Баскі мараць пра зборную

Поспех баскскага клуба «Атлетык» (Більбао), які выйшаў у фінал Лігі Еўропы, падштурхнуў мясцовых нацыяналістаў зноў фантазаваць пра стварэнне паўнавартаснай футбольнай зборнай Краіны Баскаў.

Краіна Баскаў — гэта, акрамя ўсяго іншага, айчына іспанскага футбола. Менавіта тут напрыканцы ХІХ стагоддзя выпускнікі англійскіх каледжаў, дзе на той час вучылася ўся іспанская эліта, заклалі фундамент першых клубаў на Пірэнеях. Той жа заснаваны ў 1898 годзе «Атлетык» з’яўляецца самым старым клубам іспанскай футбольнай лігі.

Поспех баскскага клуба «Атлетык» (Більбао), які выйшаў у фінал Лігі Еўропы, падштурхнуў мясцовых нацыяналістаў зноў фантазаваць пра стварэнне паўнавартаснай футбольнай зборнай Краіны Баскаў.
Краіна Баскаў — гэта, акрамя ўсяго іншага, айчына іспанскага футбола. Менавіта тут напрыканцы ХІХ стагоддзя выпускнікі англійскіх каледжаў, дзе на той час вучылася ўся іспанская эліта, заклалі фундамент першых клубаў на Пірэнеях. Той жа заснаваны ў 1898 годзе «Атлетык» з’яўляецца самым старым клубам іспанскай футбольнай лігі.
Так здарылася, што першыя спартовыя поспехі баскскіх футбалістаў прыйшліся на пачатак ХХ стагоддзя — час бурнага станаўлення палітычнага руху за незалежнасць Краіны Баскаў. Усё гэта заканамерна спрыяла нараджэнню ідэі пра тое, што Краіна Баскаў вартая быць прадстаўленай у міжнародных футбольных арганізацыяй. Так, яшчэ ў 1910 годзе была створаная першая зборная краю — зборная Поўначы, якая гуляла ў турніры з камандамі іншых рэгіёнаў Іспаніі. Першы матч зборная баскаў згуляла ў 1915 годзе супраць каталонцаў і перамагла з лікам 1:0. Праўда, шмат хто з футбольных статыстыкаў вядзе летапіс баскскай зборнай з 1922-га, паколькі за зборную Поўначы па рэгламенту маглі гуляць футбалісты з правінцыі Кантабрыя. А вось з 1922 года Кантабрыя і Краіна Баскаў мелі асобныя каманды.
Дзякуючы грамадзянскай вайне, якая пачалася ў Іспаніі, пра зборную баскаў даведаўся ўвесь свет. Кіраўніцтва Краіны Баскаў, якое дзякуючы прыходу да ўлады левых партый, атрымала аўтаномію, вырашыла сфармаваць зборную і даслаць яе ў тур для збору сродкаў для абароны ад фашыстаў. У красавіку 1937-га пачалося славутае падарожжа баскскай каманды па Еўропе. Зборная правяла 18 сустрэч, гуляла як з клубамі, так і са зборнымі камандамі, прычым вельмі паспяхова. Перамагла вельмі моцную ў даваенныя часы зборную Чэхаславакіі з лікам 3:2.
Найбольшы фурор баскі выклікалі ў СССР, які тады быў саюзнікам рэспубліканскай Іспаніі. Тут госці з Пірэнеяў згулялі 8 матчаў, у тым ліку матч у Мінску супраць зборнай гораду. Лік быў, як кажуць, разгромным — 6:1 на карысць гасцей. Беларусы маглі заспакоіць сябе хіба тым, што хутка зборная Даніі прайграла баскам яшчэ больш ганебна — 1:11.
Увосень каманда пераплыла Атлантыку і згуляла матчы са зборнай Мексікі, Кубы і Чылі. Інтарэс да баскаў быў такі моцны, што федэрацыя футбола Мексікі прапанавала ім застацца ў краіне і адзін сезон пагуляць у мясцовым чэмпіянаце. Баскі далі згоду і запісаліся ў турнір пад назвай Club Deportivo Euzkadi. У тым жа годзе Франка перамог рэспубліканцаў. Баскская аўтаномія была ліквідаваная. Нават за выкарыстанне баскскай мовы цяпер пагражаў крымінальны артыкул. Пра вяртанне на радзіму не было і гаворкі, таму гульцы каманды баскаў папросту разбегліся па розных клубах Лацінскай Амерыкі.
