ААН: колькасць украінскіх уцекачоў дасягнула 5 мільёнаў

Па стане на 15 красавіка, больш за пяць мільёнаў чалавек пакінулі Украіну ў выніку расійскага ўварвання, якое пачалося 24 лютага, пиша Свабода.

ucekaczy.jpg

Пра гэта паведамляе AFP, спасылаючыся на Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў.
У справаздачы ААН гаворыцца, што агулам Украіну пакінулі 4,79 млн украінцаў і каля 215 тысяч іншаземцаў. У Польшчу выехалі звыш 2,7 млн украінскіх уцекачоў, у Румынію — больш за 725 тысяч чалавек.
Жанчыны і дзеці складаюць 90 працэнтаў уцекачоў, бо мужчыны ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў не маюць права пакідаць краіну з прычыны ўсеагульнай мабілізацыі.
Свае дамы былі вымушаныя пакінуць амаль дзве траціны ўсіх украінскіх дзяцей, уключаючы тых, якія былі эвакуаваныя ўнутры краіны.
Акрамя ўцекачоў, паводле ацэнак ААН, вымушанымі перасяленцамі сталі яшчэ 7,1 млн чалавек, якія пакуль застаюцца на тэрыторыі Ўкраіны.
Да расійскага ўварвання ў падкантрольных ураду рэгіёнах Украіны пражывалі 37 мільёнаў чалавек, за выключэннем анэксаванага Расіяй Крыму і кантраляваных прарасійскімі сепаратыстамі рэгіёнаў на ўсходзе.
Тым часам Выканаўчы дырэктар Сусветнай харчовай праграмы ААН Дэвід Бізьлі папярэдзіў, што ўварванне Расіі ва Украіну, якая з'яўляецца адным з найбуйнейшых у свеце экспартэраў збожжа, можа дэстабілізаваць сітуацыю ў краінах па ўсім свеце і справакаваць новую хвалю людзей, якія ўцякаюць ад голаду ў больш заможныя краіны.