Беларусь нарадзіла, Украіна прыняла: знакамітыя ўкраінцы, якія пабачылі свет на радзіме Арастовіча
Склалі спіс украінскіх вядомых асоб, першым домам якіх стала Беларусь. Нагадаем, нядаўна мы рабілі матэрыял пра беларусаў, што нарадзіліся ва Украіне.
Грамадскія і вайсковыя дзеячы
1. Аляксей Арастовіч нарадзіўся ў 1975 у Грузіі, у нашым спісе ён безумоўна праз сваю беларускую сям’ю. Яго тата — этнічны беларус са Слуцку, і сам Аляксей першыя гады жыцця правёў там жа.
Ён — і твар і голас вайны 2022. Арастовіч паказвае, як трымаць сябе ў руках падчас вырашальных момантаў жыцця. Вайсковы эксперт і дарадца прэзідэнта Зяленскага, які дае прагнозы, што сапраўды здзяйсняюцца. Нечаканым фактам аб ім будзе тое, што Аляксей спрабаваў сябе ў якасці актора і каментатара.
2. Юры Ільін нарадзіўся ў 1962 у Рагачове.
Адмірал, старшыня генштабу Узброеных Сілаў Украіны, кіраўнік Ваенна-марскімі сіламі Украіны да 2014.
Пасля самаадхілення збеглага прэзідэнта Віктара Януковіча ад выканання сваіх канстытуцыйных абавязкаў Юрый Ільін не прызнаў легітымнасць в.а. прэзідэнта Аляксандра Турчынава і лічыў сваё звальненне незаконным. Пасля анэксіі Расіяй Аўтаномнай Рэспублікі Крым застаўся ў Крыме. Па словах былога міністра абароны Цянюха, ён тройчы пераконваў выдаць яго Расіі. У верасні 2014 года Генпракуратура Украіны распачала супраць Ільіна крымінальную справу па артыкуле «дэзерцірства».
3. Міхаіл Лапацін нарадзіўся ў 1940 у вёсцы Свабода Клічаўскага раёна.
Генерал, камандуючы войскамі супрацьпаветранай абароны Украіны (1992—1996).
Служыў на Кубе, узнагароджаны медалём «За адвагу» і Ганаровай граматай міністра замежных спраў Кубы. Удзельнічаў у ваенна-стратэгічнай аперацыі «Анадыр» падчас Карыбскага крызісу 1962 года.
4. Валеры Васільеў нарадзіўся ў 1946 у вёсцы Шалухаўка Краснапольскага раёна.
Генерал, камандуючы Ваенна-паветраных
сілаў Узброеных Сіл
Украіны (1992—1993).
У кастрычніку 1993 пад кіраўніцтвам Васільева ВПС Украіны падрыхтавалі адну з першых міратворчых місій Украіны па аказанні гуманітарнай дапамогі Грузіі.
5. Аляксандар Рагоза (1858-1919) нарадзіўся ў Віцебску.
Генерал.
Паходзіў з сям’і праваслаўнага святара ва Украіне. Ва ўрадзе Украінскай Дзяржавы ў 1918 займаў пасаду ваеннага міністра. Пасля захопу ўлады войскам Пятлюры з’ехаў у Адэсу. Збіраўся перабрацца на Кубань ці эміграваць, але не здолеў гэта зрабіць. Пасля захопу гораду бальшавікамі — арыштаваны. Пасля адмовы далучыцца да Чырвонай арміі — расстраляны.
6. Васіль Ігнаценка (1961-1986) нарадзіўся ў вёсцы Спярыжжа, Брагінскі раён.
Герой Украіны, ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
У міні-серыяле «Чарнобыль», які здабыў багата прыхільнікаў у свеце тры гады таму, адзін з герояў — акурат Васіль Ігнаценка. Ён быў у ліку першых пажарных, якія прыбылі на тушэнне пажару на чацвёртым энергаблоку ЧАЭС. Атрымаў смяротную дозу радыеактыўнага апраменьвання. Гісторыя Васіля, распаведзеная яго жонкай Людмілай, стала адной з цэнтральных частак кнігі «Чарнобыльская малітва» нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч.
