Ашаршылык — казахскі Галадамор

Афіцыйная Астана зняла табу з тэмы Галадамору ў Казахстане. Палітолагі спрачаюцца пра палітычныя матывы такога рашэння.

525b8410cc8612283c9ecaf9a319f8ed.jpg


Непасрэдна рашэнне пра тое, што Галадамор (па-казахску Ашаршылык) варты ўшанавання на афіцыйным узроўні як фрагмент гісторыі краіны, было прынятае 1 сакавіка. «Я даў даручэнне сёлета адзначыць 80-годдзе Галадамору. У 1929–1933 гадах загінула ад голаду 40 працэнтаў казахаў. Калі б не голад, нас было б цяпер 40–50 мільёнаў», — заявіў Назарбаеў у гэты дзень на сустрэчы са студэнтамі аднаго са сталічных універсітэтаў.
Тое, што ў словах Елбасы прысутны складнік палітычнай кан’юнктуры, відавочна. Раней на працягу ўсіх гадоў казахскай незалежнасці пра тыя падзеі імкнуліся не гаварыць. Калі Казахстан здабыў незалежнасць у 1991 годзе, было вырашана ўзвес­ці помнік ахвярам голаду. У 1992 годзе ўрад, ідучы насустрач заклікам казахскай інтэлігенцыі, вылучыў месца для будучага манумента. Прайшло 16 гадоў — помнік так і не з’явіўся.
Хаця хаваць сам факт трагедыі было цяжка нават у савецкі час. Калі ў 1926 годзе ў Казахстане, паводле ўсенароднага перапісу, пражывала 3,9 мільёна чалавек, то па дадзеных на 1937 год — 2,8 мільёна, або толькі 72,1 працэнта ад колькасці людзей у 1926 годзе. Для Украіны, якая лічыцца галоўнай ахвярай Галадамору, гэты паказчык складае 84,7 працэнта.
Голад у Казахстане (на той час край меў статус аўтаномнай рэспублікі ў складзе РСФСР), як і паўсюдна, стаў вынікам кампаніі за пагалоўную калектывізацыю і стварэнне калгаснай гаспадаркі. Кампанія суправаджалася прымусовым пераходам качавога насельніцтва на аселы лад жыцця. Такім чынам, падрывалася жывёлагадоўля, якая была традыцыйнай гаспадаркай казахаў на працягу стагоддзяў і забяспечвала прадуктамі мясцовае насельніцтва. Скаціна, якую рэквізавалі ў качэўнікаў для патрэб калгасаў, забівалі з-за немагчымасці пракарміць яе ў адным месцы. Да 1933 года з 40 мільёнаў галоў скаціны засталася прыкладна адна дзясятая частка.
Стан рэчаў пагоршыла разнарадка аб прымусовай здачы насельніцтвам збожжа. У пагоні за рэкордамі канфіскавалі пасяўны матэрыял, фуражнае і харчовае збожжа. Палітработнікі забіралі з калгасаў і аднаасобных гаспадарак увесь наяўны хлеб. Размова з тымі, хто пратэставаў, была кароткай — раскулачвалі, высылалі, расстрэльвалі.
Для казахаў татальная канфіскацыя харчу была страшней у шмат разоў, таму што яны — жыхары стэпу. На той час яны амаль зусім не ведалі земляробства. Больш таго, у масавай свядомасці панавалі забабоны, што ўрывацца ў лона зямлі — жудаснае злачынства.
Як бачым, голад пачатку 1930-х быў для Казахстана адной з самых вялікіх трагедый у нацыянальнай гісторыі.
Тое, што пра яго 15 гадоў не казалі, звычайна тлумачылі спецыфікай адносін Масквы і Астаны. Адна з вядучых казахскіх апазіцыйных газет «Рэспубліка» ў 2010 годзе пісала: «Гэта замоўчванне ўпісваецца ў шматгадовыя паводзіны Нурсултана Назарбаева, гатовага любым коштам пазбегнуць магчымага гневу Крамля. Або гэта старая партыйная звычка аглядацца на палітбюро, або гэтыя выразныя веды, што непрыманне яго персоны ў Маскве можа яму каштаваць кар’еры лідара нацыі наогул».
Нежаданне варушыць гісторыю з часам стала добрым геапалітычным іміджам для Назарбаева. Ва Украіне пасля прыходу «аранжавых» да ўлады тэма Галадамору стала афіцыйнай ідэалогіяй. У 2006 годзе ўкраінскі парламент прызнаў Галадамор 1932–1933 гадоў генацыдам украінскага народа. Пасля такога ж кшталту рэзалюцыі прынялі парламенты шэрагу іншых краін.