Пасля падзення дыктатуры ў Краіне Баскаў зноў пачалі марыць пра сваю зборную. Нейкім чынам аматары дамовіліся пра прыезд у Більбао зборнай Ірландыі. Матч, які быў прызначаны на 16 жніўня 1979 года, адразу выклікаў шмат палітычных скандалаў. Так, адміністрацыя некаторых баскскіх клубаў адмовіла сваім спартсменам у магчымасці гуляць за зборную краю. Мадрыд забараніў выкананне перад пачаткам гульні баскскага нацыянальнага гімну Gernikako Arbola. Калі ўсё ж публіка пачала яго спяваць, прысутны губернатар і мэры гарадоў дэманстратыўна пакінулі стадыён. Матч закончыўся перамогай баскаў — 4:1. Пасля матчу ў горадзе адбылася буйная маніфестацыя прыхільнікаў нацыянальнага адраджэння.
Нягледзячы на пратэсты Іспанскай федэрацыі футболу, баскская зборная працягнула існаванне. Больш таго, у яе склад пачалі ўваходзіць не толькі баскі з Іспаніі, аднак і баскскія футбалісты з французскай часткі Эўскадзі (іншая назва Краіны Баскаў). Усяго з 1979 года праведзена каля 20 міжнародных сустрэч, якія, як правіла, мелі статус таварыскіх матчаў. Сярод іншага баскі могуць ганарыцца перамогай над Расіяй 1:0 і Сербіяй — 4:0. Апошні матч баскі згулялі супраць Тунісу ў снежні мінулага года і прайгралі 0:2.
Трэба заўважыць, што афіцыйна каманда выступае не як зборнай Краіны Баскаў, а як зборная баскскай аўтаноміі ў складзе Іспаніі. Гэта даўно выклікае канфрантацыю як сярод балельшчыкаў, так і футбалістаў. Некаторыя футбалісты адмаўляюцца гуляць за зборную аўтаноміі і патрабуюць, каб каманда афіцыйна называлася «Зборная Краіны Баскаў».
Галоўным бар’ерам на шляху рэалізацыі мары пра баскскую зборную ёсць 10-ы пункт Міжнароднай федэрацыі футбольных асацыяцый (FIFA), які патрабуе, каб нацыянальная зборная прадстаўляла непасрэдна незалежную краіну.
Ёсць, праўда, выключэнне. Нацыянальная зборная рэгіёну можа гуляць у матчах пад эгідай FIFA пры наяўнасці дазволу з боку Федэрацыі футболу краіны, у склад якой уваходзіць гэты рэгіён. У дадзеным выпадку баскам патрэбна згода ад Федэрацыі футбола Іспаніі. Дэбаты пра такі дазвол цягнуцца з дня адраджэння баскскай аўтаноміі, аднак прагрэсу тут не назіраецца.
Застаецца дадаць, што падобныя праблемы з прызнаннем FIFA мае не толькі Краіна Баскаў. Шматлікія рэгіёны або непрызнаныя краіны таксама не могуць атрымаць сяброўства ў структурах FIFA. Сярод «ізгояў» — іракскі Курдыстан, Косава, Манака, і г.д. Асобная тэма — народы, якія жадаюць гуляць у футбол у рамках зборнай, аднак не маюць адміністратыўных адзінак. Напрыклад, у Фінляндыі існуе зборная лапландцаў па футболу.
Адным з выхадаў стала фармаванне альтэрнатыўнай FIFA. У свеце некалькі падобных арганізацый. Самая вядомая з іх, напэўна, Non-FIFA-Board, якая была створаная ў 2003 годзе. Яе суб’ектамі з’яўляюцца такія экзатычныя арганізацыі, як федэрацыі футболу Аквітаніі, Паданіі, Сіцыліі, Чачэнскай Рэспублікі — Ічкерыя і г.д.
Арганізацыі кшталту Non-FIFA-Board рэгулярна разыгрываюць свае альтэрнатыўныя кубкі свету. Дарэчы, па версіі Non-FIFA-Board, цяперашнімі футбольнымі чэмпіёнамі свету з’яўляюцца тыя самыя лапландцы. У 2006 годзе яны выйгралі арганізаваны гэтай Федэрацыяй сусветны чэмпіянат Францыі.
Аднак наўрад ці зборная Краіны Баскаў будзе спрабаваць атрымаць прызнанне праз гульні з лапландцамі.
Хутчэй за ўсё, баскі будуць спрабаваць паступова даводзіць чыноўнікам FIFA пра неабходнасць прызнання іх сябрамі FIFA. Вялікую ролю тут могуць адыграць і палітычныя змены. Так, голас за нацыянальную баскскую зборную будзе гучней, калі ў наступным годзе нацыяналісты перамогуць на выбарах у парламент аўтаноміі. Ну і, безумоўна, важным імпульсам для новых дэбатаў на гэтую тэму можа стаць перамога «Атлетыка» (Більбао) у кубку Лігі Еўропы. Нагадаем, што фінал кубка адбудзецца 9 мая ў Бухарэсце.