7. Міхаіл Жызнеўскі (1988-2014) нарадзіўся ў Гомелі.
Герой Украіны, журналіст.
Імя Міхаіла Жызнеўскага стала вядомае толькі пасля яго трагічнага забойства падчас Еўрамайдана на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве. З 2005 жыў ва Украіне. Актыўны сябар арганізацыі УНА-УНСО. У снежні 2013 як пазаштатны карэспандэнт прыехаў у Кіеў, дзе ў хуткім часе яго жыццё было абарванае. Памяць Жызнеўскага шырока ўшанаваная ў помніках і вершах. Мінулы прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка ўзнагародзіў яго званнем «Герой Украіны» з фармулёўкай: «за асабістую мужнасць і гераічнае адстойванне прынцыпаў дэмакратыі, правоў і свабод чалавека, самаадданае служэнне ўкраінскаму народу, выяўленыя падчас Рэвалюцыі годнасці».
8. Віктар Назаранка нарадзіўся ў 1956 у Мінску.
Генерал, дарадца прэзідэнта Украіны ў 2017-2019.
У 2014 прызначаны кіраўніком Дзяржаўнай памежнай службы Украіны (да 2017).
9. Лука Кандратовіч (1866-пасля 1918) нарадзіўся ў Мінску.
Генерал, сябра Украінскай Народнай Рады.
Удзельнік Першага і Другога Украінскіх Вайсковых з'ездаў у 1917 годзе. На апошнім быў выбраны ва Украінскі генеральны вайсковы камітэт, дзе узначаліў камісію спецслужбаў.
На пачатку 1918 года выехаў у Ташкент, дзе узначаліў антысавецкую Туркестанскую вайсковую арганізацыю. Далейшы лёс невядомы.
Дзеячы культуры
1. Іван Труба (1878-1950) нарадзіўся ў Гомелі.
Пісьменнік, грамадскі і палітычны дзеяч.
Быў адным з фундатараў і актывістаў Украінскай студэнцкай грамады. Сярод літаратурнай спадчыны — казкі для дзяцей «Як грыбы збіраліся ваяваць з жукамі», «Пан Коцкі», пераклады казак Андэрсана на ўкраінскую мову. Выдаў школьную хрэстаматыю «Початкова читанка. Стежка додому» у 1917-1918.
2. Юры Варум (1949-2014) нарадзіўся ў Гомелі.
Кампазітар, прадусар, музыка. Бацька эстраднай спявачкі Анжалікі Варум (сапраўднае імя Марыя).
Узначальваў украінскія ВІА «Эўрыка» і «Арніка», кіраваў эстрадным гуртом спявака Валерыя Лявонцьева, рабіў аранжыроўкі для песняў Алы Пугачовай. Для сваёй дачкі напісаў амаль усю музыку яе шлягераў.
3. Яўген Літвінковіч нарадзіўся ў 1982 у Жодзіна.
Спявак.
Папулярны ва Украіне спявак з Беларусі, аўтар і выканаўца. Фіналіст шоў «Украіна маэ талант-4» у 2012 годзе, супер-фіналіст шоу «Х-фактар -3» на пачатку 2013 года.
Пасля ашаламляльнага поспеху першых сольных канцэртаў спевака было аб'яўлена аб падрыхтоўцы гастрольнага тура па буйных гарадах Украіны.
4. Дзмітры Фалькоўскі (1898-1934) нарадзіўся ў вёсцы Вялікія Лепесы (зараз увайшла ў склад Кобрына).
Паэт, празаік. Сапраўднае прозвішча Ляўчук.
