Бомбу на А-321, верагодна, пранеслі супрацоўнікі аэрапорта Шарм-эль-Шэйх
Бомба, якая ўзарвалася на борце расійскага аэробуса А321 ў небе над Егіптам, была выраблена з матэрыялаў, што выкарыстоўваюцца пры прамысловай вытворчасці боепрыпасаў.
Фота: REUTERS
"На падставе праведзеных экспертыз спецыялісты прыйшлі да высновы, што для ажыццяўлення тэракту ў самалёце прымянілі выбуховае рэчыва, якое выкарыстоўваецца ў баявых снарадах і бомбах. Верагодна, гэта была адна з разнавіднасцяў пластыта", — сказаў набліжаны да следства суразмоўца агенцтва "Інтэрфакс".
Паводле яго слоў, хутчэй за ўсё, бомба была прыведзена ў дзеянне з дапамогай гадзіннікавага механізму.
Крыніца адзначыла, што арганізатары тэракту ведалі пра традыцыйныя для чартараў затрымкі часу вылету, таму, хутчэй за ўсё, выбухоўку на борт пранеслі супрацоўнікі аэрапорта Шарм-эль-Шэйха пасля таго, як стаў вядомы дакладны час адпраўлення рэйса.
"Разлік тэрарыстаў апынуўся дакладным, бомба выбухнула, калі самалёт набраў вышыню, — сказала крыніца агенцтва.
Версія пра тэракт разглядалася нароўні з астатнімі, паколькі трэба было атрымаць стоадсоткавае пацверджанне першапачатковых здагадак спецыялістаў.
Airbus А321 авіякампаніі "Кагалымавія" 31 кастрычніка пацярпеў катастрофу на Сінайскім паўвостраве. На борце лайнера, які ляцеў па маршруце Шарм-эль-Шэйх – Санкт-Пецярбург, знаходзіліся 217 пасажыраў і 7 членаў экіпажа, усе яны загінулі.
17 лістапада расійскія ўлады кваліфікавалі катастрофу як тэракт, назваўшы яе прычынай выбух бомбы на борце лайнера.