ЗША і два дзясяткі еўрапейскіх краін могуць выслаць расійскіх дыпламатаў
Гэтыя меры будуць прынятыя ў адказ на атручэнне экс-палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля.

Беспрэцэдэнтнае скаардынаванае выправаджэнне расійскіх дыпламатаў можа пачацца ўжо ў панядзелак, разам з часовым адкліканнем пасла Еўрасаюза ў Маскве — пра гэта піша брытанская The Times. Газета сцвярджае, што да высылкі расейцаў, нібыта звязаных са шпіёнскай сеткай Крамля, рыхтуюцца да 20 еўрапейскіх краін. Гэта Германія, Францыя, Нідэрланды, Чэхія і іншыя. Да гэтай акцыі могуць далучыцца і Злучаныя Штаты. Прынамсі, яшчэ ўчора такую рэкамендацыю даў Дональду Трампу савет нацыянальнай бяспекі.
Каментуючы рашэнне краін Еўрасаюза, расійскі МЗС адзначыў, што паняцце салідарнасці ўнутры ЕС апынулася вышэй за здаровы сэнс. У знешнепалітычным ведамстве дадалі, што Еўропа не хоча лічыцца з пазыцыяй Масквы і грэбуе сур'ёзнымі нестыкоўкамі ў брытанскіх абвінавачаннях па справе аб атручэнні Сяргея Скрыпаля.
Вялікабрытанія выслала 23 расійскіх дыпламатычных работніка, у адказ такая ж колькасць супрацоўнікаў брытанскай амбасады былі высланы з Расіі.
Паводле echo.msk.ru