Вучыўся ў Берасцейскай гімназіі. Падчас існавання Украінскай Народнай Рэспублікі здзяйсняў тэрор у бальшавіцкім падполлі. Пасля дэмабілізацыі з Савецкай арміі жыў у Кіеве, дзе змяніў прозвішча ў сувязі з небяспекай помсты за ўдзел у масавых забойствах на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Друкавацца пачаў у 1924 годзе ў часопісах «Червоний шлях», «Життя й революція», «Всесвіт», «Глобус». Значнае месяца ў вершах Фалькоўскага займае тэма расійскай інтэрвенцыі 1917-1920 гадоў ва Украіне, якую аўтар прадстаўляе як «вызваленне». Нягледзячы на мінулае ў спецслужбах, бальшавіцкі рэжым скептычна ставіўся да яго працы. Калі быў здзейснены новы тэрор у сувязі з забойствам Кірава, трапіў у вязніцу і неўзабаве быў расстраляны.
5. Алена Курыла (1890-пасля 1946) нарадзілася ў Слоніме.
Украінская мовазнаўца, дыялектолаг, аўтарка папулярных падручнікаў украінскай мовы, стваральніца ўкраінскай навуковай тэрміналогіі.
Алена Курыла стварыла падручнік украінскай граматыкі для дзяцей. Яна сабрала каля 200 песень, а таксама плачаў, шэптаў, казак, думак, легендаў, асобных словаў, якія ў цэлым складалі вялікі дыялектычны матэрыял.
Пасля спынення ўкраінізацыі была арыштаваная і асуджаная. Выйшла на волю ў 1946, далейшы лёс застаўся невядомым.
6. Віталь Драздоў нарадзіўся ў 1971 у Гродзенскай вобласці.
Украінскі прадзюсар і музыка. Генеральны дырэктар Hit FM.
У 1993 годзе пачаў кар'еру на радыё ў Мінску, быў вядоўцам, музычным рэдактарам і праграмным дырэктарам радыёстанцый (Аўтарадыё, Радыё ВА, Альфа-Радыё). У 1995 годзе Драздоў далучыўся да гурта «Ляпіс Трубяцкой» у якасці бэк-вакаліста і скрыпача. У 2003 годзе стаў дырэктарам гурта «Ляпіс Трубяцкой» і іх прадзюсарскага цэнтра «Дзеці сонца». У 2005 годзе пачаў працаваць на радыёстанцыі Hit FM у якасці антыкрызіснага менеджара і дырэктара, за некалькі гадоў зрабіў радыё Hit FM самай папулярнай радыёстанцыяй у Кіеве і Украіне.
7. Якаў Саўчык (1880-1955) нарадзіўся ў Койданава.
Французскі дызайнер ўкраінскага габрэйскага паходжання, заснавальнік і ўладальнік вядомага ў 1-й палове XX ст. атэлье па вытворчасці кузаваў для легкавых аўтамабіляў. У 1899 годзе Якаў Саўчык эмігрыраваў з сям'ёй у Францыю. Мэблевы майстар па спецыяльнасці, ён заняўся новай і перспектыўнай у той час справай — праектаваннем і будаўніцтвам на замову кузаваў для легкавых аўтамабіляў. У пачатку XX ст. вытворцы аўтамабіляў рабілі толькі шасі з агрэгатамі, а кузаў пакупнік замаўляў на свой густ у майстроў-кузаўнікоў. Нягледзячы на распаўсюджанне канвеернай вытворчасці, досыць значны попыт на гэтую паслугу існаваў і пазней. У 1905 годзе Саўчык адкрыў уласную майстэрню ў парыжскім прыгарадзе. У 1920-я гады атэлье стала адным з вядучых у кузаўной справе. Кузавы Саўчыка манціравалі на шасі дарагіх і прэстыжных марак — «Рызота-Фраскіні», «Іспана-Сюіза», «Дэлая», «Корд» і іншыя.
Рэлігійныя дзеячы
1. Мітрапаліт Аўгустын нарадзіўся ў 1952 у вёсцы Глушкавічы Лельчыцкага раёна.
