Белы дом ці дом вар’ятаў?

Беспрэцэдэнтны фармат цяперашняй прэзідэнцкай кампаніі ў Злучаных Штатах праяўляецца таксама ў тым, што барацьба кандыдатаў будуецца па формуле: «Сам дурань».

 Фота www.paidsurveyupdate.com

 Фота www.paidsurveyupdate.com



Калі верыць апошняму выпуску часопіса «Economist», нядаўна на сайце Амерыканскай Асацыяцыі псіхолагаў з’явіўся тэкст — заклік да сяброў не займацца публічным высвятленнем псіхічнага здароўя Дональда Трампа, Хілары Клінтан і іншых прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка Белага Дома. Кіраўніцтва Асацыяцыі лічыць, што гэта супярэчыць этычнаму кодэксу медыка. Тэкст не выпадковы, бо Злучаныя Штаты літаральна ахапіла мода на дыягназы вядучым палітыкам.

У паводзінах Дональда Трампа шмат хто бачыць сімптомы агрэсіўнага нарцысізму. Ацэнка грунтуецца на тым, што, маўляў, Дональду характэрныя дзіўная манія прыцягваць да сябе ўвагу, дэманстраваць завышаную самаацэнку, выбудоўваць эгацэнтрычную схему адносінаў з людзьмі. З гэтай оперы, напрыклад, яго нядаўняя заява: «Я значна больш сціплы, чым вы б зразумелі».

Ужо цяпер хапае ахвочых выклікаць да Трампа санітараў. Карэн Бас (дарэчы, рэспубліканка), дэпутат каліфарнійскага кангрэсу, запусціла інтэрнэт-петыцыю з заклікам правесці публічную дыягностыку Дональда Трампа наконт ягонага псіхічнага здароўя. Як гаворыцца ў тэксце яе звароту, высветліць стан здароўя Дональда — «абавязак кожнага амерыканскага патрыёта». Самае смешнае, што сам прэтэндэнт у кіраўнікі Злучаных Штатаў на фоне апісанага скандалу не так даўно заявіў: «Галоўная праблема ЗША — псіхічна хворыя людзі».

Цікава, што нават некаторыя прыхільнікі Трампа прызнаюць наяўнасць пэўных комплексаў у свайго куміра. Аднак яны намагаюцца растлумачыць гэта як праяву рэспубліканскіх кансерватыўных каштоўнасцяў, якія ўласцівыя Дональду, — накшталт індывідуалізму. Аднак значна часцей аматары Трампа ў такім выпадку намагаюцца перавесці стрэлкі на асобу Хілары Клінтан. У апаненткі Дональда таксама дыягназавалі цэлы букет псіхічных адхіленняў.

Так, у інтэрв’ю тэлеканалу MSNBC сябра выбарчага штабу Трампа Катрын Пірсан заявіла, што Клінтан пакутуе на дэфекты мовы. Трампаманамі звяртаецца ўвага на тое, што ў лідара дэмакратаў калісьці было страсенне мозгу пасля падзення.

На думку такіх, як Пірсан, вельмі падазрона, што Клінтан рабіла незапланаваныя перапынкі падчас перадвыбарчай кампаніі. Таксама ім цікава, чаму ў гэтым годзе Хілары не дала ніводнай прэс-канферэнцыі. У рэспубліканскіх СМІ актыўна пашыраюцца здымкі і ролікі, на якіх місіс Клінтан засынае падчас публічных мерапрыемстваў або нечакана для ўсіх тэмпераментна круціць галавой.

Натуральна, у лагеры Клінтан падобныя выпады адмятаюць. Асабісты лекар Хілары Ліза Бордак неаднаразова заяўляла пра тое, што здароўе экс-дзяржсакратара ў парадку. «У Клінтан выдатнае здароўе, якое дазваляе ёй быць прэзідэнтам ЗША», — заявіла яна днямі ў інтэрв’ю для выдання «Hill».

Абвінавачанні амерыканскіх палітыкаў, і ў тым ліку кандыдатаў у прэзідэнты, наконт таго, што яны маюць псіхічныя праблемы, здараюцца рэгулярна. Для чаго, дарэчы, ёсць усе падставы. Напрыклад, падчас апошніх партыйных праймерыз адзін з прэтэндэнтаў падзяліўся думкай наконт таго, што ягоны паход у Белы дом адпавядае планам Бога. Другі растлумачыў неабходнасць права на валоданне зброяй магчымай пагрозай атакі на яго квартал з боку баевікоў «Ісламскай дзяржавы».

Не менш арыгінальныя асобы намагаліся стаць прэзідэнтамі Злучаных Штатаў і раней. У 2000 годзе ад Партыі Зялёных спрабаваў атрымаць намінацыю славуты рок-музыкант Джэла Біяфра, былы лiдар панк-гурта «Dead Kennedys». Сярод іншага Джэла абяцаў надаць выбарчыя правы кожнаму амерыканцу, якому споўнілася пяць гадоў. Або як вам Джон Хагелін — кандыдат ад Партыі Прыроды ў 1976 годзе? Ён прапанаваў суперсродак для вырашэння «халоднай вайны», абяцаючы пасля перамогі сабраць усіх сусветных лідараў у адным пакоі і правесці з імі сеанс медытацыі. Паводле Джона, аднаго сеанса было б дастаткова, каб зняць міжнародную напружанасць на планеце на 25 гадоў наперад.

Некаторых прэзідэнтаў, якія пасля абрання годна выканалі свае абавязкі, на этапе выбарчай кампаніі таксама запісвалі ў вар’яты. Вар’ятамі, напрыклад, называлі калісьці Авраама Лінкальна і Рональда Рэйгана. У гэтым плане да ярлыка «дурань» на адрас Хілары і Дональда трэба ставіцца, хутчэй, асцярожна. Такія інсінуацыі, дарэчы, ахвотна тыражуюць медыя краін, лідары якіх сімпатызуюць аднаму з кандыдатаў. Так, у расійскім афіцыёзе вельмі папулярная тэма хворай Клінтан, якая лічыцца прыхільнікам антыпуцінскага курсу.

Напрыканцы нельга не агучыць канспіралагічную тэорыю, папулярную сярод часткі палітолагаў. На іх думку, абодва кандыдаты сапраўды маюць праблемы з галавой, наконт чаго ёсць адпаведныя медычныя даведкі. Прынамсі, такая даведка ёсць наконт Клінтан, якую хавае нейкі палітычны клан. Калі Хілары пераможа, гэты кампрамат будзе зліты ў прэсу. Тады, паводле закону, прэзідэнт будзе вымушаны падаць у адстаўку, а яго месца будзе павінен заняць віцэ-прэзідэнт, звязаны з гэтым кланам.

Ёсць тэорыя і пра тое, што скандал наконт псіхічных праблемаў у кандыдатаў справакавалі буйныя фармацэўтычныя кампаніі. Сапраўды, калі ўсе толькі і кажуць пра праблемы палітыкаў, міжволі хочацца пайсці ў аптэку.