Трактоўка Кіева не спадабалася ў Маскве, паколькі ў ёй арганізатарам трагедыі лічыцца ўрад СССР — дзяржавы, пераемніцай якой прызнае сябе цяперашняя Расія. Афіцыйная расійская пазіцыя адносна Галадамору заключаецца ў тым, каб лічыць трагедыю вынікам непрадугледжаных абставін. І тое, што Казахстан — краіна-ахвяра Галадамору — увогуле не ўздымаў праблему, было, безумоўна, на руку Крамлю.
І вось цяпер Назарбаеў сам фарсіруе ўчора яшчэ крамольную тэму. Рэвізію ў яго падыходах тлумачаць часцей вынікамі інтэграцыі з Расіяй у рамках Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП). Праект АЭП успрымаецца патрыятычнай часткай казахаў, якія доўгі час разглядалі Назарбаева гарантам незалежнасці, як здрада.
«Якія асноўныя параметры АЭП? І як гэты праект суадносіцца з дзяржаўнай незалежнасцю Рэспублікі Казахстан? Дзе знайсці тэкст той дамовы? Яго абмяркоўваюць усе, акрамя... народа. Галоўнае, якія паўнамоцтвы Казахстан мае намер аддаць гэтай невядомай, але ўсёмагутнай камісіі? Не ад нашых улад, а ад... брытанскай BBC мы даведваемся, што «на саміце краін ЕўрАзЭС Беларусь настойвала на праве блакаваць на дзяржаўным узроўні любыя рашэнні ЕЭС», у той час як Расія лічыць, што канчатковыя рашэнні па ЕЭС павінна прымаць вышэйшы савет саюза. А дзе пазіцыя афіцыйнай Астаны? І якая яна?» — задае пытанні незалежнае выданне «Zona.kz».
На думку шмат каго, мітусня вакол Галадамору павінна супакоіць нацыяналістычную грамадскасць, для якой гэта тэма, безумоўна, вельмі важная. Аднак тут існуюць вялікія рызыкі. Украінскі вопыт сведчыць, што Галадамор — гэта вельмі балючая і эмацыйная рэч, здольная палітызаваць соцыум. Перш за ўсё, тэма можа перарасці ў міжнацыянальныя спрэчкі наконт таго, ці быў голад спланаванай акцыяй Масквы. І тут эмоцыі могуць пакінуць рамкі кулуарнага гістарычнага дыскурсу.
У Казахстане калектывізацыя разглядалася не проста як эканамічная мера, а як частка спланаванай аперацыі па ліквідацыі традыцыйнай структуры казахскага грамадства. Справа ў тым, што казахі абыякава паставіліся як да краху манархіі ў Расіі, так і да ўсталявання савецкай улады. Бальшавікі не мелі ніякіх рычагоў уплыву на качавое насельніцтва. Таму абраны ў 1925 годзе кіраўніком краявой партыйнай арганізацыі Філіп Галашчокін абвясціў «Малую Кастрычніцкую рэвалюцыю» ў аулах.
Наўрад ці гаворка ішла пра ліквідацыю казахаў як нацыі, аднак «русіфікатарскі» і каланіяльны кампанент аперацыі «Малы Кастрычнік» быў відавочны. Так, у адным са сваіх лістоў Галашчокін прасіў у Сталіна перавесці казахскую мову на кірыліцу, каб разарваць гістарычную памяць абарыгенаў. «Трэба знішчыць інтэлігенцыю, яшчэ раз змяніць казахскі алфавіт; такім чынам падрастаючае пакаленне не будзе мець магчымасці чытаць гісторыю свайго народа», — пісаў тагачасны першы сакратар Кампартыі Казахстану.
Таму можна не сумнявацца, што мерапрыемствы з нагоды 80-годдзя Галадамору ў Казахстане не абыдуцца без канфрантацыі радыкальных фракцый казахскай і рускамоўнай абшчынай. Гэта, у сваю чаргу, наўрад ці паспрыяе палітычнай стабільнасці ў краіне — прадмет гордасці і элемент піяру Назарбаева.
Напрыканцы хацелася б адзначыць незвычайны лёс самога Філіпа Галашчокіна, які, дарэчы, паходзіць з Віцебску. Ён, нягледзячы на тое, што прымаў удзел у забойстве царскай сям’і і быў ахарактарызаваны сучаснікамі як «верны ленінец», таксама трапіў пад каток сталінскага тэрору. Самае цікавае, што арыштавалі яго не як нямецкага шпіёна, а як «педэраста» (у той час адпаведны артыкул прысутнічаў у Крымінальным кодэксе). У 1941 годзе Галашчокін быў расстраляны недзе ў самарскай глыбінцы.