Сапраўднае імя Адам Маркевіч. Старшыня Сінадальнага аддзела УПЦ (МП) па ўзаемадзеянні з Узброенымі сіламі і іншымі ваеннымі фарміраваннямі Украіны.
Нарадзіўся ў сям'і праваслаўнага святара, які паходзіў з даўняга святарскага роду. У 2012 прызначаны арцыбіскупам Белацаркоўскім і Багуслаўскім. З'яўляецца праціўнікам экуменічнага (аб’яднальнага) руху. Ён сцвярджае, што Праваслаўная Царква павінна супрацоўнічаць з іншымі канфесіямі толькі ў галіне гуманітарнай дзейнасці. Аўгустын вядомы сваім актыўным непрыняццем уніі.
2. Мітрапаліт Уладзімір (1841-1926) нарадзіўся ў вёсцы Церахаўка Гомельскай вобласці.
Святы РПЦ, мітрапаліт. Сапраўднае імя Васіль Шымковіч.
Скончыў магілёўскую духоўную семінарыю. Падчас сваёй дзейнасці падтрымліваў патрыярха Ціхана.
3. Біскуп Багалеп (1911-1978) нарадзіўся ў вёсцы Скорычы Мірскага раёна.
Біскуп Украінскага экзархата Рускай праваслаўнай царквы. Сапраўднае імя Міхаіл Анцух.
У 1934 годзе паслушнікам паступіў у Жыровіцкі Успенскі манастыр.
У 1976 упаўнаважаны па справах рэлігій Чуніхін у сваёй характарыстыцы біскупа адзначыў, што ён «з'яўляецца адным з найбольш рэакцыйных і фанатычных кіруючых біскупаў» і што «далейшае знаходжанне Багалепа ў якасці епархіяльнага архіерэя вельмі непажадана».
6 кастрычніка 1977 года арцыбіскуп Багалеп быў адпраўлены на пенсію.
Спартсмены
1. Арцём Мілеўскі нарадзіўся 1985 у Мінску.
Прафесійны футбаліст, які граў за зборную Украіны ў 2006-2012 гадах, пасля скандальнага выбару ім нашай паўднёвай суседкі, а не роднай Беларусі. Да 2000 ён выклікаўся ў юнацкую зборную нашай краіны, пасля быў пераезд ва Украіну і гульня ў кіеўскім «Дынама». Беларуская федэрацыя футболу не жадала адпускаць перспектыўнага спартоўца (у футболе не дазваляецца выступ за розныя нацыянальныя каманды, нават пры змене грамадзянства, пры ўмове праведзенай прынамсі адной гульні за дарослую зборную). Была пададзеная скарга ў ФІФА, якой заняўся прэзідэнт арганізацыі Ёзэф Блатэр. У выніку была дасягнута дамоўленасць і беларускі бок адмовіўся ад Мілеўскага. На чэмпіянаце свету 2006 ён забіў пенальці ў стылі «Паненкі» ў брамы Швейцарыі, што стала адным з найбольш запамінальных момантаў мундыялю. Напрацягу ўсёй кар'еры Мілеўскага вельмі актыўна недалюблівалі беларускія заўзятары, прыдумляючы яму абражальныя мянушкі, узгадваючы пра «здраду». У выніку Арцём Мілеўскі тройчы стаў чэмпіёнам Украіны, лепшым футбалістам чэмпіяната ў 2009, а пад канец кар’еры вярнуўся такі ў Беларусь, у берасцейскае «Дынама», з якім стаў чэмпіёнам нашай краіны ў 2019.
2. Ірына Тананайка нарадзілася ў 1976 у Магілёве.
Біятланістка.
Падчас кар’еры змяніла грамадзянства з беларускага на ўкраінскае. Удзельніца некалькіх алімпійскіх гульняў.
Як бачым, беларусы ўнеслі вельмі значны ўнёсак у вайсковую і рэлігійную сферу Украіны.
Беларусь і Украіна – Разам і назаўжды!