхія руіны» разглядаецца сцэнар аб'яднання Румыніі і Малдовы. У адказ на стварэнне гэтага саюза Расія пачынае маштабныя вучэнні на мяжы. На тэрыторыі аб'яднаных краін свае вучэнні пачынаюць войскі НАТО.
Гісторыя заканчваецца пачаткам ваеннага канфлікту, у якім расійскія войскі спачатку выкарыстоўваюць сістэмы радыёэлектроннай барацьбы, выводзячы з строю беспілотныя сістэмы НАТО. Затым расійскі бок парушае працу сістэмы сувязі і абмену дадзенымі. Дэзарганізаваныя з-за адсутнасці сувязі войскі НАТО прайграюць вайну, а расійскія сілы набліжаюцца да амерыканскага консульства.
У сваю чаргу комікс «Канструюючы здрадніка» распавядае пра лёс Джэйка Робертса, выдатніка па курсе падрыхтоўкі ваенных інжынераў, якога пасля вучобы за выдатныя заслугі прынялі ў Інжынерныя войскі адразу ў афіцэрскім званні. Робертс мае выдатны паслужны спіс.
Па меры развіцця сюжэту нейкія шпіёны спрабуюць завербаваць Робертса. Для гэтага яны ўзломваюць розныя сістэмы, дзе захоўваюцца дадзеныя аб інжынеры і змяняюць іх. У выніку ў электронных запісах аб Робертсе з'яўляецца кепская інфармацыя і негатыўныя характарыстыкі. Гэтыя запісы прымаюцца кіраўніцтвам Робертса і яго сваякамі за чыстую манету.

comic_2.jpg

Робертса звальняюць з узброеных сілаў, ён аказваецца адзін і губляе сэнс жыцця. У надзеі вярнуць былое становішча ён звяртаецца па дапамогу да свайго сябра, не ведаючы, што той і з'яўляецца адным з удзельнікаў шпіёнскай сеткі. Сябар прапануе Робертсу адпомсціць крыўдзіцелям і даць яму доступ да тэхнічных памяшканняў аднаго з будынкаў у Х'юстане.
Гэтая гісторыя сканчаецца ракетным абстрэлам будынка ў Х'юстане, праз паўгода пасля якога следства прызнае Робертса арганізатарам гэтага нападу.
У гісторыі «Цёмны молат» амерыканскія войскі забяспечваюць абарону і эвакуацыю насельніцтва Паўднёвай Карэі з зоны ваеннага канфлікту з Паўночнай Карэяй. Войскі КНДР у гэтым канфлікце актыўна выкарыстоўваюць аўтаномныя баявыя сістэмы і адціскаюць амерыканскіх і паўднёвакарэйскіх вайскоўцаў.
У адказ кіберспецыялісты арміі ЗША ўзломваюць ваенныя сістэмы сувязі Паўночнай Карэі і запускаюць вірус «Цёмны молат». Ён парушае абмен дадзенымі і падмяняе цэлеўказанне паўночнакарэйскіх баявых робатаў, якія атакуюць войскі КНДР.
Выкарыстанне коміксаў ў якасці навучальнай літаратуры шырока выкарыстоўваецца ва ўзброеных сілах ЗША і некаторых іншых краін свету з 1930-х гадоў. Лічыцца, што падобны спосаб падачы ў цікавай форме дазваляе салдатам хутчэй засвойваць важную інфармацыю.
Паводле nplus1.ru